МІЛІЦЫ́ЙНАЯ АРМІЯ,

1) армія, якая ствараецца на аснове тэрытарыяльна-міліцыйнай сістэмы буд-ва ўзброеных сіл; у мірны час на службу прызываецца невял. колькасць кадравых ваеннаслужачых (пераважна камандны склад), а ваеннаабавязаныя, у т. л. радавы склад, якія прыпісаны да часцей (па месцы жыхарства), праходзяць ваен. навучанне паводле метаду пазавайсковай падрыхтоўкі і кароткатэрміновых вучэбных збораў.

Прататып М.а. — апалчэнні, якія існавалі ў шэрагу рабаўладальніцкіх дзяржаў (Сірыі, Егіпце, Урарту і інш.), пазней — сярэдневяковыя гар. апалчэнні шэрагу еўрап. краін (у ВКЛ мелі назву Паспалітае рушэнне), з 19 ст. нац. гвардыя ў Францыі і інш. У СССР у 1920—30 былі часці і злучэнні М.а., у т. л. на тэр. Беларусі 2-я Бел. дывізія, а таксама 16-ы стралк. корпус, 27, 29, 33, 37-я дывізіі Бел. ваен. акругі. З 1935 Узбр. Сілы СССР, у т. л. часці, што дыслацыраваліся на тэр. Беларусі, пераведзены на адзіную кадравую сістэму іх буд-ва, якая замацавана ў 1939 Законам аб усеагульным воінскім абавязку.

У сувязі са значнымі зменамі, якія адбыліся ў ваен. справе, класічны прынцып арганізацыі М.а. сёння практычна не выкарыстоўваецца. У некат. краінах М.а. (у ЗША — частка нац. гвардыі, у Вялікабрытаніі — войскі графстваў і інш.) з’яўляецца толькі дадаткам і рэзервам пастаяннай рэгулярнай кадравай арміі. Як асн. ваенная арг-цыя М.а. існуе толькі ў Швейцарыі (гл. таксама Тэрытарыяльныя войскі). У Рэспубліцы Беларусь камплектаванне арміі салдатамі і сяржантамі ажыццяўляецца ў асн. па тэрытарыяльнай, а ў пагран. і ўнутр. войсках — па экстэрытарыяльнай прыкмеце.

2) У пераносным сэнсе міліцыйныя злучэнні, часці і падраздзяленні. У пач. 1920-х г. існавалі ў Расіі (СССР) — 9 дывізій і адна міліцыйная брыгада, якія ў 1923 перафарміраваны ў тэр.-міліцыйныя дывізіі. У 1966 міліцыйныя часці адноўлены з мэтай нясення патрульна-паставой службы ў буйных гарадах, у т. л. ў Мінску (асобны спец. матарызаваны батальён міліцыі, з 1989 — полк, з 1993 — асобная міліцыйная брыгада). У 1990 на базе часцей 43-й канвойнай дывізіі сфарміраваны батальёны міліцыі ў абласных цэнтрах і буйных гарадах Беларусі. У 1995 створаны корпус аховы грамадскага парадку, у склад якога ўвайшлі міліцыйныя і інш. часці (падраздзяленні) Унутр. войск.

І.​М.​Вяроўка, Р.​Ч.​Лянькевіч.

т. 10, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУКО́ВА-ТЭХНІ́ЧНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ (НТР),

карэннае, якаснае пераўтварэнне навукі, тэхнікі, сістэмы прадукц. сіл на аснове ператварэння навукі ў вядучы фактар развіцця вытв-сці. НТР пачалася з сярэдзіны 1940-х г., яе перадумовы створаны ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў сувязі з шэрагам адкрыццяў у прыродазнаўчых навуках. Уплывае на ўсе бакі жыцця грамадства, у т. л. на яго сац. і галіновую структуру, культуру, побыт і псіхалогію людзей, змяняе ўмовы, характар і змест іх працы, уздзейнічае на экалагічную сітуацыю, дэмаграфічныя працэсы і інш. Ператварэнне навукі ў непасрэдную прадукц. сілу суправаджаецца ўскладненнем яе структуры, узрастаннем ролі міждысцыплінарных і прыкладных даследаванняў, доследна-канструктарскіх распрацовак як звёнаў, што звязваюць навуку з вытв-сцю. На падставе ўкаранення вынікаў фундаментальных навук. даследаванняў на стыку шэрагу навук узніклі прынцыпова новыя галіны вытв-сці (атамная энергетыка, кібернетыка, радыёэлектроніка, валаконная оптыка, матэрыялазнаўства і інш.), ствараюцца новыя сістэмы тэхналогій — біятэхналогіі, лазернай тэхналогіі і інш. Пры НТР адбываюцца кардынальныя змены ў дачыненні да суб’ектаў вытв-сці — працаўнікоў, растуць патрабаванні да іх ведаў і прафес. падрыхтоўкі, інтэлектуальнага, кваліфікацыйнага і агульнакульт. ўзроўняў, арганізац. здольнасцей (гл. Навукова-тэхнічны патэнцыял). Інтэнсіфікацыя вытв-сці ў эпоху НТР суправаджаецца ўцягненнем у гасп. абарот асн. прыродных рэсурсаў планеты (карысных выкапняў здабываецца штогод да 150 млрд. т), што разам з індустр. забруджваннем, разбурэннем азонавага слоя, парушэннем натуральнага энергет. балансу Зямлі стварае пагрозу экалагічнай катастрофы. Не пазбаўлена супярэчнасцей і асваенне касм. прасторы (дасягненні ў гэтай сферы выкарыстоўваюцца пераважна ў ваен. мэтах). Практычнае выкарыстанне ядзернай энергіі вырашае энергет. праблемы ў шэрагу краін свету (атамныя электрастанцыі, атамныя ледаколы і інш.), разам з тым назапашванне ядз. зброі ставіць пад пагрозу жыццё на Зямлі; выкарыстанне атамнай энергіі ў мірных мэтах таксама ўяўляе сабой небяспеку для жыцця чалавека (аварыя на Чарнобыльскай АЭС). Развіццё і выкарыстанне электронна-выліч. тэхнікі зрабіла рэвалюцыянізуючы ўплыў на ўсе кірункі навукова-тэхнічнага прагрэсу, садзейнічала камп’ютэрызацыі вытв-сці і кіраўніцкай працы, укараненню новых інфарм. тэхналогій (сучасны этап НТР наз. інфармацыйнай рэвалюцыяй, а грамадства — інфармацыйным грамадствам. Наяўнасць практычна па кожным з кірункаў НТР магчымасці атрымання станоўчых і адмоўных вынікаў патрабуе ў кожным канкрэтным выпадку ўлічваць навук.-тэхн. і вытв.-тэхнал. фактары і сац. складальныя НТР.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 11, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАРАМАНТЫ́ЗМ (ад неа... + рамантызм),

