адлюстрава́цца, ‑руецца; зак.
1. Адбіцца ад гладкай бліскучай паверхні, узяць адваротны напрамак (пра светлавыя прамені).
2. Даць свой адбітак, малюнак на люстранай паверхні. Вада сцякла ў нізкія месцы і стаяла там, і ў ёй адлюстравалася хмарыстае неба. Чорны. // Адбіцца ў свядомасці чалавека ў форме вобразаў і паняццяў (пра з’явы аб’ектыўнай рэальнасці).
3. Знайсці выяўленне, увасобіцца ў мастацкіх вобразах. // Выявіць свае найбольш істотныя рысы, якасці, асаблівасці; праявіцца. У той ці іншай меры грамадска-палітычная тэрміналогія адлюстравалася ў старабеларускіх помніках розных жанраў. Булыка.
4. Выявіцца, атрымаць знешняе праяўленне. Рыгор завярнуў каня, спыніў яго і спакойнымі вачыма, у якіх адлюстравалася трошачкі іранічная ўсмешка, паглядаў на брата. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
займе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., каго-што.
1. Абзавесціся кім‑, чым‑н., набыць каго‑, што‑н. Займець дзяцей. Займець карову. □ Апанас займеў сваю хату і крыху паставіў на ногі гаспадарку. Кавалёў. // Набыць, здабыць. Там жа, на Урале, Сцяпан займеў спецыяльнасць шахцёра. І працаваў не абы-як. Гроднеў.
2. Завесці, устанавіць. — Вось такі займець парадак у калгасе ўсюды можна! Броўка.
3. Адчуць (жаданне, ахвоту і пад.). Іра сама спынілася ля старэнькай форткі, і я зразумеў, што яна займела намер паглядзець маё халасцяцкае жытло. Сабаленка. І па суровай постаці Нялёгка зразумець, Якія словы вострыя І думкі ён займеў. Панчанка.
•••
Займець моду — тое, што і узяць моду (гл. узяць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
запіса́цца, ‑пішуся, ‑пішашся, ‑пішацца; зак.
1. Унесці сябе ў які‑н. спіс. Запісацца на прыём да ўрача. // Уступіць куды‑н., уключыцца ў лік каго‑н. Запісацца ў калгас. □ Нястомная і няўрымслівая Каця запісалася ва ўсе гурткі і ўсюды паспявала. Шамякін. // Разм. Палічыць сябе кім‑н., прылічыць сябе да каго‑н. Былы панскі лёкай Мацвей Цюхна з аканомам Падвысоцкім запісаліся ў мяцежнікі. Якімовіч.
2. з кім і без дап. Разм. Аформіць дакументы аб уступленні ў шлюб. У Тэклі сын з дачкой суседкі пакахаўся і неўзабаве запісаўся. Корбан.
3. Аказацца запісаным, улічаным. — А вяровак я паўю. Прыйду ды наўю. Можа і мне, старому, які дзень запішацца. Сабаленка.
4. Захапіўшыся пісаннем, забыцца на час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
любата́, ‑ы, ДМ ‑баце, ж.
1. Тое, што люба, што выклікае захапленне прывабнасцю, прыгажосцю. Тут [у клеці] нейкая асаблівая сцішанасць, нейкая адменная любата. Сабаленка.
2. у знач. вык. Пра захапленне, зачараванне кім‑, чым‑н., задавальненне ад каго‑, чаго‑н. [Дзед Мацей:] — Бач, якое падвор’е, проста любата. Ляўданскі. Ехаць па лесе — адна любата. Гамолка. [Доўнар:] — Хлопцы — любата, адзін у адзін. Дуброўскі. // безас. у знач. вык., з інф. Прыемна. Любата глядзець, як пад напорам.. моцных рук вянок за вянком узнімаюцца ўгору новыя хаты. Васілевіч. А касілка косіць-рэжа, Ажно глянуць любата. Ставер. // у знач. выкл. Ужываецца пры выказванні прыемнага ўражання. [Собіч:] — Любата! Проста любата, Марына Барысаўна! Цяпер у нас зусім другая карціна. Скрыган. [Андрэй Сцяпанавіч:] — Паглядзіце, якое ворыва! Любата! Бялевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
набрысці́, ‑брыду, ‑брыдзеш, ‑брыдзе; ‑брыдзём, ‑брыдзяце; пр. набраў, ‑брыла, ‑ло; зак.
1. на каго-што і без дап. Ідучы, выпадкова на каго‑, што‑н. наткнуцца, натрапіць, убачыць каго‑, што‑н. Неяк пад восень, на тарфяным балоце, ноччу .. [Казя] набрыла на поўную вады [яму]... Брыль. І ў цяньку пад плотам я набрыў на хлопчыка, які соладка спаў. Пестрак. — Хадзем адсюль, а то яшчэ хто набрыдзе, сорамна будзе, — сказала Галя. Сабаленка. // перан.; без дап. З’явіцца, узнікнуць. Зноў набрылі тыя неспакойныя думы: а каб чаго не выйшла? Броўка.
