ЗМАЕ́ВІЧ, Ізмайловіч Мацвей (Мація) Хрыстафоравіч (6.1.1680, Пераст, каля г. Котар, Чарнагорыя — 3.9.1735), расійскі ваен. дзеяч. Адмірал (1727). Служыў у венецыянскім флоце, з 1709 у Канстанцінопалі. У 1710 перайшоў на рас. службу. З 1712 на Балтыцы, камандаваў атрадам галер, з 1714 галерным флотам. У Гангуцкім баі 1714 камандаваў правым крылом рас. флоту. З 1721 чл. Адміралцействаў-калегіі, кіраўнік буд-ва Галернай гавані ў Пецярбургу. З 1725 каманд. галерным флотам і гал. камандзір Пецярбургскага порта. У 1728 за злоўжыванне ўладай і растрату разжалаваны ў віцэ-адміралы і сасланы ў Астрахань, потым у Таўроў (каля Варонежа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ИНЖЕНЕ́РНО-ФИЗИ́ЧЕСКИЙ ЖУРНА́Л»,
навукова-тэхнічны часопіс. Засн. ў 1958 у Мінску як усесаюзны штомесячны часопіс Дзярж.к-таСМСССР па навуцы і тэхніцы і АНБССР. З 1992 часопіс Нац.АН Беларусі. Выдаецца Акадэмічным навук. комплексам «Інстытут цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава Нац.АН Беларусі». Асн.навук. кірункі: цеплафізіка, цепла- і масаабмен, тэорыі цеплаправоднасці і сушкі, тэрмадынаміка неабарачальных працэсаў, буд. цеплафізіка, структурна-мех. характарыстыкі дысперсных сістэм, рэафізіка, нізкатэмпературная плазма. У складзе рэдакцыйнага савета вучоныя Расіі, Украіны, Польшчы, ЗША, Германіі, Вялікабрытаніі, Японіі, Канады, Індыі і інш. Часопіс перавыдаецца на англ. мове ў ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́БЕЛЬНЫ КРАН,
кабель-кран, збудаванне з стацыянарнымі або перасоўнымі апорамі (вежамі), якія злучаны нясучым канатам з рухомай грузавой цялежкай. Прызначаны для падымання (апускання) грузаў на вышыню да 50 м і болей і перамяшчэння іх на адлегласць да 1,5 км. Уяўляе сабой аднапралётную падвесную канатную дарогу. Выкарыстоўваецца: на адкрытых горных распрацоўках для транспарціроўкі раскрыўных парод, штучнага каменю і г.д.; у буд-ве для перамяшчэння вял. аб’ёмаў зямлі, бетону, інш. матэрыялаў; на лесаскладах і да т.п. Грузападымальнасць да 150 т.
Кабельны кран: 1, 2, 3 — цягавы, нясучы і пад’ёмны канаты; 4 — цялежка; А, Б — апоры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКО́САВАЯ ПА́ЛЬМА (Cocos nucifera),
кветкавая расліна сям. пальмаў. Адзіны від роду. Пашырана на акіянічных узбярэжжах трапічных абласцей, дзе шырока культывуецца.
Вечназялёнае дрэва выш. да 30 м, крона з вял. перыстага лісця даўж. 3—6,5 м, шыр. 1—1,5 м. Кветкі аднаполыя, сабраныя ў пазушныя суквецці. Плод (какосавы арэх) — касцянка 1,5—2,5 кг. Драўніну выкарыстоўваюць у буд-ве, валакністую абалонку плода (койр) — на пляценне канатаў, цыновак і інш.; з мякаці пладоў (копры) атрымліваюць какосавы алей, макуху (корм для жывёлы); насенне і яго вадкасць (какосавае малако) ядомыя. З соку суквеццяў робяць цукар, сіроп, віно. Дэкар. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛНІНЬШ (Альберт Пятровіч) (н. 30.9.1928, Мінск),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1980). Скончыў БПІ (1958). Працаваў у БелНДІдзіпрасельбудзе (да 1988; з 1976 кіраўнік арх. майстэрні). Асн. работы: генплан і праект дэталёвай планіроўкі г. Чавусы (1963—67), праекты планіроўкі і забудовы вёсак Леніна Горацкага (1965—75), Сяменча Жыткавіцкага (1970—78), Сноў Нясвіжскага (1970—80), Расна Камянецкага (1975—80) р-наў; комплексны праект в. Усакіна Клічаўскага і пас. Жамчужны Баранавіцкага (абодва 1979—85) р-наў; мемарыял Вязень-Сялец у Клічаўскім р-не (1985). Аўтар тэарэт. работ па пытаннях архітэктуры і капітальнага буд-ва на вёсцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫЯ́Т (у хрышчэнні Міхаіл; каля 1306 — паміж 1358 і 1366),
