ПАРАЛЕ́ЛЬНАЕ ЗЛУЧЭ́ННЕ спосаб злучэння дзвюх ці болей крыніц або прыёмнікаў эл. энергіі, пры якім на ўсе разгалінаванні эл. ланцуга падаецца адно і тое ж напружанне.
Пры П.з. агульны ток раўняецца суме токаў усіх разгалінаванняў (алгебраічнай пры пастаянным току, вектарнай пры пераменным). Агульная праводнасць G эл. ланцуга з актыўнымі супраціўленнямі R1, ..., Rn роўна
, дзе R — агульнае супраціўленне ланцуга. Агульная ёмістасцьэл. ланцуга пры П.з. кандэнсатараў: C = C1 + ... + Cn, дзе C1 ..., Cn — ёмістасці асобных разгалінаванняў. Пры П.з. індуктыўнасцей L1 ..., Ln агульная індуктыўнасць L ланцуга вызначаецца формулай:
. П.з. шырока выкарыстоўваецца для сілкавання вял. колькасці прыёмнікаў эл. энергіі (эл. лямпаў, награвальных прылад, эл. рухавікоў і інш.). Уключэнне ці выключэнне асобных крыніц або прыёмнікаў эл. энергіі пры П.з. не парушае работы ўсёй сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУКЦЫ́ЙНАЯ ПЕЧ,
электратэрмічная ўстаноўка для плаўкі металаў і сплаваў індукцыйным нагрэвам. У прам-сці выкарыстоўваюцца пераважна тыгельныя і канальныя печы.
Тыгельная І. п. складаецца з індуктара (саленоіда) і плавільнага тыгля. Сілкуецца эл. токам прамысл. (50 Гц), сярэдняй (да 10 кГц) і высокай (больш як 10 кГц) частаты (гл.Высокачастотная печ). Выкарыстоўваюцца звычайна для плаўкі сталі і чыгуну. Канальныя І. п. маюць стальны асяродак, які праходзіць праз унутр. поласць індуктара. Сілкуюцца токам прамысл. частаты. Прызначаны пераважна для выплаўкі каляровых металаў і сплаваў. Ёмістасць І.п. да некалькіх соцень тон. Вызначаюцца высокай скорасцю нагрэву, чысцінёй атрыманага прадукту, лёгкасцю рэгулявання т-ры, малым угарам металу, магчымасцю вядзення плаўкі ў ахоўным газавым асяроддзі або вакууме (гл.Вакуумная печ).
Індукцыйныя печы: а — канальная са стрыжнем (1 — кальцавы жолаб з расплаўленым металам, 2 — стрыжань-магнітаправод, 3 — абмотка індуктара); б — вакуумная з нахільным тыглем (1 — тыгель, 2 — абмотка, 3 — расплаўлены метал, 4 — уліўніца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭР’Е́Р ЖЫВЁЛЫ,
сукупнасць унутр.марфал. (анатам. і гісталагічных), біяхім. і фізіял. уласцівасцей арганізма с.-г. жывёлы ў сувязі з яе прадукцыйнасцю і племяннымі якасцямі. Выкарыстоўваюць для ацэнкі канстытуцыі жывёлы і яе прадукцыйнасці. Першыя працы па І.ж. вядомы з канца 19 ст. Пры вызначэнні І.ж. даследуюць косці, мышцы, скуру, малочныя залозы, кроў, сэрца, лёгкія і інш. Паводле груп крыві і тыпаў індывід. бялкоў вызначаюць паходжанне жывёл, структуру парод, наяўнасць генет. узаемасувязі і інш. Паміж І.ж., будовай цела і прадукцыйнасцю існуе карэляцыйная сувязь. Напр., у малочнай жывёлы ў параўнанні з мясной лепш развіта малочная залоза, страваванне, кровазварот, шчытападобная залоза, гіпофіз, менш развіты падскурны тлушчавы слой, больш нізкі крывяны ціск, большае сэрца, больш частыя дыханне і пульс, больш інтэнсіўны абмен рэчываў. У верхавых і рысістых коней памеры сэрца і ёмістасць лёгкіх большыя, чым у цяжкавозаў (на 100 кг жывой масы). Гл. таксама Экстэр’ер жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНОГАКАНА́ЛЬНАЯ СУ́ВЯЗЬ,
від электрасувязі, які забяспечвае адначасовую і незалежную перадачу многіх паведамленняў па адной лініі сувязі. Ёмістасць лічбавых сістэм М.с. да дзесяткаў тысяч каналаў сувязі. Выкарыстоўваецца ў тэлефаніі, тэлеграфіі, тэлебачанні і інш. для перадачы паведамленняў па паветраных, кабельных, хваляводных, аптычных, радыёрэлейных і спадарожнікавых лініях сувязі.
