Кадо́л ’тонкая вяроўка, якой прывязваюць рыбацкую сець’ (Мат. Маг.), ’вельмі грубая вяроўка (якая накладаецца на кола, пры дапамозе якога падымаюць вуллі-калоды на дрэва’ (Маш.) ’канат для парома’ (Маш.), кадола ’вяроўка, пры дапамозе якой невад прыводзіцца ў рух’ (Браім, Рыбалоўства), кадоп ’тонкая вяроўка, да якой прывязана сець’ (бых., Мат. АС), кодол ’вяроўка ў невадзе, за якую яго цягнуць’ (ТСБМ). Укр.дыял.кодола ’вяроўка, прывязаная да крылляў невада’, ’канат’. Жэляхоўскім засведчаны кодільничий ’які цягне невад’. Рус.валаг., цвяр. і інш. кодол ’грубая вяроўка, канат (якарны) або канат для выцягвання рыбалоўнай снасці’. У рус. гаворках зафіксаваны і значэнні тыпу ’калодзежны шост’, а таксама дзеяслоў кодолить ’прывязваць каня на пашы’, кодол ’вяроўка, якой прывязваюць каня’ (арх. і інш.). Геаграфія бел. слове (прыпяцкі і дняпроўскі басейны) сведчыць аб верагодным вандроўным характары слова, аднак назваць з пэўнасцю крыніцу запазычання цяжка. Для рус.кодол, укр.кодола прапанавалі ў якасці такой крыніцы ст.-ісл.kadall ’якарны канат, вяроўка’, ст.-швед.kadhal, аднак ёсць і іншыя версіі аб паходжанні рус. слоў, гл. Фасмер, 2, 276. Калі запазычанне тэрміна ва ўсх.-слав. мовы можна дапусціць, то гісторыя яго экспансіі застаецца няяснай.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кажу́рно ’аўчыны’ (віл., Сл. паўн.-зах.). Адпаведнікаў быццам бы няма. На магчымы экспрэсіўны характар бел. слова ўказваюць тэксты: «На няшытыя аўчыны казалі кажурно. Шапкі шыюць з кажурна. Кавалкі кажурна валяюцца» (Сл. паўн.-зах., 359). Можна параўнаць з вядомымі на Тураўшчыне собарно, кожушно (гл.). Можна меркаваць аб экспрэсіўнай ‑н‑о‑суфіксацыі (кажурно < кажура ’скура, кусок аўчыны’), аднак, параўн. чобурна (< чобаты, тураў., Цыхун, вусн. паведамл.), у меншай меры собарно (< сабака), якія могуць сведчыць аб ускладненым суфіксе (‑арн‑о/‑урн‑о). Што датычыцца генезіса гэтага суфікса, ён, відаць, утварыўся ў выніку дэкампазіцыі структур, дзе ‑ур‑ суфікс з адценнем экспрэсіўнасці (магчыма, наватворам быў не суфікс ‑урн‑о, а толькі ‑рн‑о, параўн. собарно), а ‑н‑, н‑а, н‑я вядомы ў некалькіх прыкладах таксама экспрэсіўны суфікс. Параўн. да першага ваўчура (< воўк), да другога — мална, мяльня ’пустамеля’, аддзеяслоўныя ўтварэнні, гл. Сцяцко, Афікс. наз., 58, сабачня і інш. Канчатак можа тлумачыцца па-рознаму, аднак звяртае на сябе ўвагу рыфмоўка ў прымаўках: укр.«Душно! — Скинь кожушно» і бел.тураў.: «Як душно, то скідай кожушно, а як холодно, то адзевай лайно».
