раздзел гігіены, які вывучае ўплыў умоў і ладу жыцця на здароўе чалавека і распрацоўвае рэкамендацыі па захоўванні і ўмацаванні здароўя, прадухіленні заўчаснага старэння. Як стэрэатып паводзін чалавека, накіраваны на захоўванне здароўя, зарадзілася ў старажытнасці, калі людзі на вопыце пераканаліся ў неабходнасці ўдасканальвання свайго розуму і цела. Асн. элементы гігіены асабістай: догляд цела, рацыянальныя праца і харчаванне, правільна арганізаваны адпачынак, адэкватнае фізіял. і сац. патрэбнасцям размяшчэнне, наяўнасць сац.-псіхал. сумяшчальнасці з навакольнай рэчаіснасцю, выключэннем шкодных для здароўя звычак (выкарыстання наркотыкаў, таксічных рэчываў, алкаголю, нікаціну). Асаблівае значэнне ў гігіене асабістай маюць рацыянальнае харчаванне (правільнае размеркаванне спажывання ежы на працягу сутак і ее паўнацэннасць па наборы пажыўных рэчываў), прытрымліванне гігіены палавога жыцця і інш. У барацьбе са шкоднымі звычкамі найб. эфектыўнае павышэнне агульнай культуры насельніцтва і ўнутр. культуры кожнага чалавека.
Літ.:
Задачи по достижению здоровья для всех // Здоровье для всех. 1993. Вып. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУША́,
паняцце, якое адлюстроўвае гістарычна зменлівыя погляды на псіхіку чалавека і жывёл; у рэлігіі, ідэаліст. філасофіі і псіхалогіі — паняцце пра асаблівую нематэрыяльную субстанцыю, незалежную ад цела. Узыходзіць да стараж. уяўленняў пра асаблівую сілу, што знаходзіцца ў целе чалавека і жывёлы (часам раслін) і пакідае яго ў час сну або смерці (вучэнне пра перасяленне душ — метэмпсіхоз). Ідэі ўсеагульнай адушаўлёнасці космасу (гілазаізм, панпсіхізм) сталі асновай вучэння пра сусв. душу (Платон, неаплатанізм). У Арыстоцеля Д. — актыўны мэтазгодны пачатак («форма») жывога цела, неаддзельны ад яго. У тэістычных рэлігіях Д. чалавека — створаны Богам, непаўторны бессмяротны духоўны пачатак. У пантэістычным авераізме Д. — толькі індывід. праяўленне адзінай духоўнай субстанцыі (монапсіхізм). У дуалістычных вучэннях Д. разумеецца як нешта спрадвечнае і існуючае поруч з целам (Р.Дэкарт, Г.Спенсер, В.Вунт, У.Джэмс). У новаеўрап. л-ры тэрмін «Д.» выкарыстоўваецца пераважна для абазначэння ўнутр. свету чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗРО́КУ О́РГАНЫ,
органы чалавека і жывёлы, якія ўспрымаюць светлавыя раздражненні. Асн. іх элемент — святлоадчувальныя клеткі (фотарэцэптары), размешчаныя пераважна ў галаўной ч.цела. Найб. простыя З.о. — ізаляваныя святлоадчувальныя без зрокавых пігментаў клеткі па ўсёй паверхні цела (напр., у дажджавога чарвяка), здольныя адрозніваць святло ад цемры. Канцэнтрацыя фотарэцэптараў са зрокавымі пігментамі (храмафорамі) прыводзіць да ўтварэння вочных плям (медузы, плоскія чэрві). Некат. кішачнаполасцевыя, кольчатыя чэрві маюць З.о. накшталт пухіра і адрозніваюць форму прадмета. У членістаногіх — фасетачныя вочы; яны ўспрымаюць велічыню і форму прадметаў на блізкай адлегласці. Найб. дасканалыя З.о. ў чалавека (гл.Вока), пазваночных і ў некат. беспазваночных (галаваногія малюскі). У чалавека і вышэйшых пазваночных жывёл зрокавы аналізатар складаецца з трох асн. аддзелаў: перыферычнага (вока), праводных (зрокавых і падкоркавых) шляхоў і цэнтр. аддзела (патылічнай долі кары вял. паўшар’я галаўнога мозга). Святлоадчувальная абалонка вока (сятчатка) мае рэцэптарныя клеткі: колбачкі і палачкі. Пра функцыі З.о. гл. ў арт.Зрок.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЬЧАТЫЯ ЧЭ́РВІ (Annelida),
анеліды, кальчацы, тып беспазваночных жывёл. Паходзяць з сярэдняга кембрыю. 4 класы: малашчацінкавыя чэрві (каля 5 тыс. відаў), многашчацінкавыя чэрві (больш за 6 тыс. відаў), п’яўкі (каля 300 відаў) і эхіўрыды. Пашыраны ўсюды, жывуць у морах, прэсных вадаёмах, глебе. На Беларусі найб. пашыраны малашчацінкавыя чэрві і п’яўкі.
