малако́, -а́, М -лацэ́ і -лаку́, н.

1. Белая вадкасць, якая выдзяляецца груднымі залозамі жанчын і самак млекакормячых для выкормлівання дзяцей.

Мацярынскае малако.

2. Такая вадкасць, якую атрымліваюць ад кароў, коз і іншых жывёл, як прадукт харчавання.

Казінае м.

Каша з малаком.

Кіслае м.

3. Белаваты сок некаторых раслін.

Міндальнае м.

|| ласк. малачко́, -а́, н.

|| прым. мало́чны, -ая, -ае.

Малочная прамысловасць.

М. статак.

М. суп.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

шы́шка, -і, ДМ -шцы, мн. -і, -шак, ж.

1. Круглаватае ці авальнае суквецце і плод хваёвых і некаторых іншых раслін, пакрыты луской.

Яловая ш.

Хваёвая ш.

Альховая ш.

Кедравая ш.

2. Круглаватая выпукласць, бугор.

На лбе ўскочыла ш.

3. Пра важную, значную, уплывовую асобу (разм., іран.).

Ён там важная ш.

|| прым. шы́шачны, -ая, -ае (да 1 знач.) і (у некаторых спецыяльных назвах) шы́шкавы, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ГАЛІНАВА́ННЕ ў раслін,

утварэнне новых парасткаў і характар іх узаемнага размеркавання на сцябле, шматгадовай галінцы і карэнішчы. Вызначае вонкавы выгляд расліны і яе адаптыўныя прыстасаванні, выкарыстоўваецца ў сістэматыцы раслін. Адрозніваюць галінаванне дыхатамічнае (ізатамічнае), анізатамічнае, манападыяльнае, сімпадыяльнае і інш.

Зыходным лічыцца дыхатамічнае (вілачнае), пры якім з конуса нарастання ўтвараюцца 2 амаль аднолькавыя (ізатамія) галінкі (характэрна для некаторых грыбоў, водарасцей, імхоў, рыніяфітаў, дзеразападобных і папарацепадобных). У працэсе эвалюцыі ўзнікла анізатамічнае галінаванне, пры якім адна з галінак перарастае другую (напр., у дэвонскага роду астэраксілан, многіх дзярэз, селагінел і папарацепадобных), што перайшло потым у манападыяльнае галінаванне, пры якім бакавыя галінкі закладваюцца пад верхавінкай гал. галінкі (напр., у елкі і інш. хвойных, пальмаў, многіх травяністых раслін і лістасцябловых імхоў). З дыхатамічнага і манападыяльнага ўзнікла больш прагрэсіўнае сімпадыяльнае галінаванне, пры якім бакавая галінка перарастае гал. галінку, ссоўвае яе ўбок, прымае яе напрамак і вонкавы выгляд (напр., у бярозы, ляшчыны, ліпы і інш. дрэвавых раслін). Бывае несапраўднадыхатамічнае галінаванне (напр., у бэзу, каштана, амялы), якое ўзнікае з манападыяльнага: рост гал. восі спыняецца, ніжэй яе верхавінкі развіваюцца 2 амаль аднолькавыя супраціўныя галінкі другога парадку, якія перарастаюць гал. вось. У злакаў вылучаюць своеасаблівы спосаб галінавання — кушчэнне. Акрамя сцёблаў, галінак і карэнішчаў галінаванне назіраецца ў каранёў, суквеццяў, жылак (праводзячыя пучкі) у лістах і сцёблах, слаявішча (талома) у ніжэйшых раслін і інш. У выніку галінавання іншы раз з’яўляюцца парасткі, не падобныя на матчыны (напр., пры кушчэнні злакаў, утварэнні вусоў і сталонаў і інш.). У некаторых дрэў назіраецца мяшанае галінаванне (напр., у бярозы).

т. 4, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАПОЛІПЛАІДЫ́Я (ад ала... + поліплаідыя),

спадчынная змена ў клетках раслін, радзей жывёл, звязаная з кратным павелічэннем набораў храмасом, якія належаць розным відам або родам. Абумоўлена спантаннай або выкліканай у эксперыменце геномнай мутацыяй. Адбываецца найчасцей пры міжвідавой гібрыдызацыі. Мае асаблівае значэнне ў працэсах відаўтварэння ў раслін. Алапаліплоіды, якія ўтвараюцца праз цотнае павелічэнне храмасомных набораў пры скрыжаванні двух відаў або родаў, наз. амфідыплоідамі (напр., капусна-рэдзькавыя, аржана-пшанічныя, трыцікале і інш. выкарыстоўваюцца ў селекцыі).