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АНТО́НАВА ПАЎСТА́ННЕ,
узброенае выступленне сялян Тамбоўскай і часткова Варонежскай губ. у Расіі ў 1920—21. Асн. прычына — незадаволенасць палітыкай «ваеннага камунізму», прымусовай працай, харчразвёрсткай. Кіраўнік паўстання — эсэр А.С.Антонаў, б.нач. міліцыі Кірсанаўскага пав. Тамбоўскай губ. Пасля прыходу да ўлады бальшавікоў стаў на шлях тэрору, хаваўся ў лясах, завочна прыгавораны да расстрэлу. 19.8.1920 у с. Каменка Кірсанаўскага пав. пачалося стыхійнае сял. выступленне, якое хутка пашырылася на тэр. суседніх паветаў. За некалькі месяцаў Антонаў сабраў рассеяныя сял. групы (каля 500 чал.) і сфарміраваў атрад. У 2-й пал. 1920 сфарміраваны кіруючыя органы руху — гал. аператыўны штаб партыз. арміі Тамбоўскага краю, складзены праграма і статут тамбоўскага «Саюза працоўнага сялянства» (СПС), арганізаваны к-ты СПС у паветах, валасцях і вёсках. СПС выступаў за «звяржэнне ўлады камуністаў-бальшавікоў», за ліквідацыю падзелу ўладамі грамадзян на класы, спыненне грамадз. вайны, скліканне Устаноўчага сходу, грамадз. Свабоды, правядзенне ў жыццё закону аб сацыялізацыі зямлі, частковую дэнацыяналізацыю фабрык і з-даў, развіццё кааперацыі, свабодны гандаль, устанаўленне рабочага кантролю над вытв-сцю і размеркаваннем прадукцыі і інш. Да канца 1921 2 арміі Антонава аб’ядноўвалі 14 тэр. палкоў, 5 асобных кав. палкоў, атрады самаабароны ў сёлах агульнай колькасцю некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, з іх каля 8—10 тыс. узброеных. У студз. 1921 для ліквідацыі паўстання была створана спец. камісія на чале з У.А.Антонавым-Аўсеенкам. У лют. 1921 пасля няўдалых спробаў задушыць паўстанне сілай улады пайшлі на частковыя ўступкі, гал. з якіх была датэрміновая адмена харчразвёрсткі ў Тамбоўскай губ.Аднак к-ты СПС скіроўвалі паўстанцаў на працяг барацьбы са сваім паліт. праціўнікам. Больш як 50-тысячная армія пад камандаваннем М.М.Тухачэўскага, узмоцненая атрадамі спец. войскаў ВЧК, з артыл. гарматамі, браневікамі, самалётамі, да восені 1921 задушыла паўстанне. Антонаў загінуў у перастрэлцы летам 1922. Нягледзячы на паражэнне, Антонава паўстанне стала адным з фактараў, што прымусілі ўлады адмовіцца ад ваенна-камуніст. метадаў пабудовы сацыялізму і перайсці да новай эканамічнай палітыкі.
Літ.:
Фельдман Д. Крестьянская война // Родина. 1989. № 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АПО́ВЕСЦЬ ПРА ТРЫШЧА́НА»,
помнік бел. перакладной л-ры. Папулярны рыцарскі раман. Перакладзены на бел. мову ў 2-й пал. 16 ст. з сербскай крыніцы (апошняя з італьян. арыгінала). Бел. пераклад збярогся ў Пазнанскім рукапісным зборніку. У аснове твора — паэт. кельцкая легенда пра ўзнёслае каханне рыцара Трыстана і каралевы Ізольды (у бел. рэдакцыі — Трышчана і Іжоты), што ў шматлікіх літ. апрацоўках на працягу стагоддзяў бытавала сярод народаў Еўропы. «Аповесць пра Трышчана» — класічны ўзор жанру рыцарскага рамана, пабудаванага на авантурна-прыгодніцкай