Грунтуецца на частотным, часавым, палярызацыйным або кодавым (ці іх камбінацыі) ушчыльненні сігналаў (раздзяленні каналаў для кожнага паведамлення); канальныя сігналы ўшчыльняюцца ў групавы, які падаецца ў лінію сувязі пасля лінейных пераўтварэнняў для ўзгаднення з яе характарыстыкамі. Частотнае ушчыльненне, калі кожнаму каналу адпавядае пэўны ўчастак спектра частот у агульнай паласе прапускання лініі, выкарыстоўваецца пераважна ў аналагавых сістэмах перадачы; часавае ушчыльненне (адпавядае пэўны прамежак часу) — у аналага-імпульсных і лічбавых сістэмах; палярызацыйнае (тыл палярызацыі хвалі) — у спалучэнні з інш. ў спадарожнікавых і аптычных сістэмах; кодавае ўшчыльненне — у сістэмах рухомай сотавай радыёсувязі і інш. сістэмах з шумападобнымі сігналамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКРЭА́ЦЫЯ (польск. rekreacja адпачынак ад лац. recreatio аднаўленне),
дзейнасць чалавека ў вольны час, накіраваная на аднаўленне і ўмацаванне здароўя, фіз. і духоўных сіл, працаздольнасці.
Рэкрэацыйныя патрабаванні чалавека залежаць ад узроўню развіцця прадукц. сіл і характару вытв. адносін, а таксама ад узросту, прафесіі і інш. Рост аўтаматызацыі працы ў спалучэнні з урбанізацыяй у эпоху навукова-тэхн. рэвалюцыі вядуць да скарачэння фіз. нагрузак і рухальнай актыўнасці, росту псіхаэмацыянальнага напружання і стомленасці чалавека. Пасіўны адпачынак не забяспечвае поўнага аднаўлення працаздольнасці, патрабуецца актыўнае развіццё рэкрэацыйных заняткаў. Жыццядзейнасць людзей абумоўлівае неабходнасць узаемазвязанага рэкрэацыйнага асяроддзя: бліжэйшае наваколле — двор, азялененыя пляцоўкі, паркі і скверы; таксама загарадныя рэкрэацыйныя тэр.; для працяглага адпачынку — спецыялізаваныя курортна-турысцкія раёны і цэнтры.
Пры праектаванні рэкрэацыйных тэрыторый прадугледжваюцца прыродаахоўныя мерапрыемствы і іх рэкрэацыйная ёмістасць. На Беларусі 319 устаноў адпачынку, санаторнага лячэння і турызму на 47 тыс. месцаў; для Р. — каля 2 млн.гатэр. (1999).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́НКЕРНЫ КАМБА́ЙНтарфяны,
самаходны агрэгат для пнеўматычнай уборкі фрэзернага торфу з рассцілкі з наступным, фрэзераваннем ачышчанай паверхні тарфянога пакладу. На Беларусі выкарыстоўваецца пераважна камбайн БПФ-ЗМ.
Складаецца э пнеўматрансп. сістэмы герметычнага бункера, трансмісіі з прыводам ад рухавіка ўнутр. згарання, хадавой гусенічнай часткі і фрэзера. Магутнасць рухавіка 176 кВт, ёмістасць бункера 25 м³, шыр. захопу 4,8 м, прадукцыйнасць 1,5 га/гадз. Мадыфікацыі пнеўмакамбайнаў адрозніваюцца ўстаноўкай актыўных соплаў з рэцыркуляцыяй паветра (у камбайна КПФ-6), павелічэннем шыр. захопу да 6,4 м, ёмістасці бункера, прадукцыйнасці да 3 га/гадз.
Б.А.Багатаў.
