БАРАНА́,

земляробчая прылада для рыхлення (баранавання) глебы. Выкарыстоўваецца з часоў пашырэння ляднага земляробства. На Беларусі вядомы тыпы бараны: вершаліна (найб. архаічны тып), смык, плеценая (вязаная) і брусковая (рамная). Найб. пашыранай была плеценая барана. Мела дугападобную форму, крацісты каркас утваралі 4—6 радоў прутоў, на скрыжаванні якіх замацоўвалі дубовыя (ад 16 да 35) зубы. Аснову брусковай бараны складала драўляная рашотка з драўлянымі, а з канца 19 ст. жал. зубамі. З пач. 20 ст. пашыраны жалезныя бароны, традыцыйныя захоўваліся эпізадычна.

Сучасныя бароны бываюць зубавыя і дыскавыя, агульнага і спец. выкарыстання, прычапныя, навясныя і паўнавясныя. Агрэгатуюцца з трактарамі на счэпках, могуць працаваць разам з плугамі, сеялкамі, культыватарамі. Бароны агульнага прызначэння складаюцца з асобных звёнаў, якія злучаюцца ў агрэгаты з рознай шырынёй захопу.

Зубавыя бароны выкарыстоўваюць для выраўноўвання і рыхлення паверхні раллі, баранавання пасеваў. Падзяляюцца на цяжкія, сярэднія і лёгкія, ці пасяўныя. Пашыраны зубавыя бароны тыпу «зігзаг», шлейф-бароны, сеткавыя, спружынныя, драцяныя, нажавыя, лугавыя шарнірныя, пашавыя і інш. Дыскавыя бароны выкарыстоўваюць пераважна для рыхлення здзірванелых пластоў і разбурэння камякоў глебы (пры апрацоўцы зябліва, лугоў і пашы, лушчэнні ржышча). Рабочыя органы гэтых баронаў — сферычныя гладкія ці выразныя дыскі. Бываюць і з ігольчастымі дыскамі (для паверхневага рыхлення глебы пад іржышчам і выраўноўвання паверхні мікрарэльефу). Спец. балотныя і садовыя дыскавыя бароны выкарыстоўваюць для рыхлення глебы і знішчэння пустазелля ў міжрадкоўях садоў і ягаднікаў. Нажавая вярчальная барана аб’ядноўвае прынцыпы работы зубавай і дыскавай баронаў. Шырыня захопу зубавых баронаў ад 1 да 21 м, глыбіня апрацоўкі 2—10 см; дыскавых адпаведна ад 2 да 14 м, 10—20 см.

Літ.:

Карпенко А.Н., Халанский В.М. Сельскохозяйственные машины. 6 изд. М., 1989.

В.​С.​Цітоў (этнаграфія), У.​М.​Сацута.

Барана плеценая.
Да арт. Барана: 1 — навясная зубавая тыпу «зігзаг» (секцыя); 2 — дыскавая; 3 — спружыновая; 4 — шлейф-барана; 5 — пашавая шарнірная; 6 — ігольчастая.

т. 2, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЭЛІ́РАВАННЕ ў навуцы і тэхніцы,

1) даследаванне складаных фіз. працэсаў, з’яў, аб’ектаў шляхам пабудовы і вывучэння іх мадэлей. Грунтуецца на падобнасці тэорыі і размернасцей аналізе.

