ГЕЛІЯБІЯЛО́ГІЯ (ад гелія... + біялогія),

раздзел біялогіі, які вывучае сувязі сонечнай актыўнасці з рознымі з’явамі ў біясферы Зямлі. На існаванне такіх сувязей указваў у канцы 19 ст. Арэніус, навукова абгрунтаваў гэтую з’яву ў 1915 А.Л.Чыжэўскі — адзін з заснавальнікаў геліябіялогіі. Сонца ўплывае на жывыя арганізмы непасрэдна (электрамагнітныя выпрамяненні і пратоны высокіх энергій сонечных успышак) або ўскосна праз уплыў сонечнай радыяцыі на іанасферу, магнітасферу і атмасферу Зямлі. Геліябіялогія вывучае ролю гэтых фактараў у функцыянаванні біял. сістэм, іх заканамернасці і механізмы дзеяння. Выяўлена перыядычнасць біял. працэсаў, звязаная з 11-гадовым і больш працяглымі цыкламі сонечнай актыўнасці, а таксама з 27-сутачным абарачэннем Сонца вакол сваёй восі. Лічаць, што сонечная актыўнасць уплывае на ваганні ўзроўню захваральнасці, смяротнасці і функцыянальны стан нервовай сістэмы людзей, на ўраджайнасць раслін, інтэнсіўнасць размнажэння і міграцыі жывёл і інш. Гэтыя з’явы могуць перыядычна паўтарацца або мець аперыядычны характар, які звязваюць з уплывам геамагнітных бур, што ўтвараюцца пасля ўспышак на Сонцы. Вывучэнне прыроды і прагназаванне з’яў геліябіялогіі важныя для экалогіі, касм. біялогіі, сельскай гаспадаркі, медыцыны і інш.

т. 5, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАЙНІКАВА́ННЕ,

утварэнне ў монакрышталі абласцей з заканамерна змененай арыентацыяй крышт. структуры. Структуры двайніковых утварэнняў з’яўляюцца люстраным адбіткам атамнай структуры зыходнага крышталя (матрыцы) у пэўнай плоскасці (плоскасці Д.) ці ўтвараюцца паваротам структуры матрыцы вакол крышталеграфічнай восі (восі Д.) на пастаянны для дадзенага рэчыва вугал або іншым пераўтварэннем сіметрыі крышталёў. Матрыца з двайніковым утварэннем наз. двайніком.

У залежнасці ад колькасці зрошчаных двайніковых утварэнняў структуры наз. трайнікамі, чацвернікамі ці наогул полісінт. двайнікамі. Д. можа адбывацца пры крышталізацыі, мех. дэфармацыі, зрастанні суседніх зародкаў (двайнікі росту), хуткім цеплавым расшырэнні ці сцісканні, награванні дэфармаваных крышталёў (двайнікі рэкрышталізацыі), пры пераходзе ад адной крышт мадыфікацыі да другой. Напр., у крышталях сегнетавай солі двайнікі ўтвараюцца пры пераходзе крышталя ад рамбічнай структуры да монакліннай (пры т-ры Кюры). Д. ўплывае на мех. (трываласць, пластычнасць, крохкасць), м., магн., аптычныя ўласцівасці крышталёў, пагаршае якасць паўправадніковых прылад. Заканамернасці Д. выкарыстоўваюцца для дыягностыкі мінералаў, устанаўлення паходжання і ацэнкі некат. мінералаў як прамысл. сыравіны.

Літ.:

Современная кристаллография. Т. 2. М., 1979;

Т. 4. М., 1981.

Р.​М.​Шахлевіч.

Да арт. Двайнікаванне. Двайнікі росту: а — пірыт; б — кальцыт; в — полісінтэтычны двайнік альбіту.

