1. Уласцівасць і стан сухога (у 1, 2, 5–12 знач.). Сухасць паветра. Сухасць скуры. □ Нашых літаратараў часамі слушна папракаюць у лексічнай беднасць, у сухасці мовы.Скрыган.Пачуццёвая сухасць з’явілася тут не ад беднасці таленту.Каваленка.
2. Адсутнасць або недахоп вільгаці дзе‑н. Язэп напіўся прыгаршчамі вады; горкая сухасць у роце знікла.Асіпенка.Вылі ў паветры цеплыня, сухасць, кедравы водар з лясоў на тым баку (далёкіх, далёкіх!).Караткевіч.
3.перан. Сухое, халоднае абыходжанне з кім‑н., выраз намеранай стрыманасці. З Ігнасёвымі словамі сухасць сплыла з .. твару [дзяўчыны] і гуллівая вясёласць заіграла на шчоках.Мурашка.Нядаўнюю сухасць і дзелавітасць у камандзіра ўзвода нібы ветрам здзьмула.Курто.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тры, трох, тром, трыма, (аб) трох, ліч.кольк.
1. Лік і лічба 3. Напісаць лічбу тры.// Колькасць, якая абазначаецца лічбай 3. Тры кніжкі. Тры дарогі. □ Садок быў, праўда, невялічкі: Дзве верабіны ды тры дзічкі.Колас.
2. Тое, што і тройка (у 2 знач.).
•••
Бачыць на тры аршыны (на тры сажні) пад зямлёюгл. бачыць.
Гнуцца ў тры пагібелігл. гнуцца.
Гнуць у тры пагібелігл. гнуць.
Да трох не гаварыкамугл. гаварыць.
Заблудзіць у трох соснахгл. заблудзіць.
За тры крокіадкаго-чагогл. крок.
Злупіць тры скурыгл. злупіць.
Тры чвэрці да смерцігл. чвэрць.
Уткнуць (уваткнуць, усунуць, уставіць) свае тры грошыгл. уткнуць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цы́пкі1, ‑пак; адз.няма.
Разм. Дробныя трэшчыны, шурпатасць і чырвань на скуры рук і ног (ад абветрывання і пад.). Шурпатая ў калгасніцы далонь. Смаліў яе мароз, Паліў яе агонь. На ёй, бы на анкеце, па парадку Чытай працоўнай біяграфіі пячаткі: ..Ад цаўя матыкі — мазалі, Ад ветру — цыпкі.Жычка.
цы́пкі2, ‑пак; адз.няма.
Разм. У выразах: на цыпках — на пальцах ног, на дыбачках (хадзіць, ступаць, стаяць і пад.). [Шашура] наводдалек абышоў яе [Аксінню] на цыпках, стараючыся зайсці ёй з-за спіны і з’явіцца знянацку.Мележ; на цыпкі — на пальцы ног (стаць, прысесці і пад.). [Алена] павярнулася тварам к усходу і нават узнялася на цыпкі, каб хоць трошкі быць вышэйшай за пшаніцу.Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Вурга́н ’бугор’ (Грыг., Гарэц.); ’пухір’ (Яруш.); ’цвёрды грузачок, пухір на скуры’ (мсцісл.З нар. сл.), варга́н ’вярзіла, боўдзіла’ (віл., Грынблат, вусн. паведамл.), рус.бранск.вурга́н ’сіняк’, маск.ворга́н ’вір, яма ў рацэ’. Хутчэй за ўсё аддзеяслоўнае ўтварэнне ад вурга́ніць ’кідаць, перакульваць’ (гл.), якое, відаць, нельга разглядаць асобна ад варга́ніць ’тс’ (гл.); балгарская паралель въ́рга ’гуз на целе’, якую Бернар (Балк. ез., 3, 1961, 83) выводзіць з върга́лям ’куляць, пераварочваць’ (< і.-е.