фабуле і любоўнай інтрызе. Гал. герой — ідэальны рыцар, які служыць прыгожай даме і праводзіць свой час у няспынных прыгодах і рыцарскіх турнірах. У барацьбе за прыгожую Іжоту, дачку ірландскага караля, якую герой здабывае ў паядынках з рознымі сапернікамі свайму дзядзьку, каралю Марку, Трышчан выходзіць пераможцам. Аднаго ён не можа пераадолець — сваіх пачуццяў да Іжоты. Каханне прыносіць героям вял. пакуты: Іжота належыць каралю Марку, сеньёру Трышчана, і становіцца яго жонкай. У зах.-еўрап. версіях легенды зроблена спроба знайсці выйсце: гал. герой жэніцца на другой Ізольдзе. Аднак такі ўчынак прыносіць новыя пакуты закаханым. Усёпаглынальная любоўная страсць паскарае заўчасную смерць гал. герояў. Фінал твора гучыць як гімн вял. каханню. У бел.-сербскай «Аповесці пра Трышчана» падзеі заключнай часткі выкладзены інакш: Трыстан не жэніцца з другой жанчынаю, а застаецца верны сваёй каханай да канца, дзеянне ў творы не даведзена да трагічнага фіналу. У бел. апрацоўцы асн. ўвага сканцэнтравана на апісанні незвычайных прыгод, паядынкаў і рыцарскага гераізму Трышчана; аптыміст. канец лепш стасуецца з агульнай ідэйна-маст. канцэпцыяй аповесці, у якой, насуперак аскетычным прынцыпам хрысціянства, апяваюцца пачуцці і перажыванні чалавека, яго зямныя радасці і страсці, паэтызуецца пераможная сіла кахання. «Аповесць пра Трышчана» — унікальны слав. варыянт літаратурнай апрацоўкі славутай легенды, каштоўны помнік бел.літ. мовы 16 ст. Перакладзена на сербскахарвацкую (Бялград, 1966), англ. (Лідс, 1977; Нью-Йорк, 1988), італьян. (Фларэнцыя, 1983) мовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ КО́РПУС САМААХО́ВЫ (БКС),
Беларуская самаахова, ваенізаванае фарміраванне бел. калабарацыяністаў у Вял.Айч. вайну. Пачаў стварацца летам 1942 Беларускай народнай самапомаччу (БНС) з дазволу ням. улад. Гал. камендантам БКС быў прызначаны І.Ермачэнка, пры ім створаны штаб БКС (нач. штаба падпалк. У.Гуцька), у акругах — камісіі для арганізацыі самааховы. Меркавалася стварыць БКС у складзе 3 дывізій: адна ў напрамку на Мінск, Слуцк; 2-я — на Баранавічы, Навагрудак, Слонім; 3-я — на Вілейку, Ліду, Глыбокае. Паводле распараджэння ням. улад у кожным павеце дазвалялася мець адзінку самааховы (ад роты да батальёна). На з’ездзе акр. кіраўнікоў БНС (2-я пал.ліп. 1942) вырашана пачаць работу з вайсковай падрыхтоўкі кадраў. У пач.жн. 1942 у Мінску адкрыты афіцэрскія курсы (кіраўнік Ф.Кушаль), на якіх прайшлі перападрыхтоўку каля 260 чал. Падафіцэры займаліся на курсах у акругах. Самаахова павінна была дапамагаць ням. і мясц. паліцыі ў барацьбе супраць партызанаў, забяспечваць спакой на Беларусі. Стварэнне БКС суправаджалася шырокай прапагандысцкай кампаніяй. Усяго было сфарміравана 20 батальёнаў і некалькі меншых адзінак БКС, якія, аднак, не выканалі ўскладзеных на іх задач. Адна з гал. прычын гэтага ў тым, што гітлераўцы не адважваліся ўзбройваць самаахову і ствараць на Беларусі нац. армію, нават і дружалюбную