падпільнава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., каго-што.

Падсцерагаючы, дачакацца з’яўлення каго‑, чаго‑н. Неяк цёмнай ноччу камсамольцы падпільнавалі на вуліцы двух нямецкіх патрулёў і знішчылі. Пятніцкі. — Не! — крыкнуў Віктар. — Хоць сам загіну, а падпільную, як .. [бабры] будуць валіць гэтае дрэва! Маўр. // Дачакацца зручнага моманту, каб ажыццявіць што‑н. [Міхаліна:] Роза Абрамаўна падпільнавала, калі я была адна, у баку ад людзей, падбегла са спалоханымі вачыма. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падрыўны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да падрыву, узрывання. Падрыўныя работы. □ [Віктар] вывучаў падрыўную справу, авалодваў усімі відамі зброі, пазнаваў тайны разведкі ў тылу ворага. Шчарбатаў. // Які робіць падрывы, узрывы. Іван Груздовіч, былы настаўнік і камандзір падрыўной групы партызанскага атрада, загінуў смерцю героя вясной сорак трэцяга года. Шамякін.

2. перан. Накіраваны на падрыў чаго‑н.; шкодніцкі. Падрыўная дзейнасць імперыялістычных разведак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падця́гнуты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад падцягнуць.

2. у знач. прым. Упалы, уцягнуты (пра жывот, бакі).

3. у знач. прым.; перан. Знешне акуратны, унутрана сабраны, стрыманы. І раптам.. [завуч] з’явіўся на заняткі ў простым, новым, старанна адпрасаваным гарнітуры, у кепачцы, без кія, рухавы І падцягнуты, як добры афіцэр. Шамякін. Уся.. [Надзея] была нейкая падцягнутая, строгая, па натуры спакойная і ўраўнаважаная. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палагадне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Стаць больш лагодным, памяркоўным; падабрэць. Стары неяк адразу палагаднеў, спытаў, адкуль ідзе маладзіца і ці далёка ісці. Шамякін. // Стаць больш прыветлівым, сардэчным (пра голас, твар, погляд і пад.). Пальцы гаспадыні спрытна лічылі храбусткія паперкі, голас палагаднеў. Савіцкі.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць цяплейшым; памякчэць. Вецер палагаднеў, абяцаючы мяккую цяплынь бабінага лета. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насцеражы́ць, ‑ражу, ‑ражыш, ‑ражыць; ‑ражым, ‑ражыце, ‑рагуць і насцяро́жыць, ‑рожу, ‑рожыш, ‑рожыць; заг. насцеражы; зак., каго-што.

Выклікаць насцярожанасць, напружаную ўвагу, трывогу. Патруль, каб не насцеражыць нас, увесь час ішоў за намі на адной дыстанцыі, не рызыкуючы аднак затрымаць. Карпюк. — Праходзьце, бацюхна, праходзьце, — сказаў фельчар, як звычайна, але позірк ягоных вачэй насцеражыў Сяргея. Сіўцоў. Маша зноў змаўчала. Гэта насцярожыла Васіля. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нахапа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Захапіць, схапіць многа чаго‑н. [Сынклета Лукічна:] — Не давай [коней]! Амелька будзе па начах сваю сядзібу апрацоўваць... Нахапаўся [зямлі] і на дачку і на сына... Шамякін.

2. перан. Неадабр. Павярхоўна, выпадкова засвоіць што‑н. Нахапацца новых слоў. □ За шмат гадоў работы Бялоцкі нахапаўся сяго-таго з сельскагаспадарчых ведаў. Але ж гэта былі абрыўкі, лахманы, адарваныя часам ад.. навукі. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

на́маразь, ‑і, ж.

1. Асадак снегу, падобны на шэрань, які ўтвараецца ў сырое надвор’е на галінах, дроце і пад. Заглянуць з вуліцы ў хату ніхто не мог: шыбы пакрыліся тоўстым пластам намаразі. Шамякін. Сцены і столь зямлянкі пакрывала намаразь. Сіняўскі.

2. Слой лёду на чым‑н. З імглістага неба пасыпаліся крупы — дробна і спорна. Яны тоненька пазвоньвалі ў празрыстыя, з намараззю шыбы. Місько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́мніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., каго-што, аб кім-чым і з дадан. cказам.

Трымаць у памяці, не забываць. — У жыцці чалавека бывае адзін такі выпадак, адно здарэнне, якое, магчыма, цягнецца ўсяго некалькі хвілін, але помніш аб ім усё жыццё. Шамякін.

•••

Не помніць сябе — будучы ўсхваляваным, не разумець сутнасці сваіх учынкаў.

Помніць да новых венікаў — доўга помніць.

Помніць сябе — усведамляць сваё існаванне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прагрэ́цца, ‑грэюся, ‑грэешся, ‑грэецца; зак.

Поўнасцю пагрэцца. Стоячы на ўзгорку, дзе зямля ўжо падсохла, прагрэлася і рунь па-вясноваму зазелянела, Іван Васільевіч па жартаўлівых рэпліках, па іншых дробязях, па тым, напрыклад, як прыкурвалі, як смяяліся, адчуў: раптам змяніліся адносіны да яго гэтых двух саўгасных кіраўнікоў. Шамякін. Лес ужо добра прагрэўся сонцам, ад сасняка, які рос недалёка, патыхала цёплай смалой і багуном. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

любі́мчык, ‑а, м.

1. Памянш.-ласк. да любімец. Віктар стаў любімчыкам партызан. У яго былі закаханыя ўсе нашы дзяўчаты. Карпюк.

2. Разм. Той, хто карыстаецца чыёй‑н. любоўю, апякунствам. каму аддаюць перавагу на шкоду іншым. [Іра:] — Вось ён ваш сынок, ваш любімчык! Я даўно казала, што ён зганьбіць усіх нас. Божа мой! Які сорам!.. А ўсё вінаваты вы. Абое вы! Бацькі! Патуралі, няньчыліся... Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)