т. 6, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗА́НСКІЯ ПАХО́ДЫ 1545—52,

ваенныя дзеянні, у т. л. прэвентыўныя, рус. войск супраць Казанскага ханства, якое праводзіла ў адносінах да Расіі агрэсіўную палітыку: рабіла пастаянныя рабаўнічыя набегі, закрывала волжскі гандл. шлях; у сярэдзіне 16 ст. ў Казані ўтрымлівалася каля 100 тыс. рус. нявольнікаў. Паход 1545 меў характар ваен. дэманстрацыі, паходы 1547—48 і 1549—50 былі безвыніковыя. Апошні паход 1552 быў добра падрыхтаваны ў дыпламат., ваен. і матэрыяльных адносінах. Яшчэ ў 1551 паводле загаду цара Івана IV Грознага рус. майстры пабудавалі за 30 км ад Казані апорную базу — крэпасць Свіяжск, куды былі загадзя завезены асадная артылерыя, боепрыпасы і харчаванне. 16 чэрв. рус. войскі на чале з царом выступілі з Масквы. 24 чэрв. яны разбілі каля Тулы войска крымскага хана Дэўлет-Гірэя, узмоцненае атрадам тур. янычараў, потым накіраваліся да Казані і ў жн. асадзілі яе. Іван IV сканцэнтраваў вакол Казані каля 150 тыс. воінаў, 150 гармат. Рус. войскі бамбардзіравалі горад з цяжкіх гармат, з дапамогаю мінных падкопаў разбуралі яго ўмацаванні. 2.10.1552 Казань узята штурмам; Казанскае ханства спыніла існаванне і было далучана да Расіі.

т. 7, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНГЛАМЕРА́Т (ад лац. conglomeratus сабраны, ушчыльнены),

механічнае, выпадковае спалучэнне якіх-н. разнародных кампанентаў. У геалогіі — сцэментаваная асадкавая абломкавая горная парода (гл. Абломкавыя горныя пароды), складзеная пераважна з галькі з прымессю пяску, жвіру і валуноў. Цэментам звычайна з’яўляюцца аксіды жалеза, карбанаты, гліністы матэрыял, радзей крэменязём. Вядомы розныя класіфікацыі К., заснаваныя на ўмовах іх утварэння, тыпе і колькасці цэменту, ступені адсартаванасці, прыродзе і складзе абломкаў. На Беларусі К. найб. пашыраны ў тоўшчах абломкавых парод рыфею і венду, пермскай і трыясавай сістэм. Глыбы валунова-галечнага К. ў антрапагенавых адкладах вядомы каля Гродна (гл. ў арт. Калодзежны роў). У эканоміцы — адна з форм аб’яднання прадпрыемстваў (фірм) рознага галіновага профілю. Адрозніваюць К. функцыянальныя, якія аб’ядноўваюць прадпрыемствы (фірмы), звязаныя у працэсе вытв-сці і інвестыцыйныя, якія аб’ядноўваюць фірмы, не звязаныя галіновай агульнасцю. Для К. характэрны; аб’яднанне шырокага кола прадпрыемстваў (фірм), якія выконваюць розныя функцыі; высокі ўзровень дэцэнтралізацыі кіравання; рост капіталу ў выніку зліцця і накіраванне яго на павелічэнне кантролю над існуючымі прадпрыемствамі (фірмамі); аб’яднанне ў рамках К. з удзелам банка або вакол яго.

т. 7, с. 576

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЧАЎСКІЯ ГАРАДСКІ́Я ЎМАЦАВА́ННІ.

Існавалі ў 14—18 ст. у сярэдневяковым г. Крычаў. Узніклі вакол гандлёва-рамеснага паселішча, т.зв. «Зубялышынскага пасада», уключалі вал і драўляныя збудаванні. З У пасад засцерагалі воды і высокі правы бераг р. Сож, з ПдЗ — забалочаны роў і ручай. Пазней на ручаі зроблена запруда з вял. ставам і млыном. Існавала некалькі брам, адна з якіх служыла выхадам з пасада на плаціну і да Крычаўскага замка. У пач. 16 ст. «Зубялышынскі пасад» перамясціўся за забалочаны роў, на паўд.-зах. частку плато перад замкам, дзе працягваўся рост сярэдневяковага Крычава. У 16 ст. і гэта частка горада абнесена земляным валам і драўлянымі сценамі. З Пн да яго прымыкалі крутыя схілы прыроднага яра і млынавы стаў на р. Крычаўка. Уезд і выезд з горада быў праз Мсціслаўскую і Магілёўскую брамы. У 17 ст. ўмацаванні часткова разбураны рус. войскамі (1633) і паўстанцамі-сялянамі (1648 і 1651) у час Антыфеадальнай вайны 1648—51, у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 поўнасцю разбураны. Пазней яны адноўлены і ўпамінаюцца ў дакументах пад назвай «астрог». Пасля Паўночнай вайны 1700—21 канчаткова разбураны.

