ІЛЬМЕ́НСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

у Расіі. Засн. ў 1920 як мінералагічны запаведнік (больш за 200 мінералаў), у 1935 ператвораны ў комплексны для вывучэння экалогіі фонавых і рэдкіх відаў жывёл і раслін. Размешчаны на ўсх. схілах Паўд. Урала паблізу ад г. Міяс Чэлябінскай вобл. Пл. 30 380 га. Хваёвыя і бярозавыя лясы, участкі стэпу. У фауне звычайныя вавёрка, гарнастай, ласка, лясны тхор, акліматызаваны плямісты алень, адноўлена папуляцыя бабра; гняздуюцца рэдкія птушкі: лебедзь-клікун, шэры журавель, сокал-сапсан, скапа і інш. Мінералагічны музей (з 1930), засн. сав. вучоным А.​Я.​Ферсманам.

т. 7, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́Ў (Фёдар Піліпавіч) (28.2.1898, в. Слабодка Круглянскага р-на Магілёўскай вобл., цяпер у межах г.п. Круглае — 1941),

гісторык. Д-р гіст. н., праф. (1936). Скончыў Ін-т чырв. прафесуры ў Маскве (1929). З 1929 заг. кабінета 1-га Інтэрнацыянала, выкладчык Ін-та Маркса—Энгельса—Леніна. З 1932 заг. кафедры ўсеагульнай гісторыі Ін-та чырв. прафесуры. У 1937 рэпрэсіраваны. Аўтар падручнікаў, прац па гісторыі ЗША, рэв. руху.

Тв.:

Первый Интернационал. М., 1933;

США в период довоенного империализма и после мировой войны: Лекция. М., 1936.

Э.​А.​Карніловіч.

т. 7, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́-ТЭПЕ́,

узгорак каля г. Кадырлі (Турцыя), дзе былі адкрыты руіны горада 9—7 ст. да н. э. У выніку раскопак, якія вяліся з 1947, выяўлены 2 брамы і часткова палац. Брамы ўпрыгожаны каменнымі рэльефамі з выявамі розных сцэн: рытуальных, палявання, марской бітвы, музы́каў і інш. Рэльефы характэрны для навахецкага мастацтва. Знойдзены іерагліфічны надпіс (8 ст. да н. э.) на хецкай і ханаанскай мовах, якія дазваляюць меркаваць, што К.-Т. ўваходзіў у склад дзяржавы данунітаў, якая ў пач. 1-га тыс. да н. э. падначаліла хецкія пасяленні на ПдУ М. Азіі.

т. 8, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПА́ЦКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

у Закарпацкай вобл., Украіна. Засн. ў 1968 для аховы прыродных комплексаў высакагор’я Усх. Карпат. Пл. 19,9 тыс. га. Вылучаюць 3 участкі: Чарнагорскі, Вугальска-Шырокалужанскі, Даліну нарцысаў. На тэр. К.з. г. Гаверла (2061 м). Характэрны яловыя і мяшаныя букава-піхтава-яловыя лясы, карэнныя букавыя (найбуйнейшыя па плошчы лясы ў Цэнтр. Еўропе). На вяршынях лугі — паланіны. Шматлікія віды жывёл утвараюць мясц. формы: карпацкія высакародны алень, казуля, вавёрка; з птушак — глушэц, даўгахвостая няясыць, цецярук, рабчык і інш. Частка К.з. ўваходзіць у склад Карпацкага прыроднага парку.

т. 8, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРТАЁ (Cortaillod),

паселішча на палях у Швейцарыі на беразе Неўшатэльскага воз. (каля 3-га тыс. да н.э.). Насельніцтва жыло ў прамавугольных слупавых дамах, займалася пераважна жывёлагадоўляй, часткова земляробствам. Вырабляла паўсферычныя і вастрарэбрыя чашы, мехападобныя пасудзіны, посуд з акруглым тулавам і высокай шыйкай. Вядомы драўляны посуд. Знойдзены галечныя шліфаваныя клінападобныя сякеры, крамянёвыя скрэблы, нажы, наканечнікі стрэл, гарпуны і сякеры з рогу, падвескі, пранізкі і пацеркі з рогу і косці. К. дало назву археал. культуры эпохі сярэдняга неаліту (4-е тыс. да н.э.) ПнЗ і З Швейцарыі і У Францыі.