*wer‑gh‑ ’круціць’; параўн. лат.sa‑vergt ’моршчыцца, сціскацца’ (БЕР, 1, 210)) і въ́ргам ’куляць, перакідаць’, а таксама серб.-харв.варгањ ’грыб баравік’ (Мяркулава, Очерки, 164), магчыма, даюць падставы для рэканструкцыі прасл.vъrganъ ’нарост, грыб’; адносна фанетыкі і семантыкі параўн. таксама вурдыль, вургуль (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Лу́паць1, лу́паты, лу́патэ ’лыпаць, моргаць вачыма’ (маст., зах.-палес., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Касп., Нас., Растарг., Гарэц., ТСБМ), ’мігацець’ (Грыг.), укр.лу́пати (очима), рус.лу́пать ’тс’, польск.łupać oczyma ’вытрэшчваць вочы’ (Ліндэ), чэш.loupati očima ’тс’ — у выніку кантамінацыі лупа3 і лы́паць (гл.). Сюды ж лу́пацца ’плюшчыцца, лыпаць’, лу́паць очыма ’маргаць ад разгубленасці, збянтэжанасці, здзіўлення, страху’, лу́пнуць ’лыпнуць’ (ТС). Параўн. лу́па3 (гл.).
Лу́паць2 ’трашчаць (аб высахшай скуры)’ (Кліх), лу́пацца ’лопацца, трэскацца (аб яечках пчол)’ (Анох.), укр.лупа́тися ’лопацца, трэскацца’, чэш.lupati ’тс’. Да луп1 (гл.) (Махэк₂, 344). Слаўскі (5, 323) мяркуе, што прасл.lupati (lupajǫ) з’яўляецца пазнейшым ітэратывам да lupiti, якое было ў ранняй прасл. мове нематываваным.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пя́ліць звычайна ў вылазах: пя́ліць во́чы (зе́нкі) (Юрч. Фраз. 2), пя́ліць пя́ля ’вытарашчваць вочы’ (ТС), параўн. укр.дыял.пʼяли́ти ’нацягваць, расцягваць’, рус.пя́лить ’раздзіраць, разрываць; выстаўляць’, пялить глаза (бельмы, рот, рожу і пад.) ’напружваць; напружана глядзець, крычаць, дэманстраваць’, польск.дыял.piądlić ’распінаць скуру для прасушкі; прымушаць, прыціскаць’, чэш.дыял.padliť sa ’напружвацца, успінацца, выпінацца’, славац.piadliť sa ’лезці, узмоцнена імкнуцца’, славен.pẹ́liti ’напінаць, расцягваць (пра адзенне)’, харв.péliti ’навязваць, рэкамендаваць’. Прасл.*pędliti ’напінаць, напружваць’ < *pędło ’прылада для расцягвання скуры’ (гл. пя́ла), утворана ад *pęti ’цягнуць, напінаць’, гл. пяць (Бязлай, 3, 23; Махэк, 426; Шустар-Шэўц, 2, 1076: далучае сюды і ‑pjel, што выступае ў в.-луж., н.-луж.srokopjel ’птушка Lanius collurio’, што сумнеўна).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Се́сці ‘апусціцца сагнуўшыся, прысесці’, ‘асесці’, ‘выскачыць на скуры (пра скулу і інш.)’, ‘паменшыцца ад вільгаці, збегчыся (пра тканіны і пад.)’ (ТСБМ, Ласт., Стан., Некр. і Байк., Варл., Сл. ПЗБ, ТС), сесць ‘тс’ (Ласт., Касп., Бяльк.), се́гці ‘тс’ (гродз., Сл. ПЗБ), сёхці ‘тс’ (Сцяшк. Сл.), сехч, се́хчы ‘тс’ (Сл. ПЗБ, Скарбы). Працяг прасл.*sěsti (< *sēd‑ti), якое адлюстраваў ва ўкр.сі́сти, рус.сесть, стараж.-рус.сѣсти, польск.siąść, чэш.sěsti, славац.дыял.säsť, sasci, серб.-харв.сје̏сти, славен.sẹ́sti, балг.ся́дам, ст.-слав.сѣсти. Роднасныя літ.seti, sė́du ‘сядаць’, ст.-прус.sīdons ‘той, які сядзіць’; гл. Траўтман, 258; Фасмер, 3, 615; Махэк₂, 538; Борысь, 544; Сной₁, 564; ESJSt, 13, 808–809. Далей гл. садзіць, сядзець.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АПЛІКА́ЦЫЯ (ад лац. applicatio прыкладванне),
