«НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ АКАДЭМІ́ЧНЫ ВЯЛІ́КІ ТЭА́ТР О́ПЕРЫ І БАЛЕ́ТА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ»,
творчае аб’яднанне. Створана ў 1996 у Мінску ў выніку пераўтварэння Дзярж. акадэмічнага Вял.т-ра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Уключае Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь, Мастацка-эксперым.тэатр. камбінат г. Мінска. У складзе аб’яднання таксама сімф. і сцэн. аркестры (больш за 140 музыкантаў; гал. дырыжор А.Анісімаў, дырыжоры М.Калядка, Л.Лях, Г.Праватораў, В.Чарнуха, А.Галанаў, М.Сінькевіч), міманс, Нац.тэатр.-канцэртнае аб’яднанне «Беларуская капэла», маст.-пастановачная служба (службы машынна-дэкарацыйная, асвятлення і афармлення спектакляў, мех. абсталявання, цэхі касцюмерны, грымёрны, рэквізіту), тэхн. і дапаможныя службы. Асн. задачы аб’яднання: стварэнне неабходных умоў для творчай дзейнасці т-раў оперы і балета, адраджэнне і развіццё бел.нац. опернага і балетнага мастацтва, садзейнічанне далучэнню насельніцтва да нац. і сусв. опернай і балетнай спадчыны, фарміраванне агульнаеўрап. культ. прасторы, падрыхтоўка спецыялістаў опернага і балетнага жанраў. Дырэктар аб’яднання А.Кірыенка.
Працуе ў будынку б.Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР (1936—37; арх. І.Лангбард). Будынак быў задуманы як універсальны са звышмеханізаванай сцэнай і глядзельнай залай на 3 тыс. месцаў. Адкрыты ў 1939. Асн. кампазіцыю ствараюць размешчаныя адзін над адным 3 цыліндрычныя аб’ёмы рознага дыяметра і вышыні, да якіх з тылу прылягае развітая сцэн. каробка і дапаможныя памяшканні. Адзіны рытм і прафілёўка верт. чляненняў надаюць будынку цэласны характар і маштабнасць. Ядро т-ра спачатку ўтварала глядзельная зала на 1500 месцаў — амфітэатр з балконам, якую паўкальцом абкружалі на 1-м паверсе вестыбюль з гардэробамі, на 2-м — прасторныя фае. У гады Вял.Айч. вайны т-р пашкоджаны. Адноўлены ў 1948 паводле праекта аўтара. Глядзельная зала рэканструявана па традыц. яруснай сістэме з месцамі на 1200 гледачоў у партэры і 3 неглыбокіх ярусах. У афармленні вестыбюляў, фае і глядзельнай залы выкарыстаны скульптура і маст. ляпныя дэталі. У 1967 т-р тэхнічна пераабсталяваны, у 1978 значна зменена афармленне інтэр’ераў. Вонкавае аблічча будынка амаль цалкам захавана, толькі на пач. 1960-х г. плоскія пакрыцці заменены нахільнымі дахамі, што адбілася на сілуэтным вырашэнні. Будынак арганічна ўваходзіць у сістэму ансамбляў цэнтра Мінска.
Т.У.Аляксандрава, А.А.Воінаў (архітэктура).
