ВІ́ЛА (ад лац. villa сядзіба, маёнтак),

загарадны дом з садам ці паркам. У Стараж. Рыме вілай называлі загараднае памесце для адпачынку і забаў. Маляўніча размешчаныя пабудовы вілы групаваліся вакол адкрытага двара, жылыя памяшканні ўпрыгожвалі мазаікай і размалёўкай. Комплекс вілы іншы раз уключаў будынкі храма, т-ра, каналы, вадаёмы, дэкар. скульптуру (віла імператара Адрыяна ў Тывалі, 2 ст.). У эпоху Адраджэння склаўся тып вілы, які меў восевую кампазіцыю з гал. будынкам у цэнтры, яго лоджыя адкрывалася на тэрасныя сады (віла Мадама, цяпер у Рыме, пачата ў 1517, арх. Рафаэль, А. да Сангала Малодшы, віла «Ратонда» ў Вічэнцы, 1551 — 67, арх. А.​Паладыо). Строгія і зграбныя ансамблі віл эпохі Адраджэння змяніла складаная і мудрагелістая кампазіцыя пышных барочных віл. У 19—20 ст. вілай называюць камфартабельны аднасямейны дом з садам ці паркам у прыгарадзе ці курортнай мясцовасці (віла Савой каля Парыжа, 1929—31, арх. Ле Карбюзье; «Дом над вадаспадам» у Пенсільваніі, 1936, арх. Ф.​Л.​Райт; загарадны дом у Каліфорніі, 1946, арх. Р.​Нёйтра і інш.).

Віла Адрыяна ў Тывалі 125—135 н.э.
Да арт. Віла. Загарадны дом у Каліфорніі. Арх. Р.​Нёйтра. 1946.

т. 4, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛАВА, цына (лац. Stannum),

Sn, хімічны элемент IV групы перыяд. сістэмы, ат. н. 50, ат. м. 118,710. Прыроднае волава складаецца з 10 стабільных ізатопаў: ​112Sn, ​114Sn – ​120Sn, ​122Sn, ​124Sn; найб. пашыраныя — ​120Sn (32,59%) і ​118Sn (24,22%). У зямной кары змяшчаецца 8∙10​−3 % па масе. Трапляецца ў мінералах (гл. Алавяныя руды). Вядома з глыбокай старажытнасці (2-е тыс. да н.э.). Серабрыста-белы метал, мяккі і пластычны, tпл 231,91 °C, tкіп 2620 °C, паліморфны (гл. Полімарфізм); пры т-ры вышэй за 13,2 °C існуе белае волава (β-Sn, шчыльн. 7295 кг/м³), якое пры т-ры ніжэй за 13,12 °C пераходзіць у шэрае волава (α-Sn, шчыльн. 5846 кг/м³), пры гэтым метал ператвараецца ў шэры парашок. У звычайных умовах устойлівае да ўздзеяння вады і кіслароду, узаемадзейнічае з галагенамі, неарган. к-тамі, пры награванні — з дыаксідам вугляроду, неметаламі (серай, селенам, фосфарам і інш.), з растворамі шчолачаў, з металамі (кальцыем, магніем, тытанам і інш.) утварае інтэрметал. злучэнні (гл. Волава злучэнні). Атрымліваюць з алавяных руд і рэгенерацыяй адходаў. Выкарыстоўваюць як кампанент сплаваў бронза, латунь, бабіт (гл. Волава сплавы), для аховы металаў ад карозіі (луджэнне).

І.​В.​Боднар.

т. 4, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІМЕ́Д (Archimēdēs; каля 287, Сіракузы — 212 да н.э.), старажытнагрэчаскі вучоны; адзін з заснавальнікаў матэматыкі і механікі. Распрацаваў матэм. метады вызначэння плошчаў паверхняў і аб’ёмаў розных фігур і целаў, на аснове якіх створаны дыферэнцыяльнае і інтэгральнае злічэнні. Вызначыў суму бесканечнай геам. прагрэсіі з назоўнікам ¼ (першы прыклад бесканечнага шэрагу ў матэматыцы); даследаваў уласцівасці архімедавай спіралі, стварыў тэорыю паўправільных выпуклых мнагаграннікаў (целы Архімеда); пабудаваў злічэнне, якое дазваляла запісваць і называць даволі вял. лікі; з вял. дакладнасцю вызначыў лік π і межы яго памылкі: 3 10 71 < π < 3 1 7 ; даў вызначэнне цэнтра цяжару цела; сфармуляваў Архімеда аксіёму. Архімед заклаў асновы гідрастатыкі і сфармуляваў яе асн. палажэнні (гл. Архімеда закон). Вынайшаў сістэму рычагоў, блокаў, паліспастаў і вінтоў для падымання цяжкіх прадметаў, машыну для абваднення палёў (архімедаў вінт), ваенную кідальную машыну, прыладу для вызначэння бачнага (вуглавога) дыяметра Сонца, мех. мадэль нябеснай сферы, якая дазваляла назіраць рух планет, фазы Месяца, зацьменні Сонца і Месяца, і інш. Архімед быў блізкі да сіракузскага цара Гіерона II, у час вайны супраць Рыма кіраваў абаронай Сіракузаў і быў забіты рымлянамі.

