КРАНІ́ЦЫН (Пётр Кузьміч) (? — 15.7.1770),

рускі мараплавец, даследчык Алеуцкіх а-воў. Капітан 1-га рангу. У 1764—69 узначаліў экспедыцыю, якая ў 1768 выйшла з вусця р. Камчатка, даследавала а-вы Умнак, Уналашка, Унімак, зах. ч. ўзбярэжжа п-ва Аляска. У 1769 экспедыцыя вярнулася на Камчатку. На аснове матэрыялаў экспедыцыі ў 1777 складзена карта Алеуцкіх а-воў. Яго імем названы праліў паміж а-вамі Анекатан і Харымкатан (Курыльскія а-вы), вулкан і мыс на в-ве Анекатан і а-вы ў групе Лісіных (Алеуцкія а-вы).

т. 8, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗЬМІЧЫ́,

возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Страча, за 13 км на ПнЗ ад г. Мядзел. Пл. 0,69 км², даўж. 1,6 км, найб. шыр. 670 м, найб. глыб. 3,4 м, даўж. берагавой лініі каля 4 км. Пл. вадазбору 11 км². Схілы катлавіны выш. 3—5 м, парослыя хмызняком, месцамі разараныя. Берагі сплавінныя, на Пд нізкія, забалочаныя, на У і ПдУ пад хмызняком. На ПнЗ пойма шыр. да 100 м. Дно плоскае, сапрапелістае. У паўн. ч. востраў пл. 0,2 га. Праз возера цячэ р. Сермеж.

т. 8, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ПЦЕЎ (Харытон Пракопавіч) (1700—63/64),

расійскі даследчык Арктыкі. Капітан 1-га рангу. Стрыечны брат Дз.Я.Лапцева. На флоце з 1718. У 1739—42 кіраваў адным з паўн. атрадаў Другой Камчацкай экспедыцыі, правёў пры ўдзеле С.І.Чэлюскіна, Н.​Чэкіна і Г.​Мядзведзева апісанне п-ва Таймыр паміж вусцямі рэк Хатанга і Пясіна, адкрыў і апісаў некаторыя бліжэйшыя астравы. Па заканчэнні экспедыцыі служыў на Балт. флоце. Імем Л. названы: марскі бераг на п-ве Таймыр, мыс на п-ве Чэлюскін і інш.; у гонар Х.П. і Дз.​Я.​Лапцевых названа Лапцевых мора.

т. 9, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕГРА́Н ((Legrand) Мішэль) (н. 24.2.1932, Парыж),

французскі кампазітар, джазавы піяніст, дырыжор. Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1950, клас Н.​Буланжэ). Працаваў акампаніятарам эстр. спевакоў. Напісаў шэраг балетаў для трупы «Балет Парыжа», у т. л. «Праклятыя красуні» (1955), «Валянціна» (1956). Пранікнёны лірызм уласцівы яго музыцы да муз. фільмаў «Шэрбургскія парасоны» (1963), «Дзяўчаты з Рашфора» (1967). Яго музыка вылучае таксама кінафільмы «Незвычайная Амерыка» і «Жанчына ёсць жанчына», «Сем смяротных грахоў», «Ева», «Лета 42-га» і інш. Неаднаразова наведваў Беларусь, у т. л. як старшыня журы міжнар. фестывалю «Славянскі кірмаш» у Віцебску.

т. 9, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́КАВА,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл. Засн. ў 1994 з мэтай аховы лясных фармацый з наборам рэдкіх відаў раслін. Пл. 1523 га. Балоты нізіннага тыпу чаргуюцца з дубовымі, дубова-грабавымі, хваёва- і ясянёва-дубовымі лясамі. Папуляцыі раслін з Чырв. кнігі: зубніца клубняносная, пылкагалоўнік чырвоны, кадзіла сармацкае, касач сібірскі, лілея царскія кучары, гайнік цёмна-чырвоны, тайнік яйцападобны. Самая вял. на Беларусі папуляцыя венерынага чаравічка (каля 2 тыс. экз.). 3 лек. раслін пашыраны ландыш майскі, валяр’ян лекавы, дзівасіл, дзядкі аптэчныя, святаяннік прадзіраўлены і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 9, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЮ́БАНЬ»,