Будынак «Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЕ ТАВАРЫ́СТВА БЕЛАРУ́СКАЙ ДРА́МЫ І КАМЕ́ДЫІ Існавала ў крас. 1917 — сярэдзіне 1920 у Мінску. Створана Ф.Ждановічам
(арганізатар, кіраўнік, рэжысёр) пры ўдзеле І.Буйніцкага, У.Фальскага. Адкрылася 23.4.1917 спектаклямі «Паўлінка» Я.Купалы і «У зімовы вечар» паводле Э.Ажэшкі ў памяшканні Мінскага гар.т-ра. Потым працавала ў клубе «Беларуская хатка». У т-ва ўваходзілі ўдзельнікі драм. гурткоў, хор (кіраўнік У.Тэраўскі),
танц. група (кіраўнік Ч.Родзевіч) і аркестр нар. інструментаў (кіраўнік Дз.Захар). Значнай падзеяй была першая пастаноўка т-вам п’есы Я.Купалы «Раскіданае гняздо» (10.7.1917). Калектыў развіваўся на прафес. аснове і ў сваёй дзейнасці абапіраўся на нар. традыцыі Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Пасля спектакляў звычайна наладжваліся дэкламацыі, выконваліся нар. танцы і песні. Т-ва адыграла важную ролю ў культ. жыцці Беларусі, у станаўленні бел.прафес.тэатр. мастацтва. Трупа выязджала на гастролі ў розныя гарады Беларусі. Пры ўдзеле членаў т-ва створаны «Беларускі савецкі тэатр» і Мінскае таварыства працаўнікоў мастацтва. У 1920 з адкрыццём у Мінску Бел.дзярж.т-ра (з 1944 Бел.т-ра імя Я.Купалы) значная частка калектыву ўвайшла ў яго трупу і т-ва спыніла сваю дзейнасць. У розны час у трупу ўваходзілі: В.Адуцкевіч, Т.Бандарчык, Я.Беларус, В.Вашкевіч, У.Галубок, Г.Грыгоніс, Р.Жакоўскі, Ждановіч, В.Жылінскі, М.Зароская, А.Іваноў, А.Крыніца, М.Кудзелька (М.Чарот), Я.Лабаноўская, М.Лабаноўскі, А.Ліпніцкая (Ліпнічанка), К.Міронава, М.Міцкевіч, П.Мядзёлка, Л.Навахацкая, П. і Я. Раткевіч (Раткевічанкі), Л.Ржэцкая, К.Саннікаў, Е.Станкевіч, С.Станюта, В.Тарасік, Ядвігін Ш. і інш. Сярод пастановак: «Паўлінка» Я.Купалы, «Антось Лата» Я.Коласа, «Пісаравы імяніны», «Апошняе спатканне», «Бязвінная кроў» Галубка, «Модны шляхцюк» К.Каганца, «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Мікітаў лапаць» М.Чарота, «Сягонняшнія і даўнейшыя» К.Буйло, «У зімовы вечар», «Хам» Ажэшкі, «Пашыліся ў дурні» М.Крапіўніцкага, «Міхалка» Далецкіх, «Сватанне» А.Чэхава і інш.
Літ.:
Рамановіч Я.С. Рэкі цякуць з ручаёў. Мн., 1969;
Атрошчанка А.Я. Фларыян Ждановіч. Мн., 1972;
Няфёд У.І. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1—2. Мн., 1983—85.
У.І.Няфёд.
Артысты Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. Мінск. 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПШАНІ́ЦА (Triticum),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 30 відаў, з якіх 12 эндэмічныя для Пярэдняй Азіі. Адзін з цэнтраў паходжання П. — Закаўказзе. Найб. пашыраны стараж. збожжавыя культуры, асн. прадукт харчавання амаль трэці насельніцтва зямнога шара П. цвёрдая (T. durum) і найб. урадлівая П. мяккая, або звычайная (T. aestivum). Маюць больш за 4 тыс. сартоў, азімыя і яравыя формы. На Беларусі вырошчваецца пераважна П. мяккая.
Аднагадовыя травы выш. 40—200 см (выш. вызначае ўстойлівасць да палягання і звязана з урадлівасцю). Каранёвая сістэма валасніковістая. Сцябло — прамастойная, полая або запоўненая парэнхімай саломіна. Лісце лінейнае. Кветкі двухполыя, аднадомныя, няправільныя, сабраныя ў суквецце — складаны колас. У П. цвёрдай каласкі размешчаны на стрыжні шчыльна, у мяккай — рыхла. Плод — зярняўка. Зерне голае або плевачнае, белае, чырв. ці фіялетавае, мучністае або шклопадобнае, падоўжанай ці шарападобнай формы з баразёнкай на баку. Мае ў сабе да 30% бялку, 60—64% вугляводаў, 2% тлушчу, вітаміны, ферменты, мінер. рэчывы і інш. Па хлебапякарных уласцівасцях адрозніваюцца слабыя, сярэднія і моцныя сарты П. мяккай. З зерня П. атрымліваюць муку, крупы, крухмал, спірт. Вотруб’е і інш. адходы памолу — канцэнтраваны корм, сыравіна для камбікормавай прам-сці. Салома — грубы корм і подсціл для жывёлы, выкарыстоўваецца таксама ў вытв-сці паперы, кардону, упаковачнага матэрыялу, для пляцення кошыкаў, капелюшоў, дэкар. вырабаў. Зялёная маса скормліваецца жывёле.
