эско́рт

(фр. escorte. ад іт. scorta)

1) канвой, ахова, суправаджэнне каго-н. (напр. ганаровы э., э. матацыклістаў);

2) група ваенных суднаў, прызначаная для аховы транспартных суднаў пры марскім пераходзе.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

А́НГЛА-ЯПО́НСКІ САЮ́З,

ваенна-паліт. саюз Англіі і Японіі супраць Расіі, а таксама для ўмацавання свайго панавання ў Кітаі і Карэі. Заключаны 30.1.1902. Прадугледжваў нейтралітэт у выпадку вайны саюзніка з інш. дзяржавай і аказанне яму дапамогі, калі да ваен. дзеянняў супраць саюзніка далучыцца іншая дзяржава або група дзяржаў. Саюз садзейнічаў развязванню руска-японскай вайны 1904—05. Англа-японскі саюз аднаўляўся ў жн. 1905 і ліп. 1911. На Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22 заменены пагадненнем ЗША Вялікабрытаніі, Францыі і Японіі.

т. 1, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГРЫ́НАВА,

вёска на Беларусі, у Воўкавіцкім с/с Талачынскага р-на Віцебскай вобласці. За 13 км ад Талачына. 108 ж., 53 двары (1995). Узнікла на мяжы 15—16 ст. на тэр. Друцкага княства. У розны час належала Друцкім, Багрынаўскім, Адзінцэвічам, Сангушкам. У выніку адм. рэформы ВКЛ 1565—66 Багрынава ўвайшло ў Аршанскі пав. У пач. 20 ст. ў Багрынаве 192 ж., 25 двароў. Побач з вёскай група археал. помнікаў: гарадзішча, замчышча, курганны могільнік крывічоў (11 ст.).

т. 2, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯГЕЛЬМІ́НТЫ

[ад бія... + грэч. helmins (helminthos) чэрві],

група паразітычных чарвей, цыкл развіцця якіх праходзіць са зменай гаспадароў. Лічынка развіваецца ў арганізме прамежкавага гаспадара, а дарослая асобіна — у т.зв. дэфінітыўным (канчатковым) гаспадары. Прамежкавымі гаспадарамі бываюць беспазваночныя (малюскі, ракападобныя, рыбы і інш.) і пазваночныя жывёлы (млекакормячыя, земнаводныя, рыбы і інш.); колькасць іх ад 1 да 3. Да біягельмінтаў адносяцца ўсе смактуны (трэматоды), стужачныя чэрві (цэстоды), скрэбні (акантацэфалы), многія круглыя чэрві (нематоды). Узбуджальнікі гельмінтозаў чалавека і жывёл. Гл. таксама Геагельмінты.

т. 3, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЫГЕ́ЙСКАЯ МО́ВА,

адна з іберыйска-каўказскіх моў (абхаза-адыгейская група чэркескай падгрупы), блізкая да кабардзінскай мовы. Пашырана ў Адыгеі, а таксама ў Лазараўскім і Туапсінскім р-нах Краснадарскага краю. Мае 4 дыялекты: абадзехскі, бжэдугскі, тэміргойскі (аснова літаратурнай мовы) і шапсугскі.

Паводле ладу аглюцінатыўная мова з рысамі полісінтэтызму. Фанетыка характарызуецца багатай сістэмай зычных (да 70 фанем) і простай — галосных (2 фанемы), сінтаксіс — наяўнасцю эргатыўнай канструкцыі. Пісьменства створана ў 1918 на аснове араб., у 1927 — лац., у 1938 — рус. графікі.