ім. Другая заключалася ў тым, што ў агульнай масе насельніцтва не ўспрыняло заклік калабарацыяністаў і падтрымлівала партызанаў. Члены БНС і іх сем’і пастаянна праследаваліся партызанамі, многія пераходзілі на бок апошніх разам з атрыманай зброяй. Таму з восені 1942 адносіны немцаў да самааховы пачалі мяняцца. Ермачэнка быў пазбаўлены тытула ген. каменданта, штаб БКС забаронены. Ермачэнку дазвалялася мець пры сабе вайсковага рэферэнта па справах самааховы, а таксама рэферэнтаў пры старшынях БНС у акругах, якія падпарадкоўваліся акр. начальнікам паліцыі. Былі забаронены афіцэрскія званні, замест іх уведзены назвы службовых пасад: камандзір звязу, камандзір роты і інш. Фарміраванне адзінак БКС было перададзена жандармерыі і паліцыі, што адмоўна ўспрымалася насельніцтвам і калабарацыяністамі. Вясной 1943 гітлераўцы вымушаны былі яго распусціць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСО́БА,
чалавек як суб’ект сацыяльных адносін і свядомай дзейнасці. Паняцце асоба не супадае па змесце з паняццямі «індывід» і «індывідуальнасць». Індывід — чалавек як прадстаўнік якой-н. сац. супольнасці (асаблівасці жыццядзейнасці канкрэтнага чалавека ў змест гэтага паняцця не ўваходзяць). Асоба ж ёсць канкрэтнае выяўленне ў індывідзе сацыяльна значных рысаў і сац. адносін пэўнага грамадства, якія чалавек засвойвае ў дзейнасці і ў ёй жа выпрацоўвае сваё асаблівае стаўленне да свету. У выніку сац. адносіны выяўляюцца як яго адносіны да навакольнай рэчаіснасці. Праз паняцце «індывідуальнасць» выяўляецца адзінкавасць і своеасаблівасць канкрэтнага чалавека. Асоба індывідуалізуецца праз працэсы сацыялізацыі ў рамках гістарычна вызначаных сац. умоў. Шматпланавасць і складанасць асобы робіць яе аб’ектам даследавання многіх навук, кожная з якіх выпрацоўвае свой погляд на дадзенае паняцце. Гэта, аднак, спараджае небяспеку абсалютызацыі пункту гледжання на асобу якой-н. адной навукі. У выніку чалавечыя паводзіны аказваюцца дэтэрмінаванымі толькі адной групай фактараў, таму паяўляюцца розныя абстрактныя мадэлі чалавека (псіхалагічны чалавек, эканамічны чалавек і гэтак далей). Абсалютызацыя, напрыклад, сацыялагічнага падыходу зводзіць асобу да сукупнасці роляў, якія выконваюцца ёю, або да безасабовага ўвасаблення групавой зацікаўленасці, нягледзячы на рэальную разнастайнасць тых, хто выконвае ў грамадстве адны і тыя ж ролі. Псіхалагічны чалавек у адрозненне ад сацыялагічнага характарызуецца тым, што яго паводзіны вызначаюцца ў асноўным унутранымі намерамі. У эканоміцы карыстаюцца абстракцыяй эканам. чалавека, функцыі якога зведзены толькі да спажывання. Розным відам рэдукцыянізму супрацьстаіць філас. падыход, які імкнецца сінтэзаваць падыходы розных навук, супярэчлівае адзінства грамадскага і індывідуальнага ў чалавечым жыцці. Як грамадская істота чалавек не можа не аб’ядноўвацца з падобнымі да сябе ў супольнасці рознага ўзроўню, але як індывідуальнасць ён не можа не выходзіць пастаянна за межы гэтых супольнасцяў.