умоўная назва шэрагу эстэт. тэндэнцый у л-ры і мастацтве еўрап. краін канца 19 — пач. 20 ст. У самаст. кірунак не аформіўся. Узнік як рэакцыя на прозу тагачаснага жыцця, песімізм і бязвер’е дэкадэнцтва, пазітывізм у філасофіі, натуралізм у мастацтве. У тэматычным і маст.-стылявым планах генетычна ўзыходзіць да рамантызму. Яго ідэалаг. аснова — абстрактны гуманізм. Характэрныя рысы Н. — непрыняцце рэчаіснасці, вастрыня этычнай праблематыкі, напружанасць фабульных сітуацый, максімалізм, рамантызацыя пачуцця, прыярытэт экспрэсіўнага над апісальным, зварот да таямнічых ці звышнатуральных падзей, фантастыка, гратэск, экзотыка, усхваленне і ўзвелічэнне подзвігаў, героікі і прыгод. Тыповы неарамант. герой — мужны ці незвычайны чалавек, адзінокі, часам проціпастаўлены грамадству; яго жыццё звязана з рызыкай і прыгодамі, свае дзеянні ён падпарадкоўвае альтруістычным ідэалам. Найб. росквіту Н. дасягнуў у 1890-я г.

У літаратуры Н. суіснаваў з рэаліст. і дэкаданснымі, неарэаліст. тэндэнцыямі. Найб. выразна яго рысы выявіліся ў творчасці Р.​Кіплінга, Р.​Л.​Стывенсана, Э.​Растана, Дж.​Конрада, К.​Дойла, Э.​Л.​Войніч, Дж.​Лондана, К.​Гамсуна, Г.​Ібсена, Ф.​Гарсія Лоркі, групы пісьменнікаў «Маладая Польшча» і інш. У рус. л-ры неарамант. тэндэнцыі ўвасобіліся ў паэзіі К.​Бальмонта, З.​Гіпіус, С.​Гарадзецкага, у прозе Л.​Андрэева, А.​Рэмізава, Дз.​Меражкоўскага. У бел. л-ры праявіўся ў творах Я.​Купалы (паэмы «Сон на кургане», «На куццю»), Я.​Коласа (паэма «Сымон-музыка»), М.​Багдановіча, «нашаніўскай» паэзіі і прозе, пазней — у творах У.​Караткевіча і інш.

У музыцы Н. — паняцце, якое. абазначае позні рамантызм (творчасць Ф.​Ліста, Р.​Вагнера). Да неарамантыкаў умоўна далучаюць І.​Брамса, А.​Брукнера, Г.​Вольфа, Г.​Малера, Р.​Штрауса, а таксама кампазітараў, якія працягвалі некаторыя традыцыі рамант. музыкі ў пач. 20 ст. (М.​Рэгер, Л.​Яначак, Р.​Воан-Уільямс). У 2-й пал. 20 ст. многія кампазітары звярталіся да стылістыкі рамантызму. Н. 1970—90-х г. звязаны з пратэстам супраць «другога авангарда», патрабаваннем адкрытай выразнасці і вяртаннем да «новай прастаты». У бел. музыцы рысы Н. характэрны для твораў Л.​Абеліёвіча, Г.​Гарэлавай, Я.​Глебава, У.​Дарохіна, А.​Залётнева, У.​Кандрусевіча, В.​Помазава, Ф.​Пыталева, Дз.​Смольскага, У.​Солтана, А.​Соніна.

Літ.:

Царик Д.К. Типология неоромантизма. Киев, 1984.

А.​У.​Вострыкава.

т. 11, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕСТАТУ́ТНЫЯ ЎЗАЕМААДНО́СІНЫ,

устойлівыя сацыяльна-негатыўныя адносіны суб’ектаў інстытуцыянальных структур, у т. л. ва ўзбр. сілах шэрагу дзяржаў, звязаныя з глумленнем, здзекамі і насіллем адных людзей над інш.

Н.ў. вядомы з часоў стварэння армій, у якіх афіцыйна выкарыстоўвалася разгалінаваная сістэма статутных адносін. Напр., у ВКЛ нормы рыцарскага права былі ўзаконены пастановамі Навагрудскага (1502), Віленскага (1507) і інш. соймаў, потым сістэматызаваны ў Статутах ВКЛ і Артыкулах вайсковых (1754), але яны не заўсёды выконваліся. У выніку адбываліся канфлікты, у т. л. ўзброеныя, паміж вайскоўцамі. Н.ў. былі вял. сац. праблемай у арміі Рас. імперыі як сярод салдат, кадэтаў і юнкераў, так і ў дваранскім і афіцэрскім асяроддзі. Л.​М.​Талстой вылучаў у салдацкім асяродку 3 групы аб’ектаў і суб’ектаў Н.у.: прыгнечаныя, тыя, што прыгнятаюць, і адчайныя. Найб. небяспечная для арміі група «адчайных», прадстаўнікі якой здольны «начальніка забіць і таварыша абрабаваць».

Шмат правапарушэнняў у сферы міжасобасных адносін было ва Узбр. Сілах СССР і ў наш час існуюць у арміях шэрагу краін, у т. л. Беларусі. Прычыны Н.у. абумоўлены аб’ектыўнымі супярэчнасцямі гіст. развіцця грамадства і неадэкватнымі мерамі па спыненні крымінальных праяў, а таксама нізкай кампетэнцыяй службовых асоб і іх халатнасцю пры выкананні сваіх абавязкаў. Недахопы фармальнай (статутнай) сістэмы ўзаемаадносін у вайсковых калектывах кампенсуюцца ў нефармальных іерархічных структурах, якія складваюцца ў калектывах. Перадумовамі ўзнікнення і падставамі для з’яўлення Н.у. служаць т.зв. «дзедаўшчына» (падзел ваеннаслужачых па тэрмінах службы), «зямляцтва» (падзел па рэгіянальнай і нац. прыналежнасці), «культ сілы», а таксама крымінальныя, рэліг. і грамадска-паліт. фактары. Для Узбр. Сіл Беларусі дамінуючым фактарам з’яўляецца «дзедаўшчына». Суб’екты Н.у. (правапарушальнікі) часцей належаць да крымінальна-гвалтоўнага тыпу асобы, для якіх характэрны гіпертрафіраваны ўзровень матэрыяльных патрабаванняў, эгаістычныя тэндэнцыі, адсутнасць (прыгнечанасць) духоўных памкненняў і г.д. Для аб’ектаў Н.у. (пацярпелых) характэрны больш малады ўзрост і пазнейшы прызыў, а ў некаторых выпадках — псіхал. гатоўнасць да здзекаў (успрыняцце Н.у. як армейскай «традыцыі»), нізкі ўзровень фіз. і псіхічнай падрыхтаванасці да службы і г.д. У бел. войску выпрацавана сістэма метадаў і прыёмаў папярэджання дэвіянтных паводзін ваеннаслужачых, што спрыяла зніжэнню негатыўных наступстваў Н.у.

