пасада ў Польшчы і ВКЛ. У Польшчы ў 12—13 ст. К. — намеснік князя або караля на пэўнай тэрыторыі з цэнтрам у замку. Ажыццяўляў адм.-вайсковую і суд. ўладу над залежным насельніцтвам. Пасля з’яўлення ў пач. 14 ст. старостаў страціў рэальную ўладу, але меў гарантаванае месца ў каралеўскай радзе, пасля ў Сенаце. Існавалі да 1831. У ВКЛ уведзены ў 1413 у Вільні і Троках, у 1566 — у інш. ваяводскіх гарадах. Уваходзілі ў Раду ВКЛ, з 1569 у Сенат Рэчы Паспалітай. К. не меў акрэсленых функцый, у службовай іерархіі займаў месца пасля ваяводы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПАТАНО́ГІЯ (Scaphopoda),
лодканогія, клас марскіх малюскаў. 2 атр., 26 родаў, каля 1000 відаў. Вядомы з ардовіку. Пашыраны ўсюды, найб. разнастайныя ў трапічных морах. Жывуць на дне да глыб. 7,5 км. Вядуць рыючы спосаб жыцця. Найб. вядомы прадстаўнік марскі зуб (Dentalium vulgaris).
Даўж. ад 0,15 да 15 см. Цела двухбакова-сіметрычнае, размешчана ў трубчастай, злёгку выгнутай ракавіне, пярэдняя адтуліна якой шырэйшая за заднюю. Праз яе Л. высоўваюць галаву і нагу. Над галавой ёсць скурныя складкі з пучкамі ніткападобных вусікаў (каптакуламі), пры дапамозе якіх Л. выконваюць функцыі дотыку і захопу корму. Кормяцца дробнымі доннымі арганізмамі і інш. Раздзельнаполыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫ́НТУПСКІ АНДРЭ́ЕЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неабарока ў г.п. Лынтупы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1908—14 на месцы старога драўлянага храма, фундаванага віленскім ваяводам Андрэем Альгердавічам у 1459. Мураваная 2-вежавая 3-нефавая базіліка з паўкруглай апсідай. 2-ярусны «карабель» храма схаваны за кулісай гал. фасада, цэнтр якога вылучаны 2-ярусным рызалітам пад трохвугольным франтонам. На фасадзе і верхніх ярусах чатырохгранных веж-званіц, завершаных гранёнымі ліхтарамі над гранёнымі сферычнымі купалкамі, сканцэнтравана арх.-дэкар. пластыка: тонкапрафіляваныя карнізы, пілястры, арачныя нішы-экседры, круглыя люкарны. Рытміку плоскасных бакавых фасадаў ствараюць высокія арачныя аконныя праёмы. Вакол касцёла бутавая агародка з 3-пралётнай брамай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІ́П (грэч. polypus літар. мнаганогі),
паталагічнае ўтварэнне, якое ўзвышаецца над паверхняй слізістых абалонак (верхніх дыхальных шляхоў, жан. палавых органаў, страўнікава-кішачнага тракту, прыдатачных пазух носа і інш.). Перадпухлінны працэс, напр., паліпоз тоўстай кішкі — аблігатны перадрак. Адрозніваюць пухлінны — адэнаматозны П. (напр., страўніка, кішэчніка), дысгарманальны (эндаметрый), запаленчага (гіперпластычны, алергічны) і дызантагенетычнага паходжання (напр., ангіяматозны), П. няяснай этыялогіі. Памеры ад некалькіх міліметраў да некалькіх сантыметраў, бываюць рознай формы і кансістэнцыі, з гладкай дольчатай ці варсістай паверхняй. Напр., адэнаматозны П. складаецца ў асноўным з залозістай тканкі, дысгарманальны і запаленчы — са злучальнай. Бывае плацэнтарны П., які ўзнікае ў матцы пасля цяжарнасці. П. могуць нагнойвацца, пакрывацца язвамі, кроватачыць. Лячэнне хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЦЮКЕ́ВІЧ (Уладзімір Генрыхавіч) (н. 1.3.1943, в. Цяцеркі Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.),
бел.паэт. Скончыў Бел.ін-т механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі (1969). З 1969 працаваў у буд. арг-цыі ў Мінску, у 1988—2000 у Бел.дзярж. музеі нар. архітэктуры і побыту. Друкуецца з 1975. Яго творы ўвайшлі ў калект.зб-кі «Лагодны промень раніцы» (1988) і «Браслаўшчына азёрная мая» (1998). Паэзія П. адметная лірычнасцю, патрыят. пафасам, паглыбленым роздумам над складанымі праблемамі сучаснасці і гісторыі роднай зямлі. На яго вершы напісана араторыя «Зорка Палын» (кампазітар Дз.Далгалёў), шматлікія песні (кампазітары М.Алешка, Далгалёў, Л.Захлеўны, М.Пецюкевіч, П.Яроменка і інш.).