На Беларусі П. вядома з 6—8 ст.: апаленае зерне знойдзена на гарадзішчах Банцараўскае (Мінскі р-н) і Загорцы (Гарадоцкі р-н Віцебскай вобл.). Вырошчваецца 15 сартоў азімай і каля 12 сартоў яравой П. (2000). Культывуюцца сарты мясц. селекцыі, атрыманыя ў Бел.НДІ земляробства і кармоў Акадэміі агр. навук Беларусі, азімай П.: Бярэзіна, Каравай, Капылянка, Пошук і інш.; яравой П.: Беларуская 80, Ленінградка, Ростань і інш.
Літ.:
Вавилов Н.И. Мировые ресурсы сортов хлебных злаков, зерновых, бобовых, льна и их использование в селекции: Пшеница. М.; Л., 1964;
Носатовский А.И. Пшеница: Биология. 2 изд. М., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́Т НАРО́ДНЫХ КАМІСА́РАЎ ЗАХО́ДНЯЙ ВО́БЛАСЦІ І ФРО́НТУ,
выканаўчы орган Абласнога выканаўчага камітэта Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзаха). Існаваў з 9.12.1917 па 25.2.1918 у Мінску. Утвораны на 1-м пленарным пасяджэнні Аблвыкамзаха. Старшыні СНК: К.І.Ландар, А.Ф.Мяснікоў, М.І.Калмановіч. У студз. 1918 замест пасады старшыні СНК утворана калегія камісараў. СНК меў аддзелы (камісарыяты) на чале з камісарамі: ваен. (Мяснікоў), унутр. спраў (Ландар), харч. (Калмановіч, І.Новікаў), фін. (І.П.Федзянёў, І.І.Рэйнгольд), нац. (С.І.Берсан), зямельны (Н.М.Дайнека, Саржынскі), працы (І.Я.Алібегаў, Панцялееў), гандлю і прам-сці (У.М.Фрэйман, Ф.Г.Шалаеў), нар. асветы (Л.П.Рэзаўскі, Шлес, Савацееў), юстыцыі (У.С.Селязнёў, Р.В.Пікель), апекі (В.П.Красноў, В.Л.Муха, В.І.Смірноў, Катлярэўскі), пошт і тэлеграфа (Несцярэнка), чыг. (Смірноў); кіраўнікі спраў — П.Осіпаў, В.Г.Кнорын, Савацееў, Селязнёў. Ў студз.—лют. 1918 арганізаваны аддзелы нар. гаспадаркі (П.Казлоў), па справах бежанцаў (М.Віглянскі), аховы здароўя (Л.Грамашэўскі); пры аддзеле па нац. справах створаны 2 пададдзелы па польскіх (С.Л.Гельтман) і яўр. (Фрыдлянд) справах. Ваен. аддзел рэарганізаваны ў Ваен.к-т на чале калегіі з 9 асоб (старшыня Мяснікоў); на яго ўскладзена задача стварэння Рабоча-Сял.Чырв. Арміі і дэмабілізацыя армій Зах. фронту. Юрысдыкцыя СНК пашыралася на Мінскую і неакупіраваную частку Віленскай губ. Дзейнічаў у кантакце з Мінскім Саветам рабочых і салдацкіх дэпутатаў, да 25.12.1917 паралельна з ім існаваў ранейшы орган улады — Ваен.-рэв.к-тЗах. фронту. СНК ажыццяўляў дэкрэты СНК РСФСР, ствараў органы сав. улады, скасоўваў старыя дзярж. ўстановы, наладжваў гасп. жыццё (выпуск тавараў нар. спажывання, устанаўленне 8-гадзіннага рабочага дня, дапамога беспрацоўным, адкрыццё пунктаў грамадскага харчавання і інш.). Узяў пад кантроль усе банкі і грашова-крэдытныя ўстановы, нацыяналізаваў шэраг прадпрыемстваў. Паводле яго загаду распушчаны Усебеларускі з’езд 1917, Цэнтральная беларуская вайсковая рада, арыштаваны шэраг бел.нац. дзеячаў, спынены выданні некат. газет. Для ўмацавання ўлады ў снеж. 1917—18 ствараліся рэв. трыбуналы і нар. суды. Дзейнасць СНК спынена 19.2.1918 у сувязі з наступленнем герм. войск. Пасля эвакуацыі ў Смаленск сваёй дзейнасці не аднаўляў. Паводле пастановы Аблвыкамзаха ад 25.2.1918 выканаўчая ўлада з названага органа не вылучалася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНАНІМІ́Я (ад грэч. synonymia аднайменнасць),
