БАДУЭ́Н ДЭ КУРТЭНЭ́ ((Baudouin de Courtenay) Іван) (Ян Ігнацы Няцыслаў) Аляксандравіч (13.3.1845, г. Радзымін, Польшча — 4.11.1929),
рускі і польскі мовазнавец, заснавальнік казанскай і пецярбургскай лінгвістычных школ. Першы абгрунтаваў тэорыю фанемы і фанетычных чаргаванняў. Акад. Кракаўскай (1887), чл.-кар. Пецярбургскай АН (1897). Скончыў у 1866 Гал. школу (Варшаўскі ун-т). З 1875 праф. Казанскага, з 1883 Юр’еўскага, з 1894 Кракаўскага, з 1900 Пецярбургскага, з 1918 Варшаўскага ун-таў. Працаваў у галіне тыпалагічнага вывучэння моў і выкарыстання колькасных метадаў у лінгвістыцы, даследавання эвалюцыі мовы і ўліку псіхічных фактараў пры аналізе моўных з’яў; вывучаў жывыя нар. гаворкі. У славістычных даследаваннях разглядаў таксама пытанні бел.мовы. Погляды на яе выкладзены і ў рэцэнзіі на працу К.Ю.Апеля «Аб беларускай мове» (1880). Выступаў у абарону правоў нац. меншасцяў, у т. л. і беларусаў. Запісваў і друкаваў (з нотамі) бел.нар. песні («Беларуска-польскія песні з Сакольскага павета Гродзенскай губерні», 1892; «Дадатак да «Беларуска-польскіх песень з Сакольскага павета Гродзенскай губерні», 1895).
Тв.:
Избр. труды по общему языкознанию. Т. 1—2. М., 1963;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГЛІ́ЙСКАЯ МО́ВА,
адна з германскіх моў. Родная мова каля 400 млн.чал., другая мова для больш як 200 млн. насельніцтва Індыі, Пакістана і інш. (1992). Адзіная дзярж. мова больш як у 20 краінах, мае афіц. статус у розных краінах Азіі і Афрыкі, адна з 6 афіц. і рабочых моў ААН. Шматлікія рэгіянальныя варыянты англійскай мовы (найб. значныя — брыт., амер., аўстрал., у межах якіх існуюць розныя мясц. дыялекты) адрозніваюцца пераважна фанетыкай і лексікай. Англійская мова вядзе пачатак ад мовы англаў, саксаў і ютаў, што ў 5 ст. захапілі Брытанію. Фарміравалася пад уплывам кельцкай, скандынаўскіх і франц. моў. Сучасная англійская мова мае сістэму фанем, амаль палова з якіх — галосныя. Граматычны лад пераважна аналітычны, асн. сродкі перадачы адносін паміж словамі і словазлучэннямі службовыя словы і фіксаваны парадак слоў у сказе. Значная частка лексікі — запазычанні, асабліва з лац. і франц., а зараз таксама з яп., ісп. і інш. моў. Актыўныя спосабы словаўтварэння — афіксацыя, словаскладанне і безафікснае словаўтварэнне (канверсія). Пісьменства з 8—9 ст. на лац. аснове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ НАСТА́ЎНІЦКІ ІНСТЫТУ́Т,
1) спецыяльная навуч. ўстанова ў Віцебску ў 1910—18. Рыхтаваў настаўнікаў для няпоўнай сярэдняй школы. Прымаліся асобы мужчынскага полу правасл. веравызнання, якія скончылі настаўніцкую семінарыю і мелі 2-гадовы пед. стаж. Тэрмін навучання 3 гады. Выкладаліся агульнаадук. прадметы, педагогіка, псіхалогія, школазнаўства, методыка выкладання мовы, матэматыкі, прыродазнаўства. Меў б-ку (каля 3 тыс. тамоў). Пры ін-це былі вышэйшае пач. вучылішча, дзе студэнты праходзілі практыку, курсы ручной працы, фізвыхавання, чыстапісання, рус.мовы і інш.Ін-т зрабіў 5 выпускаў, падрыхтаваў каля 150 настаўнікаў. Пераўтвораны ў Віцебскі пед.ін-т (гл.Віцебскі універсітэт).
