НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў СССР у 1920—30-я г., адна з форм аўтаноміі. Ствараліся там, дзе нац. меншасці прадстаўлялі невял., але кампактную групу насельніцтва. Знаходзіліся ў складзе саюзных і аўтаномных рэспублік, краёў і абласцей. У РСФСР было каля 100 Н.р., гал. чынам у Якуціі, Бурат-Манголіі, Усх. Сібіры, Амурскай вобл., Далёкаўсходнім краі. У 1990-я г. Н.р. у Расіі адноўлены (напр., створаны Нямецкі Н.р. у Алтайскім краі, 1991, Азоўскі ням. Н.р. у Омскай вобл., 1992). На Беларусі ў 1932—37 існаваў Польскі нацыянальны раён у БССР.

т. 11, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ЎРЫ (грэч. Nevroi),

старажытнае племя, якое, паводле звестак Герадота, жыло ў 6—5 ст. да н.э. ў басейнах р. Гарынь і Паўд. Буг. Аб Н. і іх краіне Неўрыдзе згадвалі таксама Эфор, Дыянісій Перыегет, Пліній Старэйшы, Аміян Марцэлін і інш. антычныя аўтары. Інфармацыя Герадота пра тое, што кожны неўр штогод на некалькі дзён ператвараецца ў ваўка, дала падставу шматлікім аўтарам (П.​Шафарык, П.​Шпілеўскі і інш.) змяшчаць Н. на тэр. Беларусі, дзе ўяўленне аб ваўках-пярэваратнях было найб. пашырана. Археал. даследаванні дазваляюць атаясамліваць з герадотавымі Н. частку насельніцтва мілаградскай культуры.

т. 11, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ЎГАРАД-СЕ́ВЕРСКІ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКІ МАНАСТЫ́Р,

помнік украінскай архітэктуры 17—18 ст. у г. Ноўгарад-Северскі Чарнігаўскай вобл. Засн. ў 11 ст. (паводле інш. звестак у пач. 12 ст.). Манастыр абкружаны каменнымі сценамі з надбрамнай вежай-званіцай (1670—99). На тэр. ансамбля рэшткі храма 12 — пач. 13 ст., Петрапаўлаўская царква з трапезнай (15 ст.), будынак бурсы (1657—67), карпусы келляў, настаяцеля (усе 17 ст.), Ільінская царква (1785—95), Спаса-Праабражэнскі сабор у стылі класіцызму (1791—96, праект Дж.​Кварэнгі).

Спаса-Праабражэнскі сабор Ноўгарад-Северскага Спаса-Праабражэнскага манастыра.

т. 11, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ВЕЛ ДЫЯ́КАН (Paulus Diaconus; каля 720—13.4.799),

гісторык лангабардаў. У маладосці — на службе ў каралёў Лангабардскага каралеўства (існавала з 2-й пал. 6 ст. на тэр. Італіі), пасля яго заваявання Карлам Вялікім (774) манах манастыра Монтэ-Касіна (Італія), дзе пісаў свае гіст. працы. У 782—786 пры двары Карла Вялікага, чл. яго «Акадэміі». Гал. яго твор — «Гісторыя лангабардаў» (у 6 кнігах) — асн. крыніца па іх гісторыі з найстараж. часоў да 744. Аўтар «Гісторыі епіскапства Меца», «Рымскай гісторыі» і інш. твораў, у т. л. вершаваных і эпісталярных.

т. 11, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВАЯВО́ДА,

службовая асоба ў мясц. адміністрацыі ВКЛ у 15—18 ст., намеснік ваяводы. Звычайна кіраваў дваром ваяводы (адсюль другая яго назва — каморнік ваяводскі), назіраў за гандлем і спаганяў падаткі з гандл. заняткаў. У ваяводствах ВКЛ, за выключэннем Брэсцкага і Мінскага, лічыўся земскім чыноўнікам і па даручэнні ваяводы замяняў яго ў судзе ваяводства. Кантраляваў наяўнасць і сапраўднасць эталонаў мер і вагі на тэр. ваяводства, аб’язджаў гарады, кантралюючы мясц. гандаль. Пасада П. давала магчымасць атрымліваць грашовыя прыбыткі, на яе заўсёды было шмат жадаючых, але вял. значэння яна не мела.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 11, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕАГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,

