ГО́ДНЕЎ (Ціхан Мікалаевіч) (5.4.1893, г. Задонск, Расія — 29.10.1982),
бел. фізіёлаг раслін, заснавальнік навук.школы па біясінтэзе хларафілу. Акад.АН Беларусі (1940, чл.-кар. 1936), д-рбіял.н. (1935), праф. (1926). Засл. дз. нав. Беларусі (1944). Скончыў Маскоўскі ун-т (1916) і працаваў у ім. З 1919 у Астраханскім ун-це, Іванава-Вазнясенскім політэхн. ін-це. З 1927 у БСГА, з 1935 у БДУ. У 1945—73 у Ін-це эксперым. батанікі і Ін-це фотабіялогіі АН Беларусі, адначасова заг. кафедры БДУ. Навук. працы па біяхіміі раслінных пігментаў. Прапанаваў новую тэорыю ўтварэння хларафілу. Даказаў адзінства протахларафілу ў раслінным свеце, ператварыў протахларафіл у цемнаце ў хларафіл. Даследаваў стан фотасінтэтычных пігментаў у антагенезе ў залежнасці ад светлавых і тэмпературных умоў, механізм утварэння парфірынаў, а таксама змяненні хларапластаў у антагенезе. Прэмія імя Ціміразева АНСССР 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРВЯ́ТЫ,
вёска ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., на р. Лоша, на аўтадарозе Варняны—Жодзішкі. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на ПнУ ад г.п. Астравец, 226 км ад Гродна, 20 км ад чыг. ст. Солы. 586 ж., 201 двор (1996).
Вядомы з 1-й пал. 16 ст. З 1563 мястэчка Віленскага пав.ВКЛ. З 1795 у Рас. імперыі, у Варнянскай вол. Віленскага пав. У 19 — пач. 20 ст. ўласнасць Дамейкаў. У 1880-я г. 147 ж., 21 двор, касцёл. З 1922 у Польшчы, у Віленскім пав. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Астравецкага р-на. У 1962—65 у Смаргонскім р-не. У 1970 — 377 жыхароў.
2 сярэднія школы (бел. і літоўская). Культурна-асв. цэнтр, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Троіцкі касцёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАНІ́ЙСКАЯ ШКО́ЛА,
усходняя галіна ранняй грэч. філасофіі. Сфарміравалася ў 6—4 ст. да н.э. ў іанійскіх калоніях Грэцыі. Гал. прадстаўнікі Фалес, Анаксімандр, Анаксімен (Мілецкая школа), Дыяген Апаланійскі, Геракліт. Для І.ш. характэрны эмпірызм, сенсуалізм, стыхійная дыялектыка. Прадстаўнікі школы імкнуліся знайсці першапачатак усяго існага, вытлумачыць аб’ектыўна-лагічную заканамернасць усякага працэсу. Лічылі, што ўсе рэчы паходзяць з нейкага адзінага матэрыяльнага першапачатку (вады, паветра, агню). Філас. даследаванні яны цесна звязвалі з патрабаваннямі практычнай дзейнасці, з’яўляліся стваральнікамі першых простых навук. прыбораў. І.ш. звычайна супрацьпастаўляюць італійскай школе — зах. галіне стараж.-грэч. філасофіі, якая сфарміравалася ў 2-й пал. 6—5 ст. да н.э. ў грэч. калоніях Паўд. Італіі, Сіцыліі і прадстаўлена піфагарэізмам і элейскай школай.
