галіна сельскай гаспадаркі, якая займаецца вырошчваннем кармавых культур, нарыхтоўкай, перапрацоўкай і захаваннем кармоў для забеспячэння грамадскай жывёлагадоўлі. Складаецца з палявой. лугавой і прамысловай К. Уключае вытв-сць кармоў з натуральных і сеяных сенажацей, пасевы палявых кармавых культур на сена, сянаж, сілас, фуражнае зерне, зялёны і сакавіты корм, адходы сельскай гаспадаркі (салома, бацвінне караняплодаў, мякіна і інш.), мукамольнай, алейнай, цукровай, піваварнай, спіртавой і гарэлачнай, крухмала-патачнай, рыбнай, мясной, малочнай і інш. галін прам-сці, кармы прамысл. вытв-сці (камбікорм і інш.).
Палявая К. забяспечвае атрыманне найб. колькасці кармоў з кожнага гектара пасяўной плошчы. Аснову яе складаюць збожжавыя і кармавыя культуры. Лугавая К. паляпшае натуральныя і стварае культурныя сенажаці і пашы, укараняе новыя сарты кармавых культур з вял. колькасцю кармавога бялку (пратэіну), удасканальвае структуру кармавых культур і кармоў. Прамысловая К. забяспечвае жывёлагадоўлю камбікармамі (гл.Камбікормавая прамысловасць), мінер. і бялкова-вітаміннымі дабаўкамі, кармавымі дражджамі, антыбіётыкамі, стымулятарамі і інш. У краінах з развітой жывёлагадоўляй (Данія, Нідэрланды, Германія, Вялікабрытанія і інш.) аснова К. — кармы, што атрымліваюць на ворнай зямлі і культурнай пашы, у Аўстраліі, шэрагу краін Афрыкі, Азіі і Паўд. Амерыкі — кармы натуральнай пашы. На Беларусі ў грамадскіх гаспадарках нарыхтоўваецца (1997) 8,6 млн.т кармоў, у т. л. травяных 4,9 млн.т кармавых адзінак (к. а.). У разліку на 1 умоўную галаву атрымана да 20,4 ц к. а. Для К. выкарыстоўваецца ад 65 да 80% плошчы с.-г. угоддзяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОДЗЬ (Łódź),
горад у цэнтр.ч. Польшчы, адм. ц. Лодзінскага ваяв., на водападзеле рэк Вісла і Одра. Вузел чыгунак і аўтадарог. 1 млн. 41 тыс.ж. з прыгарадамі (1993). Буйны цэнтр тэкст. прам-сці; электратэхн., маш.-буд., металаапр., хім. (штучнае валакно, гумавая), швейная, харч., мэблевая, папяровая, паліграф., абутковая прам-сць. Буйнейшы кінематаграфічны цэнтр Польшчы. 8 ВНУ, у т. л.ун-т, мед. акадэмія, Вышэйшая школа кінематаграфіі, тэлебачання і тэатра, Вышэйшая духоўная семінарыя; аддзяленне АН. Філармонія, тэатры. Музеі: маст., археал. і этнагр., гісторыі тэкст. вытв-сці. Арх. помнікі 18—19 ст.
Першапачаткова вёска Лодзя, уласнасць біскупаў куяўскіх; упершыню згадваецца ў 1332. У 1387 атрымала ням.гар. права, у 1423 кароль Польшчы Ягайла надаў Л. магдэбургскае права. Месцазнаходжанне Л. сярод пушчаў, далёка ад гандл. шляхоў не спрыяла развіццю горада, і да пачатку 19 ст. ён захоўваў агр. характар. У 1820-я г. створаны першыя мануфактуры, у 2-й пал. 19 ст.Л. — цэнтр буйнога тэкст. раёна, пачалося яго хуткае дэмаграфічнае развіццё. З 1870-х г.Л. — важны цэнтр рабочага руху. Тут адбылося першае ў Рас. імперыі рабочае паўстанне (гл.Лодзінскае паўстанне 1905). У 1-ю сусв. вайну ў ліст. 1914 пад Л. адбылася бітва, у выніку якой герм. войскі спынілі наступленне рас. войск. У 2-ю сусв. вайну акупіравана ням. фашыстамі (1939—45; наз. Ліцманштат). Вызвалена войскамі 1-га Бел. фронту. У 1971 адзін з цэнтраў забастовачнага руху ў Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗЕ́Л ПРА́ЦЫ,
1) грамадскі П.п. — дыферэнцыяцыя, спецыялізацыя прац. дзейнасці, якая прыводзіць да вылучэння і ажыццяўлення розных яе відаў і з’яўляецца асн. умовай узнікнення таварнай вытворчасці.
