пласкадонны рачны манітор, экіпаж якога вызначыўся ў Вял.Айч. вайну. Пабудаваны ў 1934—36 у Кіеве. Уваходзіў у склад Дняпроўскай (ліст. 1936 — жн. 1940), Дунайскай (жн. 1940—ліст. 1941, крас. 1944—45) і Азоўскай (ліст. 1941—кастр. 1942, люты 1943—крас. 1944) ваен. флатылій, Чарнаморскага флоту (кастр. 1942 — люты 1943). Меў 6—7 гармат (у гады вайны і некалькі зенітных гармат), 3—4 кулямёты, экіпаж 70—72 чал. Удзельнічаў у абароне Адэсы, Нікалаева, Ачакава, Херсона, Севастопаля (1941), Бярдзянска, Цемрука (1942) і інш., у Будапешцкай аперацыі 1944—45; прайшоў 40 тыс.км, знішчыў 13 артыл. батарэй, 4 батальёны ням.-фаш. пяхоты і інш., адбіў 127 паветр. атак. У 1967 устаноўлены як карабель-помнік на набярэжнай у К.іеве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТА́Я БУ́ЛА (лац. Bulla aurea, венг. Aranybulla),
1) адзін з важнейшых юрыд. актаў у сярэдневяковай Венгрыі. Выдадзена ў 1222 венг. каралём Андрашам II Арпадам пад націскам т.зв. каралеўскіх слуг (пазней з іх сфарміравалася сярэдняя шляхта). З.б. гарантавала ім правы, якія да гэтага мелі магнаты (бароны): вызваленне ад падаткаў, права судаводства ў камітатах, абмежаванне абавязку ваен. службы і інш.; прадстаўляла вышэйшай і сярэдняй шляхце права паўстання супраць караля ў выпадку парушэння ім булы (адменена ў 1687).
2) Пастанова, прынятая ў 1356 у «Свяшчэннай Рым. імперыі» на імперскіх сеймах у гарадах Нюрнберг і Мец, зацверджаная імператарам Карлам IV Люксембургскім у якасці асн. канстытуцыйнага акта. Рэгулявала парадак выбрання імператара курфюрстамі, устанаўлівала час і месца выбарчага з’езду, вызначала рангі, абавязкі і прывілеі курфюрстаў. Дзейнічала да 1806.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМЕ́ЖНЫЯ ГРАМАДЗЯ́НЕ,
асобы, якія не з’яўляюцца грамадзянамі пэўнай дзяржавы і маюць доказы сваёй прыналежнасці да грамадзянства замежнай краіны. Іх прававое становішча вызначаецца нац. заканадаўствам дзяржавы месцазнаходжання і заключанымі міжнар. дагаворамі і пагадненнямі. Нац. заканадаўства звычайна адрознівае некалькі катэгорый З.г.: якія пастаянна пражываюць на тэр. дзяржавы, якія часова знаходзяцца ў дзяржаве, замежныя прадстаўнікі, якія валодаюць дыпламат. імунітэтам, бежанцы. Прававое становішча кожнай катэгорыі мае свае асаблівасці. У Рэспубліцы Беларусь правы і абавязкі З.г. вызначаюцца Канстытуцыяй, адпаведным законам, міжнар. дагаворамі. З.г. на тэр. Беларусі карыстаюцца правамі і свабодамі і выконваюць абавязкі нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Канстытуцыяй, законамі і міжнар. дагаворамі (у прыватнасці, З.г. не валодаюць выбарчым правам, не могуць прымаць удзел у рэферэндумах, пазбаўлены абавязкаў ваен. службы і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЮЗЬКО́Ў (Андрэй Ігнатавіч) (26.9.1904, г. Шклоў Магілёўскай вобл. — 28.6.1938),
бел. гісторык. Скончыў Камуніст.ун-т Беларусі (1927). З 1927 заг. аддзела Жыткавіцкага райкома КП(б)Б. З 1930 навук. супрацоўнік, у 1934—37 нам. дырэктара Ін-та гісторыі партыі пры ЦККП(б)Б. У 1932—37 чл. сакратарыята рэдакцыі гісторыі грамадз. вайны на Беларусі. Аўтар прац па гісторыі КП(б)Б, рэв. руху ў пач. 20 ст., Кастр. рэвалюцыі 1917 і грамадз. вайны на Беларусі. Навук. і паліт. рэдактар «КП(б)Б у рэзалюцыях» (ч. 1, 1934). У 1937 арыштаваны органамі НКУСБССР, у 1938 Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1959.