т. 8, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́НСКІ (Мікалай Міхайлавіч) (3.4.1873, г. Кіраў, Расія — 14.12.1935),

расійскі славіст і дыялектолаг. Чл.-кар. АН СССР (1921). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1896). У 1903—3 5 праф. Пецярбургскага ун-та, Жаночага, Вяцкага і Маскоўскага пед., Гісторыка-філал. ін-таў, 2-га Маскоўскага ун-та. З 1931 кіраўнік Дыялектаграфічнай камісіі Ін-та мовы і мыслення АН СССР. Даследаваў гісторыю рус. і стараж.-балг. моў, рус. дыялекталогіі, слав. палеаграфіі і інш.

Тв.:

Образцы глаголицы. СПб., 1908;

Образцы письма древнейшего периода истории русской книги. Л., 1925;

Очерки языка русских крестьян. М.; Л., 1936.

т. 8, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІВА́Ч,

запаведнік у Расіі, на Пн Карэліі, у бас. р. Суна. Засн. ў 1931 з мэтай аховы аднайм. вадаспаду (выш. падзення 10,7 м; адзін з найб. у Еўропе). Пл. 10,5 тыс. га. Рэльеф тыповы карэльскі: чаргаванне град са шчыльных крышт. парод з рыхлымі адкладамі ці азёрамі ў паніжэннях. Лясы зялёнамохавыя яловыя і хваёвыя з элементамі шыракалістых. У фауне 44 віды млекакормячых, 185 птушак, па 4 паўзуноў і земнаводных, 17 відаў рыб. Звычайныя заяц, куніца, вавёрка, лось, ліс, барсук, качкі, глушэц, рабчык, совы; сустракаюцца мядзведзь, рысь, воўк, расамаха, шэрая курапатка, шулёнак.

т. 8, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЦЯНЁЎСКІ ПА́РК,

помнік садова-паркавага мастацтва. Створаны ў пач. 19 ст. ў в. Кісцяні Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. на беразе Дняпра. Парк пейзажнага тыпу. Пл. каля 15 га. Размешчаны на 2 прыбярэжных тэрасах, уздоўж якіх праходзяць прагулачныя маршруты. Кампазіцыя ландшафтная.

На верхняй паўкруглай тэрасе стаяў сядзібны дом (не захаваўся). У паўн. ч. парку захаваліся рэшткі рэгулярнай планіроўкі — квадрат з кругам унутры, аформлены алеямі хвоі звычайнай, і штучны круглы ў плане ўзгорак. У парку растуць пераважна дрэвы мясц. парод, трапляюцца экзоты.

Н.​С.​Будыка.

т. 8, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́МАВІЦКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі з канца 18 ст. да канца 1923. Утвораны пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Магілёўскай губ. У 1796 скасаваны, у 1802 адноўлены. Цэнтр — г. Клімавічы. Пл. 3711,4 кв. вярсты, нас. 143 287 чал. (1897). Падзяляўся на 13 валасцей, меў 543 нас. пункты, у т. л. 12 мястэчак, 36 сёл, 340 вёсак, 139 хутароў, 82 фальваркі (1908). З 1919 у складзе Гомельскай губ. РСФСР. У снеж. 1923 аб’яднаны з Чэрыкаўскім пав. у Калінінскі павет з цэнтрам у Клімавічах.

У.​Г.​Філякоў.

т. 8, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БРЫНСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў 1520—66 у Падляшскім ваяв. ВКЛ, да 1795 у Брэсцкім ваяв. Рэчы Паспалітай. З 1795 у Слонімскай, з 1797 у Літоўскай, з 1801 у Гродзенскай губ. Рас. імперыі, з 1921 у Палескім ваяв. Польшчы, з 1939 у БССРснеж. 1939 у Брэсцкай вобл.). Цэнтр — г. Кобрын. Пл. 14583,59 га, нас. 124 118 чал., 31 воласць, 475 нас. пунктаў (1886). У студз. 1940 павет скасаваны, яго тэр. ўвайшла ў склад Кобрынскага раёна і суседніх з ім раёнаў.

Л.​Р.​Казлоў.

т. 8, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)