т. 1, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІТАМІНО́ЗЫ

(ад а... + вітаміны),

група захворванняў, якія развіваюцца пры працяглай адсутнасці вітамінаў у ежы, парушэнні іх засваення або прыгнечанні сінтэзу ў арганізме. Недахоп вітамінаў можа ўзнікнуць у зімова-вясновы перыяд, пры вял. фіз. нагрузках, інфекцыйна-вірусных захворваннях, з узростам. Пры працяглым недахопе або адсутнасці вітаміну С развіваецца цынга, B1беры-беры, D — рахіт, PP — пелагра. Часцей сустракаецца адначасовая недастатковасць некалькіх вітамінаў — поліавітаміноз. Прафілактычныя меры: ужыванне вітамінных прэпаратаў, вітамінізацыя ежы, правільнае захоўванне і кулінарная апрацоўка харч. прадуктаў.

т. 1, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАСЛЮ́ДЫ,

група мінералаў класа сілікатаў, якія па структуры і саставе адносяцца да слюд. Адрозненне — дэфіцыт шчолачаў і павышаная колькасць вады. Агульная формула гідраслюд: (K,Na,H3O)Al2(AlSi3)·O10[(OH2), H2O]. Да гідраслюд належаць глаўканіт, вермікуліт, гідрабіятыт, гідрамускавіт, ілліт і інш. Структура слаістая. Афарбоўка светла-шэрая, бурая, цёмна-карычневая. Цв. 1—2. Шчыльн. 2,5—3 г/см³. Пашыраны ў корах выветрывання, глебах, асадкавых пародах, нізкатэмпературных гідратэрмальных утварэннях. Выкарыстоўваюцца ў керамічнай і ліцейнай вытв-сці, для ачысткі і змякчэння вады.

У.Я.Бардон.

т. 5, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЭ́ЛІК Зіновій Самуілавіч

(19.11.1904, г. Асіповічы Магілёўскай вобл. — 14.12.1968),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Сімферопальскі камВНУ (1924), курсы ўдасканалення камсаставу (1940), курсы «Выстрал» (1943). У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўд., Сталінградскім, Цэнтр., Бел. франтах. Камандзір стралк. роты ст. лейт. Гарэлік вызначыўся ў 1943 пры вызваленні Лоеўскага р-на Гомельскай вобл.: 16—18 кастр. дэсантная група пад яго камандаваннем першая фарсіравала Дняпро, вызваліла в. Шчытцы, заняла ўмацаваны рубеж, перарэзала важную магістраль праціўніка. Да 1945 у Чырв. Арміі.

т. 5, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАН Ікума

(н. 7.4.1924, Токіо),

японскі кампазітар. Скончыў Такійскую школу музыкі (1945; цяпер Такійскі ун-т прыгожых мастацтваў і музыкі). У 1947—50 выкладаў у Такійскай кансерваторыі. У 1953 арганізаваў авангардысцкі гурток «Група трох» (з Я.Акутагава і Т.Маюдзумі). Працуе практычна ва ўсіх муз. жанрах. Сярод твораў: 4 оперы, найб. папулярная «Юдзуру» («Жураўліныя пёры»; паст. 1952), балет, кантаты, 5 сімфоній (1950—65), concerto grosso, камерна-інстр. творы, хары, вак. цыклы, песні і інш. Аўтар муз.-крытычных прац.

т. 6, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЕЗДАРЫ́,

група вясковай моладзі, якая паводле старадаўняга звычаю на Каляды хадзіла ад хаты да хаты з песнямі, скокамі, гульнямі і насіла на кіі асветленую знутры зорку — звязду. Нашэнне звязды суправаджалася калядаваннем, паказам «Казы», «Мядзведзя», «Жорава», «Кабылы», «Цыганоў», батлейкі, скамарохаў. З. ў суправаджэнні калядоўшчыкаў спявалі калядныя песні, што вызначаліся святочна-прыўзнятым, гулліва-гумарыстычным настроем і ў якіх выказваліся пажаданні дабра і заможнасці гаспадарам хаты, за што гаспадары частавалі З. і адорвалі.

Звездары з в. Заходы Шклоўскага раёна Магілёўскай вобл. 1904.

т. 7, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)