поўнае ці частковае супадзенне значэнняў моўных адзінак. Сінанімічнымі могуць быць словы, фразеалагізмы, марфемы, словаўтваральныя мадэлі, сінтаксічныя канструкцыі. Лексічныя сінонімы — словы і выразы, што аб’ядноўваюцца ў групы (сінанімічныя рады) на аснове блізкасці значэння. Сярод іх вылучаюць сінонімы семантычныя, стылістычныя, семантыка-стылістычныя, абсалютныя. У сучаснай бел.літ. мове найб. семантыка-стылістычных сінонімаў, абсалютныя сінонімы адзінкавыя. Семантычныя сінонімы (звычайна нейтральныя словы і выразы) ажыццяўляюць камунікатыўную функцыю мовы, што выяўляецца ў дыферэнцыяцыі адценняў значэння, дэталізацыі, выдзяленні і актуалізацыі паняцця («Сланечнікі ў гародчыку апусцілі прывялае лісце, схавалася ў засень, у цень усё жывое...». І.Навуменка). Стылістычныя сінонімы ажыццяўляюць эстэт. функцыю мовы, што выражаецца ў эмацыянальна-экспрэсіўнай характарыстыцы слова, выразу («І якраз у той момант, калі я зразумеў, што тут, пэўна, давядзецца і начаваць, калі ўжо такім далёкім і недасягальным здаўся мне цягнік, якім сёння ноччу я думаў ехаць, пачуўся далёкі прыглушаны бас машыны». Я.Сіпакоў). Семантыка-стылістычныя сінонімы адрозніваюцца адначасова сэнсам і стылістычнай афарбоўкай («Не раз я за мурам астрожным па родных гонях сумаваў Адны любяць пад песню схіліць галаву, зажурыцца, як неба ўвосень. Ну, засні, і не варта тужыць. Вось ты тут сохнеш за астрожным мурам». М.Танк). Абсалютныя сінонімы — тэрміналагічныя словы-дублеты, якія адрозніваюцца толькі паходжаннем (бел. «назыўны», «правапіс» і запазычаныя «намінатыўны», «арфаграфія»), Кантэкстуальныя (сітуацыйныя, аўтарскія, аказіянальныя) сінонімы — словы і выразы, якія суадносяцца з пэўным агульным аб’ектам рэчаіснасці (рэаліяй) толькі ў адпаведным кантэксце, выражаюць адно паняцце метафарычна-вобразна і ўтвараюць семантыка-стылістычную групу, блізкую да сінанімічнага рада («А сын жа мой яшчэ малы. Зусім яшчэ маладзенькі мой Данілка. Ён жа яшчэ не поўня, а паўмесячык. Маладзічок». А.Бялевіч) Марфалагічныя сінонімы — сінанімічныя формы слоў («жыццядайнай сілы — жыццядайнае сілы», «самы дарагі — найдаражэйшы»), Сінтаксічныя сінонімы — канструкцыі, аднародныя са структурна-сэнсавага і функцыянальнага пункту погляду, але адметныя семантычнымі адценнямі (у межах агульнага іх значэння) і стылістычнай афарбоўкай («пайсці да рэчкі — пайсці пад рэчку, пайсці ў бок рэчкі, пайсці ў напрамку рэчкі»). Развітасць сінанімікі (сукупнасці сінонімаў ў мове) — паказчык дакладнасці, вобразнасці, багацця мовы.