Пнеўматычны бункерны камбайн БПФ-ЗМ: 1 — вентылятар; 2, 4 — вертыкальныя цыклоны; 3 — цэнтральная труба цыклона; 5 — усмоктвальны трубаправод; 6 — бункер; 7 — сапло.Пнеўматычны тракт з рэцыркуляцыяй паветра бункернага камбайна КПФ-6,4: 1 — калектар; 2 — усмоктвальны канал; 3, 4 — усмоктвальны і цэнтральны трубаправоды; 5 — труба для выкіду лішкаў нагнятальнага паветра ў атмасферу; 6 — вентылятар; 7 — цыклон; 8 — нагнятальны канал; 9 — бункер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУГАВА́Я ПЕЧ,
прамысловая электрычная печ, у якой плавяць металы і інш. матэрыялы цяплом электрычнай дугі. Бываюць прамога дзеяння (дуга гарыць паміж электродамі і металам, што награваецца), ускоснага (непрамога) дзеяння (дуга гарыць паміж электродамі на пэўнай адлегласці ад матэрыялу) і з закрытай дугой (яна гарыць пад слоем цвёрдай шыхты, куды ўстаўлены электроды).
Найб. пашыраны Д.п. прамога дзеяння для выплаўкі сталі (ёмістасць да 400 т) і печы з закрытай дугой для выплаўкі каляровых сплаваў, ферасплаваў, электракарунду і інш. Ёсць таксама вакуумныя Д.п. з расходавальным электродам (яго робяць з металу, які пераплаўляецца) і з нерасходвальным (з вальфраму або графіту). Такія печы выкарыстоўваюцца для вакуумна-дугавога пераплаву металаў і сплаваў. Нагрэў і плаўленне металаў плазменнай дугой ажыццяўляецца ў плазменна-дугавых печах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖО́ЎЦЕВЫ ПУЗЫ́Р,
полы орган стрававальнай сістэмы большасці пазваночных жывёл і чалавека, у якім адбываецца збіранне і канцэнтрацыя жоўці. Размешчаны на ніжняй паверхні правай долі печані. Адсутнічае ў міног, некат. рыб, птушак (галубы, зязюлі, калібры, папугаі, страусы, туканы), млекакормячых (кітападобныя, сланы, алені, вярблюды, няпарнакапытныя, многія мышападобныя грызуны).
Форма грушападобная, радзей канічная. Мае дно, цела і шыйку, якая пераходзіць у пузырную пратоку, што злучана з пячоначнай пратокай і ўтварае агульную жоўцевую пратоку. У чалавека ёмістасць Ж.п. 30—70 см, даўж. 10—14 см, шыр. 3,5—4 см. Сценка Ж.п. таўшч. 1,5—2 мм складаецца са слізістай і мышачнай абалонак, ніжняя паверхня ўкрыта брушынай. Пры перыяд. скарачэнні мускулатуры сценак Ж.п. жоўць паступае ў агульную жоўцевую пратоку і дванаццаціперсную кішку, дзе ўдзельнічае ў працэсах стрававання. Ж.п. рэгулюе і падтрымлівае на пастаянным узроўні ціск жоўці ў жоўцевых шляхах. Паталогіі Ж.п.: заганы развіцця, пашкоджанні, функцыян. парушэнні, захворванні (запаленне — халецыстыт, жоўцекамянёвая хвароба), пухліны Лячэнне — кансерватыўнае і аператыўнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЬВЕ́Р (англ. revolver ад revolve вярцецца),
індывідуальная многазарадная наразная агнястрэльная зброя з вярчальным барабанам (патроннікам-магазінам). Прызначаны для паражэння жывых цэляў на адлегласці да 100 м. Ёмістасць барабана 6—7 патронаў, калібр 7,62—11,56 мм, скарастрэльнасць 6—7 выстралаў за 15—20 с.
З’явіўся ў 16 ст., пашырыўся як наразны з 1830-х г. У рас. арміі на ўзбраенні былі Р. сістэмы Сміта—Весана, з канца 19 ст. — сістэмы Нагана ўзору 1895 (гл. Наган), якія былі на ўзбраенні і ў Сав. Арміі. У 1-й пал. 20 ст. паступова заменены самазараднымі пісталетамі.
Рэвальверы: 1 — чатырохзарадны Колера з ударнакрамянёвым замком (пач. 19 ст., Вялікабрытанія); 2 — капсульны Марыета з вярчальнай звязкай з 4 ствалоў (1830-я г., Бельгія); 3 — шпілечны 12-зарадны Лефашэ (2-я пал. 19 ст., Бельгія); 4 — Бамонта—Адамса падвойнага дзеяння (1856, Вялікабрытанія); 5 — грамадзянскі «Бульдог» 5—6-зарадны (канец 19 — пач. 20 ст., у розных краінах); 6 — сямізарадны «Стралец» (пач. 20 ст., Расія); 7 — шасцізарадны (1960, Чэхаславакія).