Літ.:

Дедовщина в армии: (Сб. социол. док.). М., 1991;

Мацкевич Й.М., Эминов В.Е. Преступное насилие среди военнослужащих. М., 1994;

Сероштан В.А. Неуставные взаимоотношения в армии: социальные истоки и пробл. предупреждения // Армия. 1998. № 5.

В.​В.​Гумянецкі, У.​М.​Макараў, С.​А.​Савік.

т. 11, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТСДА́МСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1945,

сустрэча кіраўнікоў урадаў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі [старшыня СНК СССР І.В.Сталін, прэзідэнт ЗША Г.Трумэн, прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі У.Чэрчыль (28 ліп. яго замяніў новы прэм’ер-міністр К.​Р.​Этлі)], якая адбылася 17.7—2.8.1945 у г. Патсдам. Мэта — вырашыць гал. міжнар. праблемы, што ўзніклі ў сувязі з разгромам гітлераўскай Германіі. Канферэнцыя разглядала пытанні пасляваен. мірнага ўрэгулявання ў Еўропе і ў тым ліку парадак падрыхтоўкі мірных дагавораў з пераможанымі краінамі. З гэтай мэтай быў створаны пастаянны орган — Савет міністраў замежных спраў у складзе прадстаўнікоў краін — пастаянных чл. Савета Бяспекі ААН (СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Кітая). Гал. месца ў рабоце канферэнцыі заняло герм. пытанне. Германія разглядалася як адзінае эканам. і паліт. цэлае. У адносінах да яе дзяржавы-пераможцы вырашылі праводзіць у перыяд акупацыі ўзгодненую палітыку, сутнасць якой была ў дэмілітарызацыі, дэнацыфікацыі і дэмакратызацыі краіны. Канферэнцыя пастанавіла ліквідаваць герм. манапал. аб’яднанні як небяспечны ачаг мілітарызму і перавесці ўсю прам-сць Германіі на мірныя рэйкі. На канферэнцыі канчаткова ўзгоднена сістэма чатырохбаковай акупацыі Германіі; вырашана, што рэпарацыйныя прэтэнзіі кожная дзяржава задаволіць шляхам канфіскацый у сваіх зонах акупацыі (ЗША і Вялікабрытанія перадавалі СССР 25% канфіскаванага ў іх зонах прамысл. абсталявання). Герм. флот краіны-пераможцы падзялілі паміж сабой пароўну. П.к. вырашыла важныя тэр. пытанні: аб перадачы СССР г. Кёнігсберг (цяпер Калінінград) з прылеглымі раёнамі, а Польшчы — яе карэнных зямель на У ад рэк Одэр (Одра) і Нейсе (Ныса), б.ч. былой Усх. Прусіі і тэр. б. вольнага г. Данцыг (Гданьск). Ням. насельніцтва з Польшчы, Чэхаславакіі і Венгрыі высялялася ў Германію. Прынята рашэнне пра арышт і аддачу пад суд гал. ваен. злачынцаў (гл. Нюрнбергскі працэс). Сав. дэлегацыя пацвердзіла гатоўнасць СССР уступіць у вайну супраць Японіі. 26 ліп. ЗША, Вялікабрытанія і Кітай падпісалі Патсдамскую дэкларацыю 1945 аб асн. паліт. прынцыпах капітуляцыі Японіі. Вынікі П.к. мелі вял. значэнне для пасляваен. мірнага ўрэгулявання.

Літ.:

История второй мировой войны, 1939—1945. М., 1979. Т. 10. С. 475-185;

Тегеран—Ялта—Потсдам: Сб. док. 3 изд. М., 1971;

История дипломатии. 2 изд. М., 1975. Т. 4. С. 664—691.

І.​А.​Літвіноўскі.

Да арт. Патсдамская канферэнцыя 1945. І.​В.​Сталін, Г.​Трумэн і У.​Чэрчыль у перапынку паміж пасяджэннямі Патсдам. Ліпень 1945.

т. 12, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАСТМА́САВЫХ ВЫ́РАБАЎ, ШКЛОВАЛАКНІ́СТЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ, ШКЛОПЛА́СТЫКАЎ І ВЫ́РАБАЎ З ІХ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

адна з галін хім. прамысловасці. На Беларусі ўключае падгаліны: вытв-сць вырабаў з пластмас (63,4% у 1999); плёнак, труб і лістоў з палімерных матэрыялаў (17,9%); неперарыўнага шкловалакна і вырабаў з яго (8,7%); шклопластыкаў і вырабаў з іх (6,3%); палімернай тары (3,7%). Выпускае больш за 1000 найменняў прадукцыі: поліэтылен, поліэтыленавую плёнку, шкловалакно, пластмасавую тару, разнастайныя вырабы з пластмасы, поліэтыленавыя трубы, тару і інш. Развіццё галіны пачалося пераважна ў 1950-я г. У 1957 першую прадукцыю даў Полацкі завод шкловалакна, у 1968 — Полацкі хім. камбінат (зараз ВА «Палімір»). У 1999 удзельная вага галіны ў агульным аб’ёме хім. прам-сці складала 12,2%, прамыслова-вытв. персаналу — 12,1%, сродкаў вытв-сці — 9,2%. На 1.1.2000 на Беларусі дзейнічалі 52 прадпрыемствы і вытв-сці галіны. Найб. сярод іх, акрамя названых, — мінскі завод «Тэрмапласт» (вырабы з пластмасы для аўтамабільнай, трактарнай і электратэхн. прам-сці, тавары быт. прызначэння на аснове пластмас), Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў (трубы з поліэтылену для водазабеспячэння і каналізацыі), Барысаўскі з-д «Паліміз» (палімерная тара), Магілёўскі з-д палімерных труб, з-д пластмасавых тарных і ўпаковачных вырабаў у в. Сінкевічы Лунінецкага р-на, Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно» (пластмасы цеплаправодныя і цяжкагаручыя), акц. т-ва «Лідбудпласт» і інш. Прадпрыемствы галіны дзейнічаюць таксама ў Брэсце, Жлобіне, Рагачове, Ганцавічах, Віцебску, Баранавічах, Бабруйску, Іўі, Жодзіне, Ашмянах і інш. Створана некалькі сумесных прадпрыемстваў з замежнымі фірмамі — бел.-ізраільскае «Леор-пластык» у Навагрудку (пластмасавыя слоікі, посуд, поліэтыленавыя накрыўкі); бел.-венгерскае «Новіпласт» у Наваполацку (вырабы з пластмасы); бел.-германскае «Beker—System—Belarus» (аконныя блокі з пластмас). Амаль шостая ч. прадукцыі галіны экспартуецца за мяжу. З інш. краін найб. развіта галіна ў ЗША, Японіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, Італіі, Кітаі, Расіі.

