біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Валожынскім і Стаўбцоўскім р-нах Мінскай вобл., Іўеўскім і Навагрудскім р-нах Гродзенскай вобл.Засн. ў 1960 з мэтай аховы паляўнічай фауны і стварэння спрыяльных умоў для яе ўзнаўлення. Пл. 86,5 тыс.га. Займае паўд.-ўсх.ч. Налібоцкай пушчы ў бас. правых прытокаў р. Нёман — Бярэзіны і Усы. Асн.ч. заказніка — забалочаная Нёманская нізіна з невял. градамі і ўзгоркамі, рэкамі, ручаямі і меліярац. каналамі; воз. Кромань. 80% займаюць лясы (пераважае хвоя). У флоры 820 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, 26 з іх занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У фауне 53 віды млекакормячых, 146 — птушак, 6 — паўзуноў, 11 — амфібій, 35 — рыб. Сярод іх: лось, казуля, дзік, ліс, заяц, вавёрка, бабёр, выдра, куніца, янотападобны сабака, глушэц, цецярук, рабчык і інш. Рэакліматызуюцца зубр і алень еўрапейскі. 17 відаў жывёл занесены ў Чырв. кнігу Беларусі, у т. л. барсук, рысь, пугач, скапа, змеяед, харыус, апалон чорны і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМАЗГА́-ТЭПЕ́,
рэшткі паселішча часоў энеаліту і бронзы плямён Сярэдняй Азіі (гл.Анаўская культура), за 7 км ад чыг. ст. Каахка ў Туркменіі. Пагорак Н.-Т. (выш. 32 м, пл. да 100 га) насыпаны штучна. Насельніцтва займалася земляробствам, існавала ліманнае арашэнне. Характэрны шматпакаёвыя пабудовы з цэглы-сырцу, падзеленыя вузкімі вулачкамі. Пахаванні адзінкавыя, у скурчаным стане, з керамічным інвентаром. Знойдзены крамянёвыя, каменныя, медныя і бронзавыя прылады працы і ўпрыгожанні, у т. л. халцэдонавыя пацеркі, гліняныя жаночыя статуэткі, мадэлі вазкоў, фігуркі жывёл. Керамічны посуд да канца 3-га тыс. да н.э. быў ляпны, потым вырабляўся на ганчарным крузе. Кераміка размалёўвалася геам. узорам у адну ці дзве (чорную і чырвоную) фарбы часам з выявамі птушак і жывёл, выкананых у іранскім стылі папярэдніх часоў. У пач. 2-га тыс. да н.э. Н.-Т. прыйшло ў заняпад. Лічаць, што яго насельніцтва вымушана было шукаць новае месца для пражывання ў сувязі з пачаткам засушлівага перыяду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЫ́РКІ,
парныя органы мочаўтварэння і мочавыдзялення пазваночных жывёл і чалавека. Удзельнічаюць у водна-салявым гамеастазе, абмене бялкоў і вугляводаў, утварэнні біялагічна актыўных рэчываў, якія рэгулююць узровень крывянога ціску, скорасць утварэння эрытрацытаў, сакрэцыю альдастэрону наднырачнікамі, састаў крыві і выводзяць з арганізма канчатковыя прадукты азоцістага абмену рэчываў і інш. Размешчаны па баках пазваночніка ў забрушыннай клятчатцы паяснічнай вобласці. У кругларотых і рыб Н. стужкападобныя, у паўзуноў і птушак — дольчатыя, у большасці млекакормячых і чалавека — бобападобныя. Маса кожнай Н. ў чалавека 120—200 г, даўж. 10—12 см. У вышэйшых пазваночных парэнхіма Н. падзяляецца на коркавае і мазгавое рэчыва, у якім размешчана каля 2 млн.нефронаў; мазгавое рэчыва ўтварае 8—18 пірамід, паміж і над якімі знаходзяцца слаі коркавага рэчыва (нырачныя слупы). Звужаныя верхавінкі пірамід (нырачныя сасочкі) павернуты ў малыя нырачныя чашачкі, што адкрываюцца ў вял. чашачкі, потым — у лаханку і мачаточнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́СКІ РАДЫЯЦЫ́ЙНА-ЭКАЛАГІ́ЧНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК.