Літ.:
Цікоцкі М.Я. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1976;
Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. 3 выд.Мн., 1992;
Яўневіч М.С. Сінтаксічная сінаніміка ў сучаснай беларускай літаратурнай мове. Мн., 1977;
Беларуская мова. Мн., 1991;
Юрэвіч А.К. Стылістыка беларускай мовы. 2 выд.Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛАДАПАДЗЕ́Л,
вызначэнне межаў паміж складамі ў слове і на стыках слоў. Пры ўспрыманні слова на слых колькасць складоў у ім вызначаецца лёгка, аднак межы паміж імі могуць расстаўляцца па-рознаму. На пісьме С. ужываецца для правільнага пераносу частак слоў. С. адбываецца паводле прынцыпаў: павелічэння гучнасці (прапанаваны Р.І.Аванесавым), які ўлічвае слыхавыя якасці гукаў — зычныя, якія папярэднічаюць пры пабудове складоў галоснаму, заўсёды ствараюць з ім паслядоўнасць з павелічэннем гучнасці («ва-пна»); мускульнага напружання (прапанаваны Л.У.Шчэрбам), у аснове якога артыкуляцыйна-фізіял. адрозненні зычных гукаў. Міжскладовай мяжой лічыцца месца найб. напружання, звычайна пры вымаўленні галоснага («вап-на», «шап-ка»); верагоднасці складу (прапанаваны М.В.Ламаносавым), які дазваляе пакідаць збег зычных у складзе, калі ў лексіцы ёсць словы з такімі спалучэннямі зычных у пачатку («да-звол» — ёсць бел. слова «зварот»; «ка-лгас» нельга, бо з пачатковым «лг» бел. слоў няма); імкнення да адкрытых складоў, калі зычны гук незалежна ад яго якасці, месца націску ў слове і аддаленасці ад наступнага галоснага акустычна звязаны з наступным галосным мацней, чым з папярэднім («ка-лга-сы», «вы-раз-на»); псіхалінгвістычнага, што тлумачыць пэўны несвядомы (рознымі людзьмі па-рознаму) падзел спалучэнняў зычных пры пераносе слоў з радка ў радок («шап-ка», «ша-пка»). У бел. мове пашыраны прынцып С. ў адпаведнасці з павелічэннем гучнасці. Калі ў слове апошні гук галосны, а зычныя і галосныя гукі размешчаны па чарзе, С. праводзіцца паміж галосным і наступным зычным («ба-ра-на-ва-лі»). Калі паміж галоснымі ёсць спалучэнне шумных зычных ці шумнага і санорнага, С. праводзіцца перад першым зычным гэтага спалучэння («мя-тла»). Калі паміж галоснымі ёсць спалучэнні санорных зычных, санорнага, «й» і «ў» з шумным, С. праходзіць паміж зычнымі («гал-ка», «пам-рэ»), Спалучэнні зычных гукаў у пачатку і ў канцы слова (незалежна ад тыпу зычных) цалкам адносяцца да складу, утворанага суседнім галосным гукам («зра-бі-ла», «ка-лібр»). С. на стыку марфем праводзіцца паводле агульнага прынцыпу, таму падзел слова на марфемы («пад-ыгр-а-л-і») можа не супадаць з падзелам на склады («па-ды-гра-лі»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАПІ́ВА (сапр.Атраховіч) Кандрат Кандратавіч
(5.3.1896, в. Нізок Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 7.1.1991),
бел. драматург, паэт, празаік, мовазнавец, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1956). Акад.АН Беларусі (1950, чл.-кар. 1940), д-рфілал.н. (1953). Герой Сац. Працы (1975). Засл. дз. навукі Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1930). У 1913 у Мінску экстэрнам здаў экзамены на званне нар. настаўніка, у 1914—15 працаваў у Мнішанскім земскім нар. вучылішчы Мінскага пав. Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1920—23 у Чырв. Арміі. У 1932—36 заг. аддзела час. «Полымя рэвалюцыі». Удзельнічаў у паходзе ў Зах. Беларусь (1939) і сав.-фінл. вайне (1939—40). У Вял.Айч. вайну працаваў у франтавых газетах «Красноармейская правда» і «За Савецкую Беларусь» (1941—42), рэдагаваў сатыр. газету-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну» (1943—45). З 1945 рэдактар час. «Вожык». З 1947 заг. сектара Ін-та мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. У 1956—82 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі, у 1982—89 у Ін-це мовазнаўства імя Я.