т. 8, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАСА́ЛЬ (Lassalle, да 1846 Lassal) Фердынанд (11.4.1825, г. Брэслаў, цяпер Вроцлаў, Польшча — 31.8.1864), дзеяч герм. рабочага і сацыяліст. руху, публіцыст. У 1843—46 вывучаў філасофію, філалогію і гісторыю ў Брэслаўскім і Берлінскім ун-тах. Яго погляды сфарміраваліся пад уплывам ідэй І.Г.Фіхтэ, Г.Гегеля, Я.Блана і П.Ж.Прудона. У 1848—49 супрацоўнік «Neue Rheinische Zeitung» («Новай Рэйнскай газеты»), якую рэдагаваў К.​Маркс; за ўдзел у рэв. руху ў г. Дзюсельдорф у 1848 быў зняволены. Распрацоўшчык асноў праграмы, адзін з заснавальнікаў (1863) і першы прэзідэнт Усеагульнага герм. рабочага саюза. Прапагандаваў «жалезны закон» заработнай платы (паводле яго заробак вагаецца вакол фізічна неабходнага мінімуму сродкаў існавання ў залежнасці ад росту або скарачэння рабочага насельніцтва), выступаў за ўсеагульнае і роўнае выбарчае права, стварэнне з дзярж. дапамогай асацыяцый рабочых, дасягненне бяскласавага грамадства шляхам рэформаў і інш. Быў прыхільнікам аб’яднання Германіі пад вяршэнствам Прусіі. У 1863—64 намагаўся супрацоўнічаць з О.Бісмаркам супраць лібералаў. Аўтар прац «Філасофія Геракліта» (ч. 1—2, 1858), «Сістэма набытых правоў» (т. 1—2, 1861; гал. паліт. твор), драмы «Франц фон Зікінген» (1859) і інш. Памёр ад раны, атрыманай на дуэлі.

т. 9, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́СНА,

возера на мяжы Верхнядзвінскага і Расонскага р-наў Віцебскай вобл., у бас. р. Свольна (цячэ праз возера), за 42 км на ПнУ ад г. Верхнядзвінск, каля в. Лісна. Пл. 15,7 км², даўж. 7,8 км, найб. шыр. 3,1 км, найб. глыб. 6 м, даўж. берагавой лініі 25,3 км. Пл. вадазбору 943 км². Схілы катлавіны выш. 15—20 м (на ПдЗ да 30 м), параслі лесам, на У і Пн невыразныя. Берагі выш. да 0,3 (на У да 0,5 м), пад хмызняком. На У і Пн забалочаная пойма, парослая рэдкім хваёвым лесам. Дно плоскае, у паўн. частцы пераважаюць глыбіні 3—4 м, у паўд. — да 6 м. 3 астравы агульнай пл. 0,74 км². Ложа выслана сапрапелямі, уздоўж берагоў і вакол астравоў — апясчаненымі адкладамі. Зарастае да глыб. 2,6 м. Шыр. паласы прыбярэжнай надводнай расліннасці да 200 м, уздоўж усх. берага да 400 м. У возера ўпадаюць канал Дзегцяроўка і 7 ручаёў, у т. л. з азёр Малы Тучок і без назвы. Адзначана гнездаванне звычайнага гогаля — птушкі, занесенай у Чырв. кнігу Беларусі.

т. 9, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАГУ́ТНАЯ КУ́ЧКА», Балакіраўскі гурток,

«Новая руская музычная школа», творчая садружнасць расійскіх кампазітараў у 2-й пал. 19 ст., што ўзнікла ў Пецярбургу ў канцы 1850-х г. (канчаткова склалася ў 1862). Найб. інтэнсіўна дзейнічала ў 1860 — пач. 1870-х г., да сярэдзіны 1870-х г. перастала існаваць. У «М.к.» ўваходзілі М.Балакіраў (кіраўнік), А.Барадзін, Ц.Кюі, М.Рымскі-Корсакаў, да яе прымыкалі А.​Тусакоўскі, М.​Ладыжанскі, М.​Шчарбачоў Назву даў яе ідэолаг і натхняльнік У.Стасаў. Дзейнасць «М.к.» канцэнтравалася вакол Бясплатнай муз. школы, заснаванай ў 1862 Балакіравым і Г.​Ламакіным. Ідэйна-маст. імкненні «М.к.» склаліся пад уздзеяннем эстэт. прынцыпаў рус. рэв. дэмакратаў. Члены гуртка выступалі супраць акад. руціны, змагаліся за народнасць, нац. кірунак у рус. музыцы. Апіраючыся на традыцыі М.​Глінкі, А.​Даргамыжскага, яны развівалі нац. муз. стыль, умацоўвалі сувязі з нар. песеннасцю, расшыралі вобразную сферу (выкарыстоўвалі нац. гісторыю, л-ру, нар. побыт і фальклор), стварылі выдатныя ўзоры опернага, сімф, фп. і камерна-вак. жанраў. Эстэт. прынцыпы «М.к.» значна паўплывалі на далейшае развіццё рус. муз. культуры.