Адзіны ў свеце радыяцыйна-экалагічны запаведнік. На Пд Гомельскай вобл., ва ўсх.ч. Палескай нізіны ў межах Гомельскага Палесся. Засн. ў 1988 на найб. забруджанай радыенуклідамі тэрыторыі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС з мэтай вядзення радыяцыйна-экалагічнага маніторынгу, радыебіял. даследаванняў, пошуку магчымых шляхоў выкарыстання тэрыторыі, з якой адселена насельніцтва і спынена гасп. дзейнасць, а таксама для захавання генафонду і відавой разнастайнасці мясц. флоры і фауны. Пл. 215,5 тыс.га. Рэльеф раўнінны з забалочанымі паніжэннямі, рознымі формамі эолавых утварэнняў і павышанымі ўчасткамі водападзелаў. Тэрыторыя адносіцца да вадазбору р. Прыпяць. Ландшафт поймавы са шматлікімі рукавамі, старыцамі і азёрамі. Балотныя і лясныя масівы. Лясістасць 46% тэрыторыі. Хваёвыя (48,5%), драбналістыя (27,3%), дубовыя (5,6%) і інш. лясы. У флоры каля 1120 відаў сасудзістых раслін. Ў фауне больш за 40 відаў млекакормячых, 70 — птушак, 25 — рыб. Шмат відаў раслін і жывёл, у т. л. вадзяны арэх плаваючы, шпажнік чарапіцавы, чорны бусел, змеяед і інш., занесены ў Чырв. кнігу Беларусі, некаторыя — у Міжнар.Чырв. кнігу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЁЎКІ (Microtinae),
падсямейства млекакормячых жывёл сям. хамяковых атр. грызуноў. Больш за 40 родаў (каля 20 сучасных), каля 100 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Паўн. Амерыцы. Жывуць у розных ландшафтах, сем’ямі або калоніямі. На Беларусі 7 сучасных відаў: андатра, П. вадзяная (Arvicola terrestris), П. лясная рыжая (Clethrionomys glareolus), П.-эканомка (Microtus oeconomus), П. звычайная, або шэрая (M. arvalis), П. земляная, або падземная (M. subterraneus), П. цёмная, або пашавая (M. agrestis), і 1 выкапнёвы для Беларусі від — П. вузкачарапная, або статкавая (M. gregalis), у наш час пашырана ў Азіі. 1 від і 1 падвід П. занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. цела (акрамя андатры) да 23 см, хваста — да 1/2даўж. цела. Морда круглявая, вушы кароткія. Расліннаедныя. Нараджаюць да 12 і больш дзіцянят, да 5 разоў за год. Многія П. — шкоднікі с.-г. раслін, пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб. Корм для многіх драпежных птушак і звяроў. Некат. — аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЗІТЫФО́РМНЫЯ КЛЯШЧЫ́ (Parasitiformes),
атрад членістаногіх кл. павукападобных. 3 асн. групы (сям.): гамазоідньи, або гамазавыя кляшчы, іксодавыя кляшчы і ураподы (Uropodoidea). Каля 70 сям., больш за 10 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у глебе, лясным подсціле, імху, арган. рэштках, гнёздах птушак і грызуноў, норах жывёл, у жыллі чалавека. Многія віды П.к. — дэфінітыўныя гаспадары і пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб (бабезіёзу, піраплазмозу, гемарагічнай ліхаманкі, кляшчовага энцэфаліту і інш.). На Беларусі больш за 300 відаў.
Даўж. 0,2—4 мм. Цела шарападобнае ці падоўжана-авальнае, тулава падзелена на галавагрудзі і брушка, укрыта панцырам. Ротавы апарат (гнатэма) колючы, грызучы, колюча-грызучы. 4 пары 5—6-членікавых ног. Драпежнікі, некат. кормяцца крывёю, арган. рэшткамі, паразітуюць на раслінах. Размнажэнне палавое, у некат. партэнагенез. Большасць адкладваюць яйцы, ёсць жывародныя. Развіццё з поўным ператварэннем. Гл. таксама Кляшчы.
