ацяпленне за кошт энергіі спальвання гаручых газаў. Сістэмы газавага ацяплення складаюцца з газаправодаў, запорна-рэгулявальнай арматуры і аўтам. прылад бяспекі карыстання газам.
Адрозніваюць мясцовае (газ спальваецца ў ацяпляльных прыладах непасрэдна ў памяшканнях, што ацяпляюцца) і цэнтральнае (спальванне газу ў прамысл. устаноўках). Для мясцовага газавага ацяплення выкарыстоўваюць канвекцыйныя і прамяніста-канвекцыйныя прылады, якія адрозніваюцца спосабам падачы вонкавага паветра для гарэння газу і выдалення прадуктаў згарання, а таксама прамяністыя прылады (інфрачырвоныя выпрамяняльнікі). Пры цэнтр. газавым ацяпленні падаецца паветра, змяшанае з прадуктамі згарання або падагрэтае імі.
Выкарыстоўваецца ў прамысл. і грамадз. збудаваннях пры часовым знаходжанні людзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНСА́ЛЕС МА́РКЕС ((Gonźalez Marquez) Феліпе) (н. 5.3.1942, г. Севілья, Іспанія),
палітычны і дзярж. дзеяч Іспаніі. Скончыў Севільскі ун-т (1966). Чл.Ісп.сацыяліст. рабочай партыі з 1964, з 1974 яе ген. сакратар. За ўдзел у студэнцкім і рабочым руху супраць дыктатуры Ф.Франка неаднаразова быў арыштаваны ўладамі. У 1982—96 прэм’ер-міністр Іспаніі. Праводзіў курс на ўмацаванне сістэмы парламенцкай дэмакратыі і інтэграцыю краіны ў Еўрапейскую эканамічную супольнасць, ініцыіраваў рэферэндум 1986, на якім большасць выбаршчыкаў ухвалілі членства Іспаніі толькі ў паліт. структурах НАТО. Аўтар працы «Што такое сацыялізм?» (1976).
Літ.:
Кулешова В.В. Фелипе Гонсалес // Вопр. истории. 1991. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́МПФЕР (ад ням. Dämpfer глушыцель),
прыстасаванне для гашэння (паглынання, заспакаення) шкодных ваганняў у машынах, механізмах, прыладах, канструкцыях.
Падзяляюцца на фрыкцыйныя (заспакойваюць ваганні пераўтварэннем энергіі ваганняў у работу трэння, якое ствараецца паміж элементамі Д.) і дынамічныя (змяняюць частату ўласных ваганняў сістэмы адносна частаты вонкавых сіл, каб папярэдзіць рэзананс); паводле канструкцыі — на мех., гідраўл. (напр., поршні ў вязкіх асяроддзях), пнеўматычныя. эл.-магн. і інш. Выкарыстоўваюцца ў рухавіках унутр. згарання, аўтам. рэгулятарах і вымяральных прыладах (гідраўл. і пнеўматычныя), у эл. машынах (у выглядзе шпуль індуктыўнасці, рэзістараў), у мнагаструнных муз. інструментах (калодачкі або планкі, абклееныя лямцам, для спынення ваганняў струн) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВА ГРО́ШЫ (польск. dwugrosz),
сярэбраная манета Рэчы Паспалітай і некат. краін Зах. Еўропы. 1) У 1565 выраблена ў ВКЛВіленскім манетным дваром як пераходны намінал паміж манетамі, бітымі па кароннай і літоўскай стапе; роўны 5 паўгрошам каронным ці 4 літоўскім.
2) У 17 ст. агульнадзярж. (1650—51, 1672) і гарадская (1651—53) манета Рэчы Паспалітай, выпушчаная для зручнасці пераходу ад орта да драбнейшых наміналаў.
3) У 18 ст. манета (1766—82, 1785—86), адпаведная палове асн. адзінкі грашова-лікавай сістэмы ў Рэчы Паспалітай — паўзлотага ў 4 сярэбраныя грошы, эквівалентныя 15 медным грошам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАПРАВО́ДНАЯ СЕ́ТКА,
сукупнасць магістральных і размеркавальных трубаправодаў, па якіх падаецца вада да месца спажывання; частка сістэмыводазабеспячэння.