карты, якія адлюстроўваюць фізіка-геагр. ўмовы геал. мінулага: размеркаванне сушы і мора, рачную і азёрную сетку, характар рэльефу мацерыкоў і ложа акіянаў, пашырэнне зледзяненняў, становішча межаў прыродных зон і г.д. Выкарыстоўваюцца для прагнозу карысных выкапняў, планавання і правядзення геолага-пошукавых работ, навук. мэт і інш. Вылучаюць П.к. адпаведных перыядаў, эпох і інш. раздзелаў геахраналагічнай шкалы, палеатэктанічныя, палеагеамарфалагічныя, палеакліматычныя, палеабатанічныя і інш. Для тэр. Беларусі складзены П.к. розных тэматык для многіх геал. эпох і больш дробных адрэзкаў геал. часу. Гл. таксама Палеагеаграфія.

І.​В.​Клімовіч.

т. 11, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНАМАРО́Ў (Сяргей Аляксеевіч) (31.12.1908, в. Мікалаеўка Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. — 17.10.1968),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы ўдасканалення каманднага саставу. З 1932 у НКУС. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Паўн.-Зах., Бранскім, Бел., 1-м Укр., 3-м і 1-м Прыбалт., 1-м Бел. франтах. Старшы ад’ютант стралк. батальёна капітан П. вызначыўся ў баях у час прарыву абароны ворага каля г. Кутна, на р. Піліца (Польшча) і ўступлення сав. войск на тэр. Германіі. Пасля вайны на гасп. рабоце.

С.А.Панамароў.

т. 12, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВА-КАСПІ́ЙСКАЯ НАФТАГАЗАНО́СНАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,

на тэр. Азербайджана, у зах. частцы Туркменістана і ўсх. частцы Грузіі. Пл. больш за 200 тыс. км². Уключае Кабыстана-Курынскую, Апшэрона-Прыбалханскую, Цэнтр.-Паўд.-Каспійскую нафтагазаносныя вобласці і Зах.-Туркменскую газанафтаносную вобл. Найб. значныя радовішчы: Самгоры-Патардзеульскае, Нафталанскае, Мурадханлінскае, Кюраўдагскае, Нефтэчалінскае, Бібі-Эйбацкае, Бінагадынскае, Нафтавыя Камяні і інш. Распрацоўвалася з сярэдзіны 19 ст. Пошукавыя работы на нафту і газ праводзяцца з 1920-х г. Асн. нафтагазаносны комплекс — пліяцэнавая тоўшча. Нафта нафтэнаметанавага саставу, шчыльнасць 850—910 кг/м³. Цэнтры здабычы — Туркменбашы, Акарэм, Небіг-Даг, Баку.

т. 12, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЦЕ́ЕЎ (Мікалай Паўлавіч) (16.5.1919, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 27.9.1972),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Камышынскае танк. вучылішча (1943), Вышэйшую афіцэрскую школу самаходнай артылерыі (1951). У Чырв. Арміі з 1939. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд., Паўд.-Зах., Сталінградскім, Бранскім, 1-м Прыбалт., 3-м Бел. франтах. Удзельнік баёў на тэр. Беларусі, Літвы, Латвіі, Усх. Прусіі. Танк. рота на чале з лейт. П. вызначылася 18—21.9.1944 у раёне г. Елгава і Добеле (Латвія) пры адбіцці наступлення праціўніка. Пасля вайны ў нар. гаспадарцы, у 1949—70 у Сав. Арміі.

М.П.Пацееў.

т. 12, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЛЫ́М, Пелымская дзяржава,

аб’яднанне плямён угра-фінскага народа мансі (вагулаў) на ч. тэр. сучасных Свярдлоўскай вобл. і Ханты-Мансійскай аўт. акругі Расіі ў сярэдзіне 15 — канцы 16 ст. Уключала плямёны, што жылі па рэках Пелым, Сосьва, Лозьва, Конда і Таўда. Кіравалася мясц. родавай арыстакратыяй («князцамі»), Плямёны П. былі васаламі Рас. дзяржавы і Сібірскага ханства, перыядычна рабілі набегі на рус. паселішчы Прыуралля. У 1580—90-я г. П. канчаткова далучаны да Расіі, на месцы яго сталіцы пры ўпадзенні р. Пелым у Таўду ў 1593 засн. расійскі г. Пелым.

т. 12, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)