Мадэль аб’екта, геаметрычна падобная да арыгінала, мае паменшаны або павялічаны памер, а мадэль працэсу (з’явы) можа адрознівацца ад рэальнага працэсу колькаснымі фіз. характарыстыкамі (магутнасцю, энергіяй, ціскам, шчыльнасцю асяроддзя, амплітудай ваганняў, сілай узаемадзеяння, скорасцю і інш.). Падобнымі наз. з’явы, у якіх усе працэсы (поўная падобнасць) ці найб. важныя пры пэўным даследаванні (лакальная падобнасць) адрозніваюцца ад параметраў другой з’явы ў пэўную колькасць разоў. Найб. пашырана М. гідрааэрамех з’яў, мех. уласцівасцей канструкцый і збудаванняў, цеплавых і аэрадынамічных працэсаў, натурных умоў функцыянавання складаных тэхн. сістэм. М. шырока карыстаюцца ў буд. справе, гідраўліцы і гідратэхніцы, авіяцыі, ракетнай і касм. тэхніцы, у судна-, прылада- і машынабудаванні, нафта- і газаздабычы, цепла- і электратэхніцы (напр., М. электраэнергет. сістэм), навук. даследаваннях (фіз. эксперыментах) і інш. З паяўленнем ЭВМ пашырылася т.зв. аналагавае М. з выкарыстаннем спецыяльна сканструяваных для гэтага аналагавых вылічальных машын, якія мадэліруюць суадносіны паміж бесперапынна зменнымі велічынямі (машыннымі пераменнымі) — аналагамі адпаведных зыходных пераменных. Вядучае месца сярод інш. метадаў даследаванняў належыць матэматычнаму мадэліраванню з дапамогай лічбавых электронных вылічальных машын, пры якім даследаванне рэальных з’яў зводзіцца да рашэння адпаведных матэм. задач. Увядзенне ў практыку ЭВМ і машыннае, або кібернетычнае, М. (жывых сістэм, інж сетак, працэсаў распазнавання, сістэмы «чалавек—машына» і інш.) дазваляе вывучаць складаныя сістэмы і з’явы без пабудовы іх фіз. мадэлей.

2) Выраб мадэлей новых прамысл. вырабаў, якія плануецца выпускаць, для адпрацоўкі іх аптымальнай канструкцыі і формы; адзін з асн. метадаў мастацкага канструявання.

3) Выраб мадэлей самалётаў, суднаў і інш. у спартыўных (гл. Мадэлізм спартыўны), доследных і навуч. мэтах (дэманстрацыйнае М.).

Літ.:

Чавчанидзе В.В., Гельман О.Я. Моделирование в науке и технике. М., 1966;

Полисар Г.Л. Моделирование. М., 1963;

Новик И.Б. О моделировании сложных систем. М., 1965;

Седов Л.И. Методы подобия и размерности в механике. 10 изд. М., 1987.

У.​М.​Сацута.

т. 9, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САХА́,

традыцыйная ворная прылада. Выкарыстоўвалася ў лясной паласе Усх. Еўропы, Урала, Сібіры. На Беларусі С. з жалезным сашніком вядома з канца 1-га тыс. Паводле канструкцыі вылучаюць С.: палескую (літоўскую, падляшскую), віцебскую (рускую, перакладку), падняпроўскую (магілёўскую або беларускую). На ПдЗ Беларусі была пашырана палеская С., якая складалася з корпуса (рагача) са ствала дрэва, выкапанага з коранем, і рабочай часткі (расохі, плахі). Яна рабілася найчасцей з бярозы і мела раздвоены канец, на які набівалі жалезныя сашнікі. Была асіметрычнай: розная форма і пастаноўка сашнікоў і адвальных дошак (паліцы). Падобнага тыпу С. вядома і на Укр. Палессі, польскім Падляшшы, літ. Аўкштайціі. У Панямонні сустракалася С. больш лёгкая, з дзвюма паліцамі і аднолькавымі сашнікамі. Замест дышля яна мела кароткі градыль, да якога прыстасоўвалі аглоблі для коннай запрэжкі. У Паазер’і шырока выкарыстоўвалі С. віцебскага тыпу з перакладной паліцай для коннай запрэжкі з аглоблямі. На Падняпроўі выкарыстоўвалася С. з больш доўгай і стацыянарнай паліцай, замацаванай пад левы сашнік. Конь запрагаўся ў пастронкі, што мацаваліся да канца аглабель. Даўжынёй пастронка рэгулявалася глыбіня ворыва. На Палессі бытавала і С. без паліц. У Цэнтр. Беларусі сустракалася і С. з адной паліцай. У 19 ст. ў Барысаўскім і Ігуменскім пав. на сугліністых глебах выкарыстоўвалі С. палескага тыпу (паўзуха), на пясчаных завалуненых і лясных глебах — лёгкую С. колавага тыпу, т.зв. дрынду, з вузкімі трубчастымі сашнікамі і амаль вертыкальна пастаўленай расохай. Такія С., відаць, былі пашыраны ў эпоху сярэдневякоўя, пра што ўскосна сведчаць знаходкі трубчастых сашнікоў у стараж. слаях (11—13 ст.) Полацка, Мінска, Друцка. У 19 ст. колавая С. без паліцы выкарыстоўвалася пры першым узорванні папару, а пры ворыве пад сяўбу — С. з шырокімі сашнікамі і адвальным прыстасаваннем. С. без паліц выкарыстоўваюць пры акучванні бульбы і ў наш час у паўн. Беларусі.