т. 1, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ГА (Святлана Фёдараўна) (н. 26.12.1937, г. Карукаўка Чарнігаўскай вобл., Украіна),

бел. вучоны-фітапатолаг. Д-р с.-г. н. (1988). Скончыла Ленінградскі с.-г. ін-т (1961). З 1968 на Мінскай доследнай станцыі, з 1971 у Бел. НДІ аховы раслін. Навук. працы па вывучэнні ўзбуджальнікаў хвароб збожжавых культур, выкарыстанні лек прэпаратаў, біял. метадаў аховы раслін, маніторынгу адчувальнасці папуляцый грыбоў — узбуджальнікаў хвароб да фунгіцыдаў.

Тв.:

Интегрированная система защиты ячменя от болезней. Мн., 1990.

т. 3, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНАФО́НД (ад ген + фонд),

генетычны фонд, сукупнасць спадчыннай інфармацыі, зашыфраванай у генет. структурах жывых арганізмаў. Тэрмін уведзены рус. вучоным А.​С.​Сераброўскім у 1928 г. Носьбіты генафонду — асобіны, віды жывых арганізмаў, папуляцыі. Выміранне і знішчэнне відаў беззваротна збядняюць генафонд Зямлі (біясферы). Распрацоўваюцца метады захавання генет. рэсурсаў біясферы, асабліва генафонд тых раслін і жывёл, што маюць практычнае значэнне (сартоў культ. раслін і парод свойскіх жывёл) або знаходзяцца пад пагрозай знішчэння.

т. 5, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́БІ (Хрыстафор Якаўлевіч) (24.4.1847, С.-Пецярбург — 24.12.1919),

рускі батанік; заснавальнік школы батанікаў-крыптагамістаў. Праф. (1885). Скончыў Пецярбугскі ун-т (1871) і выкладаў у ім. Навук. працы па эколага-геагр. і сістэматыка-антагенетычным вывучэнні ніжэйшых арганізмаў (амёбападобных, водарасцей, грыбоў) і пакрытанасенных раслін. Выявіў уздзеянне рэльефу мясцовасці на геагр. пашырэнне раслін, даследаваў флору Белага м. і сумежных з ім раёнаў Паўд. Ледавітага ак. Распрацаваў адну з філагенетычных сістэм расліннага свету (1916).

т. 5, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУ ((Grew) Неемія) (26.9.1641, г. Ковентры, Вялікабрытанія — 25.3.1712),

англійскі ўрач і батанік, адзін з заснавальнікаў анатоміі раслін. Сакратар Лонданскага каралеўскага т-ва (1677). Вучыўся ў Кембрыджы, скончыў Лейдэнскі ун-т (Галандыя, 1671). Навук. працы па пытаннях будовы і полу раслін. Апісаў мікраскапічную будову кораня, сцябла, лісця, пладоў і інш. Увёў у батаніку паняцці «тканка» і «парэнхіма». Развіваў ідэю пра адзінства будовы тканак, апісаў вусцейкі, лічыў кветкі органамі палавога размнажэння.

т. 5, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРО́ДАК у жывёл і чалавека, эмбрыён,

арганізм на першых стадыях развіцця (ад яйца да здольнасці самастойна жыць і перамяшчацца). Развіваецца з аплодненага яйца (зіготы) і жывіцца назапашанымі ў ім пажыўнымі рэчывамі (у птушак) ці за кошт матчынага арганізма (у млекакормячых жывёл і чалавека). У акушэрстве — арганізм чалавека на працягу першых 8 тыдняў ва ўлонні маці. У раслін — зачатак папарацепадобных і насенных раслін, пач. этап іх развіцця — антагенез. Гл. таксама Апладненне.

т. 6, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕНХІ́МА (ад грэч. kolla клей + enchyma літар. налітае, тут тканка),

адна з першасных механічных (апорных) тканак раслін. Паводле будовы падобная на асн. тканку (парэнхіму). Трапляецца пераважна ў першаснай кары маладых сцёблаў двухдольных раслін, павялічвае іх эластычнасць. Жывыя клеткі К. з ядром і хларафілавымі зярнятамі здольныя да ўтваральнай актыўнасці. Абалонкі значна патоўшчаныя, складаюцца з цэлюлозы і пекціну, не драўнеюць. Па месцах патаўшчэння абалонак клетак адрозніваюць К. вугалковую, пласціністую і рыхлую.

т. 7, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)