Літ.:
Леонтьев А.Н. Деятельность, сознание, личность. 2 изд. М., 1977;
Кон И.С. В поисках себя: Личность и ее самосознание. М., 1984;
Тейяр дэ Шарден П. Феномен человека: Пер. с фр.М., 1987;
Майхрович А.С. Поиск истинного бытия и человека: Из истории философии и культуры Беларуси. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК),
орган паліт. прадстаўніцтва бел.нац. руху ў сак.—ліп. 1917. Створаны ў Мінску з’ездам беларускіх нацыянальных арганізацый для выпрацоўкі ў кантакце з Часовым урадам асноў аўтаноміі Беларусі ў складзе Рас. федэратыўнай рэспублікі і падрыхтоўкі выбараў у Бел. краёвую раду. У склад БНК на з’ездзе выбраны Р.А.Скірмунт (старшыня), П.П.Аляксюк, У.С.Фальскі (нам. старшыні), Б.А.Тарашкевіч (сакратар), Л.Заяц (скарбнік), А.А.Смоліч, Э.А.Будзька, В.Гадлеўскі, Я.С.Канчар, І.І.Краскоўскі, А.Л.Бурбіс, К.К.Кастравіцкі (Карусь Каганец), Бабарыкін, Ф.Г.Шантыр, М.С.Кахановіч, В.Л.Іваноўскі, Л.І.Дубейкаўскі, З.Х.Жылуновіч. БНК меў права кааптацыі іншых членаў. Склікаў краёвы сялянскі з’езд (крас. 1917), які падтрымаў агр. праграму Беларускай сацыялістычнай грамады і выказаўся за заснаванне на месцах сял. арг-цый пад эгідай БНК. Для перагавораў з Часовым урадам накіраваў у Петраград дэлегацыю на чале са Скірмунтам з прапановамі абвясціць Расію федэратыўнай рэспублікай, дэмакратызаваць органы мясц. самакіравання, увесці ў школах краю бел. мову, гісторыю Беларусі і інш. краязнаўчыя дысцыпліны, кампенсаваць насельніцтву страты, прычыненыя ваен. дзеяннямі. Часовы ўрад згадзіўся наладзіць з БНК пастаянны кантакт, аднакпаліт. платформу к-та не падтрымаў. Адсутнасць выразнай пазіцыі па агр. пытанні і знаходжанне на чале к-та Скірмунта, які быў вядомы як прыхільнік памешчыцкага землеўладання, давалі паліт. апанентам падставу абвінавачваць БНК у ахове інтарэсаў памешчыкаў, пазбаўляла яго адчувальнай падтрымкі з боку народа. 1-ы з’езд сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ. (крас. 1917) і з’езд настаўнікаў Мінскай губ. (май 1917) адхілілі прапановы БНК адносна будучага дзярж. і культ. статуса Беларусі. У маі 1917 са згоды Часовага ўрада БНК прызначыў юрыстаў Г.В.Багдановіча і Я.Л.Бруевіча сваімі прадстаўнікамі ў Асобую нараду па распрацоўцы палажэння аб выбарах ва Устаноўчы сход. БНК займаўся культ.-асв. дзейнасцю, пад яго эгідай заснавана Т-вабел. культуры, 24—25.6.1917 к-т правёў «Дні вольнай Беларусі». Друк. орган — газ.«Вольная Беларусь». Скасаваны з’ездам беларускіх арганізацый і партый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСКАЯ СВЯДО́МАСЦЬ,
сукупнасць уяўленняў, поглядаў, навук. тэорый аб чалавеку і навакольным свеце (натуральным і штучным), аб іх мінулым, сённяшнім і будучым. Не зводзіцца да арыфм. сумы індывід. свядомасцей членаў грамадства, а ўтварае арган. цэласнасць са сваімі спецыфічнымі ўласцівасцямі: грамадскім статусам і заканамернасцямі развіцця, прызначэннем і функцыямі. Грамадская свядомасць узаемадзейнічае з інш. сферамі грамадскага жыцця (вытв-сцю матэрыяльных даброт, сям’ёй і г.д.), а таксама ўплывае на асабістае жыццё індывідаў і іх паводзіны ў грамадстве. Грамадская свядомасць утварае з інш. грамадскімі з’явамі адзіную непарыўную тканіну, але пры гэтым адносна самастойная ў працэсе рэалізацыі сваёй грамадскай ролі і функцый. Грамадская свядомасць не тоесная пасіўнаму адлюстраванню таго, што адбываецца ў іншых сферах грамадства, і адыгрывае значную актыўную ролю. Аднак сама гэтая актыўнасць па-рознаму вытлумачваецца ў розных сістэмах філас.