П.​І.​Рогач.

Матэрыялы і вырабы з сінтэтычных смол і пластычных мас у Рэспубліцы Беларусь
Прадукцыя 1990 1995 1998
Трубы і дэталі трубаправодаў з тэрмапластаў, тыс. т 6,2 1,4 1,7
тыс. км 18,2 1,9 2,7
Лісты з тэрмапластаў, тыс. т 13,8 10,5 1,0
Шклапластыкі і вырабы з іх, тыс. т 1,0 0,6 1,9
Шкловалакно неперарыўнае і вы­рабы з яго, тыс. т 20,6 11,3 13,7

т. 12, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫТЫ́ЦКІ (Сяргей Восіпавіч) (1.2.1913, в. Гаркавічы Падляскага ваяв., Польшча — 13.6.1971),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Беларусі, дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі, адзін з арганізатараў патрыятычнага падполля і партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Скончыў ВПШ пры ЦК ВКП(б) (1948). З 1931 сакратар Крынкаўскага раённага, Гродзенскага акр. к-таў КСМЗБ. У 1933 за рэв. дзейнасць зняволены ў турму. У 1933—34 чл. Слонімскага акр. к-та камсамола, кіраваў стачкамі лясных рабочых у Саколкаўскім, Гродзенскім і Слонімскім пав. У 1934—35 вучыўся ў парт. школе КПЗБ у Мінску. З 1935 сакратар Слонімскага акр. к-та КСМЗБ. 7.1.1936 у Віленскім акр. судзе ў час суд. працэсу над 17 рэвалюцыянерамі П. па заданні ЦК КПЗБ страляў у правакатара. У час арышту цяжка паранены. У чэрв. 1936 прыгавораны да пакарання смерцю. Дзякуючы актыўнай барацьбе працоўных Зах. Беларусі, Польшчы, СССР, Францыі, Чэхаславакіі, ЗША, Англіі і інш. краін смяротны прыгавор заменены пажыццёвым турэмным зняволеннем. У вер. 1939 у час германа-польскай вайны вызвалены з турмы. Пасля вызвалення Зах. Беларусі выбраны дэпутатам Народнага сходу Заходняй Беларусі, дзе выступіў з дакладам. На 5-й сесіі Вярх. Савета СССР П. як член Паўнамоцнай камісіі Нар. сходу выступіў з заявай пра ўключэнне Зах. Беларусі ў склад СССР і ўз’яднанне яе з БССР. У 1939—41 нам. старшыні Беластоцкага аблвыканкома. У чэрв.—жн. 1941 удзельнічаў у стварэнні абарончых збудаванняў вакол Магілёва і фарміраванні нар. апалчэння ў Гомелі. Са жн. 1941 на фронце. У 1942—44 2-і сакратар ЦК ЛКСМБ, нам. нач., нач. Польскага штаба партызанскага руху. У 1949—52 і ў 1953—62 1-ы сакратар Гродзенскага, Баранавіцкага, Маладзечанскага, Мінскага абкомаў КПБ. У 1962—68 сакратар ЦК КПБ, старшыня парт.-дзярж. кантролю ЦК КПБ і СМ БССР, нам. старшыні СМ БССР. З 1968 Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР і нам. старшыні Прэзідыума Вярх. Савета СССР. Чл. ЦК КПБ з 1949, чл. ЦК КПСС з 1961. Дэп. Вярх. Савета СССР і БССР з 1940. Аўтар успамінаў пра рэв. барацьбу ў Зах. Беларусі і партыз. рух у Вял. Айч. вайну. Імем П. названы вуліцы ў Мінску, Гродне, Баранавічах, Маладзечне, хімкамбінат у Гродне; у Мінску на доме, дзе жыў П., мемарыяльная дошка. Пра яго рэв. дзейнасць зняты маст. кінафільм «Чырвонае лісце» (1958).

С.В.Прытыцкі.

т. 13, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУТА́Н, Каралеўства Бутан (на мове бхотыя — Друк-Юл),

дзяржава ў Паўд. Азіі, у цяжкадаступнай ч. Усх. Гімалаяў. Мяжуе на Пн з Кітаем, на З, Пд і У з Індыяй. Падзяляецца на 18 дыстрыктаў. Пл. 47 тыс. км². Нас. 1532 тыс. чал. (1993). Афіц. сталіца — т.Тхімпху, традыц. — г. Пунакха (зімовая рэзідэнцыя караля). Афіц. мова — бхотыя (дзонг-хэ, блізкая да тыбецкай). Нац. свята — Дзень нацыі (17 снеж.).

Дзяржаўны лад. Бутана — канстытуцыйная манархія. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — кароль. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатная Нац. асамблея са 150 чл. (100 чл. выбіраюцца вясковымі старастамі, 10 — манастырамі, 40 чл. прызначаюцца каралём), тэрмін паўнамоцтваў 3 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе савет міністраў.

Прырода. Бутана — горная краіна. Вылучаюцца З прыродныя паясы: Гал. Гімалайскі хр. на Пн (г. Кула-Каніры, 7554 м), міжгорныя ўпадзіны і даліны цэнтр. ч. краіны, невысокія горы і перадгор’і на Пд. Клімат мусонны, у далінах трапічны і субтрапічны, у гарах больш халодны. У далінах сярэднія т-ры паветра ў студз. -4,5 °C, у ліп. 17 °C. Ападкаў ад 5000 мм на Пд да 1000—1500 мм у катлавінах і далінах і да 500 мм на найб. высокіх гарах. Рэкі бас. Брахмапутры цякуць у глыбокіх далінах, маюць вял. запасы гідраэнергіі. Лясы займаюць 64% тэр. краіны, багатыя каштоўнай драўнінай. У ніжнім поясе вечназялёныя, вышэй лістападныя і хвойныя лясы. Вышэй за 3500—4000 м — высакагорныя лугі, асыпкі і скалы, на найб. высокіх гарах — вечныя снягі і ледавікі. Запаведнікі Джыгмі-Дорджы, Газа, Манас і інш.