П.п. існаваў і ў першабытнай абшчыне (адны яе члены выраблялі прылады працы, другія — прадметы быту ці інш. вырабы). Але ўласнікам усіх прадуктаў была абшчын; і яны не паступалі ў абмен ці ў продаж. Паступова ва ўзаемаадносінах розных абшчын пачаў развівацца пераход прадуктаў з адной абшчыны ва ўласнасць другой шляхам абмену і куплі-продажу. З развіццём грамадства і з’яўленнем прыватнай уласнасці і прыбавачнага прадукту, які ствараўся звыш неабходнага для падтрымання жыцця вытворцаў, узнік грамадскі П.п., пры якім вытворцы спецыялізаваліся на вырабе пэўных прадуктаў, паявіліся новыя галіны вытв-сці. Гэта ўзмацніла працэс адасаблення вытворцаў, яны атрымалі свабоду выбару віду гасп. дзейнасці, уласнасць на выраблены прадукт і пэўныя абавязацельствы перад грамадствам, дзяржавай і партнёрамі. Эканам. адасабленне таваравытворцаў адыграла вял ролю ў развіцці эканам. працэсаў, пераходзе да рыначных адносін, састаўной часткай якіх з’яўляецца ўмацаванне эканам. самастойнасці прадпрыемстваў.
2) Працэс размеркавання працы па сферах дзейнасці, у якіх ён найб. прадукцыйны, па відах работ, дзе найлепш выкарыстана кваліфікацыя работніка.
3) Міжнародны П.п. — сканцэнтраванне вытв-сці асобных відаў тавараў у тых краінах, дзе іх вытв-сць эканамічна больш мэтазгодная ў сувязі з геагр. становішчам, кліматам і наяўнасцю прыродных рэсурсаў, а таксама прац. рэсурсаў і капіталу. Такі П п. спрыяе лепшаму задавальненню патрэб, павышэнню занятасці, развіццю сусв. інтэграцыйных працэсаў. Развіццё сусв.гасп. сувязей з’яўляецца матэрыяльнай асновай узаемазалежнасці краін у сусв. эканоміцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ВАЗ КАПІТА́ЛУ,
змяшчэнне капіталу за мяжой у грашовай ці таварнай форме з мэтай павелічэння прыбытку, умацавання там эканам. ці паліт. пазіцый. Як эканам. з’ява вядома з канца 19 ст. Падрыхтавалі вываз капіталу за мяжу знешні гандаль, сусв. рынак, міжнар. крэдыт, развіццё шляхоў зносін. Неабходнасць вывазу капіталу ўзнікла ў сувязі з ростам адноснага лішку капіталу ў эканамічна развітых краінах (Англіі, Францыі, Германіі, ЗША, Японіі і інш.). Капітал вывозяць за мяжу не таму, што ён не можа быць выкарыстаны ўнутры краіны, а таму што ў інш. краінах ён атрымлівае больш высокі прыбытак, паколькі там больш танная рабочая сіла і сыравіна. Вываз капіталу адбываецца ў форме вытворчага (будуюцца прамысл., с.-г. ці трансп. прадпрыемствы), гандлёвага (адкрываюцца магазіны, якія гандлююць таварамі мясц. ці замежнай вытв-сці), пазыковага (даюцца пазыкі, крэдыты) капіталаў. Інвестыцыі ў форме вытв. і гандл. капіталаў укладваюцца ў працэсе прыватнай дзейнасці замежных грамадзян. У залежнасці ад таго, хто з’яўляецца ўласнікам капіталу, адрозніваюць вываз капіталу дзярж. і прыватны. Функцыяніруючы капітал падзяляецца на прамыя інвестыцыі (экспарцёр капіталу з’яўляецца поўным уласнікам замежнага прадпрыемства ці ўладальнікам кантрольнага пакета акцый) і партфельныя (набытыя акцыі не забяспечваюць поўнага кантролю над прадпрыемствам). Для эпохі імперыялізму найб. характэрны быў вываз капіталу ці перамяшчэнне вытв-сці ў эканамічна слабейшыя краіны. У сучасных умовах вываз капіталу павялічыўся і ажыццяўляецца ў розных формах. Часта ён вывозіцца з адных высокаразвітых краін у іншыя, дзе ёсць умовы атрымання больш высокіх прыбыткаў ці інш.эканам. і паліт. выйгрышаў. У 1975 вываз капіталу вырас больш чым у 11 разоў у параўнанні з 1913—14, у т. л. з ЗША больш як у 82 разы, з Англіі ў 4, Францыі ў 3 разы. Сталі набіраць тэмп у вывазе капіталу краіны, што пацярпелі паражэнне ў 2-й сусв. вайне (ФРГ і Японія); некат. былыя імпарцёры капіталу сталі экспарцёрамі (Канада і інш.). У развітыя краіны, якія перажываюць эканам. бум, ідзе больш палавіны інвестыцый. Распад СССР і садружнасці сац. краін значна пашырыў сферу вывазу капіталу. Ён служыць сродкам узмацнення знешнегандл. экспансіі, вядзе да міжнар. перапляцення капіталаў, інтэрнацыяналізацыі грамадскай вытв-сці, абвастрэння канкурэнтнай барацьбы за сферы выкарыстання капіталаў.