Літ.:
Богомолов А.С. Античная философия. М., 1985;
Фрагменты ранних греческих философов. Ч. 1. М., 1989;
Виндельбанд В. История древней философии: Пер. с нем. Киев, 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НЕС ((Inness) Джордж) (1.5.1825, каля г. Ньюберг, ЗША — 3.8.1894),
амерыканскі жывапісец. Вучыўся ў Нью-Йорку. У 1840-я г. рабіў дакладныя. крыху стракатыя пейзажы Новай Англіі («Стары млын», 1849). Паездкі ў Італію і Францыю, уплывы творчасці К.Ларэна, К.Каро, майстроў барбізонскай школы дазволілі І. выпрацаваць у 1850—60-я г. ўласную манеру пейзажнага жывапісу, у якой спалучаліся класічная манументальнасць кампазіцыі, мяккая элегічнасць настрою і рэаліст. дакладнасць матыву («Даліна Лакавана», 1855; «Даліна Дэлавэра», 1865). Пазней І. звярнуўся да больш інтымнага бачання прыроды, ствараў зменлівасць святло-паветр. асяроддзя пры розным надвор’і ці ў розныя гадзіны сутак («Хмара», каля 1870; «Дубы восенню», «Навальніца набліжаецца», каля 1880). Адначасова ў яго творчасці ўзмацніліся тэндэнцыі сімвалізму, містычнай нявызначанасці («Сёстры ў садзе», каля 1881).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЮКО́ЎКА,
рабочы пасёлак у Гомельскім р-не. Падпарадкоўваецца Чыгуначнаму раённаму Савету г. Гомеля. За 12 км ад Гомеля, чыг. станцыя на лініі Гомель—Жлобін, на аўтадарозе Гомель—Магілёў. 11,1 тыс.ж. (1998).
Вядома з 1873 як ст. Лібава-Роменскай чыгункі. З 1929 пасёлак рабочых Гомельскага шклозавода, з 1935 рабочы пасёлак. У Вял.Айч. вайну ў ноч на 18.8.1941 каля К. адбыўся бой паміж батальёнамі Гомельскага нар апалчэння і ням. танкавай часцю. З 18.8.1941 па 26.11.1943 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. Абсталяванне завода і частка рабочых эвакуіраваны ў Башкірыю, заводскія карпусы і пасёлак у час акупацыі зруйнаваны, у 1943—45 адноўлены.
Шклозавод, прадпрыемствы тарфяной (з-д «Імпульс»), швейнай прам-сці. 2 сярэднія школы, школа-інтэрнат, школа мастацтваў, Палац культуры шклозавода, б-ка, бальніца, аптэка, паліклініка, спарткомплекс, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік работнікам шклозавода.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́МБРЫДЖСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адзін са старэйшых універсітэтаў Еўропы, буйны навук. цэнтр Вялікабрытаніі. Засн. ў 1209 у Кембрыджы. Ужо з 13 ст. ў К.у. вызначыліся традыцыйныя ф-ты: гуманітарны, юрыд., багаслоўскі і медыцынскі. Ун-т быў цэнтрам Рэфармацыі ў Англіі, а ў 17 ст. — перадавой навукі таго часу. З ім звязана дзейнасць Т.Мора, Эразма Ратэрдамскага, Ф.Бэкана, І.Ньютана, Ч.Дарвіна. У Кавендышскай лабараторыі К.у. працавалі Дж.Максвел, П.Дзірак, Дж.Дж.Томсан, Э.Рэзерфард. У 1911 вучоныя ун-та апрацавалі 11-е выд. энцыклапедыі «Брытаніка», якое лічыцца адным з лепшых. К.у. складаецца з каледжаў, якія ўяўляюць сабой самакіроўныя карпарацыі; у кожным з іх каля 400 студэнтаў розных ф-таў. Узначальвае ун-т канцлер. У 1993 у К.у. каля 14 тыс. студэнтаў. Пры ун-це працуюць цэнтры навук. даследаванняў, ін-ты, школы, музеі, Кембрыджская абсерваторыя, бат. сад, б-ка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАСІ́ЧНАЯ АДУКА́ЦЫЯ,
тып агульнай сярэдняй адукацыі, які прадугледжвае сістэматычнае вывучэнне грэч. і лац. моў, матэматыкі як гал. прадметаў. Узнікла ў Зах. Еўропе ў эпоху Адраджэння. Паводле сцвярджэння ням. педагога і даследчыка старажытнасці І.М.Геснера, толькі пры дапамозе К.а. стала магчымым пераадолець варварства сярэдневякоўя. У 19 ст.навуч. ўстановы з класічнай праграмай (гімназіі, ліцэі і інш.) былі асн. тыпам сярэдняй школы, якая рыхтавала да паступлення ва ун-т. На Беларусі К.а. давалі старэйшыя класічныя гімназіі: Мінская, Віцебская, Магілёўская, Слуцкая, Гродзенская. Без істотных змен К.а. захоўвалася ў Еўропе і Амерыцы да пач. 20 ст., калі паступова стала саступаць месца рэальнай адукацыі. У некаторых краінах (Вялікабрытанія, Германія) К.а. існуе як адзін з альтэрнатыўных кірункаў навучання ў сярэдняй школе. Сучасная тэорыя К.а. заснавана на псіхал. здольнасці пераносу ведаў і навыкаў, атрыманых у адной галіне, у любую іншую сферу чалавечай дзейнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛА́СНА-ЎРО́ЧНАЯ СІСТЭ́МАнавучання,
арганізацыя навуч. працэсу, пры якой вучні размяркоўваюцца па класах у адпаведнасці з узростам і ведамі, а асн. формай навучання з’яўляецца ўрок. Змест навучання вызначаецца навуч. планамі і праграмамі. Заняткі (урокі) праводзяцца паводле раскладу (складаецца на аснове навуч. плана). Працягласць заняткаў і перапынкаў паміж заняткамі строга рэгламентавана.
