«25 САКАВІКА́»,

часопіс студэнцкай моладзі Віленскага ун-та. Выдаваўся ў 1936—39 у Вільні на бел. мове. Прытрымліваўся ідэйна-паліт. праграмы групоўкі моладзі, якая імкнулася спалучаць ідэал суверэннай Беларусі з хрысціянствам і элементамі сацыялізму. У «Ідэйнай дэкларацыі маладых адраджэнцаў» выказваўся за кааператыўна-карпарацыйны лад як аснову дзярж. ладу. Сваю мэту бачыў у садзейнічанні фарміраванню «новага тыпу беларуса...» на аснове абвешчанай у 1918 незалежнасці БНР. Прапагандаваў ідэю суверэннасці Беларусі, аддаваў увагу праблемам духоўнага жыцця народа і ролі нар. культуры, асвятляў дыскусійныя пытанні, падзеі ў культ. і грамадскім жыцці Зах. Беларусі і ў Вільні. Выйшла 5 нумароў.

А.​С.​Ліс.

т. 6, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́ЛАС ЧА́СУ»,

рэлігійна-грамадскі часопіс правасл. беларусаў. Выдаецца з ліп. 1989 у Лондане на бел. мове правасл. бел. суполкай, якая гуртуецца вакол прыхода Ефрасінні Полацкай у Лондане Бел. правасл. царквы на эміграцыі. Выходзіць раз у 2 месяцы. Рэдактар Ю.​Весялкоўскі. Асвятляе пытанні гісторыі хрысціянства, яго ролі ў развіцці культуры народаў свету, у т. л. Беларусі (нарыс Весялкоўскага «Хрысціянства ад Галілеі да Беларусі»), гісторыі Беларусі ад часоў ВКЛ да нашых дзён, праблемы бел. нац. адраджэння. Інфармуе пра жыццё бел. эміграцыі, паліт., эканам. і культ. становішча ў Рэспубліцы Беларусь і інш.

Л.​У.​Языковіч.

т. 5, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́ЛОС ПРОВИ́НЦИИ»,

грамадска-паліт., эканам. і літ. газета леваліберальнага кірунку. Выдавалася штодзённа з 31.3(13.4).1906 да 8(21).4.1907 у Мінску на рус. мове. Прадстаўляла інтарэсы розных саслоўяў і нацыянальнасцей, але найперш яўрэяў. Прапагандавала канстытуцыйны шлях пераходу да дэмакр. дзяржавы. На выбарах у Дзярж. думу падтрымлівала мясц. кандыдатаў ад партыі кадэтаў. Друкавала крытычныя аналізы дзейнасці Дзярж. думы, мясц. органаў улады. Падтрымлівала бел. нац. рух, вітала стварэнне бел. выд-ва «Загляне сонца і ў наша аконца». Асвятляла тэатральнае жыццё Мінска, дзейнасць культ.-асв. і гуманітарных т-ваў. Друкавала маст. творы мясц. аўтараў.

У.​М.​Конан.

т. 5, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕДРО́ЙЦЬ ((Giedroyć) Міхал Ян Генрык) (25.1.1929, маёнтак Лобзаў Слонімскага пав., цяпер Зэльвенскі р-н Гродзенскай вобл.),

англійскі гісторык. Скончыў Лонданскі ун-т (1951). У 1940 разам з сям’ёй дэпартаваны ў Сібір. У 1942 з Польскай арміяй ген. У.​Андэрса эвакуіраваўся ў Іран. З 1947 у Англіі. Працаваў у авіяц. прам-сці, у Саўтгемптанскім ун-це, чытаў лекцыі па аэрадынаміцы. Адначасова даследаваў гісторыю ВКЛ. Аўтар прац пра ўвядзенне хрысціянства на Беларусі і ў Літве, пра паліт. становішча ў ВКЛ у 13—14 ст., Крэўскую унію 1385, каментарыяў да англ. перакладу «Хронікі Быхаўца».

А.​В.​Мальдзіс.

т. 5, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РВЕГ ((Herwegh) Георг) (31.5.1817, г. Штутгарт, Германія — 7.4.1875),

нямецкі паэт, крытык. У 1839 эміграваў у Швейцарыю, з 1848 у Парыжы. З 1866 у Бадэн-Бадэне (Германія). Арыентаваўся на творчасць Р.Бёрнса і П.Беранжэ. Спалучаў песенны лад вершаў з сац. насычанасцю тэматыкі. У зб. «Вершы жывога чалавека» (ч. 1—2, 1841—43) пераважае паліт. лірыка, скіраваная супраць феад.-манархічнага ладу і ням. філістэрства. Вершы 1846 у асноўным пра паўстанне 1830—31 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве. Цыкл вершаў прысвяціў рэв. падзеям 1848—49 у Еўропе.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1958.

Г.​В.​Сініла.

