КАНІБАЛІ́ЗМ (франц. cannibalisme ад ісп. canibal людаед) у жывёл, форма жывёльнага жыўлення, пры якой з’ядаюцца асобіны таго ж віду; крайняя форма ўнутрыпапуляцыйных узаемаадносін. Вядомы больш чым у 1300 відаў жывёл. Назіраецца, калі папуляцыя не забяспечана кормам або пры звышвысокай шчыльнасці (драпежныя клапы, насякомыя, павукі, драпежныя рыбы і інш.). У гэтых выпадках К. — своеасаблівы рэгулятар, які дапамагае папуляцыі выжыць за кошт змяншэння колькасці. К. у людзей быў пашыраны ў мінулым у некат. плямён і народаў у бытавой і рэлігійна-магічнай формах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПАЕ́ДЫ, карпавыя вошы (Branchiura),
атрад ракападобных. 130 відаў. Пашыраны ў марскіх і прэсных вадаёмах Еўразіі. На Беларусі 2 віды: К. звычайны, або рыбіна вош (Argulus foliaceus), і К. японскі (A. japonicus). Крывасмокі. Паразітуюць на скуры, плаўніках, шчэлепах і ў ротавай поласці карпавых і ласасёвых рыб.
Даўж. да 30 мм. Цела шырокае, авальнае, пляскатае, шаравата-зялёнае. Пярэдняя ч. цела ўкрыта шчытком (карапаксам). Маюць смактальны хабаток, 4 пары двухгалінастых плавальных канечнасцей. Раздзельнаполыя.
Карпаеды: 1 — рыбіна вош (а — выгляд спераду; б — знізу); 2 — японскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЛЬКІ агульная назва дробных рыб сям. селядцовых. Аб’ядноўваюць 2 роды: цюлькі і шпроты. Цюлькі
(4 віды) пашыраны ў Азоўскім, Каспійскім і Чорным морах; шпроты (6 відаў) — у паўн.ч. Атлантыкі (у т. л. ў Балтыйскім і Чорным м.) і ў Паўд. паўшар’і. У цюлек ад горла да ануса цягнецца «кіль» (адсюль назва),
2 апошнія прамяні ў анальным плаўніку падоўжаныя.
Даўж. да 18 см, тлушчу ў шпротаў да 15,2%, у цюлек да 18,5%. Стайныя, планктонаедныя рыбы. Ікра пелагічная. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАСТРЫ́ДЫІ (Clostridium),
род спараносных бактэрый. Больш за 50 відаў. Пашыраны ў глебе, вадзе, рэштках жывёл і раслін, харч. прадуктах. Ёсць патагенныя віды (выклікаюць хваробы чалавека і жывёл), напр.: C. botulinum — узбуджальнік батулізму, C. perfringens і C. histolyticum — узбуджальнікі газавай гангрэны. Некат. К. фіксуюць азот (напр., C. pasteurianum). Цукралітычныя К. (напр., C. acetobutylicum) выкарыстоўваюць для атрымання ацэтону і бутанолу.
Палачкі 0,6—1,2×3—7 мкм, рухомыя, грамстаноўчыя; пры спораўтварэнні клеткі набракаюць і набываюць форму верацяна. Анаэробы. Зброджваюць вугляводы і азоцістыя рэчывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЬНІК (Phyteuma),
род кветкавых раслін сям. званочкавых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Еўропе пераважна ў Альпах, Карпатах і Пірэнеях. На Беларусі 2 дзікарослыя віды К.: коласападобны (Ph. spicatum) і чорны (Ph. nigrum). Трапляюцца ў мяшаных лясах, зарасніках па берагах рэк, у ярах.