В.​С.​Цітоў.

Палеская саха.
Падняпроўская (магілёўская) саха.
Віцебская саха.

т. 14, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Тара́н 1 тара́нка ’разнавіднасць плоткі, якую спажываюць у салёным і вяленым выглядзе’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Растарг.), тара́н ’вобла’ (Яруш.), ’сушаная або вэнджаная рыба; худы, знясілены чалавек’ (парыц., Янк. Мат.), ’сушаная рыба’ (Касп., Сержп. Казкі), ’плотка’ (чэрв., слаўг., Жыв. св.), ’худы чалавек’ (Жд. 2, Мат. Гом.), тара́нка, тара́нь ’сушаная рыба’ (ТС), тара́нка, тара́нька ’тс’ (Мат. Гом.). Укр. тара́ня ’рыба Rutilus rutilus’, рус. тара́нь ’тс’, польск. tarań ’тс’, чэш. дыял., славац. дыял. taran ’рыбец’, балг. тара́н ’таранка’. З цюркскіх моў, параўн. казах. тыран ’лешч’. Значэнне ’худы чалавек’ пераноснае (Фасмер, 4, 22; ЕСУМ, 5, 519). Няяснымі застаюцца адносіны да чэш., в.-луж. taran ’карп’ (< ням. Tharant, гл. Усачова, Слав. ихт. терм., 18; параўн. Брукнер, 565).

Тара́н 2 ’старажытная прылада, якой разбівалі крапасныя сцены, мела выгляд бервяна з металічным наканечнікам’, ’прамы ўдар носам карабля, вінтом самалёта па варожай машыне ў час бою’ (ТСБМ), ’муралом’ (Некр. і Байк.), ’тоўсты абрубак дрэва для збівання алею ў алейніцы’ (Дэмб. 2), ’бервяно’ (Растарг.), ст.-бел. таран ’таран’: били на мур тараны. Укр., рус. тара́н, стараж.-рус. таранъ (XIII ст.) ’прыстасаванне для разбівання сцен у выглядзе бервяна з завостраным металічным канцом’, польск. taran ’тс’, чэш. taran ’баба для забівання паляў’. Дапускаецца запазычанне праз польскую мову з с.-в.-ням. tarant ’абложны механізм; скарпіён; дракон’ < італ. taranto < tarantola ’тарантул’ (Фасмер, 4, 21; ЕСУМ, 5, 518; Махэк₂, 636; Віткоўскі, Słownik, 184). Менш верагодна кантамінацыя ст.-рус. баранъ ’сценабітная прылада’ і тълкнути, тыкати, търгати (Чарных, 2, 229) або сувязь з польск. tarać się ’качацца’ (Брукнер, 565), гл. церціся, параўн. чэш. beran ’таран’ і ’баран’, серб.-харв. о́ван (< прасл. *ovьnъ) ’таран’ і ’баран’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сірэ́на, ‑ы, ж.

1. У грэчаскай міфалогіі — марская істота, якую ўяўлялі ў выглядзе жанчыны з хвастом рыбы або птушкі з жаночай галавой і якая сваімі спевамі заваблівала маракоў у гібельныя месцы.

2. Сірэ́ны, ‑рэ́н. Атрад буйных водных млекакормячых з ластамі і хваставым плаўніком, што жывуць у цёплых морах і рэках.