2) Навуч. ўстанова пры Віцебскім пед. ін-це для падрыхтоўкі настаўнікаў 7-гадовай школы. Існаваў у Віцебску ў 1935—55 (у перыяд Вял.Айч. вайны не працаваў). Тэрмін навучання 2 гады. Прымаліся асобы з сярэдняй агульнай або пед. адукацыяй. Напачатку дзейнічала толькі гіст. аддзяленне, якое ў 1937 пераўтворана ў гіст.-філал. і адкрыты фізіка-матэм. і прыродазнаўча-геагр. аддзяленні. Ін-т падрыхтаваў больш за 2 тыс. выкладчыкаў. Аб’яднаны з Віцебскім пед. ін-там.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РВАРДСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
старэйшы універсітэт у ЗША. Засн. ў 1636 як каледж у г. Кеймбрыдж (штат Масачусетс). З 1639 носіць імя англ. пурытанскага святара Дж.Гарварда (1607—38), які завяшчаў каледжу палавіну сваёй маёмасці і б-ку. Да канца 18 ст.гал. месца ў навуч. працэсе займалі Біблія і стараж.мовы, у канцы 18 ст. сталі выкладацца новыя мовы і матэматыка. У 1-й чвэрці 19 ст. да каледжа далучаны мед. і юрыд. ф-ты і ён пераўтвораны ва ун-т. З 2-й чвэрці 19 ст. Гарвардскі універсітэт стаў цэнтрам культуры ЗША. У складзе ун-та астр. абсерваторыя, выд-ва (з 1913), музеі (параўнальнай заалогіі, мастацкі, герм. культур, геалагічны і інш.), б-ка — адна з самых вял. у свеце (11 млн. тамоў; акрамя цэнтр. кніжнага збору мае асобныя б-кі — рэдкіх кніг і рукапісаў, мед., кіт.-яп. і інш.). Ф-ты: тэалагічны, гуманіт. і дакладных навук, энергетыкі і прыкладной фізікі, мастацкі, права, мед., аховы здароўя, дзярж. кіравання, практычнай адміністрацыі, педагогікі. У Фларэнцыі (Італія) створаны ін-т Гарвардскага ун-та па даследаванні эпохі Адраджэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМА́Я МО́ВА,
спосаб перадачы чужога выказвання, пры якім захоўваюцца ўсе яго лексічныя, граматычныя, стылістычныя і інтанацыйныя асаблівасці. Складаецца са слоў апавядальніка (аўтара) і чужога выказвання, якое перадаецца апавядальнікам ад імя пэўнага персанажа. Абедзве гэтыя часткі на пісьме выдзяляюцца графічна, у маўленні — інтанацыйна. Структурна-аргаганізац. цэнтр П.м. — пераважна дзеясловы і дзеепрыслоўі са значэннем маўлення і думкі або іх эквіваленты (назоўнікі і словазлучэнні з той жа семантыкай), якія знаходзяцца ў мове аўтара. Да іх бяззлучнікавым спосабам (інтанацыйна) далучаецца чужая мова. Аўтарскія словы займаюць свабоднае месца: могуць стаяць перад чужой мовай, за ёю або ў сярэдзіне яе (Яна сказала: «Я абавязкова заўтра да вас прыеду»; — «Я абавязкова заўтра да вас прыеду», — сказала яна; «Я абавязкова, — сказала яна, — заўтра да вас прыеду»), П.м. можна ўзнаўляць і выказванні самога аўтара. Для яе характэрна экспрэсіўнасць. Асн. сфера ўжывання — гутарковая мова.
Літ.:
Граматыка беларускай мовы. Т. 2. Сінтаксіс. Мн., 1966;
Яўневіч М.С., Сцяцко П.У. Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы. 2 выд.Мн., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫСЛО́ЎЕ,
часціна мовы, якая абазначае прыкмету дзеяння, стану або якасці. Асн. марфалагічная асаблівасць П. — адсутнасць форм скланення і спражэння. Можа мець формы ступеней параўнання.
У сказе П. прымыкаюць да дзеясловаў («сядзець моўчкі»), прыметнікаў («якасна новы»), лічэбнікаў («трэці злева»), радзей да назоўнікаў («сяўба па-новаму») і П. («позна ноччу»). Паводле значэння падзяляюцца на якасна-азначальныя, што ўказваюць на якасць («агніста»), меру («крыху»), ступень інтэнсіўнасці, мяжу дзеяння, прыкметы ці стану («датла», «уволю») і акалічнасныя, што ўказваюць на месца або напрамак («там», «уверх»), час («аднойчы»), прычыну («спрасонку»), мэту («наўмысна») дзеяння. Утвараюцца афіксальным (суфіксальным — «высока»; прэфіксальным — «некуды»; прэфіксальна-суфіксальным — «змалку») спосабамі, асноваскладаннем («штогод») і інш. Папаўняюцца за кошт пераходу ў іх склад інш. часцін мовы: назоўнікаў («страх»), дзеепрыслоўяў («спатыкаючыся»), часціц («абы-абы»), Могуць ужывацца ў якасці прыназоўнікаў («побач»), злучнікаў («калі»), часціц («ледзь»), мадальных слоў («напэўна»), У сказе выконваюць ролю акалічнасці (пераважна), азначэння, выказніка.
Літ.:
Шуба П.П. Прыслоўе ў беларускай мове: Марфал. нарыс. Мн., 1962;
Яго ж. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМА́НТЫКА (франц. sémantique ад грэч. sēmantikos які абазначае) у мовазнаўстве, 1) увесь змест, інфармацыя, якія перадаюцца мовай ці якой-н. яе адзінкай (словам, граматычнай формай слова, словазлучэннем, сказам).
2) Раздзел семіётыкі і тыпалагічнай лінгвістыкі, які разглядае знакі паводле іх значэння і тэксты паводле іх сэнсу. Апісвае зместавую сістэму мовы, спосабы перадачы сэнсу пры дапамозе зместавых адзінак (асобных слоў). Словы ў сваю чаргу вызначаюцца паслядоўнасцю марфем і фанем. Фанемы не маюць самастойнага значэння, але дазваляюць яго абнавіць для слова праз камбінаторыку фанем, бо іх сукупнасць утварае лексему як лексічнае значэнне слова. Паслядоўнасць лексем складае сказ, але сказ не складаецца з лексем. Яго сінтакс. характарыстыкі ўплываюць на змены ў значэнні, таму мы адрозніваем сэнс тэксту ад сумы значэнняў яго састаўляючых. У Гэтым асн. роля С. Семантычныя адзінкі характарызуюцца рознымі тыпамі адносін: сінтанімічнымі, антанімічнымі, аманімічнымі.
Літ.:
Апресян Ю.Д. Лексическая семантика. М., 1974;
Міхневіч А.Я. Праблемы семантыка-сінтаксічнага даследавання беларускай мовы. Мн., 1976;
Мартынов В.В. Категории языка: Семиол. аспект. М., 1982;
Плотников Б.А. Основы семасиологии. Мн., 1984;
Вежбицкая А Семантические универсалии и описание языков: Пер. с англ.М., 1999.