2. безас. Разм. Прыйсці ў нейкай колькасці. Украінцаў тут гурма Й Старобінцаў нашых Набрыло, як на кірмаш, На багнаву пашу. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
на́валач, ‑ы, ж.
Разм.
1. Хмары, туман, смуга. На момант святлее, а пасля навалач насоўваецца ізноў. Пестрак. Ноч пацямнела, у змрочнай навалачы зусім знік месяц. Быкаў.
2. Груб. Той, хто прыйшоў, з’явіўся аднекуль, не тутэйшы. — Нейкая навалач з усяго свету сядзіць у Наносах, як скула, і адважваецца папракаць яго, Сцяпана Івашкевіча! Чарнышэвіч.
3. зб. Пагард. Зброд, варожыя людзі. Фронт штодзённа патрабаваў як мага больш паравозаў, баявой тэхнікі для барацьбы з фашысцкай навалаччу. Сабаленка.
4. Тое, што і напасць. «І што гэта за навалач такая,.. — не гараць дровы, хоць ты трэсні». Сіпакоў. «Што за навалач?» Боль, уеўшыся ў спіну, дзіўным водгуллем чуўся то ў баку, то ў жываце. Вышынскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
налама́ць, ‑ламлю, ‑ломіш, ‑ломіць; пр. наламаў, ‑мала; заг. наламі; зак.
1. чаго. Зламаць нейкую колькасць чаго‑н. Наламаць букет бэзу. Наламаць галля. □ Нупрэй жыва наклаў агню, наламаў бярэмя яловых лапак, палажыў іх каля агню, заслаў воўчаю шкураю. Колас. // Паламаць, сапсаваць вялікую колькасць чаго‑н. Наламаць цацак.
2. што. Зламаць не да канца, надламаць. Наламаць галіну.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан.; каго. Разм. Схіліць да чаго‑н., угаварыць заняцца чым‑н. У Лаўрэна былі тры сыны. Ён таксама хацеў іх наламаць на краўцоўства, але яны ні блізка. Сабаленка.
•••
Наламаць дроў — нарабіць памылак пры выкананні чаго‑н.
Наламаць руку — тое, што і набіць руку (гл. набіць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
начы́нне, ‑я, н., зб.
1. Набор прадметаў, інструментаў для выканання якой‑н. работы. Улетку цесляры вандравалі са сваім начыннем — пілкаю і сякерамі — па ўсёй ваколіцы. С. Александровіч. Начыння ў кузні было не вельмі многа: два меншыя молаты і адзін вялікі. Сабаленка.
2. Сукупнасць прадметаў хатняга, гаспадарчага, ваеннага і пад. ўжытку. Цётка Арына бразгала на кухні начыннем, нешта гаварыла напаўголас, відаць, толькі для сябе. Асіпенка. Пад нагамі розная вайсковая амуніцыя і начынне: сёдлы для кухань і кулямётаў, лапаты, кіркі і нейкія жалязякі, густа змазаныя аўтолам. С. Александровіч. Усялякія прабіркі, колбы, адным словам — шкляное начынне, патрэбнае для лабараторнай працы, дзяўчаты стаўлялі на паліцы ў кладоўцы. Дубоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
недарэ́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑рацы, Т ‑ай (‑аю), ж.
Разм.
1. Някемлівы, няўмелы чалавек; недалуга (у 2 знач.). [Юрку] здавалася, што ў яго нічога па-людску не выйдзе, і ён будзе выглядаць недарэкам. Карпаў. // Адсталы чалавек. Студэнт размаўляў са мной у манеры чалавека, перад якім хоць і добры вясковы хлапец, але ж .. недарэка ў параўнанні з ім, гарадскім бітым воўкам. Карпюк.
2. Тое, што і няўклюда. Апранутая ў заваляшчую сялянскую вопратку, Алімпа сапраўды мела выгляд нейкай вясковай недарэкі. Сабаленка.
3. Слабы, хваравіты, непрацаздольны чалавек; інвалід; недалуга (у 1 знач.). [Міканор:] — Паехалі.. [у Амерыку] здаровымі хлапцамі, а прыехалі адтуль хворымі, старымі недарэкамі. Бялевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
не́мач, ‑ы, ж.
Разм.
1. Недамаганне, слабасць; хвароба. Маці.. забывалася на немач, увіхалася ля печы, цешылася з сустрэчы. Вышынскі. [Шэмет:] «Што, ужо начальства немач бярэ? Дваццаць метраў прайсці не можа?» Лобан. [Кац] прайшоў не адну царскую ссылку, і, відаць, арганізм яго выпрацаваў у сабе здольнасць незвычайна супраціўляцца рознай немачы. Сабаленка.
2. Гора, няшчасце. [Юстына:] — Неўзабаве і Мікіта прыйшоў, што быў у матросах. Ды на табе, зноў немач — паны нахлынулі. Гурскі. Аляксандр Іванавіч быў добрай душы чалавек, але вось гэтая немач — немач, насланая вайною... Пестрак.
•••
Каб на яго (яе, іх, цябе, вас) немач; няхай яго (яе, іх, цябе, вас) немач — праклён са значэннем «чорт яго (яе, іх, цябе, вас) бяры».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)