Прысло́н, прысло́нь, пры́слань, прысло́нік, прысло́ны ’месца, якое добра асвятляецца сонцам’; ’схіл гары, звернуты да сонца; сонечны бок’ (полац., Нар. лекс.; в.-дзв., даўг., брасл., маст., Сл. ПЗБ), прысло́ньне ’чырвоны слуп над сонцам на захадзе’ (кобр., Нар. лекс.), пры́сонне ’круг вакол сонца’ (Клім.). Спалучэнні прыназоўніка пры (гл.) і назоўніка *слонь, *сонь, што перадаюць старую форму прасл.*sъlnь ’сонца’, якая была заменена ў славянскіх мовах вытворным з памяншальным суфіксам *sъlnьce — літаральна ’сонейка’. Параўн. форму з поўнагалоссем рус.по́солонь ’па сонцу’, гл. Фасмер, 3, 340.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ДЗЯРЖАЎНЫЯ ДАХО́ДЫ,
фінансавыя сродкі, якія паступаюць у дзярж.бюджэт і складаюць даходную частку цэнтралізаваных фін. рэсурсаў дзяржавы. Выкарыстоўваюцца дзяржавай для ажыццяўлення сваіх функцый. Утвараюцца ў асноўным за кошт чыстага даходу ў форме падатку з абароту, плацяжоў прадпрыемстваў і арг-цый з прыбытку, мытных даходаў, узносаў па сац. страхаванні, падаходнага падатку. Крыніцамі Дз.д. з’яўляюцца таксама даходы ад жыллёвага фонду, лясны даход, выручка ад рэалізацыі безгаспадарчай і канфіскаванай маёмасці, незапатрабаваных грузаў і паштовых адпраўленняў, маёмасці прадпрыемстваў, што ліквідуюцца, арг-цый і ўстаноў, даходы ад платных паслуг. Да Дз.д. належаць паступленні сум, якія перавышаюць даходы над расходамі па спец. сродках бюджэтных устаноў, ад арэнднай платы і інш. Адна з формаў папаўнення Дз.д. — замежныя пазыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ ІЛЬІ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства канца 18 ст. Пабудавана ў гіст. раёне Гомеля на беразе р. Сож. Раней тут быў храм старавераў пад назвай Спасаў. Пасля на яго месцы пабудавана драўляная Ільінская царква, у 1794 перабудавана. Побач з ёй існаваў мужчынскі і жан. скіт старавераў. У 1850 скіт і царква закрыты; абразы і рэдкія кнігі перададзены ў Гомельскую Петрапаўлаўскую царкву. З 1852 царква зноў дзейнічае, у 1853 пры ёй засн. аднаверскі прыход. Будынак царквы складаецца з трох зрубаў, пастаўленых адзін за адным па падоўжнай восі. Зрубы нефа і бабінца прамавугольныя ў плане, алтарнай апсіды — 5-гранны. Над бабінцам надбудавана шмат’ярусная вежа-званіца (васьмярык на чацверыку).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫНІ́ЦА (Антук) (сапр.Ждановіч Антон Паўлавіч; 18.4.1898—26.12.1937),
бел. акцёр. Брат Ф.П.Ждановіча. З 1917 у Першым бел. т-ве драмы і камедыі, з 1918 у Бел.сав. т-ры, з 1920 у БДТ-1. У 1937 рэпрэсіраваны, расстраляны ў Мінску. Рэабілітаваны ў 1958. Вял. талент акцёрскага пераўвасаблення спрыяў стварэнню арыгінальных сцэнічных характараў, захапляў шчырасцю перажыванняў і натуральнасцю выканання. Сярод лепшых роляў: Лявон, Сцяпан Крыніцкі («Раскіданае гняздо», «Паўлінка» Я.Купалы), Сымон Мікула, Паўлюк («Рысь», «Хам» Э.Ажэшкі), Ваявода, Красінскі («Каваль-ваявода», «Кастусь Каліноўскі» Е.Міровіча), Бжазіцкі («Над Нёманам» М.Грамыкі), Разанаў, Кульмскі («Крывая аблона», «Вір» Я.Рамановіча), Лыняеў («Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага), Міронаў («Капітанская дачка» паводле А.Пушкіна).