Тв.:
Крывавы шлях беларускай нацдэмакратыі. Мн., 1931;
Бальшавікі — арганізатары Кастрычніка на Беларусі. Мн., 1934.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛМАНСО́Н (Гілель Майсеевіч) (літ.псеўд.Перакаці-Поле; 1868, г. Магілёў — 1937),
дзеяч. рэв. руху, пісьменнік. Бацька Г.Лялевіча. У 1884 у Кіеве уступіў у рэв. гурток, жыў у Чарнігаве, Адэсе, з 1895 у Магілёве, ствараў с.-д. гурткі. З 1903 чл.РСДРП, падтрымліваў сувязі з І.М.Баранкевічам, А.Ц.Вазілам. Аўтар зб. «Песні басяка» (1907). Некат. вершы К. ўвайшлі ў складзены У.Дз.Бонч-Бруевічам зб. «Выбраныя творы рускай паэзіі» (3-е выд., 1908). У 1917—22 на парт. і ваен. рабоце ў Магілёве, Самары, Гомелі. З 1922 жыў у Маскве. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.
Тв.:
Свобода: Элегия в прозе. Киев, 1915;
Плакучая акация: Сказка-притча Киев, 1915;
Красная Армия: Стихи. Самара, 1919;
Первые шаги: (Из воспоминаний) // Известия Гомельского губернского комитета РКП(б). 1921. № 7—8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПА́НІЯ (ад франц. compagnie таварыства, супольнасць),
1) гандлёвае, прамысл., трансп. і інш. аб’яднанні прадпрымальнікаў. У сферы эканам. адносін адрозніваюць К.: афіліяваную, якая валодае пакетам акцый менш за 50%; венчурную — дробную або сярэднюю інвестыцыйную К., што займаецца навук. даследаваннямі, інж. распрацоўкамі і іх крэдытаваннем; інжынерынгавую, якая спецыялізуецца на аказанні паслуг, звязаных з падрыхтоўкай вытв. працэсу; афшорную — замежную К., зарэгістраваную ва ўстаноўленым парадку; траставую, што арганізавана на адносінах уласнасці, сутнасць якіх вынікае ў перадачы маёмасці або маёмасных правоў уладальніка (даверніка) на даверніцкае кіраванне інш. асобе на карысць прызначаных давернікам асоб.
2) Група асоб, якія разам бавяць вольны час. 3) Сукупнасць ваен. аперацый, аб’яднаных агульнай стратэг. мэтай на пэўным этапе вайны.
