ВО́ЛАХАЎ Марк Мікалаевіч
(н. 10.9.1921, Масква),
бел. тэатр. мастак. Скончыў Маскоўскае маст. вучылішча (1940). З 1957 мастак, з 1964 гал. мастак Магілёўскага абл. драм. т-ра. Аформіў спектаклі: «Галоўная стаўка» К.Губарэвіча (1957), «Дзядзька Ваня» А.Чэхава (1960), «Гэта было ў Магілёве» Я.Тарасава (1964), «Паўлінка» Я.Купалы (1971), «Апошняя суніца ў жніўні» А.Дзялендзіка (1975), «Арфей спускаецца ў пекла» Т.Уільямса (1977), «Марыя Сцюарт» Ф.Шылера (1980), «Тутэйшыя» Купалы (1982), «Судны дзень» В.Казько (1983), «Сівы бусел» В.Ткачова (1984), «Сабачае сэрца» паводле М.Булгакава (1988), «Каварства і каханне» Шылера (1992), «Рычард III» У.Шэкспіра (1995) і інш.
т. 4, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКА́ДЗЬЕЎ
(сапр. Цівунчык) Аркадзь Станіслававіч (13.11.1897, в. Журбілавічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 27.2.1969),
бел. акцёр, рэжысёр. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыў тэатр. студыю ў Омску (1921). Арганізатар, гал. рэжысёр і вядучы акцёр Бабруйскага вандроўнага беларускага драматычнага тэатра (з 1956), рэжысёр Бабруйскага муз.-драм. т-ра і Магілёўскага абл. т-ра муз. камедыі (1963—66). Найб. значныя пастаноўкі: «Раскіданае гняздо» Я.Купалы (1957, выканаў таксама ролю Лявона Зябліка), «Вясёлка» М.Заруднага (1958), «Апошні прыпынак» Э.М.Рэмарка (1961), «Вяселле ў Малінаўцы» Б.Аляксандрава (1962).
Літ.:
Вавула Г. Аркадзь Аркадзьеў // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1978. Кн. 3.
т. 1, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АЛА́Ш»,
«Алаш-арда», палітычная партыя ў Казахстане ў 1917—20. Названа па імю міфічнага продка казахаў. Утварылася ў ліп. 1917, мела абл. адзяленні. Ідэалогія — панісламізм і панцюркізм. Дамагалася аўтаноміі Казахстана. У снеж. 1917 стварыла «партыйна-ўрадавы» цэнтр (урад) «Алашарда» на чале з А.Букейханавым (кадэт) і «Алашскую аўтаномію» (у ліст. 1918 скасавана Уфімскай дырэкторыяй), прыняла рашэнне пра стварэнне ўзбр. сіл. Атрады алаш-ардынцаў уваходзілі ў склад белагв. войскаў Дутава, Калчака, Аненкава і інш. У грамадз. вайну яе атрады разбіты, урад разгромлены ў сак. 1920 Кірг. (Казахскім) рэўкомам.
т. 1, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНО́ШКІН Іван Архіпавіч
(н. 21.1.1928, в. Антонаўка Чавускага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1964). Настаўнічаў, працаваў у друку. З 1981 сакратар Магілёўскага абл. аддзялення СП Беларусі. Аўтар кн. апавяданняў і гумарэсак «Лішні мінус» (1959), «Брантазаўр» (1973), «Херувім з чорнымі крыламі» (1984), «Курам не да смеху» (1985), зб. аповесцяў і апавяданняў «Землякі» (1978). Кн. для дзяцей: «Навічок» (1966), «Алёнчын сакрэт» (1969), «Антонаў ясень» (1981) і інш. Аповесць «Чырвоная каліна стаяла...» (1985) пра барацьбу зах.-бел. сялян супраць сац. і нац. прыгнёту.
т. 1, с. 375
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕДНЯ́К»,
штодзённая сялянская газета. Выходзіла з 25.9.1918 да жн. 1919 на рус. мове напачатку ў Смаленску як выданне Паўн.-Зах. абл. к-та РКП(б), з 25.2.1919 у Мінску як орган ЦБ КП(б)Б, з 12.3.1919 орган ЦК і Мінскага губ. к-та КП(б) Літвы і Беларусі. Асвятляла жыццё Сав. краіны, падзеі грамадз. вайны, друкавала матэрыялы пра дзейнасць к-таў беднаты, сельскіх камуністаў. Частка тыражу засылалася ў акупіраваныя Польшчай раёны Беларусі. Мела рубрыкі: «Па Расіі», «За рубяжом», «У ворагаў Савецкай улады», «Чырвоная Армія» («Чырвоны фронт»), «Вясковае жыццё» і інш.
