то́-та, часціца.

Разм.

1. Ужываецца ў простай мове для пацвярджэння чаго‑н., якога‑н. заключэння. [Нічыпар:] — Ды і перад кім я хвалюся? Атаманавіч што — чужы? [Маці:] — Ды не чужы, не чужы. — То-та. А я і перад чужым не змоўчу. Паўлаў. [Васіль:] — І Міканор — «справядлівы» такі, перарабіць не мог! Маладзец сярод авец, а з Карчом не справіўся!.. Нічога, [я]шчэ можа справяцца, унь як за кулакоў узяліся! То-та дрыжыць стары хітрун! Толькі цяпер — не выкруціцца! Мележ.

2. Ужываецца з далучэннем часціны «ж» для выказвання перасцярогі. пагрозы. То-та ж, глядзі! □ — Што ты, дзеду, ды я ж снайпер, Маху не даю. — То-та ж, браце. Помні, знай жа Дабрату маю! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

храп 1, ‑у, м.

1. Хрыплыя гукі, якія ўтварае пры дыханні той, хто спіць. Роўны храп ціха калыхаў сонную цішыню хаты. Лынькоў. Неўзабаве ва ўсім Глушаковым тавары чуліся сапенне ды храп. Мележ. Вось ужо і храп пачуўся з будкі, а .. [хлопцы] ўсё яшчэ баяліся вылазіць. Маўр.

2. Гукі, якія напамінаюць хрыплае сапенне (звычайна пра коней). Увагу [Гамыры] займае конскі храп і пазвоньванне жалезнага пута. Колас. На дарозе конскі храп, трэск аглабель, прарэзлівы дзявочы віск... Навуменка. І конь з дзікім храпам пранёсся перада мной, як дэман, толькі абкідаў мяне грудкамі снегу з-пад капытоў. Карпюк.

храп 2, а, м.

Спец. Упор для спынення або рэгулявання частак механізма, якія рухаюцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шкля́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Шкляная пасудзіна цыліндрычнай формы, без ручкі, прызначаная для піцця. — Распранайцеся ж ды сядайце за стол, — звярнулася гаспадыня да госця, а сама расстаўляла шклянкі і сподкі, увіхаючыся каля стала. Колас. Гардзей прыносіць новую пляшку і да краю налівае Ігнатаву шклянку. Мележ. // Змесціва такой пасудзіны, колькасць вадкасці або рэчыва, якая ў яе ўмяшчаецца. Калі .. [бацька] выпіў кампот, жанчына наліла яшчэ шклянку і толькі тады пачала размову: — Да Наташы Віктар хоча прыйсці на Новы год. Навуменка. Павел адставіў ад сябе шклянку чаю і запытаў: — А няўжо гэта мае нейкія адносіны да снедання? Гроднеў.

•••

Бура ў шклянцы вады гл. бура.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры́клад, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Учынак, паводзіны або з’ява, якая служыць узорам для каго‑н. Прыклад жанчыны натхняе чырвонаармейцаў, і яны, бясстрашныя героі, смела ідуць за камандзірам у чорны халодны прастор. Барашка. На прыкладу дарослых .. [хлопцы] зграбалі сена у валы. Чарнышэвіч. // Той, хто можа быць узорам для іншых у сваіх дзеяннях, учынках. Марына — прыклад гаспадыні. Колас. Людзі казалі, што ў Антося дзеці — прыклад усяму сялу. Васілевіч. А каму ж ехаць? — пытае .. [Кастусь]. Ехаць трэба актыву, які ва ўсім павінен быць прыкладам. Галавач.

2. Яркі ўзор чаго‑н. Прыклад мужнасці. Прыклад геройства. □ Дзед Міхалка і ўнук Грыша — Прыклад дружбы ў хаце. Колас.

3. Канкрэтная з’ява, факт, які прыводзіцца для тлумачэння чаго‑н., як доказ чаго‑н. Ілюстраваць выступленне прыкладамі. □ Цімка цярпліва паўтараў, тлумачыў, прыводзіў прыклады. Карпаў. Лабановіч бярэ план. — Вось вам, грамадзяне, прыклад таго, як справядліва абышліся з вамі. Колас.

4. Матэматычны выраз, які патрабуе рашэння. Рашаць арыфметычныя прыклады.

•••

Браць (узяць) прыклад гл. браць.

Не ў прыклад каму, чаму — у адрозненне ад каго‑, чаго‑н. Канькоў пазіраў на дзяцей і, шчыра кажучы, дзівіўся: не ў прыклад бацьку, яны былі чыстыя, прычасаныя. Асіпенка.

Падаць прыклад гл. падаць.

Паказаць прыклад гл. паказаць.

Ставіць у прыклад гл. ставіць.

прыкла́д, а і ‑у, М ‑дзе, м.

1. а. Расшыраная частка ружэйнага ложа, якая служыць для ўпору ў плячо пры стральбе. Каця прыціснула да пляча прыклад. Гулкі стрэл ускалыхнуў нагрэтае паветра. Хомчанка. Новыя дубовыя дзверы задрыжэлі пад ударамі нямецкіх прыкладаў, але не падаліся. Васілевіч.

2. ‑у. Дадатковы дапаможны матэрыял (падшэўка, гузікі і пад.) для шыцця адзежы, абутку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прызначэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прызначаць — прызначыць.

