МАЛА́Я МЯДЗВЕ́ДЗІЦА (лац. Ursa Minor, бел. нар. назва Малы Воз),

каляпалярнае сузор’е Паўн. паўшар’я неба. 7 гал. зорак размяшчэннем нагадваюць коўш з ручкай. Найбольш яркая зорка — α М.М., ці Палярная зорка, 2-й зорнай велічыні — знаходзіцца непадалёку ад Паўн. полюса свету (на адлегласці каля 1°), з’яўляецца арыенцірам пры вызначэнні напрамку на Пн. 20 зорак сузор’я ярчэй 6-й зорнай велічыні. На тэр. Беларусі М.М. відаць круглы год. Гл. Зорнае неба. Іл. гл. да арт. Вялікая Мядзведзіца.

т. 10, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЫ́Я СУРВІ́ЛІШКІ,

возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Камайка (цячэ праз возера, злучае яго з воз. Вялікае Сурвілішскае), за 20 км на З ад г. Паставы. Пл. 0,29 км², даўж. больш за 1 км, найб. шыр. 460 м, найб. глыбіня 2,6 м, даўж. берагавой лініі каля 3,2 км. Пл. вадазбору 135 км². Схілы катлавіны выш. 10—20 м (на У 1—2 м), разараныя. Берагі сплавінныя, на У пясчаныя. Дно плоскае, ілістае. Зарастае.

т. 10, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЫ́Я ШВА́КШТЫ, Малая Швакшта,

возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Страча (выцякае з возера), за 22 км на ПдЗ ад г. Паставы. Пл. 1,91 км², даўж. 2,3 км, найб. шыр. 1,3 км, найб. глыб. 3,2 м, даўж. берагавой лініі каля 6,8 км. Пл. вадазбору 105 км². Схілы катлавіны выш. 3—4 м, параслі хмызняком. Берагі нізкія, забалочаныя. Дно сапрапелістае, прыбярэжная ч. пясчана-галечная. 2 астравы. Зарастае. Упадаюць 3 ручаі. Злучана пратокай з воз. Вялікія Швакшты.

т. 10, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛЬНСКІ ДАГАВО́Р 1422.

Заключаны паміж Польшчай і ВКЛ з аднаго боку і Тэўтонскім ордэнам з другога 27.9.1422 каля воз. Мельна (у сутоках р. Вісла і Аса, Польшча) пасля няўдалай для ордэна вайны. Крыжакі саступілі Польшчы частку Куявіі з г. Няшава і канчаткова адмовіліся ад прэтэнзій на Жамойць, якая паводле ўмоў Тарунскага міру 1411 перадавалася ордэну пасля смерці вял. князя ВКЛ Вітаўта. М.д. завяршыў апошнюю вайну паміж ордэнам і ВКЛ і канчаткова ўсталяваў мяжу паміж імі.

А.​В.​Белы.

т. 10, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛАВІ́ДАЎ (Ігар Мікалаевіч) (18.4.1910, в. Падгароддзе Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 30.3.1984),

генерал-лейтэнант артылерыі (1966). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1941) і Генштаба (1952). У Чырв. Арміі з 1927. Удзельнік баёў каля воз. Хасан у 1938. У Вял. Айч. вайну на Зах., Волхаўскім, 1-м і 2-м Укр. франтах: нач. штаба артыл. дывізіі, камандзір артыл. палка, камандуючы артылерыяй дывізіі. Удзельнік Корсунь-Шаўчэнкаўскай, Уманскай, Яска-Кішынёўскай, Будапешцкай і Венскай аперацый. Да 1969 на камандных пасадах у Сав. Арміі.

т. 10, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАРА́ГУА (Nicaragua),

возера на тэр. дзяржавы Нікарагуа, буйнейшае ў Цэнтр. Амерыцы. Пл. 8430 км², даўж. да 160 км, шыр. да 70 км, глыб. да 70 м, узровень вагаецца па сезонах года. Размешчана ў тэктанічнай упадзіне — грабене на выш. 32 м. Злучана р. Тыпітапа з воз. Манагуа, сцёк па р. Сан-Хуан у Карыбскае м. (магчыма, у старажытнасці Н. было яго залівам, бо захавалася марская фауна). Берагі нізкія, на в-ве Аметэпе аднайм. вулкан (выш. 1556 м). Суднаходства, рыбалоўства.

т. 11, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́МУЛЬ (Coregonus autumnalis),

прахадная рыба роду сігаў сям. ласасёвых. Пашыраны ў бас. Паўн. Ледавітага акіяна (акрамя р. Об). У воз. Байкал — эндэмічны азёрна-рачны падвід О. байкальскі (C.a. migratorius), які мае 3 расы: ангарскую, селенгінскую і чывыркуйскую (па назвах рэк).

Даўж. да 64 см, маса да 3 кг (у О. байкальскага даўж. да 45 см, маса да 1,5 кг). Корміцца ракападобнымі, інш. беспазваночнымі, маляўкамі і ікрой рыб. Аб’ект промыслу і развядзення.

Омуль: 1 — прахадны; 2 — байкальскі.

т. 11, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ПЛІСА, Оплеса,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 16 км на ПнУ ад г. Браслаў. Пл. 0,31 км², даўж. 1 км, найб. шыр. 560 м, найб. глыб. 4,9 м, даўж. берагавой лініі 3 км. Пл. вадазбору 2,1 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу, складаецца з 2 плёсаў. Схілы выш. 7—12 м, разараныя, на У пад хмызняком. Берагі зліваюцца са схіламі, месцамі забалочаныя. Упадае ручай з воз. Глыбошчына, выцякае ручай у р. Друйка.

т. 11, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎВО́СТРАЎ НАНО́СЫ,

геалагічны (геамарфалагічны) помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). Каля в. Наносы Мядзельскага р-на Мінскай вобл., на зах. беразе воз. Нарач. Пл. 0,9 км². На паўвостраве вузкая града (выш. да 11 м), якая ўтварылася каля 17 тыс. г. назад у шчыліне ледавіка ў выніку адкладання пяску, жвіру і валуноў. Ва ўзбярэжных пясках адзначаны намнажэнні (шліхі) галацэнавага ўзросту паўкаштоўнага мінералу гранату-альмандзіну. П.Н. — адзінае месца ў краіне, дзе трапляюцца магутныя гранатавыя шліхі.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 12, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНА-БАЙКА́ЛЬСКАЕ НАГО́Р’Е У Прыбайкаллі, на ПнУ ад воз. Байкал, у Іркуцкай вобл. і часткова ў Бураціі. З Пд абмежавана Верхнеангарскім хрыбтом, на ПнЗ уступам выш. 1000—1200 м абрываецца да Сярэднесібірскага пласкагор’я, далінай р. Віцім аддзелена ад Патамскага нагор’я. Выш. да 2578 м (г. Іняптук). Сістэма сярэднягорных масіваў і высакагорных хрыбтоў (Верхнеангарскі, Сыныр), падзеленых вузкімі далінамі. Шматгадовая мерзлата. Днішчы далін і ніжнія схілы ўкрыты хваёвымі і лістоўнічнымі лясамі, вышэй — рэдкалессі і горная тундра. Радовішчы слюды.

т. 12, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)