Асноўная (знадворная, або вулічная) водаправодная сетка пракладваецца ў зямлі (на 0,2—0,5 м ніжэй глыбіні прамярзання) уздоўж вуліц і праездаў, выкарыстоўваюцца чыгунныя, стальныя, жалезабетонныя, пластмасавыя і інш. трубы. Да яе з дапамогай т.зв. дамавых адгалінаванняў далучаецца ўнутр. (унутрыдамавая) водаправодная сетка, якая падае ваду да водаразборных кранаў. Водаправодныя сеткі абсталёўваюць запорнай арматурай (вентылямі, засаўкамі, што адключаюць аварыйныя ўчасткі сеткі), водаразборнымі прыстасаваннямі (пажарнымі гідрантамі, часам водаправоднымі калонкамі). Запорную арматуру і гідранты звычайна ўстанаўліваюць у спец. калодзежах (зборных жалезабетонных або цагляных), з метал. здымнымі люкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ІНСКАЯ ПАВІ́ННАСЦЬ,
устаноўлены законам абавязак насельніцтва несці ваенную службу ва ўзбр. сілах сваёй краіны. Упершыню воінская павіннасць уведзена ў 1798 у Францыі законам пад назвай «канскрыпцыя». З мэтаю стварэння масавай арміі да сістэмы воінскай павіннасці паступова перайшлі Прусія (1814—15), Аўстра-Венгрыя (1868), Расія (1874; да гэтага існавала рэкруцкая павіннасць), Італія (1875) і інш. дзяржавы. Вялікабрытанія і ЗША, дзе войскі камплектаваліся праз вярбоўку, уводзілі ўсеагульную воінскую павіннасць у час 1-й і 2-й сусв. войнаў. У СССРваен. служба ажыццяўлялася на аснове абавязку воінскага. Гэты спосаб камплектавання ўзбр. сіл захаваўся і ў Рэспубліцы Беларусь.
працэс змены ў часе стану некаторай прыроднай ці тэхнічнай сістэмы ў адпаведнасці з імавернаснымі заканамернасцямі. Характарыстыкі выпадковага працэсу ў кожны момант часу — выпадковыя велічыні з пэўным размеркаваннем імавернасцей.
Тыповыя прыклады выпадковага працэсу: броўнаўскі рух, турбулентны рух вадкасцей і газаў, распаўсюджванне радыёхваль, рух трансп. патокаў, міграцыі жывёл, змены складу біяцэнозаў і інш. Пры апісанні і аналізе выпадковага працэсу выкарыстоўваюцца метады рашэння дыферэнцыяльных і інтэгра-дыферэнцыяльных ураўненняў (гл.Маркаўскі працэс), метады функцыянальнага аналізу і інш. Пры дапамозе тэорыі выпадковага працэсу вырашаецца большасць задач масавага абслугоўвання тэорыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КААДАПТА́ЦЫЯ (ад лац. co сумесна + адаптацыя) у біялогіі, 1) узаемная адаптацыя розных відаў у працэсе каэвалюцыі, калі адсутнічае абмен генет. інфармацыяй, але існуе цесная біял. сувязь паміж арганізмамі.
2) Узаемнае прыстасаванне розных органаў у цэласным арганізме ў працэсе індывід. развіцця і эвалюцыі.
3) У генетыцы — гарманічныя ўзаемадзеянні алеляў у генафондзе папуляцыі, дасягнутыя шляхам селекцыі і рэкамбінацыі. Забяспечвае макс. ўзгодненасць функцый органаў у працэсах жыццядзейнасці, магчымасць сумеснага існавання розных відаў, павялічвае ўстойлівасць біяцэнозу як біял.сістэмы. Класічны прыклад К. — спалучаная эвалюцыя кветкавых раслін і многіх насякомых, грызуноў і раслін і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЕ́ВІЧ (Эдуард Вікенцьевіч) (н. 26.8.1936, в. Вербавічы Нараўлянскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. матэматык-праграміст. Скончыў БДУ (1959). З 1959 у Ін-це матэматыкі і выліч. тэхнікі АН Беларусі, з 1961 у НДІЭВМ. Навук. працы па выліч. тэхніцы і праграмаванні, стварэнні і ўкараненні аперацыйных сістэм Адзінай сістэмыЭВМ. Дзярж. прэмія СССР 1978. Прэмія Ленінскага камсамола 1970.
Тв.:
Система разделения времени ЕСЭВМ. М., 1982 (у сааўт.);
Система виртуальных машин для ЕСЭВМ. М., 1985 (у сааўт.);
Программирование на языке ассемблера ЕСЭВМ. 2 изд. М., 1986 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЯЛЬНІЦКІ КУРО́РТ, Куяльнік,
бальнеагразевы курорт на Украіне. У складзе Адэскай групы курортаў, за 10 км ад г. Адэса, на беразе Куяльніцкага лімана. Адзін са старэйшых гразевых курортаў (першыя ўстановы пабудаваны ў 1833). Асн.лек. прыродныя фактары: глеевыя сульфідныя гразі (запасы каля 20 млн.м³), ліманная рапа (мінералізацыя да 190 г/л, мае ў сабе серавадарод, бром, жалеза і інш.), хларыдна-гідра-карбанатна-натрыевыя воды мясц.мінер. крыніц (пітныя лячэбна-сталовыя і для ваннаў, наладжаны прамысл. разліў). Гразе-, бальнеа-, аэрагелія- і таласатэрапія хвароб суставаў, нерв.сістэмы, гінекалагічных, некат. страўнікава-кішачных. Санаторыі, пансіянаты, бальнеа- і гразелячэбніцы, установы для амбулаторна-курсовачнага лячэння.