-гіст. ведаў. Калі ў ідэалістычных вучэннях ёй надаецца абсалютна самаст., субстанцыянальнае значэнне (чалавечы розум творыць навакольны свет), то паводле матэрыялістычных канцэпцый яна ёсць неабходны, але зусім не самадастатковы момант функцыянавання адзінага сац. цэлага. Матэрыялізм зыходзіць з таго, што грамадская свядомасць дыялектычна адлюстроўвае грамадскае быццё і абумоўлена ім; гэты вывад пакладзены ў аснову матэрыяліст. тэорыі пазнання. Грамадская свядомасць мае складаную ўнутр. структуру, якая ўключае розныя ўзроўні (тэарэт. і звычайная свядомасць, ідэалогія і грамадская псіхалогія) і розныя формы свядомасці (паліт. і прававая свядомасць, мараль, рэлігія, мастацтва, філасофія, навука). У сучасным грамадстве асаблівае значэнне набывае здольнасць грамадскай свядомасці мысленна апераджаць рэальны рух гіст. працэсу, што знаходзіць сваё выяўленне ў функцыі сацыяльнага прадбачання. Дасягнуты крытычны ўзровень спажывання прыродных рэсурсаў і забруджвання навакольнага асяроддзя пры крайне нераўнамерным размеркаванні, матэрыяльных даброт, якія атрымліваюцца ад гэтага, абвастрэнне многіх іншых глабальных праблем сучаснасці востра ставяць перад ім пытанне пра выжыванне. Таму павелічэнне ролі грамадскай свядомасці ў жыцці грамадства на мяжы 20 і 21 ст. звязваецца з праблемамі, ад вырашэння якіх залежыць лёс чалавецтва.
Літ.:
Общественное сознание и его формы. М., 1986;
Жуков Н.И. Проблема сознания. Мн., 1987;
Тойнби А.Дж. Постижение истории: Пер. с англ.М., [1990);
Сорокин П.А. Человек. Цивилизация. Общество. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫГІМО́НТ IСтары
(1.1.1467—1.4.1548),
вялікі князь ВКЛ і кароль польскі [1506—48], у ВКЛ Жыгімонт II. Сын Казіміра IV Ягелончыка. Ад старэйшага брата, караля Чэхіі і Венгрыі Уладзіслава II, атрымаў у Сілезіі Глогаўскае (1498) і Опаўскае (1501) княствы, у 1504 прызначаны каралеўскім намеснікам Сілезіі, потым Лужыцы. Пасля смерці вял.кн.ВКЛ і караля польскага Аляксандра абраны на пасад ВКЛ (20.10.1506) і польск. каралём (8.12.1506). Унутр. палітыка Ж. I была накіравана на ўмацаванне дзярж. улады, аднаквайск. і фін. рэформы, спробы рэдукцыі (вяртання) каронных маёнткаў, захопленых магнатамі, не мелі вял. поспеху. У 1537 супраць Ж. I і магнатаў сярэдняя шляхта Польшчы ўзняла феад. мяцеж (т. зв. «курыная вайна»). Шляхта ВКЛ юрыдычна дамаглася роўных правоў з магнатамі: быў уведзены адзіны кодэкс законаў для дзяржавы — Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 Ж. I праводзіў актыўную знешнюю палітыку, але ў войнах з Маскоўскай дзяржавай быў страчаны Смаленск. Для адбіцця нападаў крымскіх татар на Украіне была створана памежная варта з мясц. жыхароў — казакі. У час перамогі Рэфармацыі ў Прусіі Ж. I згадзіўся на секулярызацыю Тэўтонскага ордэна і ўтварэнне на яго тэр. васальнага ў адносінах да Польшчы герцагства на чале са сваім пляменнікам Альбрэхтам Брандэнбургскім. Пры Ж. I пасля загадкавай смерці апошніх удзельных мазавецкіх князёў з Польшчай было ўз’яднана Мазавецкае княства (1526, канчаткова ў 1529). Праводзячы антыгабсбургскую палітыку, Ж. I заключыў саюзы з Францыяй (1524) і Турцыяй (1533). Актыўную ролю адыгрывала ў палітыцы другая яго жонка (з 1518) Бона Сфорца, якая намагалася замацаваць кароны ВКЛ і Польшчы за сваім сынам Жыгімонтам II Аўгустам, дзеля чаго было праведзена яго абранне намінальна другім вял. князем і каралём (1529). У час панавання Ж. I у ВКЛ і Польшчы шырока распаўсюдзілася Рэфармацыя, што садзейнічала далейшаму ўздыму гуманізму і асветы.