у мастацтве спосаб стварэння дэкору (арнаменту, малюнкаў) і тэатр. дэкарацый, аздаблення адзення, прадметаў побыту і інш. нашываннем ці наклейваннем рознакаляровых кавалачкаў матэрыялаў (тканіны, паперы, саломы, скуры) інш. колеру ці фактуры; твор, выкананы такім спосабам. Пашырана ў многіх народаў свету: украінцаў, чэхаў (аплікацыя саф’янам і сукном скураной вопраткі), палякаў (аплікацыя папяровых выцінанак), манголаў (аплікацыя сукном, лямцам і скураю юртаў, дываноў, сумак), народаў Д. Усходу (аплікацыя футрам і рыбінай скурай дываноў і адзення) і інш. Здаўна вядомая на Беларусі. Аплікацыямі аздаблялі побытавыя рэчы, адзенне; аднатоннымі ці паліхромнымі кавалачкамі саломы, наклеенымі ў выглядзе геам. і стылізаваных раслінных узораў, упрыгожвалі драўляныя куфэркі, сальніцы, рамкі; аплікацыі саломкай па чорным палатне аздаблялі насценныя дываны. З канца 19 ст. аплікацыямі з кавалачкаў фабрычных тканін аздаблялі адзенне (Брэстчына), часам канцы ручнікоў (Случчына). У наш час у тэхніцы аплікацый саломай аздабляюць сувенірныя куфэркі, каробкі, пано і інш.
У літаратуры аплікацыя — уплятанне ў вершаваны тэкст вядомага выслоўя (прымаўкі, радка з песні, верша і інш.). На выкарыстанні нар. прымавак заснаваны верш П.Панчанкі «Простыя ісціны», радкоў з нар. песні «Дробненькі дожджык дый накрапае» — аднайменны верш Р.Барадуліна. Своеасаблівы від аплікацыі — уключэнне ў вершаваны тэкст назваў твораў або кніг вядомага пісьменніка, мастака: «То не плач яго Бандароўны, // А зажынкавы спеў ля гаю, // Што калісьці было безназоўным, // і імя і спадчыну мае» (С.Ліхадзіеўскі. «Светлай памяці Янкі Купалы»).
Да арт.Аплікацыя. Дываны. Аплікацыя па тканіне. Вёска Рухава Старадарожскага раёна Мінскай вобл. 1980.Да арт.Аплікацыя. Пано «Птушка». 1973.Да арт.Аплікацыя. Куфэркі. 1990-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАВЕСІ́Н (франц. clavecin ад позналац. clavicymbalum ад лац. clavis ключ + cymbalum цымбалы),
чэмбала, струнны шчыпковы клавішны муз. інструмент. Бліскучы, адрывісты, хутка затухаючы гук здабываюць плектрам з птушынага пяра ці скуры, які пры націсканні клавішы чапляецца за струну. Дынаміка і тэмбр змяняюцца пры пераходзе з адной ручной клавіятуры (мануала) на другую і пераключэнні рэгістраў. Разнавіднасці К. (клавічэмбала, унісон, спінет, вёрджынел, клавіцытэрыум і інш.) адрозніваюцца крылападобнай ці прамавугольнай формай корпуса ў залежнасці ад гарыз. ці верт. размяшчэння струн, памерамі, колькасцю мануалаў (1—3) і рэгістраў, дыяпазонам (4—5 актаў).