Насельніцтва. Большая ч. насельніцтва — бхотыя і блізкія да іх невял. горныя народы тыбецкага паходжання. На Пд жывуць гурунгі і асамцы. Большасць вернікаў будысты-ламаісты, ёсць індуісты (каля 25%) і прыхільнікі стараж. традыц. культаў. Шчыльнасць насельніцтва 34 чал. на 1 км², б. ч. яго сканцэнтравана ў катлавінах і далінах сярэдняй ч. краіны. Гарады невялікія, у іх жыве каля 10% насельніцтва.

Гісторыя. Стараж. гісторыя Бутана малавядомая. Прыкладна з 8—9 ст. з Тыбета на тэр. сучаснага Бутана перасяляліся плямёны бхотыя, якія выцеснілі б.ч. аселага інд. насельніцтва. У пач. 17 ст. тыбецкія манахі ўстанавілі тут тэакратычную каралеўскую ўладу, дзярж. рэлігіяй стаў ламаізм. У 19 ст. ў краіне адбылося некалькі грамадз. войнаў, выкліканых нязгодай намеснікаў правінцый з цэнтр. уладай. З 1865 бутанскай знешняй палітыкай кіраваў урад брыт. Індыі, які ў 1907 ператварыў Бутан у спадчынную манархію (першым у 1907—26 правіў кароль Угай-ен-Бангчук, заснавальнік сучаснай кіруючай дынастыі). Да 1947 Бутан — брыт. пратэктарат. Паводле дагавора з Індыяй (8.8.1949) Бутан абавязаўся ў сваіх знешніх зносінах кіравацца курсам і пазіцыяй інд. ўрада. Пасля анексіі Тыбета Кітаем (1950) бутанска-інд. сувязі, у т. л. эканамічныя, узмацніліся. З кастр. 1969 — канстытуцыйная манархія (не мае пісанай канстытуцыі). З 12.2.1971 суверэнная дзяржава.

З 1972 дзяржавай і ўрадам кіруе кароль Джыгме Сінгай Бангчук (каранаваны ў 1974). У 1980 Бутан заключыў дагавор аб граніцы з Кітайскай Нар. Рэспублікай. У Бутане няма паліт. партый, на тэр. Індыі дзейнічае партыя Бутанскі нац. кангрэс. Бутан — член ААН (з 1971), Руху недалучэння (з 1973), Асацыяцыі рэгіянальнага супрацоўніцтва краін Паўд. Азіі (з 1985), належыць да самых бедных і адсталых краін, што развіваюцца.

Гаспадарка. Бутан — аграрная краіна з перавагай натуральнай гаспадаркі і феад. адносін. У сельскай гаспадарцы занята 95% самадз. насельніцтва, пераважае земляробства. Плошча апрацаваных зямель складае 3% тэр. краіны. На асобных участках па далінах рэк і схілах гор, на тэрасавых і часткова арашальных палях вырошчваюць рыс, пшаніцу, кукурузу, бульбу, горны ячмень, проса, грэчку, клешчавіну, бавоўну, чай. Агародніцтва і пладаводства (апельсіны, манга, яблыкі). Збор (1993, тыс. т): рысу 43, кукурузы 40, бульбы 34, цытрусавых 58. Горна-пашавая жывёлагадоўля (1993, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы і якаў 429, авечак 54, коз 41. Гадуюць свіней і коней. Прам-сць (1993, тыс. т): здабыча каменнага вугалю 56, даламіту 206, вапняку 190, графіту, свінцова-цынкавых і медных рудаў, вальфраму, гіпсу, вытв-сць цэменту 170, віна, кансерваў і сокаў з садавіны, запалак, фанеры, драўнінна-стружкавых пліт. Развіваецца вытв-сць электраэнергіі. Некалькі ГЭС. Захоўваецца традыц. саматужнае рамяство. Аўтамаб. дарогі (даўж. каля 2 тыс. км) злучаюць Тхімпху з асн. раёнамі краіны і з Індыяй. Аэрапорты ў Паро і Тхімпху. Экспарт: цэмент, драўніна, фанера, даламіт, электраэнергія, агародніна, сокі, арэхі, спецыі, каменны вугаль, сыры каўчук і інш. Імпарт (перавышае экспарт у 2 разы): прамысл. і харч. тавары (машыны, абсталяванне, рыс, цукар), бензін, газа і інш. Асн. гандл. партнёр — Індыя (каля 90% знешнегандл. абароту). Адна з асн. крыніц паступлення замежнай валюты — даходы ад замежнага турызму і альпінізму, а таксама ад продажу паштовых марак. Пастаянную эканам. дапамогу Бутану аказвае Індыя. Грашовая адзінка — нгултрум.

З.​М.​Шуканава (прырода, гаспадарка), У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

Герб і сцяг Бутана.

т. 3, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛЬТА (Malta),

Рэспубліка Мальта (мальтыйскае Repubblika ta’Malta, англ. Republic of Malta), дзяржава на Мальтыйскім архіпелагу, у цэнтр. ч. Міжземнага м. на Пд ад Сіцыліі. Пл. 320 км². Нас. 380 тыс. чал. (1998). Дзярж. мовы — мальтыйская і англійская. Сталіца — г. Валета. Нац. свята — Дзень незалежнасці (21 вер.).

Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1964 (з папраўкамі 1974 і 1987). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць парламенту, у склад якога ўваходзяць прэзідэнт і палата прадстаўнікоў (65 дэпутатаў выбіраюцца тэрмінам на 5 гадоў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Краіна займае 2 параўнальна значныя а-вы — Мальта (пл. 246 км²) і Гоца (пл. 67 км²) і некалькі дробных. У рэльефе пераважаюць закарставаныя вапняковыя плато выш. да 253 м (на в-ве Мальта). Клімат міжземнаморскі з гарачым сухім летам і мяккай дажджлівай зімой; сярэдняя т-ра лют. 12 °C, жн. 25 °C. Ападкаў каля 530 мм за год. Рэк і ручаёў няма. У расліннасці пераважае рэдкі травастой са злакаў, на схілах — пусткі з нізкімі сухалюбівымі хмызнякамі і хмызнячкамі. Невял. гаі з хвоі, пініі, дубу. Жывёльны свет бедны. Рэзерват Гадыра.

