мужчынскі і жаночы кляштары каталіцкага манаскага ордэна цыстэрцыянцаў у Кімбараўцы (прыгарад Мазыра, цяпер у межах горада). Мужчынскі кляштар у пач. 18 ст. заснаваны навагрудскім кашталянам А.Аскеркам. У далейшым ахвяраванні на кляштар рабілі інш. прадстаўнікі гэтага роду, каралі Рэчы Паспалітай Аўгуст II і Аўгуст III. У 1825 манахі мелі юрыдыку ў Кімбараўцы, вёскі Навікі і Юхнаўку, 24 валокі зямлі. Пры кляштары працавала школа (у 1819—10 вучняў), у б-цы было 850 тамоў. У 1864 кляштар скасаваны, касцёл пераабсталяваны ў царкву. Жаночы кляштар існаваў у 1744—1888. Засн. па ініцыятыве прыёра мужчынскага кляштара Б.Ражанскага, кн. К.Сапега падараваў 30 тыс. злотых. У 1809 у школе пры кляштары вучылася 28 дзяўчат. Захаваліся будынкі касцёла і частка жылога корпуса.
А.А.Ярашэвіч.
Да арт.Кімбараўскія цыстэрцыянскія кляштары. Агульны выгляд касцёла цыстэрцыянак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТАХЕ́НА (Cartagena),
горад на ПдУ Іспаніі, у аўт. вобласці Мурсія. 176 тыс.ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Міжземным м. У К. і яе прыгарадах — суднабудаванне (у т. л. ваеннае), выплаўка свінцу і цынку, нафтаперапр., харч. (пераважна плодакансервавая) прам-сць. Арх. помнікі: рэшткі стараж. некропаля, гатычны сабор (13 ст.), барочны касцёл Санта-Марыя дэ Грасія (17—18 ст.).
У старажытнасці горад наз. Новы Карфаген, засн. каля 228 да н.э. палкаводцам Гасдрубалам як ваен. база карфагенян для заваявання Іспаніі. У 209 да н.э. — 5 ст.н.э. пад уладай Стараж. Рыма. Росквіту К. садзейнічала распрацоўка сярэбраных і алавяных руднікоў паблізу горада. Заваявана ў 425 вандаламі, у 534 Візантыяй, у 7 ст. вестготамі, у 711 арабамі. У 1243 у ходзе Рэканкісты далучана да Кастыліі. Пасля ўмацавання порта Філіпам II (1570) гал. база ісп.ваен. флоту. Цэнтр кантанальнага паўстання 1873.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТАХЕ́НА (Cartagena),
горад на Пн Калумбіі, на Карыбскім м., на З ад вусця р. Магдалена. Адм. ц. дэпартамента Балівар. 564 тыс.ж. (1990). Вузел аўтадарог. Буйны марскі порт (вываз нафты і нафтапрадуктаў, скур, золата, кавы). Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: нафтаперапр. і нафтахім., цэм., гарбарна-абутковая, тэкст., харч. (у т. л. рыбакансервавая). Ун-т. Арх. помнікі 16—18 ст. (умацаванні, цэрквы, кляштары). Порт, крапасныя ўмацаванні і гіст.-арх. ансамбль старога горада ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Засн. ў 1533 ісп. канкістадорам Педра дэ Эрэдыя на месцы індзейскага паселішча. З 17 ст. буйны гандл. порт (у Іспанію вывозілі каштоўныя камяні і металы), гал.ісп. крэпасць у Лац. Амерыцы. На К. шмат разоў нападалі франц. і англ. піраты (у 1585 спалены Ф.Дрэйкам). У 1811 першая з гарадоў Калумбіі абвясціла незалежнасць ад Іспаніі (у 1815—21 зноў пад ісп.калан. уладай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЕ МУЗЫ́ЧНА-ДРАМАТЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА.
