від крэдыту, які выдаецца на тэрмін да года пераважна на часовае папаўненне абаротных сродкаў прадпрыемства, на заработную плату і інш. мэты. Выдаецца на ўмовах тэрміновасці, зваротнасці, платнасці. Працэнты, выплачаныя за такі крэдыт, могуць адносіцца на сабекошт прадукцыі (выдаткі вытв-сці і рэалізацыі), балансавы або чысты прыбытак. Адным з відаў К.к. з’яўляецца і т.зв.анколь (пазыка да запатрабавання), які пагашаецца па першым патрабаванні і выдаецца, як правіла, пад забеспячэнне каштоўнымі паперамі і таварамі. Сутнасць яго ў тым, што банк адкрывае пазычальніку спец. бягучы рахунак пад заклад таварна-матэрыяльных каштоўнасцей або каштоўных папер. У межах забяспечанасці крэдыту банк аплачвае ўсе рахункі суб’екта гаспадарання. Пагашэнне крэдыту ажыццяўляецца па першым патрабаванні банка за кошт сродкаў, якія паступаюць на рахунак пазычальніка, або шляхам рэалізацыі закладу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ЛЬНЕЎ (Якаў Пятровіч) (5.8.1763, Казельскі р-н Калужскай вобл., Расія — 1.8.1812),
расійскі ваен. дзеяч. Ген.-маёр (1808). Скончыў Пецярбургскі кадэцкі корпус (1785). Удзельнік рус.-тур., рус.-швед. і рус.-франц. войнаў канца 18 — пач. 19 ст., задушэння паўстання 1794 (баі каля Ашмян, Ліды, Вільні, Кобрына). У вайну 1812 камандаваў авангардам і ар’ергардам корпуса П.Х.Вітгенштэйна; вытрымаў 8-гадзінны бой з франц. корпусам маршала Ш.Удзіно пад Вількамірам (цяпер Укмерге, Літва), 3.7.1812 разбіў каля мяст. Друя (Браслаўскі р-н Віцебскай вобл.) 2 кав. палкі і захапіў амаль увесь абоз французаў. Трапіў у засаду каля в. Баяршчына (гл.Клясціцкія баі 1812), смяротна паранены. Паводле ацэнкі Напалеона I, быў адным з лепшых рас.кав. генералаў. Вёска Царкавішча Расонскага р-на перайменавана ў в. Кульнева, у г.п. Друя пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЦЦЯ́,
1) у беларусаў і інш.слав. народаў абрадавая страва; каша з ячных круп, радзей з пшанічных зярнят. Гатуюць для жалобнага стала па нябожчыку (памінкі), а таксама на Дзяды, Радаўніцу і інш. памінальныя дні. Спажывалі астуджанай з сытой або алеем.
2) Традыц. абрадавая страва на Каляды ў славян і інш. народаў; каша з тоўчаных ячных круп (у некат. народаў з зярнят пшаніцы); вячэра напярэдадні Каляд (посная К.), Новага года (стары стыль, багатая або скаромная К.) і перад Вадохрышчам (посная К.). На ўсе тры К. кашу варылі ў адным і тым жа гаршку і з аднолькавай колькасці круп. Звараную К. перад заходам сонца ставілі на покуці. К., якую варылі з цэлых зярнят, была сімвалам вечнасці жыцця. Вял. значэнне надавалася прыкметам, варажбе. Трапляецца і ў наш час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ДЖЫЯ (італьян. loggia ад стараж.-верхненям. laubja альтанка),
памяшканне, адкрытае з аднаго ці некалькіх бакоў, дзе сцяну замяняюць каланада, аркада, парапет і інш. Можа быць асобным збудаваннем (Л. дэі Ланцы ў Фларэнцыі, Італія, каля 1376—80, арх. Бенчы ды Чоне, С.Таленці) або часткай будынка. Служыць крытым балконам ці ўваходам і пластычна ўзбагачае фасад будынка. Л. вядомы са старажытнасці (у архітэктуры Стараж. Грэцыі і Рыма). У эпоху Адраджэння пашыраны ў выглядзе адкрытага з аднаго ці некалькіх бакоў будынка тыпу галерэі (Л. дэль Кансільё ў г. Верона, Італія, 1475—92, арх. Фра Джакондэ). Шырока выкарыстоўваецца ў сучаснай архітэктуры (у жылых будынках і будынках санаторна-курортных устаноў, інтэрнатах, гасцініцах і інш.). Бываюць радавыя (з адным адкрытым бокам), вуглавыя, часткова вынесеныя.