князь у ВКЛ. Сын вял.кн.ВКЛГедзіміна і княгіні Еўны, дачкі полацкага кн. Івана Усеваладавіча. Ад бацькі атрымаў г. Новагародак і Новагародскую зямлю. У прыпісцы 1329 у Лаўрышаўскім евангеллі названы вял. князем. У 1345 прысягнуў Альгерду як вял. князю ВКЛ. У 1349 пасланы ў Арду з мэтай арганізаваць кааліцыю супраць Маскоўскага княства. Пасольства было няўдалым, К. быў выдадзены вял. князю маскоўскаму, у 1350 адпушчаны на радзіму. Пры К. ў г. Новагародак актыўна вялося буд-ва, горад стаў цэнтрам правасл. Літоўскай мітраполіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТУ́НІН (Ілья Барысавіч) (17.11.1908, г. Гомель — 23.4.1944),
Герой Сав. Саюза (1944). У 1926—32 слесар станка-буд. з-да «Пралетарый» у Гомелі. Скончыў Ейскую школу марскіх лётчыкаў (1934). У Вял.Айч. вайну з сак. 1943 на Паўн. флоце. Нам. камандзіра эскадрыллі штурмавога авіяпалка капітан К. вызначыўся 23.4.1944; на падыходзе да цэлі яго самалёт быў падбіты агнём зенітнай артылерыі праціўніка, палаючай машынай К. тараніў транспарт ворага водазмяшчэннем 5 тыс.т і патапіў яго. Імем К. названы пасёлак у Архангельскай вобл. Бюсты К. ўстаноўлены на тэр. музея авіяцыі Паўн. флоту і ў пас. Катуніна, у Гомелі мемар. дошка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕНА́Ф (Hibiscus cannabinus),
кветкавая расліна сам. мальвавых. Пашыраны ў Паўд. Афрыцы і Цэнтр. Індыі. Вырошчваецца на Пд Еўропы, Азіі, Амерыкі.
Аднагадовая лубавалакністая расліна з прамым рабрыстым ці круглаватым сцяблом выш. да 6 м, укрытым шыпікамі. Корань стрыжнёвы, галінасты, даўж. да 2 м. Лісце буйное, сярэдняе — пальчата-раздзельнае, ніжняе — сэрцападобнае, верхняе — ланцэтнае. Кветкі пазушныя, амаль белыя, з ярка-вішнёвай плямай унутры венчыка. Плод — 5-гнездавая каробачка. З валакна К. вырабляюць брызент, вяроўкі, радно, з кастрыцы — паперу і буд. пліты, з насення — тэхн. алей, макуху выкарыстоўваюць як угнаенне і корм для жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕРАМЗІ́Т (ад грэч. keramos гліна),
штучны порысты (успучаны) матэрыял у выглядзе жвіру, часам друзу (зярняты 5—20 мм) або пяску (зярняты да 5 мм). Лёгкі (шчыльн. 250—800 кг/м³), трывалы, нізкацеплаправодны.
Зярняты з аплаўленай паверхняй і ячэістай структурай. Вырабляецца з легкаплаўкіх глін хуткім абпальваннем папярэдне сфармаваных гранул у вярчальных печах пры т-ры 1050—1220 °C. Для лепшага ўспучвання ўводзяць дабаўкі (пілавінне, торф, молаты вугаль, пірытныя агаркі і інш.). Выкарыстоўваецца як запаўняльнік для лёгкіх бетонаў, для цепла- і гукаізаляцыйных засыпак у будынках. На Беларусі К. выпускае Віцебскі камбінат буд. матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІПАРЫ́САВІК (Chamaecyparis),
род галанасенных раслін сям. кіпарысавых. 7 відаў. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы, Паўд.-Усх. Азіі. На Беларусі ў культуры 4 віды К.: гарохаплодны (C. pisifera), Лаўсона (C. lawsoniana), нутканскі (C. nootkatensis), тупалісты (C. obtusa).
Вечназялёныя аднадомныя кусты і дрэвы выш. 20—70 м. Парасткі плоскія з лускападобнай (у маладых дрэў іголкападобнай) крыжападобна размешчанай ігліцай. Мужчынскія кветкі яйцападобна-падоўжаныя, жоўтыя, жаночыя — амаль закругленыя з 6—8 лускавінкамі. Шышкі дыям. да 8 мм, шарападобныя, дравяністыя, з пукатай луской. Насенне дробнае, крылатае. Драўніна выкарыстоўваецца ў буд-ве, карабле- і самалётабудаванні. Дэкар. расліны.