4) Мерапрыемствы для ажыццяўлення чарговай важнай грамадска-паліт. або гасп. задачы (выбарчая К., пасяўная К.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́НФСКАЯ ВАЙНА́,
баявыя дзеянні паміж кааліцыяй стараж.-грэч. гарадоў-дзяржаў (Фівы, Аргас, Карынф, Эліда, Акарнанія і інш.) на чале з Афінамі супраць Пелапанескага саюза на чале са Спартаю ў 395—387 да н.э. Выклікана імкненнем грэч. дзяржаў вызваліцца ад гегемоніі Спарты. Антыспартанскую кааліцыю падтрымала Персія, якая з 399 вяла вайну супраць Спарты. Пабудаваны за грошы Персіі ваен. флот пад камандаваннем афіняніна Конана нанёс у 395 каля в-ва Кнід паражэнне спартанцам. Баючыся ўзмацнення Афін ва ўмовах перамог антыспартанскай кааліцыі, Персія перайшла на бок Спарты. Эканамічна спустошаныя Афіны вымушаны былі прыняць прадыктаваны Персіяй Анталкідаў мір (387 ці 386), паводле якога Персія стала гал. арбітрам грэч. спраў, большасць грэч. дзяржаў атрымала аўтаномію, абмяжоўваліся дзеянні Афін, забараняліся ўсялякія саюзы (акрамя Пелапанескага).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ФРЫ (ад араб. кафір — няверуючы, няверны),
еўрапейская назва паўд.-афр народа коса. З сярэдзіны 18 ст. К. і роднасныя ім плямёны жылі на тэр. паміж Драконавымі гарамі, рэчкамі Грэйт-Фіш і Умзімкулу. У 1770—1880-я г. вялі ўзбр. барацьбу супраць афрыканераў, з пач. 19 ст. — супраць англічан (т. зв. кафрскія войны); найб. значныя ваен. сутыкненні адбыліся ў 1779—81, 1789—93, 1799—1803, 1811—12, 1818—19, 1834—35, 1846—47, 1850—53, 1858, 1877—79. Да пач. 1880-х г. каланізавана ўся тэр. рассялення коса. Цяпер К. жывуць на У Капскай прав.Паўд.-Афр. Рэспублікі Агульная колькасць 7,39 млн.чал. (1992). Мова — коса (ісікоса). Значная ч. К. прытрымліваецца традыц. вераванняў (культ продкаў і сіл прыроды), ёсць хрысціяне. Займаюцца земляробствам, жывёлагадоўляй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЙНС (Keyns) Джон Мейнард, барон Тылтан (5.6.1883, г. Кембрыдж, Вялікабрытанія — 21.4.1946), англійскі эканаміст, паліт. дзеяч, заснавальнік кейнсіянства. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1906), з 1908 выкладаў у ім. Праф. (1920). У 1911—45 рэдактар час. «Economic Journal» («Эканамічны часопіс»). Чл.брыт. дэлегацыі на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20. У 2-ю сусв. вайну адыграў важную ролю ў кіраванні ваен. эканомікай Вялікабрытаніі. Адзін са стваральнікаў Міжнар. валютнага фонду і Міжнар. банка рэканструкцыі і развіцця. Аўтар шэрагу прац у галіне грашовага абарачэння і фінансаў: «Эканамічныя наступствы Версальскага мірнага дагавора» (1919, крытыка эканам. зместу Версальскага мірнага дагавора 1919). «Трактат аб грошах» (1930), «Агульная тэорыя занятасці, працэнта і грошай» (1936, сфармуляваны асн. прынцыпы попытавай тэорыі нац. даходу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́НАН ((Kennan) Джордж Фрост) (н. 16.2.1904, г. Мілуокі, ЗША),
амерыканскі дыпламат, саветолаг. Скончыў ваен. акадэмію Сент-Джонс, Прынстанскі ун-т (1925). З 1926 на дыпламат. службе. У 1944—46 саветнік-пасланнік, у 1952 пасол ЗША у Маскве (адкліканы па патрабаванні сав. ўрада). У 1961—63 пасол у Югаславіі. З 1956 праф. Прынстанскага ун-та. Сфармуляваў прынцыпы палітыкі ЗША ў адносінах з СССР (1947), т.зв. дактрына стрымлівання, якая стала сімвалам «халоднай вайны» і грунтавалася на памылковым перакананні ў хуткім падзенні СССР. У канцы 1950-х г. адмовіўся ад сваёй канцэпцыі і падтрымліваў т.зв. палітыку раз’яднання ўзбр. сіл дзвюх супердзяржаў, скіраваную на пазбяганне ядз. вайны. Аўтар прац «Савецкая замежная палітыка 1917—1945» (1960), «Ядзерная памылка. Савецка-амерыканскія адносіны ў атамны век» (1982) і інш.