Канструкцыя К. распрацоўвалася з 14 ст. Росквіту клавесіннае мастацтва дасягнула ў 2-й пал. 17—18 ст. ў Італіі і асабліва ў Францыі ў т. зв. галантным стылі (ракако). У канцы 18 ст. яно заняпала ў сувязі з развіццём фп. музыкі. Аднавілася ў 20 ст. з адраджэннем цікавасці да старадаўняй музыкі.
На Беларусі К. вядомы з канца 16 ст.Найб. пашыраны ў 2-й пал. 18 ст., у т. л. ў капэлах Нясвіжа, Гродна, Дзярэчына, Шклова. Сярод выканаўцаў на К. Я.Баэрт, Ф.Яжомбек, Я.Д.Голанд, Я.Л.Дусек, К.Абатэ, Ю.Віткоўскі, Л.Сітанскі, Э.Ванжура, клавесініст-віртуоз Я.М.Шоль (Нясвіж, Слуцк). У 1-й пал. 19 ст. К. вырабляліся ў Мінску на ф-цы муз. інструментаў І.Фотха. К. ўведзены ў склад Дзярж. камернага аркестра Беларусі, ансамбля старадаўняй музыкі «Кантабіле». Тэмбр К. імітуецца на электраарганах і сінтэзатарах.
Літ.:
Зимин П. История фортепиано и его предшественников. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́НЕЦКАЯ АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА.
У складзе Архангельскай вобл.Рас. Федэрацыі. Утворана 15.7.1929 як Ненецкая нац. акруга, з 1977 сучасная назва. Размешчана на крайнім ПнУеўрап.ч. Расіі. Большая ч. тэрыторыі знаходзіцца за Паўн. палярным кругам. Абмываецца водамі Белага, Баранцава і Карскага мораў. Уключае а-вы Калгуеў і Вайгач. Пл. 176,7 тыс.км². Нас. 46 тыс.чал. (1997), гарадскога 61%. Цэнтр — г.Нар’ян-Мар. Гар. пасёлкі: Амдэрма, Іскацеляў (гл. карту да арт.Архангельская вобласць).
Паверхня нізінная з невял. павышэннямі. На Пн Малазямельская тундра, з Пн на Пд цягнецца Ціманскі краж, на У Вяліказямельская тундра і хр. Пай-Хой (выш. да 467 м). Карысныя выкапні: нафта, газ, торф, флюарыт, буд. матэрыялы; крыніцы мінер. вод. Клімат субарктычны з доўгай халоднай зімой і кароткім летам. Сярэднія т-ры студз. ад -12 °C на ПдЗ да -22 °C на ПнУ, ліп. ад 6 °C на Пн да 13 °C на Пд. Ападкаў 250—400 мм за год. Пашырана шматгадовая мерзлата. Асн. рака — Пячора. Шмат невял. рэк і азёр. Глебы тундрава-глеевыя і тарфяна-глеевыя. Пераважае расліннасць хмызнякова-мохавай і травяна-мохавай тундры. На Пд і ПдЗ — лесатундра з ялова-бярозавымі рэдкалессямі.
Асн. галіны — аленегадоўля, рыбалоўства, паляванне; клетачная зверагадоўля (блакітны пясец, серабрыста-чорны ліс, норка). Мяса-малочная жывёлагадоўля. Вырошчваюць бульбу, агародніну, турнэпс. Вядучыя галіны прам-сці — лесапілаванне (драўніна з леспрамгасаў Рэспублікі Комі) і харч. (рыбакансервавая, мясная, масларобная). Здабыча нафты. Вытв-сць сувеніраў з футра, скуры і сукна. Суднаходства па р. Пячора. Важнае значэнне мае Паўночны марскі шлях. Марскія парты: Нар’ян-Мар і Амдэрма. Аэрапорт у г. Нар’ян-Мар. Газаправод Васілкава—Нар’ян-Мар.