2. Рашэнне аб залічэнні на якую‑н. пасаду, работу, а таксама дакумент з такім рашэннем. Атрымаўшы прызначэнне ў Мінск, Кавалёў адразу хацеў забраць з сабою і сям’ю, але жонка не дала згоды. Чарнышэвіч. У кішэні ў .. [Рыгора] ляжала прызначэнне на працу аграномам у Васілішкі, у калгас «Сцяг Леніна». Краўчанка.

3. Роля, функцыя каго‑, чаго‑н. Група асобага прызначэння. □ Усё мае сваё месца і прызначэнне. Не прападае дарам ні лісток, ні пясчынка. Бядуля. Спецыяльнае прызначэнне гэтага пакойчыка — даваць прыпынак людзям, па той ці іншай справе наведваўшым калгас. Колас. Прызначэнне некаторых прылад было для .. [дацэнта] незразумелым. Шахавец. // Мэта, задача, прадвызначэнне. Грамадскае прызначэнне твораў К. Чорнага — ненавідзець і ганьбаваць чалавечыя заганы, якія заставаліся ў спадчыну ад мінулага. Кудраўцаў. Зусім яшчэ маладой дзяўчынай, неяк інстынктыўна ўгадваючы сваё прызначэнне ў новым, разам з вясковымі хлапцамі пайшла ў камсамол. Галавач. А можа, і трэба гарэць дашчэнту? А можа, і трэба жыць нам ахвярна? А можа, ўсё гэта і не марна? А можа, ў гэтым гарэнні-мучэнні наша вышэйшае прызначэнне? Вярцінскі.

•••

Па прызначэнню — у прызначанае, умоўленае месца (паслаць, перадаць і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гуз, а, м.

Пукатасць, нараст на целе чалавека або жывёлы ад удару, запалення і пад. Набіць гуз. □ Дужай мужчынскай рукою, якой так даўно не было на светлай галаве Даніка, Мікола правёў па «сівых» валасах малога, намацаў гуз ад кія і, заплюшчыўшы вочы, праз зубы ціха вылаяўся. Брыль. // Пукатая няроўнасць на чым‑н. Снегу было мала, на каляіністых дарогах чарнелі мёрзлыя земляныя гузы. Чорны. Скрыпучым голасам зарыпіць журавель над студняю з трухлявым дзер[а]вяным зрубам і гузамі лёду каля яго. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дадо́му, прысл.

У свой дом, у сваю хату, кватэру; дамоў. Дзяўчынка з маёвага лесу Пад поўдзень дадому прыйшла, Бярэма сінюткіх пралесак З дзялянкі лясной прынясла. Калачынскі. А цяпер, садоўнікі, .. дадому, абедаць! — камандуе дзед Мірон. Даніленка. // На радзіму, у родныя мясціны. Прыехаць дадому на пабыўку. □ Са зваротам дадому Прывіталі суседзі. Броўка. // У свой двор, у гаспадарку. — Усялякі каменьчык з поля добры гаспадар цягне дадому, каб даць яму лад. Чорны. Хлопцы прыпынілі статак. Гнаць дадому было яшчэ рана. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бага́ч, а, м.

1. Той, хто валодае вялікім багаццем. Вось гуляе багач, Аж палац той дрыжыць. Купала. Багачы і панства, Нашы «дабрадзеі»! Мы на суд вас клічам, Каты вы, зладзеі! Колас. Падрослых хлопчыкаў .. [ўдовы] аддавалі ў пастушкі. Дачок — багачам у служанкі. Бядуля. / у іран. ці жарт. ужыв. Пра небагатага чалавека.

2. Уст. Свята ўвосень, 8 верасня. — Пойдзем, сынок, на багача ў Мікалаеўку, — сказала маці, праслухаўшы бацькава пісьмо. Якімовіч. Прыйшоў багач — кідай рагач, бяры сявеньку ды сёй памаленьку. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

барада́ч, а, м.

1. Разм. Чалавек з барадой (у 2 знач.). У некаторых толькі ледзь-ледзь высядалі вусікі. Затое ж трапіўся і адзін барадач. Колас.

2. Вялікая драпежная птушка сямейства ястрабіных з пучком пер’я пад дзюбай. // Пра жывёлін і птушак з бародамі. Барадач-казёл смакуе галінкі маладых дрэўцаў. Сачанка. У прыціхлым асінніку паназіраў за барадачом-глушцом, што карміўся мядзяным лісцем. Ігнаценка.

3. Паўднёвая шматгадовая расліна сямейства злакаў, якая з’яўляецца добрым кормам для жывёлы і выкарыстоўваецца для замацавання пяскоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

баранава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак., што.

1. Разрыхляць бараной зямлю. Прыйдзе вясна, трэба баранаваць, культываваць зябліва. Пестрак. // Апрацоўваць пры дапамозе бараны ўсходы пасеянага, пасаджанага. Яшчэ зусім нядаўна Коля працаваў на гэтых палетках: выбіраў і ссыпаў у капцы бульбу, а пасля і жыта баранаваў. Якімовіч.

2. Разм. Пакідаць баразну, след (пра што‑н., што можа драпаць). Жэрдка баранавала зямлю. □ Антось Байбак нават пайшоў у скокі і баранаваў пясок на вуліцы старымі ботамі. Колас.

•••

Баранаваць нагамі — валачыць ногі (пра п’янага).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)