БЕ́ЛЬКІ,

возера ў Беларусі, у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Паловіца, за 29 км на ПнУ ад г. Паставы. Пл. 0,26 км², даўж. 940 м, найб. шыр. 370 м, найб. глыб. 4,2 м, даўж. берагавой лініі 2,2 км. Пл. вадазбору 2,2 км².

Схілы катлавіны на З і У разараныя. Берагі нізкія, на У стромкія, пясчана-галечныя, на З гліністыя, забалочаныя. Усх. і паўд.-ўсх. прыбярэжныя часткі дна пясчана-галечныя з валунамі. Зарастае ўздоўж берагоў. Сцёк з возера ў р. Паловіца, уздоўж усх. берага крыніцы грунтавых водаў.

т. 3, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАГАЎМАЦАВА́ЛЬНЫЯ НАСАДЖЭ́ННІ,

палосы дрэвавай, кустовай або травяністай расліннасці, якія ствараюцца або захоўваюцца па берагах вадаёмаў з мэтай прадухілення ці спынення працэсаў берагавой эрозіі і абразіі. Шыр. 50—300 м. Берагаўмацавальныя насаджэнні замацоўваюць грунт, затрымліваюць змыванне ў вадаёмы ўрадлівай глебы і ўгнаенняў, паляпшаюць умовы пражывання жывёл, павышаюць сан.-аздараўленчыя і рэкрэацыйныя якасці водных аб’ектаў і сумежных тэрыторый. Найлепшыя берагаўмацавальныя насаджэнні: густыя кустовыя зараснікі розных відаў раслін, камбінаваныя складаныя насаджэнні з вярбы (ломкая, руская, шэрая, белая і інш.) і густасцябловых травяністых шматгадовых раслін (чарот, асака, інш. злакі).

Берагаўмацавальныя насаджэнні на рацэ Морач.

т. 3, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАПЯ́Н (Акоп) (29.5.1866, г. Гянджа — 13.11.1937),

армянскі паэт. Нар. паэт Арменіі і нар. паэт Грузіі (1923). З гімназіі выключаны за вальнадумства. Удзельнік рэв. руху ў Закаўказзі, неаднойчы быў арыштаваны. Заснавальнік армянскай пралетарскай паэзіі. Першы зб. «Вершы» (1899). Паэмы «Новы ранак» (1909), «Чырвоныя хвалі» (1911) прысвечаны рэв. руху ў Закаўказзі. Асн. матыў паэзіі 1920—30-х г. — рамантыка сацыяліст. буд-ва (паэмы «Багі загаварылі», 1922; «Шыр-канал», 1924; «Волхаўбуд», 1925; «Горад», 1931).

Літ.:

Манукян С. Акоп Акопян: Критико-биогр. очерк: Пер. с арм. М., 1980.

т. 1, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́ДНА,

возера ў Беларусі, у Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свольна, за 26 км на ПнЗ ад г.п. Расоны. Пл. 0,28 км², даўж. 700 м, найб. шыр. 600 м, найб. глыб. 4,7 м, даўж. берагавой лініі 2,3 км. Пл. Вадазбору 0,33 км².

Схілы катлавіны выш. ад 8 да 20 м, стромкія, на Пн нізкія, пад хваёвым лесам. Берагі высокія, пясчаныя і тарфяністыя. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно глеістае. Вада вылучаецца высокай празрыстасцю (да дна) і нізкай мінералізацыяй, якая абмяжоўвае развіццё расліннасці і арганізмаў. Дно ўкрыта імхамі.

т. 3, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЁЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Лёзненскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мошна, за 2 км на ПдЗ ад г.п. Лёзна. Пл. 0,72 км², даўж. 2,65 км, найб. шыр. 380 м, найб. глыб. 13 м, даўж. берагавой лініі 5,84 км. Пл. вадазбору 9,4 км².

