ГЕ́ЙНЭ (Аркадзь Андрэевіч) (10.1.1919, г.п. Бешанковічы Віцебскай вобл. — 16.12.1942),

бел. паэт. Вучыўся ў Камуніст. ін-це журналістыкі ў Мінску (1938—41). Загінуў на Сталінградскім фронце. Друкаваўся з 1934 (вершы, артыкулы, рэцэнзіі, апавяданні). Вершы (зб. «Шчаслівая зорка», 1939) пра каханне, сяброўства, любоў да Радзімы.

Тв.:

: У кн.: Крывёю сэрца. Мн., 1967.

Літ.:

Аркадзь Гейнэ // Радзіме — радок і жыццё. Мн., 1986.

т. 5, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАДЗІЁМАЎ (Уладзімір Ільіч) (8.1.1924, мяст. Навабеліца, цяпер у межах Гомеля — 25.11.1983),

бел. пісьменнік. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1958). Працаваў у прэсе, на Бел. радыё. У 1959—64 уласны карэспандэнт «Литературной газеты». Друкаваўся з 1943. Аўтар рамана пра жыццё рабочых-тэкстыльшчыкаў «Над Нёманам» (1955, новая рэд. 1957), дакумент. аповесці пра будаўнікоў Бярозаўскай ДРЭС «Белазерскі дзённік» (1963), нарысаў.

т. 6, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАТАЛІ́Т (ад грэч. dateomai дзялю, падзяляю + ...літ),

мінерал падкласа борасілікатаў, гідраксілборасілікат кальцыю, CaB[SiO4]OH. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі, зярністыя і шчыльныя агрэгаты, нацёчныя і радыяльна-прамянёвыя выдзяленні. Колер белы да бясколернага, часта з зеленаватым адценнем. Бляск шкляны. Паўпразрысты да празрыстага. Цв. 5—5,6. Шчыльн. 2,8—3 г/см³. Гідратэрмальнага паходжання. Выкарыстоўваецца як другарадны вырабны матэрыял і борная руда.

У.Я.Бардон.

т. 6, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗАРЯ́»,

грамадска-паліт. газета. Выходзіць з 1939 у Брэсце 3 разы на тыдзень на рус. і бел. мовах. У 1939 наз. «Рабочий», у маі 1943 — ліп. 1944 выдавалася ’падпольна. Асвятляе падзеі грамадска-паліт., эканам. і культ. жыцця Брэстчыны. Змяшчае на літ. старонках «Заранка» маст. творы, «Далягляд» — матэрыялы па л-ры і мастацтве, гіст.-культурнай спадчыне.

П.В.Ялец.

т. 6, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІПРЫЯНО́ВІЧ (Рыгор Якаўлевіч) (1851, в. Крайск Лагойскага р-на Мінскай вобл. — пасля 1915),

царкоўны гісторык, педагог. Магістр багаслоўя (1873). Скончыў Літоўскую духоўную семінарыю, Пецярбургскую духоўную акадэмію (1869). Выкладаў у Літ. духоўнай семінарыі, Віленскай гімназіі і Віленскім жаночым вучылішчы духоўнага ведамства. Друкаваўся пераважна ў «Литовских епархиальных ведомостях». Аўтар прац, прысвечаных гісторыі праваслаўя, каталіцызму і уніяцтва ў Беларусі і Літве.

В.М.Чарапіца.

т. 8, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КРЫГАЛО́М»,

літаратурна-мастацкі часопіс. Выйшаў адзін нумар у лют. 1935 у Вільні на бел. мове. Рэдактар-выдавец Ю.Кіпель. Змясціў матэрыялы пра грамадскае і літ. жыццё Зах. Беларусі. Сярод публікацый — інфармацыя пра 1-ы Усесаюзны з’езд сав. пісьменнікаў, вершы М.Танка, Ф.Грышкевіча, вытрымкі з прац К Маркса, Г.В.Пляханава, П.А.Гольбаха, Э.Сінклера. Меў рубрыку «Культурная хроніка». Канфіскаваны і забаронены польскімі ўладамі.

т. 8, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАВІКО́ВА (Раіса Андрэеўна) (н. 11.5.1947, в. Пешкі Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. паэтэса. Скончыла Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1971). Працавала на кінастудыі «Беларусьфільм», у рэдакцыях рэсп. газет, з 1991 у час. «Алеся». Друкуецца з 1960. У зб-ках паэзіі «Рамонкавы бераг» (1974), «Слухаю сэрца» (1978), «Такое кароткае лета» (1981), «Адгукнуся голасам жалейкі» (1984), «Каханне» (1987, Літ. прэмія імя А.Куляшова 1988), «Пад небам першага спаткання» (1990), «Люстэрка для самотнай» (1992, Дзярж. прэмія Беларусі 1993) дамінуе тэма кахання, прага высокага духоўнага ідэалу, роздум пра час, абавязак перад сваім народам, долю жанчыны, пошук чалавечага шчасця. Эпізоды бел. гісторыі адлюстраваны ў вострасюжэтнай драм. паэме «Барбара Радзівіл» (1992). Аповесць «Кватарантка» (1980) пра моладзь, пошукі свайго месца ў жыцці. Аўтар кн. казак і апавяданняў для дзяцей, п’ес «Барбара Радзівіл» (паст. 1994 т-рам-лабараторыяй бел. драматургіі «Вольная сцэна»), «Пятля часу» (1996).