К.-ў.с. склалася ў 16 ст. і паступова замяніла індывідуальнае навучанне. Яе ўсталяванне звязваюць з дзейнасцю Страсбургскай школы І.Штурма (1538), якая мела асобныя класы, навучанне праводзілася на аснове навуч. плана, чаргавання навучання і адпачынку. К.-ў.с. была прынята таксама ў езуіцкіх школах і калегіумах. У 16 ст. яе выкарыстоўвалі ў пач. школах Чэхіі, Польшчы, ВКЛ, Венгрыі, Саксоніі, Браўншвайга і інш. Тэарэтычнае абгрунтаванне К.-ў.с. даў Я.А.Каменскі. На Беларусі яе элементы ўпершыню выявіліся ў дзейнасці брацкіх школ, езуіцкіх школах і калегіумах (16—17 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕЙН ((Klein) Крысціян Фелікс) (25.4.1849, г. Дзюсельдорф, Германія — 22.6.1925),
нямецкі матэматык. Чл.-кар. Берлінскай АН (1913), замежны чл. Пецярбургскай АН (1895). Скончыў Бонскі ун-т (1868). З 1872 праф. Эрлангенскага ун-та, з 1875 — Вышэйшай тэхн.школы ў Мюнхене, з 1880 — Лейпцыгскага, у 1886—1910 — Гётынгенскага ун-таў. Навук. працы па неэўклідавай геаметрыі, тэорыі неперарыўных груп, тэорыі алг. ураўненняў. У працы, вядомай як «эрлангенская праграма», любая геаметрыя абвяшчалася тэорыяй інварыянтаў асобай групы пераўтварэнняў: калі пашыраць ці звужаць групу, можна перайсці ад аднаго тыпу геаметрыі да другога. Тым самым К. паказаў поўную лагічную абгрунтаванасць геаметрыі Лабачэўскага. Выкарыстоўваў паняцце групы і да лінейных дыферэнцыяльных ураўненняў, да эліптычных і мадулярных функцый.
Тв.:
Рус.пер. — Неевклидова геометрия. М.; Л., 1936;
Лекции о развитии математики в XIX столетии. Ч. 1. М.; Л., 1937;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕМЕ́НЦІ ((Clementi) Муцыо) (23.1.1752, Рым — 10.3.1832),
англійскі піяніст-віртуоз, кампазітар, педагог; заснавальнік т.зв. лонданскай школы піянізму. З 1766 жыў у Вялікабрытаніі (з 1773 у Лондане). Канцэртаваў у Еўропе (у 1781 у Вене спаборнічаў з В.А.Моцартам). Заснавальнік і саўладальнік шэрагу муз.-выдавецкіх прадпрыемстваў і ф-к муз. інструментаў. Адзін з заснавальнікаў і дырыжор (1813—24) Філарманічнага т-ва ў Лондане. Зрабіў значны ўклад у развіццё фп. мастацтва (празваны «бацькам фп. музыкі»), садзейнічаў зацвярджэнню класічнага цыкла санаты. Сярод твораў: араторыя; каля 15 сімфоній (зберагліся 4); уверцюры; канцэрт для фп. з аркестрам; творы для фп. (найб. вядомы зб. эцюдаў «Шлях да Парнаса», 1817—26). Свой выканальніцкі і пед. вопыт абагульніў у працы «Методыка ігры на фартэпіяна» (1801). Сярод яго вучняў: Ф.Калькбрэнер, І.Б.Крамер, І.Мошэлес, Дж. Філд.