Літ.:
Гаврилюк В.В. Экспорт капиталистических отношений в развивающиеся страны. Мн., 1973;
Громыко А.А. Внешняя экспансия капитала: История и современность. М., 1982;
Янченко С.Е. Вывоз капитала. Мн., 1961;
Мелман С. Прибыли без производства: Пер. с англ.М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКА́ЛІНА,
прадукт акіслення паверхні металаў, сплаваў пры ўзаемадзеянні з вонкавым асяроддзем. Звычайна акалінай наз. прадукт акіслення жалеза і яго сплаваў. У шырокім сэнсе акаліна — хім. злучэнні, утвораныя на паверхні любога металу пры яго рэакцыі з акісляльнікамі (кіслародам, серай, азотам і інш.). Пагаршае якасць паверхні і прыводзіць да страты металу (каля 6%); у некаторых выпадках выкарыстоўваюць яе ахоўныя ўласцівасці (гл.Аксідаванне). Акаліна, што ўтвараецца на паверхні металу ў час пракаткі, коўкі, штампавання, выкарыстоўваецца ў канвертарнай, доменнай ці мартэнаўскай вытв-сці. З акаліны кіпячых сталяў атрымліваюць жалезны парашок, які выкарыстоўваюць у магн. дэфектаскапіі, парашковай металургіі. Спец. апрацоўкай з акаліны легіраваных сталяў і сплаваў вылучаюць каштоўныя металы. Акаліны здымаюць мех. спосабам, траўленнем ці электрагідраўлічнай апрацоўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛКІ́ДНЫЯ СМО́ЛЫ,
тэрмарэактыўныя і тэрмапластычныя смолы, якія атрымліваюцца пры кандэнсацыі полікарбонавых кіслот, поліспіртоў і вышэйшых монакарбонавых кіслот (пераважна аліфатычных кіслот алеяў). Найб. пашыраныя гліфталевыя (на аснове фталевага ангідрыду і гліцэрыны) і пентафталевыя (на аснове фталевага ангідрыду і пентаэрытрыту). Ліпкія, высакавязкія рэчывы з мал. масай 1500—5000 растваральныя ў талуоле, уайт-спірыце, сальвент-нафце; нізкамалекулярныя разбаўляюцца вадой. Тэрмарэактыўныя (высыхальныя) змяшчаюць дэгідратаваныя вытворныя рыцыны, ільняны і тунгавы алеі; тэрмапластычныя (невысыхальныя) — какосавы алей ці сырую рыцыну. Адрозніваюцца па тлустасці, маюць да 34—70% алею.