Схілы катлавіны выш. да 3 м, паўн. да 10 м, пераважна разараныя, усх. параслі хмызняком. Берагі пясчаныя, пад хмызняком, на З і У сплавінныя. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, глыбей дно сапрапелістае. Выцякае ручай у р. Мошна. Зарастае да глыб. 2,2 м.

т. 3, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ХАЎСКІЯ ГАРАДСКІ́Я ЎМАЦАВА́ННІ,

сістэма абарончых збудаванняў у г. Быхаў у 16—18 ст. Буд-ва ўмацаванняў, як і Быхаўскага замка, пачата ў 1590 уладальнікам Быхава Я.​К.​Хадкевічам, скончана пасля 1625 пры новым уладальніку горада Л.​Сапегу. Уключалі земляны вал (даўж. 800 м, выш. 7—8 м, шыр. ў аснове да 30 м) з бастыёнам, равелінамі і мураванымі ўязнымі брамамі, амаль такой жа даўжыні абарончы роў, у якім пастаянна была вада. Меліся брамы: Падольная (Дольная), што вяла да Дняпра, Магілёўская (у паўн. частцы горада) і Рагачоўская (Навабыхаўская, у паўд. частцы).

т. 3, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРНО́ВА,

возера ў Беларусі, у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Обаль, за 22 км на ПдЗ ад г. Гарадок. Пл. 2,8 км², даўж. 3,5 км, найб. шыр. 1,62 км, найб. глыб. 10,9 м, даўж. берагавой лініі 10,2 км. Пл. вадазбору 57 км².

Схілы катлавіны выш. 15—25 м, на Пн 5—10 м, параслі хмызняком, на ПнУ і ПнЗ разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, на Пн забалочаныя. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, глыбей дно глеістае. 4 астравы агульнай пл. 0,1 га. Упадае р. Віраўлянка, выцякае р. Бярозаўка.

т. 3, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА, Бярозавае возера,

у Беларусі, ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 23 км на З ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 4,9 км², даўж. 4,1 км, найб. шыр. 1,5 км, найб. глыб. 3,9 м, даўж. берагавой лініі 12 км. Пл. вадазбору 458 км².

Схілы катлавіны выш. 3—5 м, усх. пад лесам і хмызняком, на З і ПдЗ разараныя. Берагі нізкія, месцамі забалочаныя і сплавінныя. Мелкаводдзе шырокае, пясчанае. Зарастае. Злучана ручаём з воз. Глыбач, праз возера працякае р. Дзіва.

т. 3, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Сенненскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Крывінка, за 10 км на ПнУ ад г. Сянно. Пл. 2,6 км², даўж. 5,1 км, найб. шыр. 1,05 км, найб. глыб. 15,8 м, даўж. берагавой лініі 18,9 км. Пл. вадазбору 25,8 км².

Схілы катлавіны выш. 2—8 м, парослыя хмызняком, у верхняй ч. разараныя. Берагі нізкія, забалочаныя, на ПдУ высокія, пад хмызняком. Дно з упадзінамі і мелямі, уздоўж берагоў пясчанае, глыбей сапрапелістае. 4 астравы агульнай пл. 3,8 га. Выцякае р. Бярозка (прыток Крывінкі).

т. 3, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛІ́ШКАЎСКІ ВАЛУ́Н,

помнік прыроды ў Беларусі. На паўд.-ўсх. ускраіне в. Васілішкі Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Валун ружовага буйназярністага граніту (рапаківі) даўж. 4,9 м, шыр. 3 м, выш. 1,7 м, у абводзе 11,7 м, аб’ём 25 м³, маса 66 т. Прынесены ледавіком каля 125 тыс. гадоў назад са Скандынавіі. На паўд. баку мае паглыбленне памерам 0,5 × 0,6 м са згладжанымі і адшліфаванымі сценкамі, якое нагадвае крэсла, каля яго ямка глыб. 3 см, у папярочніку 5 см. У стараж. часы валуну пакланяліся.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 4, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)