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 100 см з мясістым коранем і прамым пустым у сярэдзіне сцяблом. Прыкаранёвае лісце доўгачаранковае, верхняе — сядзячае, падоўжанае. Кветкі дробныя, шматлікія, амаль сядзячыя ў галоўчатым або коласападобным суквецці. Плод — каробачка. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАПІНЕ́Ц (Polygala),
род кветкавых раслін сям. крапінцовых. Каля 500 відаў. Пашыраны ва ўмераным, субтрапічным і трапічным паясах. На Беларусі 4 віды, найчасцей трапляюцца К. звычайны (P. vulgaris, нар. назвы зязюльчыны ручнікі, надсаднік), гаркаваты (P. amarella), чубаты (P. comosa, нар. назвы вераднік, малыя козлікі, шчэпа) на лугах, сярод хмызнякоў, уздоўж дарог.
Шматгадовыя травяністыя расліны, кусты 1 паўкусты выш 5—30 см. Сцёблы голыя, слаба галінастыя. Лісце дробнае, чаргаванае. Кветкі ў разнастайных суквеццях (гронка, колас, мяцёлка). Плод — каробачка. Лек. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУ́ПКА (Draba),
род кветкавых раслін сям. крыжакветных. Каля 300 відаў. Пашыраны ва ўмеранай і халоднай зонах Еўразіі і Амерыкі. На Беларусі найб. вядомая К. пералескавая (D. nemorosa), зрэдку трапляюцца К. сібірская (D. sibirica) і сценная (D. muralis). Растуць на адкрытых узгорках, узлесках хваёвых і мяшаных лясоў, шашэйных насыпах.
Адна-, двух- і шматгадовыя нізкарослыя травяністыя расліны, зрэдку паўкусцікі, з цэласным, пераважна ў прыкаранёвай разетцы, лісцем. Кветкі дробныя, белыя ці бледна-жоўтыя, сабраныя ў рыхлыя гронкі. Плод — стручочак. Некат. віды — дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВАСМО́К (Sanguisorba),
род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 дзікарослы від — К. лекавы (S. officinalis) і 2 інтрадукаваныя: К. альпійскі (S. alpina) і К. танкалісты (S. tenuifolia). Трапляецца на лугах, высечках, у хмызняку.
Шматгадовыя травяністыя расліны, радзей кусты і паўкусты. Лісце няпарнаперыстае. Кветкі дробныя ў шчыльных галоўчатых ці коласападобных суквеццях. Плод — арэшак. Як лек. сродак (вяжучы, кроваспыняльны. супрацьзапаленчы) вядомы з глыбокай старажытнасці. Карм. і лек., некат. віды — дэкаратыўныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЖАКВЕ́ТНЫЯ КЛАПЫ́ (Eurydema),
род насякомых сям. шчытнікаў атр. паўцвердакрылых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі найб. трапляюцца К.к. гарчычны (E. ornata), капусны (E. ventralis) і рапсавы (E. oleracea). Шкоднікі культ. крыжакветных раслін, у асн. капусты.
Даўж. да 10 мм. Афарбоўка яркая, стракатая: белыя, жоўтыя або чырв. плямы і палосы на чорным, сінім ці зялёным фоне; трапляецца сезонная змена афарбоўкі. Ротавыя органы сысучыя. Кормяцца сокамі раслін. 1—4 пакаленні за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛІКІ́ (Limicolae),
падатрад птушак атр. сеўцападобных. 14 сям., каля 180 відаў. Пашыраны ўсюды, жывуць па берагах вадаёмаў, у тундры, стэпе, на высакагор’і, пераважна на адкрытых месцах, некаторыя віды — у лясах ці хмызняках. На Беларусі 23 віды з 5 сямействаў.
Даўж. да 62 см, маса да 1,1 кг. Апярэнне шчыльнае, звычайна няяркае. Дзюба ад кароткай шылападобнай ці тоўстай да доўгай, прамой ці выгнутай. Крылы пераважна доўгія. Кормяцца беспазваночнымі, часам ягадамі і насеннем. Гнёзды звычайна на зямлі. Нясуць 2—5 яец. Аб’ект палявання.