Літ.:

Гордеева Е.М. Композиторы «Могучей кучки» 4 изд. М., 1986.

Т.​А.​Дубкова.

т. 9, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛЬБАРК (Malbork),

горад у Польшчы, у Паморскім ваяводстве, у дэльце Віслы. 40 тыс; ж. (1993). Вузел чыгунак, прыстань на рукаве р. Ногат. Прам-сць: маш.-буд. (з-д вентылятараў), харч. (цукр., харч. канцэнтратаў, мясная, малочная), швейная, льноперапрацоўчая. Гатычны замак крыжакоў (13—14 ст., цяпер музей), на тэр. старога горада гатычны касцёл св. Яна (14—17 ст.), ратуша (14—15 ст.).

Каля 1274 крыжакі пачалі буд-ва замка Марыенбург (з 16 ст. паланізаваная назва — М.). Вакол замка ўзнікла паселішча, якое ў 1276 атрымала гар. правы. У 1309—1457 рэзідэнцыя вял. магістра ордэна і сталіца крыжацкай дзяржавы. Разбудова замка ў 14 ст. (адна з наймагутнейшых крэпасцей у Еўропе) паспрыяла прытоку рамеснікаў. Паводле Тарунскага міру 1466 далучаны да Польшчы, цэнтр ваяводства. У выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Прусіі. Эканам. развіццё М. звязана з буд-вам у 1855—57 чыгункі Берлін — Кёнігсберг (цяпер г. Калінінград, Расія). Па выніках плебісцыту 1920 застаўся ў складзе Усх. Прусіі. У 2-ю сусв. вайну тут існаваў гітлераўскі канцлагер. З 1945 у складзе Польшчы, адбудаваны.

Н.​К.​Мазоўка (гісторыя).

т. 10, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНУ́ЦЫЙ (лац. Manutius, італьян. Manuzio) Альд Старэйшы (каля 1450, Басіяна, каля г. Велетры, Італія — 6.2.1515), італьянскі выдавец і друкар, вучоны-гуманіст. У 1494 заснаваў выдавецкую фірму Альдаў, якая праіснавала каля 100 гадоў. Каля 1490 жывучы ў Венецыі, аб’яднаў вакол сябе знаўцаў грэч. мовы і пачаў выдаваць творы стараж.-грэч. аўтараў: Арыстоцеля, Арыстафана, Сафокла, Герадота, Ксенафонта, Эўрыпіда, Дэмасфена, Плутарха, Платона і інш. У 1499 выдаў шэдэўр кнігадрукавання — «Вайна сну і кахання» («Hypnerotomachia», прыпісваецца яго сучасніку Ф.​Калоне), у якім шматлікія гравюры на дрэве і прыгожыя шрыфты (антыква) утвараюць гарманічнае адзінства. У 1500 заснаваў «Новую акадэмію» (на ўзор Платонаўскай), члены якой садзейнічалі збіранню і вывучэнню рукапісаў ант. аўтараў, праводзілі тэксталагічную іх падрыхтоўку. З 1501 выкарыстаў 2 новаўвядзенні: яго выданні — альдзіны — пачалі выходзіць фарматам у ​1/8 ліста і друкаваліся курсівам. Выпускаў і творы сваіх сучаснікаў (Эразма Ратэрдамскага). Для барацьбы з падробкамі і перайманнямі кніг пачаў выкарыстоўваць друкарскую марку — дэльфін, які абвівае якар. Справу М. прадоўжылі яго цесць Андрэа Тарэзана, сын Паала (1512—74) і ўнук Альд Малодшы (1547—97).

Літ.:

Лазурский В.В. Альд и альдины. М., 1977.

т. 10, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)