т. 5, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПАТО́ЦКІ ((Zápotocký) Антанін) (19.12.1884, в. Закалані, каля г. Кладна, Чэхія — 13.11.1957),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Чэхаславакіі. Сын Л.​Запатоцкага — аднаго з заснавальнікаў с.-д. партыі Чэхіі. З 1902 чл. с.-д. партыі. Дэлегат 2, 4, 6 і 7-га кангрэсаў Камінтэрна. Адзін з заснавальнікаў кампартыі Чэхаславакіі (КПЧ), чл. яе ЦК і Палітбюро з дня заснавання (1921). У 1922—25 сакратар ЦК КПЧ, у 1925—38 дэп. Нац. сходу, у 1929—39 ген. сакратар Цэнтр. бюро прафсаюзаў. У 1939—45 у фаш. турмах і канцлагерах. У 1948—53 старшыня Савета Міністраў, у 1953—57 прэзідэнт Чэхаславакіі.

т. 6, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІМІ́Н (Аляксандр Аляксандравіч) (22.2.1920, Масква — 25.2.1980),

рускі гісторык, крыніцазнавец, археограф. Д-р гіст. н. (1959), праф. (1971). Скончыў Маскоўскі ун-т (1942). Працаваў у Ін-це гісторыі СССР АН СССР, выкладаў у Маскоўскім гісторыка-архіўным ін-це (1947—73). Вывучаў паліт. і сац. гісторыю Расіі 11—18 ст., яе гістарыяграфію і крыніцазнаўства. У манаграфіях «Рэформы Івана Грознага» (1960), «Апрычніна Івана Грознага» (1964), «Расія на парозе новага часу» (1972), «Расія на рубяжы XV—XVI стагоддзяў» (1982), «Напярэдадні грозных узрушэнняў» (1986), «Віцязь на ростанях» (1991) даследаваў дыпламат. адносіны і войны паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай.

т. 7, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ИЗВЕ́СТИЯ МО́ЗЫРСКОГО СОВЕ́ТА РАБО́ЧИХ И СОЛДА́ТСКИХ ДЕПУТА́ТОВ»,

газета. Выдавалася з 4(17).5.1917 да лют. 1918 у Мазыры на рус. мове 3—4 разы на тыдзень. З 15(28).6.1917 да сярэдзіны вер. 1917 наз. «Известия Мозырского Совета рабочих и солдатских депутатов и Мозырского Совета крестьянских депутатов». Прытрымлівалася агульнадэмакр. пазіцый. Змяшчала афіц. дакументы і звароты Часовага ўрада, загады арміі і флоту, справаздачы пасяджэнняў Савета, СНК. Асвятляла грамадска-паліт. жыццё краіны, у т. л. ліпеньскія падзеі 1917, карнілаўскі мяцеж, Кастр. рэвалюцыю, ход перадвыбарчай кампаніі ва Устаноўчы сход. Выйшла 150 нумароў.

М.​Я.​Сяменчык.

т. 7, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМІГРА́ЦЫЯ (ад лац. immigrare усяляцца) насельніцтва, уезд у краіну грамадзян інш. дзяржавы на пастаяннае або часовае пражыванне. Вызначаецца шэрагам прычын: эканамічнымі (увоз рабочай сілы або ўезд у краіны з больш спрыяльнымі ўмовамі працы ці больш высокім жыццёвым узроўнем і інш.), ваеннымі (захоп чужых зямель і іх ваен. каланізацыя), палітычнымі (уцёкі ад паліт., нац., расавых, рэліг. і інш. праследаванняў). І. іграла важную ролю ў засяленні некат. частак свету і фарміраванні насельніцтва многіх краін. Аказвае істотны ўплыў на дынаміку колькасці насельніцтва, прыводзіць да змяшэння розных этн. груп насельніцтва, у выніку чаго складваюцца новыя нацыі і народнасці. Супрацьлеглае І. — эміграцыя.

т. 7, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБАРЭ́ (франц. cabaret літар. карчма),

тэатральнае рэвю-прадстаўленне, у якім спалучаюцца муз. нумары і сатыра. Адбываецца ў кавярні, бары. Узнікла ў Парыжы ў канцы 19 ст. ў месцах для забаўляльных відовішчаў («Мулен руж» і інш.). Хутка прывабіла пісьменнікаў і мастакоў авангарда. З пач. 20 ст. пашырылася па ўсёй Еўропе (першыя К. ў Расіі вядомы з 1908). У 1920-я г. ў Берліне з’явіліся паліт. К., пазней скасаваныя фашыстамі. Паступова К. страцілі імправізаваны характар, на падмостках пачалі выступаць прафес. артысты эстрады. Часам К. ператвараюцца ў т-ры мініяцюр, рэстараны, дзе даюцца эстр. прадстаўленні.

т. 7, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)