Літ.:

Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989.

Архімед.

т. 1, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНІ́ЛЬНАЯ СПРА́ВА,

апрацоўка паверхні прыродных і сінт. мінералаў-самацветаў і шкла для ювелірных і тэхн. мэт. Уключае працэсы рэзкі, абдзіркі, стварэння граней, паліраванне. Робіцца на спец. (у т. л. гранільных) станках з дапамогай алмазнага інструменту, паліравальных парашкоў і розных прыстасаванняў.

Зыходная сыравіна для вырабу ювелірных камянёў (уставак, пацерак, падвесак і да т.п.) — самацветы з высокім (больш за 1,54) паказчыкам пераламлення святла (пераважна алмазы), вырабныя каляровыя камяні прыгожых расфарбовак і натуральнага малюнка, бясколернае і афарбаванае шкло (празрыстае, без унутр. дэфектаў, якое імітуе аграначныя самацветы). Выраб брыльянтаў уключае распілоўку алмаза на часткі, абточванне па форме, агранку. Гатовыя брыльянты класіфікуюць і ацэньваюць. Мінералы-самацветы таксама распілоўваюць, ім надаюць папярэднюю форму, наносяць грані, паліруюць. Гранільная справа вядомая з 3-га тыс. да н.э. (Стараж. Егіпет, Месапатамія). Значнае развіццё пачалося з вынаходства ў 1456 у Галандыі гранільнага станка, які даў магчымасць рабіць найб. дасканалы від агранкі — брыльянтавую. У 19 і 20 ст. гранільная справа механізуецца, з’явіліся дасканалыя станкі, прыстасаванні і інструменты.

На Беларусі апрацоўкай алмазаў займаецца прадпрыемства «Крышталь» (Гомель). Гл. таксама Алмазная прамысловасць, Граненне.

Да арт. Гранільная справа. Каштоўныя камяні, апрацаваныя для калекцыі, і ювелірныя вырабы з кабашонамі.

т. 5, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУАНЧЖО́Ў, Кантон,

горад у Кітаі. Адм. ц. правінцыі Гуандун. 3,2 млн. ж., з прыгарадамі каля 4 млн. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Буйны рачны і марскі порт у дэльце р. Чжуцзян. Прамысл. і гандл. цэнтр Паўд. Кітая, цесна звязаны з Сянганам. Пераважае тэкст. (джут, рамі, бавоўна, шоўк), харчасмакавая (цукр., плодакансервавая) і цэлюлозна-папяровая прам-сць. Чорная металургія, суднабудаванне, маш.-буд. (асабліва с.-г.), хім., цэм. Прадпрыемствы. Саматужныя промыслы. Міжнар. кірмашы. Філіял АН, ун-т. Музеі, Бат. сад. Сярод арх. помнікаў — храм Гуансяосы з жал. пагадай (963). Мемар. зала Сунь Ятсена.

Вядомы з 3 ст. да н.э. У сярэднія вякі — буйны гандл. порт. З 18 ст. адзіны порт Кітая для абмежаванага гандлю чужаземцаў. У час Англа-кітайскай вайны 1840—42 цэнтр масавага супраціўлення каланізатарам. У 1910 і 1911 у Гуанчжоў адбыліся антыўрадавыя паўстанні. У 1923—26 тут размяшчаліся нац.-рэв. ўрад, камандаванне нац.-рэв. арміі. У 1927 адбылося ўзбр. паўстанне супраць галінданаўскага рэжыму. У 1938—45 акупіраваны яп., у 1945—49 — гамінданаўскімі войскамі. Вызвалены ў 1949 нар.-вызв. арміяй.

Да арт. Гуанчжоў. Від на р. Чжуцзян і цэнтральную частку горада.

