МУГАДЖА́РЫ,

горы ў Акцюбінскай вобл., у Казахстане, паўд. працяг Урала. Даўж. з Пн на Пд 200 км. Выш. да 657 м (г. Вял. Бактыбай). Пачынаюцца на Пн як вузкі горны краж, што падзяляецца на 2 амаль паралельныя хрыбты, паміж якімі размяшчаецца слабахвалістая Алабаская катлавіна шыр. 15—20 км. Хрыбты ў некат. месцах злучаюцца невял. кражамі. Паўд. частка Зах. хрыбта найб. высокая, моцна расчлянёная. Усх. хрыбет — ланцуг згладжаных сопак, расчлянёных прытокамі р. Іргіз. Складзены з кварцытаў, крышт. сланцаў, гнейсаў, гранітаў, пясчанікаў. Радовішчы хрому, медзі, фасфарытаў. Дзярнова-злакавыя, злакава-палыновыя стэпы і паўпустыні.

т. 10, с. 542


Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРО́ЖНІЦКАЕ ВО́ЗЕРА, Мурожніца. У Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 10 км на ПдУ ад г.п. Шуміліна. Пл. 0,26 км², даўж. больш за 1,4 км, найб. шыр. 260 м, найб. глыб. 3,5 м, даўж. берагавой лініі каля 3,6 км Пл. вадазбору 38,9 км². Схілы катлавіны выш. 6—10 м, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, забалочаныя, месцамі пад хмызняком. Дно плоскае, да глыб. 0,8 м пясчанае, ніжэй — ілістае. У возеры расце шальнік Валенберга — рэдкі для Беларусі ахоўны від флоры. З возера выцякае р. Язвінка, упадае р. Мурожніца.

т. 11, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДЗВЕ́ДНА, Нядзведна,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Абабіца, за 20 км на ПнУ ад г. Браслаў. Пл. 0,44 км², даўж. каля 1,6 км, найб. шыр. 400 м, найб. глыб. 9,9 м, даўж. берагавой лініі каля 4,1 км. Пл. вадазбору 3,18 км². Схілы катлавіны выш. 8—10 м, параслі лесам. Берагі зліваюцца са схіламі, у залівах нізкія, тарфяністыя. Зона мелкаводдзя вузкая. Дно да глыб. 1,5—2 м пясчанае, ніжэй выслана апясчаненымі адкладамі і сапрапелем. Зарастае. Выцякае ручай у воз. Цуброк.

т. 11, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯЖА́НСКІ ВАЛУ́Н,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1992). За 800 м на ПнУ ад в. Мяжаны Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Валун ружавата-шэрага граніту рапаківі з крышталямі палявых шпатаў у выглядзе авоідаў і таблічак палявога шпату, зернямі цёмна-шэрага і чорнага кварцу. Даўж. 3,6 м, шыр. 2,7 м, выш. 1,4 м, у абводзе 9,4 м, аб’ём 7,2 м³, маса каля 36 т. Прынесены ледавіком каля 14—15 тыс. гадоў назад з Аландскіх а-воў у Балтыйскім м.

В.​Ф.​Вінакураў.

Мяжанскі валун.

т. 11, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЮ́ЛЯ,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, за 4 км на У ад г. Лепель. Пл. 0,2 км², даўж. 850 м, найб. шыр. 300 м, найб. глыб. 6,7 м, даўж. берагавой лініі каля 2,1 км. Пл. вадазбору 3,2 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы выш. 5—8 м, у верхняй ч. разараныя. Берагі нізкія, параслі водна-балотнай расліннасцю і хмызняком. Востраў пл. 0,2 га. Дно да глыб. 3 м пясчанае, ніжэй ілістае. Зарастае. Злучана ручаём з воз. Бораўна, выцякае ручай у р. Ула.

т. 11, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯВЕ́СЦІН КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1996). За 1 км на З ад в. Агароднікі Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл., каля аўтадарогі Мінск—Ашмяны, у Рамбоўскім рове. Валун ружовага граніту рапаківі з крышталямі палявога шпату ў выглядзе авоідаў (да 2—4 см у папярочніку). Даўж. 4,1 м, шыр. 3,1 м. выш. 2,2 м, у абводзе 10 м, аб’ём 28 м³, маса каля 74 т. Прынесены ледавіком каля 150 тыс. г. назад з Аландскіх а-воў у Балтыйскім м. Па старадаўнім абрадзе да валуна раней прыводзілі нявест.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 11, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ПЦІНА,

возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 32 км на У ад г.п. Расоны. Пл. 0,65 км², даўж. 1,6 км, найб. шыр. 610 м, найб. глыб. 6,1 м, даўж. берагавой лініі 5,5 км. Пл. вадазбору 10,1 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 8—15 м, пясчаныя, пад лесам і хмызняком Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, на У зліваюцца са схіламі. 7 астравоў агульнай пл. 3 га. Дно сапрапелістае, мелкаводдзе пясчанае. Зарастае да глыб. 2—2,5 м. Упадаюць 2 ручаі, выцякае ручай у воз. Валоба.

т. 11, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВУ́ЛЛЕ, Павунне,

возера ў Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, за 10 км на ПнЗ ад г. Чашнікі. Пл. 0,21 км², даўж. 740 м, найб. шыр. 380 м, найб. глыб. 10,4 м, даўж. берагавой лініі 1,8 км. Пл. вадазбору больш за 3 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы выш. 5—10 м (на Пн 2—3 м), пераважна разараныя. Берагі нізкія, паўн.-ўсх. абразіўныя, месцамі зліваюцца са схіламі, часткова пад хмызняком. Дно да глыб. 2 м пясчанае, ніжэй ілістае. Зарастае. Выцякае ручай у р. Ула.

т. 11, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗЯ́ВЫ,

возера ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Вята, за 15 км на ПнЗ ад г. Міёры. Пл. 0,42 км², даўж. 980 м, шыр. 730 м, найб. глыб. 2,7 м, даўж. берагавой лініі больш за 3 км. Пл. вадазбору 6,28 км². Схілы катлавіны на З выш. 10—12 м, часткова разараныя, на У 3—5 м, пад хмызняком. Берагі нізкія, пад хмызняком, на Пд сплавінныя. Некалькі заліваў. Дно плоскае сапрапелістае, уздоўж зах. і ўсх. берагоў пясчанае. Зарасло падводнай расліннасцю. Злучана ручаём з воз. Набіста.

т. 11, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЕ́РНЯ,

вадасховішча ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл., каля в. Заполле. Створана на р. Зальвянка ў 1950 для энергет. мэт (працавала ГЭС Паперня). Пл. 1,8 км², даўж. 4,2 км, найб. шыр. 600 м, найб. глыб. 3,1 м, аб’ём вады 2 млн. м³, даўж. берагавой лініі 12,1 км. Катлавіна рэчышчавага тыпу. Берагі парослыя лесам, правы высокі, бліжэй да плаціны паніжаецца і пераходзіць у забалочаную раўніну, левы ў вярхоўі нізінны, забалочаны, на астатнім працягу павышаецца. Ваганні ўзроўню на працягу года да 0,3 м. Выкарыстоўваецца для рыбагадоўлі, адпачынку.

т. 12, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)