Насельніцтва. Каля 98% складаюць карэнныя жыхары — мальтыйцы. Па мове яны блізкія да тунісцаў, па культуры — да жыхароў Паўд. Італіі. Жывуць таксама невял. групы англічан і італьянцаў. Пануючая рэлігія — каталіцызм (больш за 98% насельніцтва). Сярэднегадавы прырост 0,58% (1998). Сярэдняя шчыльн. 1200 чал. на 1 км² (адна з найб. у свеце). Найб. шчыльна заселена паўн.-ўсх. ч. в-ва Мальта. У гарадах жыве больш за 90% насельніцтва. У г. Валета 9,1 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 150 тыс. ж. (1995). Каля 10 тыс. ж. у гарадах Сліма, Хамрун, Рабат, Вікторыя, Зейтун. У прам-сці і буд. занята 25% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 2%, астатнія — у абслуговых галінах. Значная эміграцыя (за мяжой жыве каля 150 тыс. мальтыйцаў) пераважна ў Аўстралію і Вялікабрытанію.

Гісторыя. Першыя паселішчы чалавека з’явіліся на М. ў эпоху неаліту каля 4-га тыс. да н.э. З таго часу на а-вах Мальта і Гоца захаваліся унікальныя мегалітычныя культавыя пабудовы. абнесеныя сценамі цыклапічнай муроўкі. З часоў антычнасці М. з-за зручнага геагр. і стратэг. становішча ў цэнтры Міжземнамор’я неаднаразова была аб’ектам каланізацыі і ваен. захопаў. У 13 ст. да н.э. яе каланізавалі фінікійцы. з 8—7 ст. да н.э. — карфагеняне. У 6—3 ст. да н.э. М. — уладанне Карфагена, з 218 да н.э. — Стараж. Рыма, у 395—870 н.э. — Візантыі (у 5 ст. часова захоплена вандаламі, потым остготамі). У 870—1091 М. валодалі арабы, якія значна паўплывалі на гаспадарку, культуру і мову яе насельніцтва. У 1091 заваявана нарманамі і ў 12 ст. далучана імі да Сіцылійскага каралеўства. З 1302 М. разам з Сіцыліяй належала каралеўству Арагон, з 1504 — у складзе падначаленага Іспаніі Сіцылій абедзвюх каралеўства. У 1530 імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» (адначасова ісп. і сіцылійскі кароль) Карл V перадаў М. каталіцкаму рыцарскаму ордэну іаанітаў (Мальтыйскі ордэн). У 16 ст. М. неаднаразова цярпела ад нападаў тур. флоту і войск. У 1565 рыцары вытрымалі ва ўмацаваннях в-ва Мальта працяглую. і жорсткую тур. аблогу. У 1566 вял. магістр ордэна Ж. дэ ла Валет заснаваў на М. сталіцу — г. Валета. У 1775 адбылося паўстанне мясц. насельніцтва супраць іаанітаў. У 1798 М. захоплена Францыяй. у 1800 — Вялікабрытаніяй, якая стварыла тут ваен.-марскую базу. Стратэг. значэнне М. вырасла пасля адкрыцця ў 1869 Суэцкага канала. У час 1-й і 2-й сусв. войнаў парты М. служылі базай ваен.-марскіх сіл Вялікабрытаніі і яе саюзнікаў, у 1940—43 яна цярпела ад налётаў ням. і італьян. авіяцыі, ад абстрэлаў і блакады з мора. Пад націскам нац.-вызв. барацьбы мальтыйцаў Вялікабрытанія ў 1921 і 1947 давала М. абмежаванае самакіраванне (адменена ў 1933 і 1959), у 1962 прадаставіла ўраду М. права вырашаць справы краіны. акрамя пытанняў знешняй палітыкі і абароны. З 21.9.1964 М. — незалежная дзяржава ў складзе брыт. Садружнасці. Да 1974 канстытуцыйная манархія (кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, прадстаўлены ген.-губернатарам).

13.12.1974 М. абвешчана парламенцкай рэспублікай. У 1979 з краіны выведзены апошнія брыт. войскі. 14.5.1981 М. афіцыйна абвясціла аб сваім нейтралітэце. Ва ўнутрыпаліт. жыцці асн. барацьба за ўладу адбываецца паміж Нацыяналіст. і Лейбарысцкай партыямі. У перыяд першага праўлення лейбарыстаў (1971—87) створаны моцны дзярж. сектар эканомікі, закладзены асновы незалежнага знешнепаліт. курсу М. З 1994 прэзідэнт краіны — лідэр лейбарыстаў У.​Міфсуд Банічы. На парламенцкіх выбарах 1998 перамагла Нацыяналіст. партыя (прыхільнікі ліберальнай эканам. мадэлі з прыярытэтам прыватнай уласнасці на сродкі вытв-сці), яе лідэр Э.​Фенек Адамі сфарміраваў урад. Дзейнічаюць таксама Дэмакр. партыя М., рух Дэмакр. альтэрнатыва. Асн. прафсаюзы: Усеагульны саюз рабочых і Канфедэрацыя прафсаюзаў М. М. — чл. ААН (з 1964), Савета Еўропы (з 1965), асацыіраваны чл. Еўрап. эканам. супольнасці (з 1971). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 16.2.1993.

Гаспадарка. М. — эканамічна развітая краіна. Штогадовы даход на 1 чал. 12,9 тыс. дол. (1997). Абслуговыя галіны даюць 61% даходаў краіны, прам-сць — 34%, сельская гаспадарка — 5%. У эканоміцы пераважае замежны (пераважна англійскі) капітал. Дзяржаве належыць шэраг прамысл. прадпрыемстваў, яна фінансуе развіццё партоў, агракомплексаў, прамысл. зон, станцый апраснення марской вады, пашырэнне сеткі атэляў, асваенне непрыдатных зямель. Аснова эканомікі — суднарамонт, транзітна-трансп. паслугі, замежны турызм. Мальтыйскія докі рамантуюць судны больш чым 70 краін свету (адно з найб. суднарамонтных прадпрыемстваў на Міжземным м.), на іх занята больш за 5000 рабочых. Важнае значэнне транзітнага гандлю, забеспячэнне гандл. суднаў розных краін палівам, вадой і інш. Павялічваецца роля замежнага турызму. Штогод бывае больш за 1 млн. турыстаў, пераважна з Вялікабрытаніі, Італіі, краін Паўн. Еўропы. Турыстаў прываблівае маляўнічае ўзбярэжжа, сонечнае надвор’е, гіст. і арх. помнікі. У 1994 турызм прынёс даход у 639 млн. дол. Развіты электронная, тэкст., трыкат., абутковая, мэблевая, харч. (кансервы) і харчасмакавая (асабліва вінаробства і тытунёвая) прам-сць, вытв-сць прамысл. хім. прэпаратаў, касметычных і фармацэўтычных вырабаў, буд. матэрыялаў і інш. Ёсць з-д па зборцы аўтамабіляў і аўтарамонтныя майстэрні. Развіты саматужныя промыслы — выраб карункаў, філігранных упрыгожанняў, пляценне з саломы, хатняе ткацтва, чаканка па серабры і золаце, шкловыдзімальнае майстэрства. Выпрацоўка электраэнергіі — 1,4 млрд. кВт∙гадз (1996). Электрастанцыі працуюць на імпартнай нафце. У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства. Апрацоўваецца каля 14 тыс. га. Значная частка зямлі належыць царкве, якая здае яе ў арэнду сялянам. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі пл. да 2 га. Гал. культуры: ранняя бульба, памідоры, салодкі перац, капуста, цыбуля. Вырошчваюць таксама бахчавыя культуры, бавоўнік, пшаніцу і ячмень. За год здымаюць 2—3 ураджаі.