Існавала ў 1908 — 14. Статут зацверджаны 14.2.1909. Мела на мэце культ.-асв. дзейнасць, прапаганду сярод жыхароў Гомеля муз. і тэатр. мастацтва і л-ры, развіццё маст. здольнасцей членаў т-ва. Было важным асяродкам культ. жыцця горада. У 1910—11, калі т-ва ўзначальваў Л.С.Драгунскі, яно аб’ядноўвала каля 240 чал. Працавалі секцыі літ. (распарадчык І.Х.Бабарыкін), драм. (І.Я.Марголін, В.М.Плахаў) і муз. (С.Л.Захарын). Пад кіраўніцтвам Марголіна пастаўлены спектаклі «На бойкім месцы» і «Лес» А.Астроўскага, «Лебядзіная песня» А.Чэхава, «Рэвізор» М.Гогаля і інш.Муз. секцыяй быў створаны хор, наладжваліся вечары, прысвечаныя творчасці кампазітараў-класікаў (у т. л. П.Чайкоўскага), выконваліся рамансы і нар. песні, арыі з рус. і замежных опер. Т-ва працавала ў памяшканні клуба грамадскага сходу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ПОЛК НАРО́ДНАГА АПАЛЧЭ́ННЯў Вялікую Айчынную вайну.
Сфарміраваны 9—12.7.1941. Камандзір Ф.Я.Уткін (загінуў), камісар С.Р.Шчуцкі. Налічваў 2300 чал., знаходзіўся ў рэзерве 21-й арміі Цэнтр. фронту. Апалчэнцы ўдзельнічалі ў эвакуацыі з-даў і ф-к, вялі барацьбу з дыверсантамі, ахоўвалі прамысл. аб’екты, лініі сувязі, будавалі абарончыя рубяжы. З 13 да 19 жн. разам з войскамі Чырв. Арміі полк вёў баі за Гомель: трымаў абарону на паўн. подступах да горада, перакрываў шашу Магілёў—Гомель і чыг. Бабруйск—Гомель. Жорсткія баі апалчэнцы вялі каля в. Сямёнаўка і Пакалюбічы, у раёне Навабеліцы (гл.Гомеля абарона 1941). 19 жн.ням.-фаш. войскі прарваліся ў горад. Апалчэнцы ўдзельнічалі ў жорсткіх вулічных баях. У ноч на 20 жн. абаронцы пакінулі Гомель. Многія апалчэнцы працягвалі барацьбу ў Чырв. Арміі, у падполлі, партыз. атрадах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦІ ПЛО́ШЧАў Мінску,
адм.-грамадскі цэнтр сталіцы. Размешчана ў пач.гал. дыяметра і асн. магістралі горада — Скарыны праспекта. Да 1991 наз.пл. Леніна. Прамавугольная ў плане (45 × 150 м), пл. 7 га. Ва ўсх. частцы — сквер партэрнага тыпу. Раён плошчы забудоўваўся ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. (захаваліся Мінскі касцёл Сымона і Алены, даходныя дамы канца 19 — пач. 20 ст.). Сучаснае арх. аблічча плошчы фарміруюць будынкі Дома ўрада Рэспублікі Беларусь, пед. ун-та (1953, у 1989 побач узведзены новы), трохпавярховых (1928—31) і галоўнага (1962) карпусоў БДУ, мінскага гарсавета (1964), інж. корпуса і станцыі Мінскага метрапалітэна (1984). З усх. боку на плошчу выходзяць бакавыя фасады гасцініцы «Мінск» (1957) і будынка Мінскага галоўнага паштамта. На плошчы (побач з касцёлам) устаноўлены мемар. знак на месцы гібелі Героя Сав. Саюза У.С.Амельянюка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́СТАР ІСКАНДЭ́Р,
рускі пісьменнік 15 ст. Верагодны аўтар «Аповесці пра ўзяцце Царграда туркамі ў 1453 г.». У пасляслоўі аднаго са спісаў «Аповесці» ёсць імя аўтара — Н.І. Пра сябе ён паведамляе, што ў маладосці трапіў у палон да туркаў, прыняў іслам, удзельнічаў у многіх паходах. Ён запісваў усё бачанае у час аблогі і ўзяцця Канстанцінопаля султанам Мехмедам II, а таксама сабраў звесткі пра абарону горада. У «Аповесці» выкладзена гісторыя Канстанцінопаля ад часоў яго заснавання, асабліва падрабязна расказваецца пра аблогу візант. сталіцы туркамі і яе ўзяцце. Аўтар імкнецца паказаць непазбежнасць гібелі Канстанцінопаля, які ўвязнуў у граху, і адначасова ўслаўляе мужнасць яго абаронцаў. Твор спалучае шмат сапраўдных звестак і сюжэтны вымысел і ўяўляе сабой адзіны тэкст, які вызначаецца высокім літ. майстэрствам. На думку большасці даследчыкаў, «Аповесць» — пазнейшая апрацоўка запісаў Н.І.