т. 2, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ГРАМАДА́
(БСДГ),
Грамада, партыя сацыял-дэмакр. кірунку. Створана ў сак. 1991. Працягвае традыцыі Беларускай сацыялістычнай грамады і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Кіруючы орган паміж з’ездамі — цэнтр. рада. БСДГ заяўляе, што яна левацэнтрысцкая партыя парламенцкага тыпу, якая лічыць прыярытэтнымі кірункамі сваёй дзейнасці прапаганду і абарону агульначалавечых каштоўнасцяў, ідэалаў сацыял-дэмакратыі, сац. абарону чалавека працы. Мэта яе дзейнасці — пабудова незалежнай дэмакратычнай, прававой і сац. бел. дзяржавы як раўнапраўнага суб’екта еўрап. і сусв. супольнасці. Філіі і суполкі БСДГ дзейнічаюць ва ўсіх абл. цэнтрах і многіх гарадах Беларусі.
т. 2, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ГІН Аляксей Фёдаравіч
(27.3.1905, в. Бурцава Багародскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 9.10.1941),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыятычнага падполля і партыз. руху на тэр. Мінскай і Палескай абл. у Вял. Айч. вайну. Скончыў Вышэйшую школу партарганізатараў пры ЦК ВКП(б) (1940). З ліп. 1940 нам. заг. аддзела, сакратар Мінскага абкома КП(б)Б. З ліп. 1941 сакратар Мінскага падп. абкома КП(б)Б, ствараў падп. райкомы партыі, арганізоўваў партыз. атрады. Пры выкананні задання схоплены гітлераўцамі каля пас. Чырвоная Паляна Любанскага р-на, забіты пры спробе ўцячы.
т. 3, с. 227
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБУНО́ВА Людміла Васілеўна
(н. 13.8.1939, г. Новасібірск, Расія),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыла студыю пры Астраханскім драм. т-ры (1961), у якім і працавала. З 1968 у Гомельскім абл. драм. т-ры. Актрыса шырокага творчага дыяпазону. Сярод лепшых роляў: Паланея, Альжбета («Прымакі», «Паўлінка» Я.Купалы), Марыля («Легенда пра песню няспетую» М.Пало і І.Папова), Ігнаціха («Подых навальніцы» паводле І.Мележа), Марфа («Дагарэла свечачка да палічкі» А.Петрашкевіча), Насцёна («Жыві і помні» паводле В.Распуціна), Юлечка, Ларыса («Даходнае месца», «Беспасажніца» А.Астроўскага), Фінея («Дурнічка» Лопэ дэ Вэгі), Інеса («Каханне не жарты» П.Кальдэрона).
т. 5, с. 56
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РЫЧ Соф’я Якаўлеўна
(н. 29.12.1919, Мінск),
бел. актрыса, рэжысёр т-ра і радыё. Засл. работнік культуры Беларусі (1985). Скончыла Бел. студыю пры Цэнтр. тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (1937). Працавала ў Т-ры юнага гледача БССР (1937—41). Дыктар на радыёстанцыі «Савецкая Беларусь», у Брэсцкім і Гомельскім абл. драм. т-рах. У 1967—86 гал. рэжысёр літ.-драм. вяшчання Бел. рэсп. радыё. Ажыццявіла больш за 200 радыёпастановак, пераважна твораў бел. пісьменнікаў (у большасці была і аўтарам інсцэніровак). Дзярж. прэмія Беларусі 1984 за радыёпастаноўкі «Хамуціус» паводле А.Куляшова і «Рыбакова хата» паводле Я.Коласа.
т. 5, с. 540
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
дамо́ўка, ‑і, ДМ ‑моўцы; Р мн. ‑мовак; ж.
Абл.
1. Хата, дом, прытулак; гаспадарка. Гаварылі, што пан .. [Седасу] падараваў зямлі, і ён мае намер завесці ўласную дамоўку. Чорны. Праляталі чародкі дзікіх качак, спяшаючыся да дажджу знайсці сабе дзе-небудзь у чаротах дамоўку. Васілевіч.
2. Труна, дамавіна. Не часалі дамоўкі яму [гусляру] сталяры, Не заплакалі бліжнія вочы. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)