Лоджыя дэль Кансільё ў г. Верона (Італія). 1475—92. Арх. Фра Джаконуэ Джакондэ*.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧНІ́К, светач, дзед,
у беларусаў стараж. прыстасаванне для асвятлення хаты з дапамогай лучыны ці смалістых корчыкаў. Былі стацыянарныя і пераносныя (рухомыя). Стацыянарны Л. меў дымаход, верхняя частка якога выходзіла на дах, і гарызантальна падвешаную пад ім жал. рашотку, дзе палілі смалістыя корчыкі. Сярод рухомых вылучаліся звычайныя і падвесныя Л. Звычайны ўяўляў сабой драўляную стойку, на верхнім канцы якой замацоўваўся клямар для лучыны, з суцэльнай асновай з выемкай для вады ці крыжападобнай, тады побач ставілі пасудзіну з вадой. Падвесны Л. — кароткі кій з клямарам для лучыны на адным канцы і з крукам для падвешвання на другім. Л. з дымаходам быў пашыраны ў цэнтр. Беларусі і на Палессі. Месцамі ўжываўся да 1930-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАТЭ́ЗА (ад грэч. metathesis перастаноўка),
узаемная перастаноўка гукаў або складоў у межах слова, адзін з відаў камбінаторных змяненняў гукаў. Адрозніваюць М. па сумежнасці, калі адбываецца перастаноўка суседніх элементаў (рус. «мрамор» з лац. marmor) і па адлегласці (бел. дыялектнае «суворы» з рус. «суровый»), М. ўзнікае пры засваенні новых слоў (звязана з псіхал. асаблівасцю ўспрыняцця: колькасць і якасць элементаў, якія знаходзяцца адзін за адным, улоўліваюцца больш хутка і лёгка, чым іх узаемнае размяшчэнне), у дзіцячай мове, у запазычваннях (бел. «футляр» з ням. Futteral), у дыялектах (з грэч. krabbation утварылася рус. «кровать» і ў выніку М. бел. дыялектнае «карваць»), М. можа мець рэгулярны характар і быць прычынай з’яўлення ў мовах гукаспалучэнняў новага тыпу: М. плаўных у слав. мовах (напр., праслав. or, ol паміж зычнымі → польск. ro, lo krowa, bloto).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІН,
дынастыя кіт. імператараў у 1368—1644. Заснавана Чжу Юаньчжанам (Тайцзу)
[1368—98],
адным з кіраўнікоў нар. паўстання, якое скінула манг. дынастыю Юань. У час праўлення М. створана найб. цэнтралізаваная сістэма кіравання ў параўнанні з папярэднімі дынастыямі. Пры Чжу Дзі (Чэнцзу) [1402—24] сталіца краіны перанесена ў Пекін, арганізаваны шэраг марскіх экспедыцый у Індыйскі ак. на чале з Чжэн Хэ. З пач. 16 ст. ўсталяваны гандл. адносіны з еўрапейцамі (партугальцамі). Да пач. 17 ст. ўлада імператараў М. падарвана барацьбой розных груповак кіруючых вярхоў, ваен. знаці і дварцовых еўнухаў. Хуткі рост насельніцтва, недахоп зямлі вялі да голаду і масавага жабрацтва, што пагаршалася карупцыяй мясц. улад. Масавая незадаволенасць прывяла ў 1620-я г. да нар. паўстання, адзін з кіраўнікоў якога — Лі Цзычэн — заняў у 1644 Пекін і скінуў дынастыю М.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ШКАЛЬЦ (Miskolc),
горад на ПнУ Венгрыі, у адгор’ях гор Бюк. Адм. ц. медзьё Боршад-Абауй-Земплен. 178 тыс.ж., з прыгарадамі каля 250 тыс.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Другі па значэнні пасля Будапешта прамысл. цэнтр краіны. Прам-сць: чорная металургія, маш.-буд., цэм., тэкст., шкляная, швейная, дрэваапр., харчовая, буд. матэрыялаў. Політэхн.ін-т. Музеі прыродазнаўства, мастацтва, гісторыі металургіі. Тэатр.Арх. помнікі 13—16 ст. Наваколлі М. з курортамі Лілафюрэд і Тапальца ўваходзяць у нац. парк Бюк. Міжнар. кірмаш.
З 10 ст. ўмацаванае пасяленне венграў. У 1241 зруйнаваны мангола-татарскімі заваёўнікамі. З 15 ст. каралеўскі горад, сталіца камітата Боршад. У 1519 атрымаў шырокія прывілеі; быў адным з цэнтраў Рэфармацыі. У 1596—1686 пад тур. панаваннем. У 19 ст. дзякуючы адкрытым паблізу М. радовішчам жалезнай руды стаў буйнейшым горадам Паўн. Венгрыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗІГРА́ФІЯ (ад грэч. pas усякі + ...графія),
від ідэаграфічнага пісьма, зразумелага ўсім людзям. Напр., нотнае пісьмо, арабскія лічбы і інш. Да П. адносяцца таксама штучныя сістэмы перадачы думкі з дапамогай агульназразумелых знакаў (гл.Інтэрлінгвістыка, Штучныя мовы). Адным з першых прапанаваў міжнар. ідэаграфічнае пісьмо для запісу лагічных разважанняў Г.Лейбніц («Аб мастацтве камбінаторыкі», 1666). У 2-й пал. 20 ст. універсальны семантычны код быў распрацаваны на Беларусі В.У.Мартынавым. У межах інтэрлінгвістыкі П. першапачаткова разглядалася як штучная мова ў цэлым (не толькі пісьмо), як пазілалія — агульначалавечая мова, вынайдзеная людзьмі. У канцы 20 ст. праблемы П. па-новаму асэнсоўваюцца ў шматлікіх канцэпцыях «структуры прадстаўлення ведаў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
вірлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Які віруе, бурліць. Вірлівы паток. □ След вірлівы вясла за кармою бяжыць.Зарыцкі.// Вірысты. Дняпро шырокі, вірлівы, увесь у поймах.Лупсякоў.
2.перан. Бурлівы; кіпучы. З вагона, калі пачалася сумятня пасажыраў, я выйшаў.. і апынуўся ў вірлівай людской гушчыні.Сабаленка.Вірлівая маладосць і чыстае сумленне не давалі.. [Ліпанавай] заседжвацца на адным месцы.Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)