Коласа АН Беларусі. Літ. дзейнасць пачаў у 1922. Супрацоўнічаў з газ. «Савецкая Беларусь», друкаваўся ў газ. «Беларуская вёска», часопісах «Чырвоны сейбіт», «Маладняк», «Узвышша», «Полымя рэвалюцыі» і інш. Першыя творы пераважна гумарыстычнага і сатыр. плана (зб-кі «Асцё» і «Крапіва», 1925). У іх высмейваў старыя парадкі і звычаі, выступаў гарачым прапагандыстам новага ўкладу жыцця, пісаў на модную ў 1920-я г.антырэліг., а таксама міжнар. тэмы. З сярэдзіны 1920-х г. асабліва плённа працаваў у жанры байкі, стварыў у бел. л-ры непераўзыдзеныя яе ўзоры: «Дзед і Баба», «Дыпламаваны баран», «Сава, Асёл ды Сонца», «Ганарысты парсюк», «Махальнік Іваноў» і інш. Сярод сатыр. вершаваных зб-каў «Байкі» (1927), «Пра нашых шкоднікаў, папоў ды ўгоднікаў», «Ухабы на дарозе» (абодва 1930). Значны ўклад К. ў развіццё сатыр.-гумарыстычнай паэмы («Шкірута», 1928; «Хвядос — Чырвоны нос», 1931). На высокім маст. узроўні яго сатыр.-гумарыстычныя апавяданні (зб-кі «Апавяданні», 1926; «Жывыя праявы», 1930). У сац.-быт. рамане «Мядзведзічы» (няскончаны, кн. 1-я, 1932) паказаў жыццё вёскі напярэдадні калектывізацыі. Паэт. і празаічныя творы К. насычаны дасціпным, часам грубаватым нар. гумарам, з’едлівай іроніяй, сарказмам. З 1933 найб. ўвагу аддаваў драматургіі. П’есы К. ўзнімалі актуальныя пытанні часу, шматпланава адлюстроўвалі тагачасную рэчаіснасць. Падзеі п’есы «Канец дружбы» (паст. БДТ-1, 1934) адбываюцца ў складаны перыяд калектывізацыі. драмы «Партызаны» (паст. БДТ-1, 1937) — у грамадз. вайну. У драмах «Проба агнём» (1943), «З народам» (абедзве паст.Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1948), «Людзі і д’яблы» (паст. т-рамі імя Я.Купалы і імя Я.Коласа, 1958) гераізм, самаахвярнасць людзей у Вял.Айч. вайну, глыбокі аналіз сац. і маральных вытокаў здрадніцтва. Пра пасляваен. жыццё вёскі распавядалася ў камедыі «Пяюць жаваранкі» (паст. т-рамі імя Я.Купалы і імя Я.Коласа, 1950; Дзярж. прэмія СССР 1951; аднайм. фільм па сцэнарыі аўтара 1953), праблемы жыхароў горада — у п’есе «Зацікаўленая асоба» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1953). Маральна-этычныя праблемы, выкрыццё праяў бездухоўнасці ў п’есе «На вастрыі» (паст. т-рам імя Я.Коласа пад назвай «Блытаныя сцежкі», 1983). Вяршыні драматург. творчасці К. — вострыя, надзённыя камедыі «Хто смяецца апошнім» (паст. БДТ-1, 1939; Дзярж. прэмія СССР 1941; аднайм. фільм па сцэнарыі аўтара 1954), «Мілы чалавек» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1945), «Брама неўміручасці» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1974; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1974), якія скіраваны супраць такіх негатыўных рыс чалавечага характару, як нахабства, кар’ерызм, абывацельшчына, невуцтва, бюракратызм. Драматургія К. адыграла вял. ролю ў развіцці бел.тэатр. мастацтва. Яго п’есы ішлі на сцэнах многіх т-раў СССР і за мяжой. Працаваў у галіне публіцыстыкі і літ. крытыкі. Аўтар прац па бел. лексікаграфіі, рэдактар «Руска-беларускага слоўніка» (т. 1—2, 2-е выд. 1982), «Беларуска-рускага слоўніка» (т. 1—2, 2-е выд. 1988—89), «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» (1963) і інш. Пераклаў асобныя творы У.Шэкспіра, І.Крылова, Л.Астроўскага, Т.Шаўчэнкі, А.Міцкевіча і інш. Значны ўклад зрабіў у бел. мовазнаўства (Дзярж. прэмія СССР 1971 за комплекс работ па лінгвагеаграфіі). Імем К. названы Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі.