Найб. высокаарганізаваныя чэрві з другаснай поласцю цела — цэломам. Даўж. ад доляў міліметра да 3 м. Цела сегментаванае, укрыта тонкай кутыкулай. Колькасць сегментаў — да некалькіх соцень. На баках кожнага сегмента органы руху — параподыі. Дыханне праз кутыкулу, у некат. ёсць шчэлепы. Маюць стрававальную, выдзяляльную, нерв. сістэмы, большасць — прымітыўную крывяносную сістэму (сэрца няма), органы смаку, нюху. Органы слыху пабудаваны па тыпу лакатараў. Раздзельнаполыя або гермафрадыты. Размнажэнне бясполае (пачкаванне) і палавое. Развіццё прамое або з ператварэннем (лічынка трахафора). Гл. таксама Дажджавыя чэрві.
Кольчатыя чэрві: 1 — энхітрэус белы; 2 — трубачнік звычайны, 3 — стылярыя азёрная, 4 — медыцынская п’яўка (а — выгляд зверху, б — выгляд знізу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАЛАФІ́ЗІКА,
раздзел фізікі цвёрдага цела, які вывучае структуру і ўласцівасці металаў і сплаваў; тэарэт. аснова металазнаўства. Вывучае механізм і кінетыку структурных і фазавых пераўтварэнняў пад уплывам мех., магн., тэрмічных, хім. і інш. уздзеянняў.
Асн. раздзелы М.: мікраскапічная тэорыя металаў (вывучае ўласцівасці на аснове асаблівасцей атамна-крышт. будовы); тэорыя дэфектаў і іх уплыў на ўласцівасці металаў (гл.Дэфекты металаў) тэорыя фаз (вывучае фазавую раўнавагу, пераўтварэнні, гетэрафазныя метал. матэрыялы — сплавы, цвёрдыя растворы; гл.Фаза ў тэрмадынаміцы). Задача М. — стварэнне матэрыялаў з зададзенымі фіз.-мех. ўласцівасцямі на аснове фундаментальных сувязей састаў — структура — уласцівасці метал. матэрыялаў.
На Беларусі даследаванні па праблемах М. праводзяцца з 1960-х г. у Фіз.-тэхн. ін-це, Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац.АН, БДУ, БПА.
Літ.:
Уманский Я.С., Скаков Ю.А. Физика металлов: Атом, строение металлов и сплавов. М., 1978;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НЦЫРНЫЯ ЖГУЦІКАНО́СЦЫ, перыдынеі (Peridinea, або Dinoflagellata, або Dinophyceae),
атрад жгуцікавых кл. раслінных жгуціканосцаў тыпу прасцейшых. Вядомы з канца палеазою (каля 240 млн.г. назад). 4 падатр., 50 сям., каля 1000 відаў. Пашыраны ва ўсіх вадаёмах. Уваходзяць у склад планктону. Адны з найб. важных прадуцэнтаў арган. рэчываў у біяцэнозах. Могуць выклікаць «цвіценне» вады, афарбоўку пяску на беразе. На Беларусі найб. трапляюцца перыдыніум сталярны (Peridinium tabulatum), цэрацыум п’яўкападобны (Ceratium hirudinella) і інш.
Даўж. ад 5 мкм да 2 мм. Цела яйцападобнае, з падоўжнымі адросткамі або без іх, укрыта панцырам з клятчаткавых пласцінак, афарбаванае (у фотасінтэзуючых) і бясколернае. Маюць 2 жгуцікі; адзін ідзе назад, другі (папярочны) размешчаны ў жолабе і абкружае цела па экватары. У марскіх П.ж. ёсць вочкі і жыгучая капсула. Большасць аўтатрофы, некат. гетэратрофы. Размнажэнне пераважна бясполае — дзяленнем папалам, радзей палавое — капуляцыяй. Гл. таксама Жгуцікавыя, Начасветкі.
А.М.Петрыкаў.
Да арт.Панцырныя жгуціканосцы. Цэрацыум п’яўкападобны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАМФІСТАМАТА́ТЫ (Paramphistomatata),
падатрад плоскіх паразітычных чарвей кл. смактуноў. 4 надсям., 10 сям., больш за 70 родаў, каля 170 відаў. Найб. пашыраны ў Еўразіі, Аўстраліі, Афрыцы. Узбуджальнікі хвароб жывёл і чалавека — парамфістаматадозаў. На Беларусі найб. трапляюцца ліёрхіс скоцыя (Liorchis scotiae), парамфістамы: звычайны (Paramphistomum specium) і іхікавеі (P. ichikawai).
