ДЫ́ЯС ((Díaz) Парфірыо) (15.9.1830, г. Аахака, Мексіка — 2.7.1915),
палітычны і дзярж. дзеяч Мексікі, генерал. У гады рэвалюцыі і грамадз. вайны 1854—60 змагаўся на баку лібералаў супраць кансерватараў. У час франц. інтэрвенцыі ў Мексіку (1861—67) камандаваў атрадамі патрыят. арміі. У 1877—80 прэзідэнт Мексікі. У 1884 зноў стаў прэзідэнтам, устанавіў дыктатарскі рэжым. Пры ім узмацнілася эканам. залежнасць Мексікі ад Вялікабрытаніі і ЗША. Скінуты ў 1911 у час Мексіканскай рэвалюцыі 1910—17.
т. 6, с. 315
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГАРЫ́НЬ»,
завод абліцовачнай фасаднай керамікі ў р.п. Рэчыца Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Дзейнічае з 1939 як сезоннае прадпрыемства. У час Вял. Айч. вайны часткова разбураны, у 1946 адноўлены як з-д і рэканструяваны, устаноўлена кальцавая печ для абпальвання вырабаў. З 1968 працуюць тунэльныя печы (3, на вадкім паліве). Сучасная назва з 1973. У якасці сыравіны выкарыстоўвае тугаплаўкія гліны радовішча Столінскія хутары. Асн. прадукцыя (1996): камяні керамічныя абліцовачныя і сценавыя, цэгла, пліты подавыя, жывёлагадоўчыя.
т. 5, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЛЕ́ЙКА (Васіль Рыгоравіч) (23.4.1893, в. Быстрыца Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 8.7.1973),
генерал-лейтэнант артылерыі (1944). У арміі з 1915, у Чырв. гвардыі з 1917, у Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны, ліквідацыі кранштацкага мяцяжу (1921). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941: нач. штаба артылерыі арміі, нач. упраўлення артылерыі Карэльскага фронту. У 1943 — 46 нам. нач. штаба Гал. ўпраўлення камандуючага артылерыяй Сав. Арміі. Удзельнік вызвалення Мінска. Да 1951 у Сав. Арміі.
т. 5, с. 527
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РЖЫ (Іван Аляксандравіч) (28.9.1915, с. Худзякі Чаркаскай вобл., Украіна — 31.10.1971),
украінскі гісторык. Чл.-кар. АН Украіны (1958). Д-р гіст. н. (1953). Скончыў Адэскі ун-т (1941). Удзельнік Вял. Айч. вайны. З 1948 у Ін-це гісторыі АН Украіны (у 1958—71 нам. дырэктара). У 1963—68 адначасова акадэмік-сакратар Аддзялення эканомікі, гісторыі, філасофіі і права АН Украіны. Аўтар прац па гістарыяграфіі і крыніцазнаўстве, сац.-эканам. і грамадска-паліт. гісторыі Украіны 18—19 ст.
т. 5, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУТКО́ЎСКІ ((Gutkowski) Мечыслаў Вітальд) (9.7.1893, в. Шумлін Варшаўскага ваяв., Польшча — 17.9.1943),
польскі правазнавец. Праф. Віленскага ун-та (з 1924). Займаўся метадалогіяй фін. навук, да 2-й сусв. вайны адзіны ў Польшчы прадстаўнік гэтай дысцыпліны, погляды якога набліжаліся да марксізму. Аўтар прац «Фінансы гарадоў Каралеўства Польскага ў 1815—1915» (1917) і інш., выдавец і рэдактар зборніка «Працы семінара па фінансах і фінансавым праве, а таксама па статыстыцы» (т. 1—3, 1931—39). Расстраляны гітлераўцамі ў Вільні.
т. 5, с. 550
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́МПДЭН, Хемпдэн (Hampden) Джон (1594, Лондан — 24.6.1643), палітычны дзеяч англ. бурж. рэвалюцыі 17 ст. Стрыечны брат О.Кромвеля. Атрымаў адукацыю юрыста. У 1621 абраны ў парламент, адзін з лідэраў парламенцкай апазіцыі. У 1637 асуджаны за адмову плаціць «карабельны падатак», які ўвёў Карл I. У 1640 абраны ў Доўгі парламент, арыштаваны ў 1634 у ліку пяці лідэраў апазіцыі. У пач. 1-й грамадз. вайны далучыўся да індэпендэнтаў. У бітве пад Чалграў-Філд (18.6.1643) смяротна паранены.
т. 5, с. 149
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЛЬНАЯ ВАЙСКО́ВАЯ КАНЦЫЛЯ́РЫЯ,
вышэйшая ваен. і адм. ўстанова ў Левабярэжнай Украіне ў 17—18 ст. Засн. ў ходзе вызв. вайны 1648—54 укр. народа супраць польскага панавання. Размяшчалася пры рэзідэнцыях укр. гетманаў. Складалася з генеральнай старшыны. У пач. 18 ст. Генеральнай вайсковай канцылярыі перададзена кіраванне Левабярэжнай Украінай. Яе дзейнасць кантралявала Маларасійская калегія. У 1734 пераўтворана ў Праўленне гетманскага ўрада (складалася з трох афіцэраў і трох «выбарных» прадстаўнікоў вышэйшай казацкай старшыны). Ліквідавана пасля скасавання гетманства (1764).
т. 5, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХА́РКІН (Іван Рыгоравіч) (27.1.1889, с. Цюрына Разанскай вобл., Расія — 15.10.1944),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-палк. (1943). Скончыў Ваен. акадэмію РСЧА (1921). У Чырв. Арміі з 1918. Пасля грамадз. вайны на камандных пасадах на тэр. Беларусі. У Вял. Айч. вайну з 1941 камандуючы 49-й арміяй, з чэрв. 1943 нам. камандуючага войскамі Цэнтр., Бел. франтоў. Удзельнік Чарнігаўска-Прыпяцкай аперацыі 1943, Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943, Калінкавіцка-Мазырскай аперацыі 1944.
т. 7, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗНА́МЯ Ю́НОСТИ»,
грамадска-палітычная газета. Выдаецца з 10.4.1938 у Мінску 5 разоў на тыдзень на рус. мове. Да чэрв. 1956 (№ 120) наз. «Сталинская молодежь» (у час Вял. Айч. вайны не выдавалася). Асвятляе жыццё моладзі на Беларусі і за яе межамі. Расказвае пра вучобу і адпачынак студэнтаў, жыццё бел. арміі, сучасныя маладзёжныя рухі і аб’яднанні. Змяшчае матэрыялы для жанчын, вернікаў. Закранае праблемы экалогіі, аховы здароўя, сям’і. Друкуе навіны папулярнай музыкі, спорту і інш.
Т.А.Меляшкевіч.
т. 7, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЕ́НКА (Сяргей Анісімавіч) (27.11.1921, в. Ульянавічы Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 1.2.1945),
Герой Сав. Саюза (1945). У пач. Вял. Айч. вайны трапіў у лагер смерці, уцёк да партызан. У 1943—44 у партыз. атрадзе на тэр. Літвы. На фронце з крас. 1944, радавы. Вызначыўся ў баі на тэр. Польшчы. 1.2.1945 у вырашальны момант бою закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота, кулямётны агонь якога перашкаджаў наступленню. Рота паднялася ў атаку і прарвала абарону праціўніка.
т. 7, с. 390
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)