Тв.:
Зб. твораў. Т. 1—5. Мн., 1974—76;
Зб. твораў: У 6 т.Т. 1—2. Мн., 1997.
Літ.:
Семяновіч А. Кандрат Крапіва. Мн., 1956;
Казека Я. Кандрат Крапіва: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
бляск, ‑у, м.
1. Яркае, асляпляльнае святло; водбліск. Майскае сонца высока стаяла ў ясным небе, кідала на зямлю снапы гарачых праменяў і залівала асляпляючым бляскам увесь свет.Колас.Люблю раку за рух няспынны, А зоры — за іх вечны бляск.Прануза.Ад снежнага бляску мроілася ў вачах.М. Стральцоў.// Святло, якое адбіваецца на чым‑н. Палазы шліфуюць дарогу да бляску шкла.Бядуля.Белы вясёлы бляск цынкавага даху заўсёды радаваў вока.Мележ.Грыша глядзеў на панскія хромавыя боты, начышчаныя да бляску.Пальчэўскі.
2. Святло ў вачах як выражэнне ўнутранага стану. Пацямнеў свавольны бляск вачэй.Звонак.Кірыла Пракопавіч зноў падхапіўся, задумаўся... У яго сіняватых, незвычайна жвавых вачах столькі бляску!Кухараў.Дулеба паволі падняўся, і ў яго вачах Бярозін заўважыў сухі і рашучы бляск.Шчарбатаў.
3.перан. Раскоша, багацце; усё, што ёсць лепшага. Фальварак пана Чарнецкага ніколі не бачыў такога бляску, не чуў такой музыкі, не меў такой радасці, як у гэты вечар.Бядуля.У чыстай палавіне [хаты] сабраны ўвесь бляск Гвардыянавага багацця і культуры.Зарэцкі.// Глянец на чым‑н. І спяшае кожны бляск навесці Перад тым, як стаць у строй.Пысін.// Знешняя бліскучасць, знешні глянец. [Вольга:] — Вы [Выхвалінскі] усё каб для вока было, стараецеся. Усё на вонкавы бляск глядзіце.Краўчанка.Але ў ім [Сцяпане] бляску нестае — Ён нейкі непрыкметны муж, звычайны.Корбан.
4.перан. Пра яркае выяўленне чаго‑н. Бляск таленту, розуму. □ «Палескія аповесці» — першы буйны празаічны твор, дзе ва ўсім сваім багацці і бляску заззяла беларуская мова.Навуменка.
•••
З бляскам — вельмі добра, выдатна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стагна́ць, стагну, стогнеш, стогне; незак.
1. Абзывацца стогнам (у 1 знач.). Пятро стагнаў — [Саша] пяшчотна гладзіла яго рукі, шчокі, быццам хацела гэтак суцішыць боль.Шамякін.Палкоўнік доўгія хвіліны маўчаў, стагнаў і адпачываў ад сваёй нядаўняй гаворкі.Чорны.Ці то зламала, ці то вывіхнула нагу ў калене — не разабраць, але стогне і енчыць [бабка] так, што сэрца разрываецца...Васілевіч.// Утвараць працяглыя, нудныя крыкі або гукі, падобныя да стогну (пра птушак, жывёл). У травах стогнуць кулікі.Рудкоўскі.Недзе ў далёкай сажалцы стагналі жабы.Корбан./уперан.ужыв.А тут і бура такая паднялася, што лес крышыўся і стагнаў.Колас.Не ціхне бура. Стогне лес... На ўсе лады віхура свішча!..Чарот.