Даўж. да 2 см. Цела конусападобнае, ружовае, на пярэднім канцы глотка, на заднім — прысоска. Гермафрадыты. Развіццё з удзелам прамежкавых гаспадароў — прэснаводных малюскаў сям. катушак. У знешнім асяроддзі з яец паразіта вылупліваюцца мірацыдыі, трапляюць у цела малюска, дзе фарміруюцца ў цэркарыі, якія праз 1,5—3 месяцы пакідаюць прамежкавага гаспадара, прымацоўваюцца да раслін і ператвараюцца ў адалескарыі. Маладыя гельмінты з вадой ці кормам пранікаюць у стрававальны тракт дэфінітыўнага гаспадара (дзікія і свойскія жывёлы) і мігрыруюць у органы страўнікава-кішачнага тракту, дзе праз 3—4 месяцы дасягаюць палавой спеласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРШАСНАПО́ЛАСЦЕВЫЯ ЧЭ́РВІ, нематгельмінты, нематэльмінты (Nemathelminthes, або Aschelminthes),
тып ніжэйшых чарвей (скаляцыд). 6 (7) кл.: валасні, гастратрыхі, калаўроткі, кінарынхі, круглыя чэрві, скрэбні і, магчыма, прыапуліды. Апісана больш за 20 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Свабоднажывучыя і паразіты (раслін, жывёл, чалавека). Свабоднажывучыя насяляюць моры, прэсныя вадаёмы, глебу. Узбуджальнікі нематодных хвароб раслін, нематадозаў. На Беларусі адзначаюцца валасні, гастратрыхі, калаўроткі, круглыя чэрві.
Даўж. ад 0,04 мм да 8 м. Цела цыліндрычнае, нячленістае, верацёна- або ніткападобнае, укрытае шчыльнай кутыкулай. Паміж скурнамускульным мяшком і кішэчнікам шырокая першасная поласць цела (адсюль назва). Кішэчнік з 3 аддзелаў: пярэдняй, сярэдняй і задняй кішкі з анальнай адтулінай. Выдзяляльная сістэма — відазмененыя скурныя залозы або протанефрыдыі. Нерв. сістэма складаецца з каляглотачнага нерв. кальца і аднаго ці некалькіх падоўжаных нерв. ствалоў ці мазгавога нерв. вузла з адыходзячымі ад яго нервамі. Органы пачуццяў (вочкі, нюхальныя ямкі, органы дотыку) слабаразвітыя. Дыхальнай і крывяноснай сістэм няма. Большасць раздзельнаполыя, ёсць гермафрадыты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРАНЧО́ВЫЯ (Acridoidea),
надсямейства караткавусых насякомых атр.прамакрылых. У сусв. фауне больш за 10 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Адрозніваюць статкавых (саранча) і нястаткавых С. (кабылкі, тэтрыгідавыя). На Беларусі каля 50—70 відаў. Насякомыя адкрытых ландшафтаў. Большасць расліннаедныя. Шкоднікі пасеваў, пашы, сенажацей.
Даўж. ад некалькіх мм да 10 см. Цела карычневае, зеленаватае, жаўтаватае, жаўтаватае з разнастайным малюнкам. Ротавыя органы грызучыя. Вусікі не большыя за палавіну даўж.цела. Заднія ногі з патоўшчанымі сцёгнамі, скакальныя. Крылы пярэднія скурыстыя, заднія перапончатыя (у некат. яркаафарбаваныя, напр., чырв. ў агнёўкі). У многіх відаў крылы кароткія або рэдукаваныя. Брушка членістае, у самцоў з нячленістымі прыдаткамі — цэркамі, у самак з кароткім яйцакладам. У многіх відаў развіты слыхавы і гукавы апарат. Яйцы адкладваюць у глебу. Развіццё з няпоўным ператварэннем. За год 1 пакаленне. Лічынкі вылупляюцца вясной, ад дарослых насякомых адрозніваюцца памерамі і зачаткавымі крыламі. Зімуюць яйцы, лічынкі старэйшых узростаў, дарослыя насякомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІФАНАФО́РЫ (Siphonophora, ад грэч. siphōn трубка + phoros які нясе),
падклас беспазваночных жывёл кл. гідроідных тыпу кішачнаполасцевых. Каля 170 відаў (па інш. звестках 250). Пашыраны ў акіянах і морах з высокай салёнасцю вады, пераважна ў трапічных і цёплых водах да глыб. 5000 м. Найб. вядомыя «партугальскі караблік» (Physalia), фізафора (Physophora hydrostatica).
Даўж. цела 1 см — 3 м (разам са шчупальцамі да 20 м). Празрыстыя арганізмы, асобныя ч.цела яркія. Каланіяльныя, калоніі паліморфныя (гл. Полімарфізм), складаюцца з асобін, якія выконваюць пэўныя функцыі: перамяшчэння (маюць пнеўматафор і «плавальны каўпак», або нектафор), кармлення (гастразоіды з доўгім рухомым прыдаткам, або «арканчыкам» з жыгучымі клеткамі), размнажэння (ганазоіды). Звычайна розныя асобіны калоніі сабраныя ў групы — кармідыі. Размнажэнне палавое. Лічынка (відазмененая планула) шляхам пачкавання ўтварае маладую калонію. Кормяцца дробнымі марскімі жывёламі. Некат. буйныя трапічныя С. небяспечныя для чалавека (выклікаюць цяжкія апёкі і агульнае захворванне з павышэннем т-ры).