т. 5, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУХО́ЎНЫЯ НАВУЧА́ЛЬНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,

рыхтуюць служыцеляў культу і даюць тэалагічную адукацыю. Першыя Д.н.ў. ўзніклі пры храмах Стараж. Егіпта і Стараж. Вавілона (2-е тыс. да н.э.) для падрыхтоўкі жрацоў (гл. Жрэцтва). Сучасныя Д.н.ў. падзяляюцца на вышэйшыя — тэалагічныя ун-ты і ін-ты, адпаведныя ф-ты пры свецкіх ун-тах, акадэміі; сярэднія — семінарыі, каледжы і ліцэі (хрысц.), медрэсэ (мусульм., бываюць таксама вышэйшымі), вышэйшыя тэалагічныя і каранічныя школы, ешыбот (іудаісцкія); ніжэйшыя — біблейскія, катэхізічныя, каранічныя, манастырскія і інш. школы. Найб. колькасць розных Д.н.ў. маюць сусветныя рэлігіі — будызм, іслам, хрысціянства.

На Беларусі першыя Д.н.ў. ўзніклі ў канцы 16 — пач. 17 ст. (гл. Езуіцкія навучальныя ўстановы, Кальвінісцкія школы). Былі закрытага ці паўзакрытага тыпу. Адукацыя мела пераважна гуманіт. характар. Праваслаўных святароў рыхтуюць Мінская духоўная акадэмія, Мінская вышэйшая духоўная семінарыя (в. Жыровічы Слонімскага р-на), каталіцкіх святароў — Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя У Мінску працуюць Біблейскі ін-т і Біблейская школа Саюза евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Тэалагічны ін-т і Біблейскі каледж («Хрыстос для народаў») Саюза хрысціян веры евангельскай, Вышэйшы завочны іудзейскі рэлігійны ешыбот, Вышэйшы духоўны каледж «Эйш Хаторы» («Агонь Торы») іудзейскага рэліг. аб’яднання. Святароў рыхтуе таксама багаслоўскі ф-т Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта.

т. 6, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАЧЭ́ННЕ,

пакрыццё вырабаў, асобных частак прылад, канструкцый, збудаванняў тонкім слоем золата з дэкаратыўнымі, ахоўнымі і ахоўна-дэкаратыўнымі мэтамі. Выкарыстоўваецца ў ювелірнай і гадзіннікавай вытв-сці, паўправадніковай тэхніцы, ужытковым мастацтве і інш.

Ліставое З. — наклейванне на падрыхтаваную паверхню вырабаў або збудаванняў тонкіх (0,1—0,3 мкм) лістоў золата. Вядома з 3-га тыс. да н.э. (Егіпет), у Кіеўскай Русі пашырылася з 10—11 ст. Ужывалася для аддзелкі палацаў і храмаў. У паліграфіі выкарыстоўваецца для спец. мастацкага друкавання і ціснення пераплётаў. Парашковае З. — нанясенне на выраб, пакрыты клейкім лакам, тонкага слоя залатога парашку. Агнявое З. — пакрыццё метал., звычайна медных, лістоў амальгамай (сплаў золата і ртуці) з наступнай адгонкай ртуці нагрэвам. Другі яго спосаб — нанясенне лаку, у якім ёсць золата, на фарфора-фаянсавыя вырабы. Пры абпальванні лак выгарае, а залатое покрыва застаецца. З. плакіроўкай — гарачая пракатка лістоў золата з лістамі інш. металу або валачэнне метал. пруткоў, абкручаных лістамі золата. Гэтым спосабам вырабляюць біметал для карпусоў гадзіннікаў і інш. Гальванічнае З. (выкарыстоўваецца з сярэдзіны 19 ст.) робіцца пераважна ў цыяністых залатых электралітах метадам электралітычнага асаджэння. З. катодным распыленнем пашырана пры вытв-сці фотаэлементаў і інш. З. наз. таксама пакрыццё прадметаў рэчывамі залацістага колеру.

т. 6, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ЙСКАЕ ПІСЬМО́,

фанетычнае літарна-складовае пісьмо для запісу тэкстаў на карэйскай мове. З першых стагоддзяў н.э. да канца 19 ст. асн. афіц. пісьмом было кітайскае пісьмо. Стварэнне К.п. датуецца 1444 і прыпісваецца правіцелю Седжону і групе прыдворных вучоных. Эдыктам Седжона «Хунмін чаным» («Настаўленне народу аб правільным вымаўленні», 1446) быў уведзены кар. алфавіт з 28 літар для уніфікацыі чытання кіт. іерогліфаў і запісу кар. мовы. З 2-й пал. 15 ст. ўзнікла змешанае (кіт.-кар.) пісьмо (знамянальныя словы пісаліся іерогліфамі, службовыя словы і грамат. паказальнікі — кар. літарамі). З 1949 у КНДР ужываецца толькі К.п., у Паўд. Карэі — змешанае. У сучасным кар. алфавіце 40 графем (24 простыя і 16 складаных). Літары камбінуюцца ў графічныя склады (лігатуры) у выглядзе квадратаў. Мінім. склад — «нямая» літара ў выглядзе кружка і літара для галоснай. Кірунак радка зверху ўніз і справа налева (кіт. тып), пашыраны і запіс тэксту злева направа і зверху ўніз (еўрап. тып). Асн. прынцып арфаграфіі (пасля рэформы 1933) — этымолага-марфал., у Паўд. Карэі з 1989 тэндэнцыя да фанет. напісання.