Літ.:
Арзамасов И.Т. Иксодовые клещи. Мн., 1961;
Яго ж. Гамазовые клещи фауны Белоруссии. Мн., 1968;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛІКАНАПАДО́БНЫЯ (Pelicaniformes),
весланогія (Steganopodiformes), атрад вадаплаўных птушак. Вядомы з ранняга эацэну (каля 40 млн.г. назад). 6 сям.: бакланавыя, змеяшыйкавыя, олушавыя, пеліканавыя, фаэтонавыя і фрэгатавыя, 56 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей, пераважна ў субтропіках на ўзбярэжжах мораў, па берагах рэк, азёр. Большасць відаў селіцца калоніямі. На Беларусі адзначаны як рэдкі від — баклан вялікі і залётны від — пелікан ружовы (Pelecanus onocrotalus). 5 відаў і 1 падвід у Чырв. кнізе МСАП.
Птушкі сярэдніх і буйных памераў, размах крылаў да 3 м, маса ад 400 г да 14 кг. Апярэнне шчыльнае, густое. Ногі кароткія, з плавальнай перапонкай (злучае ўсе 4 пальцы). Ёсць гарлавы мяшок (акрамя фаэтонавых). Кормяцца рыбай і інш. воднымі жывёламі. Манагамы. Нясуць да 6 яец. Некат. віды бакланаў, олушаў і пеліканаў — асн. выпрацоўшчыкі гуана на ўзбярэжжах Паўд. Амерыкі і Паўд. Афрыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАКІ́ДВАННЕ СЦЁКУ,
тэрытарыяльнае пераразмеркаванне водных мас з паверхневых водных крыніц (рэкі, азёры, вадасховішчы) у інш. раёны ці басейны праз каналы ці трубаправоды з мэтай арашэння, водазабеспячэння прам-сці і насельніцтва, рэкрэацыі, паляпшэння ўмоў суднаходства, выпрацоўкі электраэнергіі і інш. Адрозніваюць П.с. ўнутрыбасейнавыя, або лакальныя (у межах бас. адной ракі), міжбасейнавыя (унутрыландшафтныя і міжландшафтныя) і міжрэгіянальныя, або міжзанальныя. На Беларусі першыя П.с. (канец 18—пач. 20 ст.) ажыццяўляліся для жыўлення водна-трансп. злучэнняў (напр., вод з азёр Арэхаўскае і Белае па Арэхаўскім і Белаазерскім каналах у Дняпроўска-Бугскі канал). З мэтай водазабеспячэння Мінска і воднага добраўпарадкавання прыгараднай зоны і горада створаны Вілейска-Мінская водная сістэма, Сляпянская водная сістэма.
П.с. можа аказваць адмоўны ўплыў на бас. рэк-донараў пераасушэнне поймы, дэградацыя поймавых лугоў і лясоў, знішчэнне ці памяншэнне плошчы нерасцілішчаў і нагульных угоддзяў, пагаршэнне ўмоў гнездавання вадаплаўных птушак і інш. Для прадухілення негатыўных з’яў. звязаных з П.с., рэкамендуецца пакідаць у вадаёмах-донарах пэўную колькасць прыродаахоўнага сцёку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́СКА (Lemna),
род кветкавых раслін сям. раскавых. Каля 10 відаў. Пашыраны амаль усюды. На Беларусі 3 віды Р.: гарбатая (L. gibba), маленькая (L. minor) і трохдольная (L. trisulca), нар. назва жабіна дзяружка. Трапляюцца ў азёрах, старыцах, канавах, часам утвараюць суцэльнае покрыва на паверхні стаячага вадаёма.
Шматгадовыя водныя травы ў выглядзе авальнай або падоўжанай лістападобнай зялёнай пласцінкі (наз. лісцец, або фронд) даўж. да 1 см, з карэньчыкам або без яго і з бакавой кішэнькай. Свабодна плаваюць на паверхні вады ці ў яе тоўшчы адзіночна або ў групах па 2—10. Размнажаюцца пераважна вегетатыўна — пупышкамі, якія закладваюцца ў кішэньцы, часам развіваецца суквецце з 2 тычынкавых і 1 песцікавай моцна рэдукаваных кветак. Плод (калі ён утвараецца) — мяшочкападобны, 1—7-насенны. Зімуе Р. на дне вадаёма. Увесну з вегетатыўных пупышак утвараюцца новыя расліны і ўсплываюць на паверхню вады. Кармавыя расліны для рыб і вадаплаўных птушак.