Развіты садоўніцтва (вінаград, апельсіны, аліўкі, інжыр), кветкаводства і насенная гаспадарка. Жывёлагадоўля развіта менш з-за недахопу кармавых угоддзяў. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — каля 15, свіней — каля 55, коз і авечак — каля 12. Птушкагадоўля (каля 1,5 млн. курэй). Рыбалоўства. Транспарт аўтамаб. і марскі. На астравах 1,3 тыс. км аўтадарог. А-вы Мальта і Гоца злучаны паромнай пераправай. Марскі транспарт абслугоўвае знешнія сувязі. Гал. порт Валета. Міжнар. аэрапорт Лука на в-ве Мальта. У 1996 экспарт склаў 1,7 млрд. дол., імпарт — 2,8 млрд. дол. У экспарце пераважаюць прадукцыя машынабудавання, швейныя і трыкат. вырабы, тканіны, абутак, ранняя агародніна і кветкі, у імпарце — харч. прадукты, паліва, машыны і паўфабрыкаты. Асн. гандл. партнёры: Італія (32% экспарту, 27% імпарту), Германія (адпаведна 16 і 14%), Вялікабрытанія (8 і 13%). Значную ролю адыгрываюць грашовыя пераводы грамадзян М., якія жывуць за мяжой. Грашовая адзінка — мальтыйская ліра.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), М.​Г.​Нікіцін (гісторыя).

Герб і сцяг Мальты.
Мальта. Горад Валета.

т. 10, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУА́НДА (Ruanda, Rwanda),

Руандыйская Рэспубліка (кіньяруандыйскае Republika y’u Rwanda, франц. Republique Rwandaise, англ. Républic of Rwanda), дзяржава ва ўнутр. частцы Усх. Афрыкі. Мяжуе на З з Дэмакр. Рэспублікай Конга, на Пн з Угандай, на У з Танзаніяй, на Пд з Бурундзі. Пл. 26,4 тыс. км². Нас. 7229,1 тыс. чал. (2001). Афіц. мовы — кіньяруанда, франц. і англ.; шырока ўжываецца мова суахілі. Сталіца — г. Кігалі. Падзяляецца на 12 прэфектур. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 ліп.).

Дзяржаўны лад. Р. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (выбіраецца на 5 гадоў). Заканад. ўлада належыць прэзідэнту і Нац. сходу. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Паверхня — моцна парэзанае далінамі рэк пласкагор’е (выш. 1500—2000 м), зах. край (прыўзняты да 2500—3000 м) стромка абрываецца да воз. Ківу. На крайнім ПнЗ — частка вулканічных гор Вірунга (г. Карысімбі, 4507 м). Ёсць радовішчы алавяных, вальфрамавых, берылавых, танталака-лумбітавых і інш. руд, золата, метану і вуглякіслага газу. Клімат субэкватарыяльны, мяккі з-за значнай вышыні над узр. м. У г. Кігалі (на выш. 1550 м) т-ра ўвесь год вагаецца ад 17 да 21 °C. Ападкаў каля 1000—1500 мм за год, сухі сезон ліп.—верасень. Бываюць засухі. Большая ч. тэр. ў бас. р. Кагера (выток р. Ніл). Найб. возера Ківу. Расліннасць прадстаўлена пераважна другаснымі саваннамі. Пад лесам і хмызнякамі 22% тэрыторыі. Багаты жывёльны свет моцна вынішчаны, але ў нац. парках і запаведніках захаваліся розныя віды антылоп, буйвалы, насарогі, бегемоты, зебры, ільвы, леапарды і інш. У Р. нац. паркі Вірунга і Кагера (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), некалькі запаведнікаў.

Насельніцтва. Асн. народ руанда (баньяруанда) складае каля 95%. Этнасацыяльна падзяляецца на групы жывёлаводаў — тутсі (высокага росту, каля 13%), земляробаў — хуту (сярэдняга росту, 85%) і пігмеяў-тва (больш за 1%). Жывуць таксама выхадцы з суседніх краін, з Еўропы і Паўд. Азіі. Вернікі пераважна католікі (65%) і прыхільнікі мясц. традыц. вераванняў (25%), ёсць пратэстанты (9%) і мусульмане (1%). Сярэднегадавы прырост 1,4% (2000). Сярэдняя шчыльн. адна з самых высокіх у Афрыцы — 273,8 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 6% насельніцтва. У г. Кігалі 234,5 тыс. ж. (1993), па 20—40 тыс. ж. у гарадах Бутарэ, Ньянза, Гісеньі, Гітарама, Б’юмба. У сельскай гаспадарцы занята 90% эканамічна актыўнага насельніцтва. У выніку ваен. дзеянняў каля 1 млн. чал. загінулі, каля 2 млн. чал. (пераважна хуту) пакінулі Р., жывуць у лагерах бежанцаў на тэр. суседніх краін.

Гісторыя. Стараж. насельнікамі тэр. Р. былі пігмеі-тва. У пач. 2-га тыс. н.э. тут пасяліліся бантумоўныя земляробчыя плямёны хуту. Каля 16 ст. іх падпарадкавалі жывёлаводы тутсі, якія стварылі тут дзярж. аб’яднанне на чале з мвамі (каралём). Меншасць тутсі складала касцяк кіруючай эліты, якая панавала над большасцю — хуту. У 1898 Р. анексіравана Германіяй і далучана да герм. Усх. Афрыкі. У 1916 Р. акупіравала Бельгія, якая пасля 1-й сусв. вайны атрымала мандат Лігі Нацый на кіраванне Р. З 1946 Р. — падапечная тэр. ААН пад кіраваннем Бельгіі. У 1959 прадстаўнікі хуту заснавалі Рух за эмансіпацыю (з 1960 Рэсп.-дэмакр. Рух Пармехуту, РДР Пармехуту) на чале з Г.​Кайібандам. На першых усеагульных выбарах 1961 перамог РДР Пармехуту. У вер. 1961 скасавана манархія, што суправаджалася сутыкненнямі паміж хуту і тутсі, у выніку чаго каля 200 тыс. тутсі знайшлі прытулак ва Угандзе.