Літ.:
Finkel L. Elekcya Zygmunta I: Sprawy dynastyi Jagiellońskiej i unii polskolitewskiej. Kraków, 1910;
Wojciechowski Z. Zygmunt Stary (1506—1548). Warszawa, 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАНІЯ́ЛІЗМ,
сістэма эканам., ваен., паліт., ідэалаг. і адм. сродкаў панавання адных краін над другімі з мэтай выкарыстання іх матэрыяльных і інтэлектуальных рэсурсаў. К. як сталая з’ява ў сусв.эканам. і паліт. развіцці на працягу апошніх стагоддзяў істотна адрозніваецца ад пошуку і заснавання калоній, што мела месца ў стараж. часы ў сувязі з пазнаннем чалавекам навакольнага свету, развіццём мараплавання і заморскага гандлю. Патрэба ў выкарыстанні багаццяў інш. дзяржаў і народаў узнікла ў перыяд фарміравання і развіцця капіталіст.эканам. адносін. Таму набыццё калоній узводзілася на ўзровень дзярж. палітыкі, што найб. прыкметна ў Галандыі, Англіі, Францыі ў 18 ст., калі ўзнікла каланіяльная сістэма як арганічная частка сусв.капіталіст. эканомікі. На становішчы калоній апынуліся шматлікія краіны ў Азіі (Індыя, Бірма) і ў Афрыцы (Нігерыя). Эканамічна яны залежалі ад каланіяльных метраполій Да канца 19 ст. магчымасці тэр. каланіяльнай экспансіі былі вычарпаны, пачаўся перадзел калоній, што вяло да каланіяльных войнаў.
Абвастрэнне супярэчнасцей па.між інтарэсамі нац.-незалежнага развіцця калоній і дзяржаў-метраполій прывяло да развіцця ў калоніях нац.-вызв. рухаў. У 20 ст. пачаўся працэс паступовага распаду каланіяльнай сістэмы. У 1947 у ліку першых незалежнасць атрымала Індыя. У 1950—60-я г., калі незалежнымі стала большасць б. калоній, каланіяльная сістэма ў яе традыц. разуменні практычна перастала існаваць. У працэсе дэкаланізацыі станоўчую ролю адыгралі ААН і яе спец. органы. Незалежнасць адкрыла б. калоніям больш шырокія магчымасці для эканам., паліт. і культ. развіцця. Аднак К. праяўляецца і сёння ў форме кантролю над прыроднымі рэсурсамі б. залежных краін, для чаго выкарыстоўваюцца нераўнапраўныя дагаворы, пагадненні аб «дапамозе», часам паліт. дыктат і ўзбр. ўмяшанне. Найб. важную ролю ў існаванні рэшткаў К. адыгрывае характар міжнар.эканам. адносін, калі рэсурсаздабыўныя краіны вымушаны падпарадкоўвацца інтарэсам буйных шматнац.прамысл. і фін. карпарацый (напр., праз вызначэнне рыначных цэн на сыравіну і гатовыя вырабы) і фактычна працягваюць лічыцца сыравіннай перыферыяй высокаразвітых краін.
В.І.Боўш.
Да арт.Каланіялізм. Насіллі іспанскіх заваёўнікаў над індзейцамі. Гравюра з кнігі «Часткі Амерыкі». 1590.