помнік архітэктуры ракако. Пабудаваны ў 1523 паводле загаду польскага караля Жыгімонта Старога ў в. Быстрыца (Астравецкі р-н Гродзенскай вобл.). Аднанефавы 2-вежавы з пяціграннай апсідай мураваны храм сіметрычна-восевай падоўжнай кампазіцыі. У сілуэце будынка дамінуюць дзве 4-ярусныя вежы гал. фасада. Вертыкальнасць фасада з увагнута-пукатымі хвалістымі плоскасцямі сцен і карнізнымі паясамі падкрэслівае гарызантальная рустоўка цокаля. Бакавыя фасады і апсіда вырашаны плоскасна. Пластыка-дэкар. акцэнт інтэр’ера — 2-ярусны гал. алтар. Складаная калонна-пілястравая кампазіцыя 1-га яруса фланкіравана 2 драўлянымі скульптурамі апосталаў. У барочна-ракайльным стылі зроблены і 2 меншыя па маштабе кулісныя алтары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯГУ́Н (Аляксей Васілевіч) (16.1.1885, в. Пярэжыр Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 7.2.1943),
удзельнік рэв. руху на Беларусі. З 1904 настаўнічаў на Міншчыне. У рэв. 1905—07 кіраўнік сял. выступленняў у Ігуменскім пав. У 1906 арыштаваны і сасланы ў Архангельскую губ., адкуль уцёк. Эмігрыраваў у ЗША, быў чл. Амерыканскай сацыяліст. партыі, пасля Кампартыі ЗША, дэлегат яе 1-га з’езда (1919). Пасля грамадз. вайны на радзіме. З 1921 супрацоўнік інфарм. аддзела ЦБКП(б)Б. У 1924—41 на парт. і гасп. рабоце ў Мінскай і Магілёўскай абл. З 1941 на прафс. рабоце ва Узбекістане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВІЛО́НСКАЯ ВЕ́ЖА,
свяшчэнная вежа (зікурат) у гонар бога Мардука, пабудаваная ў г.Вавілон. Буд-ва адносіцца да 2-гатыс. да н.э., канчатковы выгляд Вавілонская вежа набыла ў 6 ст. да н.э. Паводле Герадота і археал. знаходак, уяўляла сабой масіўнае мураванае збудаванне з сямі ступеняў (даўж. 92 м, выш. 91 м); на верхнім ярусе знаходзілася свяцілішча, дзе быццам бы жыў Мардук. Знёс вежу Аляксандр Македонскі, які планаваў пабудаваць на яе месцы гал. свяцілішча імперыі. Паводле Бібліі, буд-ва і разбурэнне вежы цесна звязаны са змяшаннем моў розных народаў (гл.Вавілонскае стоўпатварэнне). Грэкі лічылі Вавілонскую вежу адным з дзівосаў свету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБАЎНЯ́НСКІ ПА́РК,
помнік садова-паркавага мастацтва. Створаны ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў в. Бабоўня Капыльскага р-на Мінскай вобласці. Пл. каля 9 га. Парк амаль квадратнай формы з роўным рэльефам. З трох бакоў акружаны ровам і суцэльнымі пасадкамі, з захаду — сістэмай вадаёмаў. Планіроўка рэгулярная. У цэнтры стаяў сядзібны дом (не захаваўся). З Пн да яго прымыкаў пладовы сад, з Пд — партэр з сажалкай і пладовымі садамі вакол яе (збярогся часткова).
У парку растуць лістоўніца еўрапейская, дуб звычайны пірамідальны, каштан конскі васьмітычынкавы, явар і яго пурпуралістая форма, вярба ломкая шарападобная. Парк значна пашкоджаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАЗКЁЙ (Boğazköy),
рэшткі стараж. сталіцы Хецкай дзяржавы г. Хатусас на тэр. сучаснага г. Багазкёй (Цэнтр. Анатолія, Турцыя). Заснаваны на паселішчы эпохі энеаліту каля 1500 да нашай эры. Агульная пл. больш за 121 га. Быў абкружаны сцяной з каменю і сырцовай цэглы, меў 3 брамы, упрыгожаныя рэльефнымі выявамі воінаў, ільвоў і сфінксаў. Раскопкі выявілі рэшткі 4 храмаў, некалькіх свецкіх будынкаў, сховішча гліняных таблічак з надпісам (больш за 10 тыс.). За сценамі горада размяшчаліся скальнае свяцілішча Язылыкая з выявамі хурыцкіх багоў, іх служак і іерагліфічнымі надпісамі, могільнік з вял. колькасцю трупаспаленняў. Разбураны каля 1200 да нашай эры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПРАБА́ЦЫЯ (лац. approbatio),
1) афіцыйнае ўхваленне, зацвярджэнне, вынесенае на падставе выпрабавання, праверкі, шырокага абмеркавання.