3. Прылада для атрыманая гукаў рознай вышыні і вымярэння гукавых ваганняў.

4. Апарат, прыстасаванне для падачы моцных, рэзкіх гукавых сігналаў; гукі, якія падаюцца такімі прыстасаваннямі. Раптам завыла сірэна, абвясціўшы паветраную трывогу. Няхай. Рыгор прачнуўся і прыслухаўся: у пакой урывалася зычнае гудзенне фабрычных сірэн. Гартны. За бакенамі ўзнік абрыс, Пачуўся гук сірэны стрэчнай. Лужанін. Горад бурліў і кіпеў пасля начнога спачынку, і, здавалася, у адно зліваліся і шоргат крокаў пешаходаў, і лёскат трамваяў, і сірэны аўтамашын. Хадкевіч.

[Ад лац. siren.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Касы́ ’косы’. Агульнае значэнне ў гэтага прасл. слова ’косы, крывы і да т. п.’ Прасл. *kosъ: параўн. рус. косо́й, укр. ко́сий, бел. касы́, ко́сы, польск. kosy, чэш. kosý, славац. kosý, серб.-харв. ко̏с і г. д. Прасл. *kosъ ’косы. крывы’ таго ж кораня, што і ў слове *kosa ’прылада для касьбы і да т. п.: параўн. бел. каса́, рус. коса́, укр. коса́, польск. kosa, чэш. kosa, серб.-харв. ко̀са, славен. kósa, в.-луж., н.-луж. kosa і г. д. (< прасл. *kosa). Паводле Трубачова, Эт. сл., 11, 177–179 (асабліва 179), складаная праблематыка гісторыі прыметніка *kosъ можа быць высветлена, калі прыняць самастойнае развіццё і ўтварэнне прыметніка *kosъ ад дзеяслоўнага кораня *kes‑, які ляжыць у аснове *česati. Гл. яшчэ Слаўскі, 2, 535; Шанскі, 2, К, 351–352.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сяке́ра ’прылада з лязом на тапарышчы’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Касп., Сл. ПЗБ, Др.-Падб., Сцяшк., Стан., Бяльк.), сякі́ра ’тс’ (Шымк. Собр., Стан.), саке́ра ’тс’ (Сержп. Грам., Янк. 2, Скарбы, ЛА, 2), соке́ра ’тс’ (ТС, ПСл, Шн., 3, Арх. Вяр.), сокі́ра ’тс’ (Булг.), сако́ра ’тс’ (Пятк. 2, Янк. 2, Скарбы). Укр. соки́ра, рус. секи́ра, стараж.-рус. секы́ра, сѣкыра, сокы́ра, ст.-бел. секера, секира, сокера, сокира ’прылада для сячэння і часання дрэва; зброя ў выглядзе сякеры’ (Корчыц, Даследаванні па літаратуры і мове. Гродна, 1967, 123), польск. siekera, в.-луж., н.-луж. sekera, чэш. sekyra, славац. sekera, серб.-харв. сѐкира, славен. sekíra, балг. секи́ра, макед. секира, ст.-слав. секыра. Прасл. *sekyra роднаснае лац. secūris ’сякера’, і далей, прасл. *sěkti ’сячы’, ст.-в.-ням. saga, sěga ’піла’; Мее, 410; Траўтман, 255; Вальдэ-Гофман, 2, 506; Торп, 424. Бязлай (3, 224) на аснове сербска-харвацкіх і шэрагу славенскіх формаў, а таксама (ст.)-ц.-слав. сѣкыра з доўгім вакалізмам узнаўляе яшчэ прасл. дублет *sěkyra, дзе даўжыня галосных тлумачыцца ўплывам *sěkti ’сячы’ (гл. Міклашыч, 290; Лекарцы, 895; Махэк₂, 540; Фасмер, 3, 592 і інш.), Варбат (Морфон., 91) — *sokyra (параўн. украінскую і старажытнарускую формы). Геаргіеў (LP, 4, 1953, 109) указвае на няяснасць словаўтварэння і падобнасць на асір. šukurru, ст.-яўр. šegōr ’сякера’; Слаўскі (SP, 2, 28) прасл. *sekyra, *sěkyra лічыць дэрыватамі з суфіксам ‑yra ад каранёў *sek‑: *sěk‑. Супраць запазычання з лацінскай (Брандт, РФВ, 24, 146 і інш.) або нейкай іншай індаеўрапейскай мовы Фасмер, там жа. Мартынаў (Язык, 86–87) разглядае як пранікненне з італійскіх моў у праславянскі перыяд. Гл. Шустар-Шэўц, 1281; ЕСУМ, 5, 345; ESJSt, 13, 798.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бо́йка ​1, ‑і, ДМ ‑йцы; Р мн. боек; ж.