Літ.:

Хунмин чоным («Наставление народу о правильном произношении»). М., 1979.

Да арт. Карэйскае пісьмо. Карэйскі алфавіт.

т. 8, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЛІ́М,

двухбаковая бязворсавая ўзорыстая тканіна ручной або мануфактурнай вытв-сці, ніткі асновы якой моцна збітыя паміж сабой і цалкам схаваны пад ніткамі ўтку. Ваўняная аснова К. грубейшая і радзейшая за ўток, які быў ваўняны ці баваўняны (у краінах Азіі), ільняны, канапляны (у Еўропе), ваўняны (на Балканах). К. ўпрыгожваліся каляровымі палосамі, геам., радзей раслінным ці антрапаморфным арнаментам. Выкарыстоўвалі для засцілання, упрыгожання і ацяплення інтэр’ераў, дэкарыравання трун і катафалкаў. Тканіны ў тэхніцы К. вядомы з 5—4 ст. да н.э. ў фракійцаў, скіфаў, сарматаў і інш. З сярэдневякоўя да пач. 19 ст. пашырыліся ў краінах Еўропы і Азіі. Найлепшай якасцю вызначаліся К. Персіі, Турцыі, Скандынавіі.

На Беларусі К. вядомы з 17 ст. Вырабляліся нар. майстрамі, у маёнтках (уручную) і на мануфактурах. У 1733 Ганна Радзівіл адкрыла мануфактуру па вырабе К. ў Бельску-Падляскім (па эскізах мастакоў К.​Д.​Гескага і К.​Лютніцкага). Т. зв. тызенгаўзаўскія К. выраблялі на Гродзенскіх каралеўскіх мануфактурах (з 1768; па эскізах мастакоў В.Дзюпінэ, Л.​Фалевіле). Традыцыі ткацтва К. захаваліся ў гродзенскіх нар. падвойных дыванах (вырабы С.​Бахун, Д.​Буйноўскай, Р.​Маселбас, Э.​Плюцінскай, А.​Ярашэвіч і інш.).

Літ.:

Błachowski A. Ludowe dywany dwuosnowowe w Polsce. Toruń, 1990.

І.​М.​Каранеўская.

Украінскі кілім. 1831.

т. 8, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРАРТАЛО́ГІЯ,

медыцынская дысцыпліна, якая вывучае лячэбныя якасці прыродных фактараў: клімату, мінер. вод, лячэбных гразей і іх уздзеянне на арганізм чалавека. Уключае бальнеалогію і бальнеатэрапію, мед. кліматалогію, пелаялогію і пелоідатэрапію (гразелячэнне), таласатэрапію і інш.

Звесткі пра лекавыя якасці прэснай і мінер. вады сустракаюцца ў працах Герадота і Гіпакрата (5—4 ст. да н.э.). У 16—18 ст. прыродна-кліматычныя фактары для аздараўлення арганізма апісвалі вучоныя і ўрачы Італіі, Германіі, Расіі, Вялікабрытаніі і інш. У 19 — пач. 20 ст. ствараліся т-вы, якія вывучалі лячэбныя якасці курортных фактараў.

На Беларусі даследаванні па К. вядуцца ў Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі (з 1924) і інш. Выяўлены крыніцы мінер. вод, вызначаны іх хім. састаў, фізіка-хім. ўласцівасці і лек. эфектыўнасць. Даследаваны радовішчы сапрапелевых і тарфяных гразей, выяўлены іх лек. ўплыў на абмен рэчываў, сардэчна-сасудзістую сістэму. Вывучана станоўчае ўздзеянне лек. уласцівасцей мікракліматычных комплексаў на газаабмен лёгкіх, работу сардэчна-сасудзістай і нерв. сістэм, тэрмарэгулявальныя механізмы, скурнае покрыва. Распрацаваны паказанні і проціпаказанні для выкарыстання лячэбных гразей, мінер. вод і кліматычных фактараў і інш.

Літ.:

Шалькевич Б.В., Хасин Л.Х. Курорты и места отдыха Белоруссии. Мн., 1984.

т. 9, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)