1.7.1962 абвешчана незалежнасць Р., першым прэзідэнтам стаў Кайібанда. У снеж. 1963 адбыліся новыя сутыкненні паміж хуту і тутсі, пачалося выцясненне тутсі з дзярж. апарату. У ліп. 1973 ваенныя на чале з ген. Ж.​Хаб’ярыманам здзейснілі дзярж. пераварот. У снеж. 1978 прынята новая канстытуцыя Р., Хаб’ярымана абраны прэзідэнтам краіны. Адзінай дазволенай паліт. партыяй абвешчаны Нац. рух за развіццё (засн. ў 1975). У кастр. 1990 з тэр. Уганды ў Р. ўварваліся ўзбр. атрады Патрыят. руандыйскага фронту (ПРФ), створанага эмігрантамі-тугсі. 4.8.1993 паміж ПРФ і ўрадам Р. падпісана пагадненне аб спыненні агню і стварэнні кааліцыйнага ўрада. 6.4.1994 быў збіты самалёт, на якім ляцеў Хаб’ярымана, і ён загінуў, у чым абвінавацілі тутсі. Міліцыя хуту пачала масавае фіз. знішчэнне тутсі; у выніку генацыду загінулі да 1 млн. чал. У адказ ПРФ разгарнуў наступленне і авалодаў усёй тэр. Р. Больш за 2 млн. хуту ўцяклі ў суседнія краіны. У ліп. 1994 прэзідэнтам Р. абвешчаны выхадзец з хуту П.​Бізімунгу, віцэ-прэзідэнтам — выхадзец з тутсі П.​Кагаме. У 1997 войскі Р. дапамаглі скінуць рэжым Мабуту Сесе Сека ў Дэмакр. Рэспубліцы Конга, а з вер. 1998 удзельнічаюць ва ўзбр. канфлікце ў гэтай краіне. У крас. 2000 новым прэзідэнтам Р. абраны Кагаме.

Сярод паліт. партый і аб’яднанняў Р. найб. уплывам карыстаюцца Рэсп. дэмакр. рух, С.-д., Ліберальная і Хрысц.-дэмакр. партыі. У 1987 створаны Прафс. цэнтр працоўных. Р. — чл. ААН (з 1962), Арганізацыі афр. адзінства (з 1963).

Гаспадарка. Р. — адна з найбяднейшых краін свету. Валавы ўнутр. прадукт у разліку на 1 чал. 690 дол. за год (1998). Каля 36% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, каля 24% — у прам-сці, каля 40% — у абслуговых галінах. У гаспадарцы захаваліся перажыткі родавых і феад. адносін. Ёсць дзярж. і каап. сектары. Унутр. канфлікты 1990-х г. спынілі развіццё эканомікі. У паўнатуральнай сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца больш за палавіну тэр. краіны, у т. л. каля 900 тыс. га пад ворывам, каля 250 тыс. га пад шматгадовымі культурамі, каля 500 тыс. га пад пашай. Характэрны зямельны голад, магчымасці пашырэння с.-г. зямель амаль вычарпаны. Гал. занятак сялян — прымітыўнае матычнае земляробства, засн. на папарнай сістэме. Арашаецца 4 тыс. га.

Пераважаюць дробныя гаспадаркі пл. 0,6—1 га. Гал. экспартныя культуры: кава (штогадовы збор каля 40 тыс. т), чай, пірэтрум (інсектыцыдная расліна), бавоўна, хіннае дрэва. На ўласныя патрэбы вырошчваюць маніёк, ямс, батат, бананы, сорга, кукурузу, бульбу, арахіс, бабовыя, цукр. трыснёг, тытунь, агародніну. Трапічнае садоўніцтва. У 1998 атрымана 226 тыс. т збожжа, 3 тыс. т алею. Жывёлагадоўля пашавая, характарызуецца нізкай прадукцыйнасцю. Пагалоўе (1998, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 500, коз і авечак — 1250, свіней — 80. У 1998 атрымана 19 тыс. т мяса. Птушкагадоўля (куры, качкі), пчалярства. Рыбалоўства ў азёрах і рэках (1997, 3,1 тыс. т). У прам-сці пераважаюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны і здабычы карысных выкапняў. У 1996 атрымана 166 млн. кВт∙гадз электраэнергіі (97,6% на ГЭС, найб. Муруры на р. Рузізі). Ёсць прадпрыемствы харчасмакавай (перапрацоўка кавы, чаю, піваварныя і безалкагольных напіткаў), харч. (млыны і хлебапякарні, вытв-сць алею), гарбарна-абутковай, тэкст., мэблевай, мылаварнай, тытунёвай і інш. галін прам-сці; з-ды і ф-кі запалкавыя, метызаў, металаканструкцый, алюмініевага посуду, фарбаў, аўтарамонтныя майстэрні. Шырока развіты саматужная апрацоўка скур, выраб абутку, адзення, керамічнага посуду, прадметаў хатняга ўжытку. Вядзецца прамысл. і саматужная здабыча карысных выкапняў (руд волава, вальфраму, танталакалумбіту, берылу, золата). Здабыча метану і вуглякіслага газу з воз. Ківу. Лесанарыхтоўкі і лесапільная прам-сць. Транспарт пераважна аўтамабільны. У краіне 12 тыс. км аўтадарог, у т. л. 1 тыс. км з цвёрдым пакрыццём; 12 тыс. легкавых, 16 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (2000). Суднаходства па воз. Ківу; 7 аэрапортаў, у т. л. міжнар. каля г. Кігалі. У 1998 экспарт склаў 82,1 млн. дол., імпарт 326 млн. дол. У экспарце пераважаюць кава (55%), чай (22%), пірэтрум, скуры; гарнарудная прадукцыя; у імпарце — машыны і абсталяванне, харч. і спажывецкія тавары, нафтапрадукты, буд. матэрыялы. Гал. гандл. партнёры: Бельгія, ЗША, Вялікабрытанія, Германія, Японія, Кенія. Краіна атрымлівае міжнар. дапамогу (у 1995—99 каля 400 млн. дол.). Грашовая адзінка — руандыйскі франк.

Літ.:

Соколова Р. Две народности — два врага? // Азия и Африка сегодня. 1997. № 6;

Денисов А. Уроки Руанды // Там жа. 2000. № 9.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Руанды.
Да арт. Руанда. Ландшафт на ПнЗ краіны.

т. 13, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)