І.У.Саламевіч.

Р.А.Баравікова.

т. 2, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РТЭЛЬС (Артур) (1818, Вільня — 23.12.1885),

бел. мастак-карыкатурыст, ілюстратар, польскамоўны паэт-песеннік. Вучыўся ў Пецярбургу, Парыжы. Удзельнік паўстання 1863—64, эмігрыраваў. У эміграцыі напісаў паэму «Палескі тыдзень». Вярнуўшыся з-за мяжы, жыў у Лагойску, Гарадку, Вільні. Літ. творы і малюнкі друкаваў у віленскіх выданнях Я.Вільчынскага (1850) і Ю.Крашэўскага. У 1859 выдаў зборнік «Драмы і камедыі». Многія яго песні сталі народнымі. Частка іх надрукавана ў зборніку «Песні і сатыры» (1888). Ф.Багушэвіч пераклаў на бел. мову яго байку «Свінні і бараны». Аўтар сатыр. малюнкаў і карыкатур (серыі «Чалавек высокага паходжання», «Суседскі абедзік», «Пан Яўген», «Скнара», «Пропаведзь» і інш., надрукаваныя ў «Віленскім альбоме» ў 1858). Да малюнкаў рабіў рыфмаваныя подпісы, у якіх высмейваў застарэлыя звычкі дваран і местачковай шляхты. На выстаўцы 1891 у Мінску экспанаваліся яго малюнкі, у т. л. «Цыганскі табар».

Літ.:

Орлова М.А. Искусство Советской Белоруссии: Очерки. М., 1960.

Л.Н.Дробаў.

А.Бартэльс. Пропаведзь. 1844.

т. 2, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́С»

(«Biełarus»),

штотыднёвая грамадска-паліт., літ.-маст. і рэліг.-асветная каталіцкая газета нац.-дэмакр. кірунку. Выдавалася з 13(26).1.1913 да 30.7(12.8).1915 у Вільні на бел. мове, друкавалася лацінкай. Была разлічана пераважна на каталіцкую частку бел. сялян і інтэлігенцыі. Рэдактары-выдаўцы: А.І.Бычкоўскі, з № 5 за 1914 Б.А.Пачопка. Друкавала артыкулы на эканам., паліт. і с.-г. тэмы, казанні святароў на тэмы маралі і педагогікі, жыціі святых, малітвы. Асаблівасць бел. адраджэнскай ідэі ў газ. «Беларус» — адзінства нац. культуры, асветы і хрысціянскай веры. Арыентавалася на сац. гармонію і вясковы, сялянскі лад жыцця, не прымала класавай барацьбы і сацыяліст. ідэі. Выступала за паступовае вырашэнне асн. сац. праблем праз асвету на роднай мове, выкарыстанне прагрэс. метадаў гаспадарання. У 1-ю сусв. вайну займала памяркоўную «патрыятычную» і «абарончую» пазіцыі, заклікала дапамагаць салдацкім сем’ям. Друкавала літ. творы А.Гаруна (пад псеўд. А.Сумны), А.Паўловіча, А.Зязюлі, Г.Леўчыка, К.Сваяка і інш.

У.М.Конан.

Газета «Беларус». Вільня. 9.1.1914.

т. 2, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1918.

Адбылася 25—28.1.1918 у Вільні. Склікана Арганізац. к-там, у які ўваходзілі прадстаўнікі розных сац. колаў і бел. арг-цый з акупіраванай Германіяй тэр. Беларусі. Правядзенне канферэнцыі выклікана неабходнасцю ўзгадніць мэты розных бел. арг-цый, «апрацаваць асновы беларускага народнага прадстаўніцтва» і «палажыць першы камень пад будоўлю нашай гасударственнай будучыні». Дэлегатам належала разгледзець 2 канцэпцыі: выпрацаваную ў вер. 1917 канферэнцыяй Бел. нар. к-та, Бел. сацыял-дэмакр. работніцкай групы і Віленскага к-та Бел. сацыяліст. грамады і выпрацаваную арг-цыяй Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. Пасля ўзгаднення сваіх пазіцый бел. арг-цыі не адмовіліся ад ідэі Бел.-Літ. дзяржавы, якая павінна была стаць канфедэрацыяй 2 аўт. тэрыторый — беларускай і літоўскай; у склад канфедэрацыі павінны былі ўвайсці ўсе бел. і ўсе літ. землі. Беларуская канферэнцыя абрала каардынацыйны цэнтр бел. арг-цый і іх прадстаўнічы орган — Віленскую беларускую раду.

А.М.Сідарэвіч.

т. 2, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)