2.перан. Гаварыць роспачна, скардзіцца, наракаць. Максім пазіраў на парваны кажушок і ціха стагнаў: — Ай-яй-яй, браток, што гаспадар скажа.Асіпенка.[Рачкоўскі:] — Дрэнны той майстар, што, зрабіўшы якую няўдалую шкодную рэч — ці ў памылцы, ці праз недасканалае ўмельства сваё, — будзе клапаціцца над ёй, будзе ахаць,.. енчыць, стагнаць...Зарэцкі.
3.перан. Пакутаваць пад прыгнётам каго‑, чаго‑н. Хай бацькі стагналі ўчора, Йшлі на той свет без пары; Сёння ў нашай моцы гора, Мы жыцця гаспадары!Купала.Палалі гарады і вёскі, усё было ў агні, здавалася, чалавеку не было ніякага ратунку. Плакала, стагнала беларуская зямля.Гурскі.// Аддавацца працяглым гулам на ўдары, гусці пад цяжарам чаго‑н. Зернавы адчуў, як у твар яму дыхнула гарачай парай, кропелькамі вады. Адчуў, як дрыжыць зямля пад цяжарам вагонаў, як стогнуць рэйкі.Нядзведскі.Суткі стагнала зямля ад гармат.Баранавых.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Сяло́ ’вёска, вялікая вёска’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Ласт., Некр. і Байк., Шат., Касп., Сл. ПЗБ), село́ ’тс’ (Маш., ТС), сэло́ ’тс’ (пруж., бяроз., Сл. ПЗБ), сыло́ ’тс’ (кам., Сл. ПЗБ; бяроз., Нар. ск.), перан. сяло́ (село́) ’дзеравеншчына, мужыччо’, сяло́‑брала (село́‑брело), сяла́‑брала (села́‑брела) ’цёмны, неадукаваны чалавек, дурань’ (Нас.), у выразах (быць) у (на) сяле ’быць у вёсцы, не знаходзіцца дома’ (валож., шчуч., смарг., паст., в.-дзв., Сл. ПЗБ), (ісці) на сяло (ісці) ’у госці’, ’сусед да суседа’, ’на вячоркі’ (Касп.); адсюль сяло́ ’вечаровыя зборкі, паседзіны’ (Барад.); ст.-бел.село ’пасяленне; вёска’ (Шадурскі, Бел. мова, 87). Укр., рус.село́, стараж.-рус.село, польск.sioło (з усходнеславянскіх — Брукнер, 491), у тапонімах: Długosiodło, Siedlce, в.-луж.sydło (рэфлекс прасл.ě ў в.-луж. і чэш. пад уплывам дзеяслова *sěděti — Шустар-Шэўц, 1396), н.-луж.sedlišćo ’жыллё’, чэш.sídlo ’месцазнаходжанне; рэзідэнцыя’, sedlák ’селянін’, славац.sedliak ’тс’, серб.-харв.се́ло, славен.sélo, балг.се́ло, макед.село, ст.-слав.село. Прасл.*sedlo < і.-е.*sed‑ ’сядзець’, роднаснае гоц.sitls ’сядзенне, крэсла’, лац.sella (< *sedlā) ’сядзенне’; гл. Бязлай, 3, 225–226; Махэк₂, 539; Скок, 3, 218–219. Фасмер (3, 596), Мее (419), Траўтман (248), Покарны (898) выдзяляюць яшчэ прасл.*selo ’ралля’, параўн. стараж.-рус.село ’поле, ралля; луг’: село земли, славен.sélo ’глеба’: selo kopati, якое ва ўсходнеславянскіх і паўднёваславянскіх супала з *sedlo; адрозніваюцца яны толькі ў заходнеславянскіх, параўн. чэш.selo ’сяло; ралля’, дыял.мар.selo ’сяло’ і вышэйпрыведзеныя формы з суфіксам ‑dl‑. На думку Курынай, матывацыя дзеясловам *sědeti першапачатковага *selo ’ралля, поле’ адбылася з пераходам да аседласці (Слав. языкозн., XIII, 371). Гл. ЕСУМ, 5, 209–210; Борысь, 548; ESJSt, 13, 799–800; Глухак, 544. Аб семантычным дыялектызме сяло ’наведванне; госці’, які разглядаецца як фінска-балтыйска-беларуская семантычная ізаглоса, гл. Кальбушэўскі, ABSl, 16, 159–164; Непакупны, Связи, 83–85.