Прылада для збівання масла з вяршкоў малака, са смятаны. Накрыўка ў бойцы выскачыла, і ўся смятана вылілася. Якімовіч.

бо́йка ​2, ‑і, ДМ ‑йцы; Р мн. боек; ж.

Сварка, сутычка з узаемнымі пабоямі; бой. Хацелася сваімі вачамі пабачыць тыя месцы, дзе не так даўно ішла такая бойка, якой яшчэ не ведаў свет. Кулакоўскі. // перан. Змаганне, барацьба з чым‑н., за што‑н. Трактары — гэта коні сталёвай хады — выйшлі ў бойку змагацца з нягодай. Хведаровіч.

бо́йка ​3, прысл.

Жвава, энергічна. Гандаль ідзе бойка. □ Недзе побач бойка ціўкала сініца. Лынькоў. А з дзядзькам пойдзеш — так цікава! Яны [хлопцы] йдуць бойка і рухава, Бо зімні холад падганяе. Колас. — Добры дзень, — павіталіся мы з дзяўчынкай. — Добры дзень, калі не жартуеце, — бойка адказала [Аніся]. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нож, нажа, м.

1. Прылада для рэзання, якая складаецца з ляза і ручкі. Зрабіўшы нажом метку на яліне, дзед важна стаў у баявую позу і падняў пісталет угору. Лынькоў. Шаройка бегаў сам на кухню, прыносіў відэльцы, нажы. Шамякін.

2. Рэжучая частка розных машын, інструментаў. Два калгаснікі завіхаліся каля сячкарні. Адзін падаваў салому ў жолаб пад зубы і нажы, а другі круціў кола спецыяльна прыстасаванаю ручкаю. Колас.

•••

Фінскі нож — кароткі з тоўстай рэжучай часткай нож, які носяць у ножнах.

Без нажа зарэзаць гл. зарэзаць.

Легчы пад нож гл. легчы.

На нажах з кім — у варожых адносінах.

Нож у спіну каму — аб подлым, здрадніцкім ўчынку.

Памерці пад нажом гл. памерці.

Прыстаць з нажом да горла гл. прыстаць.

Тачыць нож гл. тачыць.

Як нажом адрэзаць гл. адрэзаць.

(Як) нож у сэрца — наносіць крыўду, боль, пакуты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спуск, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. спускаць — спусціць (у 1–3, 6–8 і 11 знач.) і спускацца — спусціцца (у 1, 2 і 5 знач.).

2. ‑а. Месца, па якім спускаюцца ўніз, нахіленая плоскасць. Найгорш было сыходзіць на крутым спуску каля суседняй вуліцы. Пальчэўскі. Са свістам і галёканнем праходзіла чарада гарадскіх падлеткаў, шукаючы спуска да ракі. Ракітны.

3. ‑а. Кручок у агнястрэльнай зброі, які націскаюць пальцам, каб зрабіць выстрал; спускавы кручок. // Прыстасаванне ў фота- і кінаапараце для адкрывання затвора аб’ектыва.

4. ‑а. Сталярная прылада з доўгай калодкай для выраўноўвання паверхні; фуганак.

5. ‑а. Спец. Пропуск у верхняй частцы старонкі перад пачаткам раздзела кнігі.

6. ‑а. Спец. Расстаноўка звярстаных палос набору ў такім парадку, які забяспечвае правільную паслядоўнасць старонак.

•••

Не даць спуску каму гл. даць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)