Алкідныя смолы — аснова алкідных лакаў (канцэнтрацыя 40—60%, змяшчаюць таксама сікатывы, ацвярджальнікі, растваральнікі і інш. плёнкаўтваральнікі). Выкарыстоўваюцца як кампаненты фарбаў для аўтамабіляў, розных прылад і прамысл. абсталявання, скуры; у вытв-сці клеяў, друкарскіх фарбаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДЖАНІКІ́ДЗЕ (Рыгор Канстанцінавіч) (Сярго; 24.10.1886, с. Гарэша, Грузія — 18.2.1937),
партыйны і дзяржаўны дзеяч СССР. За рэв. дзейнасць неаднаразова быў арыштаваны царскім урадам. У 1917 член выканкома Петраградскага Савета і Петраградскага к-таРСДРП(б), адзін з кіраўнікоў Кастр.ўзбр. паўстання. Наведваў Беларусь як прадстаўнік ЦКРСДРП(б) у 1917 і як чл. Рэўваенсавета 16-й арміі Зах. фронту ў 1919. З 1920 старшыня Каўказскага бюро ЦК і сакратар Закаўказскага крайкома РКП(б). З 1926 старшыня ЦКВКП(б), нарком Рабоча-сялянскай інспекцыі, нам. старшыні СНК і Савета Працы і Абароны СССР. З 1930 старшыня ВСНГ, з 1932 нарком цяжкай прам-сціСССР. З 1930 чл. Палітбюро ЦКВКП(б). Скончыў жыццё самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТУ́НІЧЫ,
селішча і курганны могільнік канца 10 — пач. 13 ст. каля в. Аўтунічы Гараднянскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна. У 1987—92 даследавана каля паловы плошчы селішча (больш за 15 тыс.м²) і ўвесь некропаль (64 насыпы). Асн. кірунак гасп. дзейнасці насельніцтва — здабыванне гліны і падрыхтоўка яе да ганчарнай вытв-сці, выраб і абпальванне посуду, лясны промысел, с.-г. работы. Выяўлены рэшткі 662 наземных і паглыбленых у зямлю пабудоў, у т. л. ганчарныя майстэрні, смалакурні, дзягцярні, шмат ганчарных горнаў, кар’еры для здабычы гліны і месцы захоўвання сыравіны. У большасці курганоў пахавальны абрад — трупапалажэнне ў падкурганных ямах, у 11 — на гарызонце, у 9 — кенатафы; інвентар традыцыйны для ўсх. славян: кераміка, скроневыя кольцы, бранзалеты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗА́ЛЬТ (лац. basaltes ад грэч. basanos пробны камень),
кайнатыпная асноўная горная парода, эфузіўны аналаг габра. Складаецца пераважна з плагіяклазу, манакліннага піраксену, алівіну, вулканічнага шкла і акцэсорных мінералаў — магнетыту, ільменіту, апатыту і інш. Цёмнага колеру, звычайна няпоўнакрышт., часта парфіравай структуры. Поўнакрышт. базальты — далерыты, са шклістай структурай — гіялабазальты і тахіліты. Трываласць на сцісканне да 400 МПа, шчыльн. 2520—2970 кг/м³, т-ра плаўлення 1100—1250 °C. Базальты займаюць агромністыя плошчы дна акіянаў і велізарныя (тыс.км²) тэрыторыі мацерыкоў (трапы), утвараюць лавы многіх вулканаў. На Беларусі ёсць на ПдЗ у адкладах валынскай серыі верхняга дакембрыю (у Брэсцкай упадзіне). Выкарыстоўваецца ў каменналіцейнай прам-сці; каштоўны буд., абліцовачны, эл.-ізаляцыйны і кіслотатрывалы матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЗЗВАРО́ТНАЕ ВОДАСПАЖЫВА́ННЕ,
у вузкім сэнсе — забор водаў без вяртання іх у натуральныя крыніцы водаспажывання; у шырокім сэнсе — спажыванне вады з воднага аб’екта або сістэмы водазабеспячэння, пры якім частка яе страчваецца. Беззваротныя страты вады ў быт. мэтах, сельскай гаспадарцы, прам-сці падзяляюцца на неабходныя (напр., уваходзяць у склад прадукту: пры вырабе буд. матэрыялаў для прыгатавання рабочых раствораў, у гальванічных і электролізных ваннах у металургіі) і неапраўданыя (уцечка ў трубаправодах, каналах, натуральнае выпарэнне з паверхні сажалак-ахаладжальнікаў, адстойнікаў, вадасховішчаў). Некантралюемае беззваротнае водаспажыванне вядзе да абмялення і вычарпання вадаёмаў, з якіх забіраюць ваду, зменьвае іх біятычныя ўмовы. Пры замкнёным цыкле водаспажывання і безадходных тэхналогіях беззваротнае водаспажыванне не аказвае адмоўнага ўздзеяння на стан водных крыніц.