доследны рыбгас. Створаны ў 1967 у г. Любань Мінскай вобл. як рыбакамбінат «Любань», з 1988 сучасная назва. «Л.» — поўнасістэмная гаспадарка (забяспечвае поўны цыкл вырошчвання рыбы ад ікры да таварнай прадукцыі), мае сажалкі матачныя, нераставыя, мальковыя, вырошчвальныя, зімавальныя і нагульныя агульнай пл. больш за 3000 га. Вытв. магутнасць прадпрыемства па выпуску таварнай рыбы 1740 т за год. Вырошчваюць карпа (97%), таўсталобіка, амура, сярэбранага карася, шчупака. Рыбгас мае бетонныя і земляныя рыбнікі, дзе ўтрымліваецца штогод да 200 т рыбы, што забяспечвае яе пастаўкі ў продаж у зімовы перыяд.

т. 9, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСГА́С,

прадпрыемства лясной гаспадаркі. Складаецца з лясніцтваў. Арганізуе ўлік і рацыянальнае выкарыстанне ляснога фонду, мерапрыемствы па лесаразвядзенні, меліярацыі і аднаўленні лясоў, паляпшэнні іх пароднага складу, павышэнні прадукцыйнасці, ахове лесу ад пажараў, шкоднікаў, хвароб, парубак; па нарыхтоўцы і перапрацоўцы драўніны і інш. прадуктаў лесакарыстання. Пры Л. ствараюць лясныя гадавальнікі, лесапаляўнічыя гаспадаркі, цэхі і ўчасткі па вытв-сці тавараў нар. спажывання. На Беларусі першыя Л. створаны ў 1929. На 1998 дзейнічала 88 Л. агульнай пл. 6,7 млн. га; існуюць таксама Л. навучальна-доследныя, навукова-даследчыя, ваенныя і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 9, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙКО́ПСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура 2-й пал. 3-га тыс. да н.э., пашыраная ў перадгор’ях Паўн. Каўказа. Назва ад Майкопскага кургана, даследаванага ў 1897 М.​І.​Весялоўскім. М.к. прадстаўлена шматлікімі курганамі. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй і земляробствам, на ганчарным крузе вырабляла кераміку (пераважна чырвоную, глянцаваную, зрэдку арнаментаваную), жыло на ўмацаваных паселішчах. На познім этапе з’явіліся каменныя грабніцы, у т. л. дальмены. Сустракаюцца прылады працы і зброя з каменю (сякеры, укладышы для нажоў і сярпоў, наканечнікі стрэл) і медзі (сякеры, матыкі, долаты, нажы, кінжалы, наканечнікі коп’яў). Распаўсюджаны ўпрыгожанні з Усходу. Існавала маёмасная дыферэнцыяцыя.

т. 9, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙСЕ́ЙЧЫК (Аляксей Антонавіч) (н. 4.10.1936, в. Гошчава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. літ.-знавец. Канд. філал. н. (1967). Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1960). Настаўнічаў. З 1966 у Брэсцкім ун-це. Друкуецца з 1961. Даследуе рамантызм сучаснай бел. паэзіі, пытанні выкладання л-ры ў школе і ВНУ. Аўтар метадычных і вучэбных дапаможнікаў «Тэорыя літаратуры» (1990), «Уводзіны ў літаратуразнаўства» (2-е выд., 1992), адзін з аўтараў падручніка-хрэстаматыі для 7-га кл. «Родная літаратура» (з В.​Ляшук, 4-е выд. 1994) і інш. Складальнік зб. «Паўлюк Багрым» (1994, з Ляшук).

т. 9, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКЕ́НЗІ (Mackenzie),

горная сістэма на ПнЗ Канады, частка ўсх. пояса Кардыльер Паўн. Амерыкі. Абмежавана р. Піл на Пн і р. Саўт-Нахані на Пд. Даўж. каля 700 км. Выш. да 2469 м. Складзена пераважна з асадкавых парод. Ледавіковыя формы рэльефу. Характэрны востраканцовыя вяршыні і стромкія скалістыя схілы, расчлянёныя трогавымі далінамі. На схілах бяруць пачатак шматлікія прытокі р. Макензі. Расліннасць: таежныя яловыя лясы, рэдкалессе (да выш. 1200—1500 м), горныя тундры. Нац. парк Нахані (пл. 476,5 тыс. га, засн. ў 1972), уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Названа ў гонар А.Макензі.

т. 9, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)