2) У сельскай гаспадарцы — абследаванне сартавых пасеваў і пладова-ягадных насаджэнняў для вызначэння сапраўднасці сорту, сартавых якасцяў і ўраджайнасці, праверкі выканання правілаў насенняводства. Апрабацыя палявых культур праводзіцца ў полі праз агляд, адбор і аналіз апрабацыйнага матэрыялу. Для кожнай культуры прадугледжана методыка апрабацыі, напр., фаза развіцця раслін у момант апрабацыі, плошча (у га) для адбору снапа, колькасць сцяблоў у снапе і г.д. Палявой апрабацыі падлягаюць усе сартавыя насенныя пасевы. Астатнія сартавыя пасевы рэгіструюць на аснове сартавых дакументаў. Вынікі аналізу запісваюць у акт апрабацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКА́ДЫЯ (Arkadia),
гіст. вобласць у цэнтральнай гарыстай ч. Пелапанеса ў Грэцыі. У канцы 2-гатыс. да н.э. насельніцтва Аркадыі — ахейцы, якіх выцеснілі сюды дарыйцы. З 550-х г. да н.э. пад гегемоніяй Спарты. У 371 да н.э. фіванскі палкаводзец Эпамінонд пасля перамогі над спартанцамі заснаваў у Аркадыі г. Мегалопаліс і стварыў саюз гарадоў, у які ўвайшлі таксама Мантынея, Тэгея, Архамен (з 250 да н.э. належалі Ахейскаму саюзу). У 146 да н.э. Аркадыя адышла да Рыма. У ант. л-ры і пастаралях 16—18 ст. Аркадыя апісвалася як шчаслівая райская краіна пастухоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РСКІ,
біялагічны заказнік на Беларусі, на У Пусташ-Дабралуцкага балота ў Ганцавіцкім р-не ў Ганцавіцкім і Лунінецкім р-нах Брэсцкай вобл.Засн. ў 1979 з мэтай захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 2805 га (1995). У раслінным покрыве пераважаюць хваёва-кусцікава-сфагнавыя і кусцікава-сфагнавыя фітацэнозы, а таксама хвойнікі пушыцава-сфагнавыя, багуновыя і інш. На ўчастках з мінер. глебамі — бярэзнік і хвойнікі чарнічныя, радзей, бярэзнікі даўгамошныя, хвойнікі імшыстыя, верасовыя і інш. Трапляюцца дубровы чарнічныя і арляковыя. Расце рэдкі для гэтых мясцін балотны мірт (паўд. мяжа яго арэала).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛГО́НКІН (Algonquin),
правінцыяльны парк у Канадзе, на правабярэжжы р. Атава, правінцыя Антарыо. Засн. ў 1893. Пл. 765,3 тыс.га. Размешчаны на невысокім узвышшы — Лаўрэнційскім крышталічным шчыце. Захоўваюцца ландшафты драбналістых і мяшаных лясоў з азёрамі і балотамі. Сярод прадстаўнікоў 15 асн. парод раслін некалькі відаў клёнаў, веймутава сасна, тсуга канадская, асінападобная таполя, вяз, ясень, жоўтая бяроза, шызая елка і інш. У фауне воўк, бабёр, чорны мядзведзь, лось, белахвосты (віргінскі) алень; з птушак звычайныя лысуха, каўнерыкавы рабчык, аўсянка-юнка, белабрывая аўсянка, некалькі відаў амер. валасянак і інш. Развіты турызм, працуюць інфармацыйны цэнтр і музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМФІБРА́ХІЙ (грэч. amphibrachys літар, кароткі з абодвух бакоў),
1) у антычным вершаскладанні стапа з 3 складоў — 1 доўгага і 2 кароткіх (◡-◡). Наз. таксама брахіхарэй — стапа, якая складаецца з кароткага складу і харэя.
2) У сілабатанічным вершаскладанні амфібрахій — 3-складовая стапа з рытмічным націскам на сярэднім складзе (- -́ -): «З леге́ндаў і ка́зак былы́х пакале́нняў, // З кало́сся цяжко́га жыто́ў і пшані́ц...» (М.Танк. «Родная мова»), У бел. Паэзіі амфібрахій з’явіўся ў канцы 19 ст. У зб. Ф.Багушэвіча «Смык беларускі» (1894) з 9 вершаў (акрамя цыкла «Песні») 32 радкі вытрыманы ў памерах 3-складовага амфібрахія. Шырока выкарыстоўваецца ў сучаснай паэзіі.