Літ.:
Древнерусская литература: Источниковедение. Л., 1984. С. 84—96.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НО́ВЫЙ ВЕ́СТНИК»,
газета. Выдавалася з мая да снеж. 1918 у Мінску на рус. мове штодзённа. Мела нядзельны ілюстраваны дадатак. Была неафіц. органам герм.акупац. улад, але выразнага паліт. або ідэалаг. кірунку не мела. Змяшчала дырэктыўныя матэрыялы герм. камандавання 10-й арміі, гар. камендатуры і інш., якія датычыліся мясц. насельніцтва і ваеннапалонных. З № 208 ад 13 ліст. выдавалася пад кантролем Савета салдацкіх дэпутатаў 10-й арміі. Асвятляла гасп. і культ. жыццё горада. Мела аддзелы аб’яў, рэкламы і пошты. Значнае месца адводзіла дзейнасці ўрада БНР і органаў мясц. самакіравання. Матэрыялы рас. і міжнар. жыцця досыць аб’ектыўна асвятлялі сутнасць тагачасных падзей. З сярэдзіны ліст. ў сувязі з рэвалюцыяй у Германіі павялічыўся аб’ём матэрыялаў пра захады розных грамадска-паліт. сіл па фарміраванні новых органаў улады на Беларусі. Спыніла існаванне пасля эвакуацыі герм. войск і прыбыцця ў Мінск часцей Чырв. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТЫКАПЕ́Й (грэч. Pantikapaion),
антычны горад-калонія ва Усх. Крыме (цяпер г. Керч, Украіна). Засн. ў 1-й пал. 6 ст. да н.э. выхадцамі з Мілета. У 2-й пал. 6 ст. да н.э. ў П. чаканілі сярэбраныя, з 4 ст. да н.э. — залатыя і медныя манеты. У 2-й пал. 5 ст. да н.э. П. аб’яднаў грэч. гарады па абодвух берагах Баспора Кімерыйскага, стаў сталіцай Баспорскай дзяржавы, гал. рамесніцкім, гандл. і культ. цэнтрам Паўн. Прычарнамор’я. Паліт. падзеі 2—1 ст. да н.э. (Саўмака паўстанне, войны Мітрыдата VI Еўпатара), землетрасенне (63 да н.э.) прывялі да разбурэння горада. Нягледзячы на некат. ажыўленне гандл. і паліт. жыцця ў 1—2 ст.н.э. П. паступова заняпаў. З сярэдзіны 3 ст. горад рабаваўся готамі, у канцы 4 ст. разбураны гунамі. Раскопкі вядуцца з 1-й пал. 19 ст. (сістэматычна з 1945).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКІ ГІСТО́РЫКА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1988 у г. Мсціслаў Магілёўскай вобл., адкрыты ў 1995. Пл. экспазіцыі 210 м², каля 10 тыс. экспанатаў асн. фонду (2000). У археал. экспазіцыі знаходкі з раскопак мсціслаўскага замчышча, пасада і навакольнага горада: каменныя і крамянёвыя сякеры, касцяное шыла 2—1-га тыс. да н.э., бронзавы энкалпіён 13 ст., зброя і прадметы ўзбраення 12—17 ст., прылады працы з майстэрні касцярэза 14—16 ст., жал. прылады працы, ключы, спражкі 14—18 ст., калекцыі керамікі, шкла, кафлі 16—19 ст. Сярод экспанатаў макет замка Мсціслава 14—18 ст., схема радаводу князёў Мсціслаўскіх, карта Мсціслаўскага ваяводства, скарб сярэбраных манет ВКЛпач. 16 ст., стараж.царк. начынне і кнігі 16—17 ст., абразы, ткацкі станок 19 ст., прылады працы 19—20 ст., нар. адзенне, саматканыя вырабы, ручнікі, посцілкі і інш.