карпаго́н

(ад гр. karpos = плод + -гон)

жаночы палавы орган чырвоных водарасцяў у выглядзе колбападобнай клеткі, у расшыранай частцы якой развіваецца яйцаклетка.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

паляндві́ца, ‑ы, ж.

Мяса вышэйшага сорту з сярэдняй часткі свіной тушы каля хрыбта, якое вэндзяць або вяляць. Тым часам на стале з’явіліся відэльцы, нажы і талеркі і следам паплылі сакаўныя вэнджаныя кілбасы, цэлая талерка па-мастацку нарэзаных скрылікаў паляндвіцы, чырвоных, як пялёсткі вяргіні. Колас.

[Польск. polędwica.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узвышэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. узвышаць — узвысіць і узвышацца — узвысіцца.

2. Пляцоўка або памост, які ўзвышаецца над зямлёй, падлогай. [Таццяна] не бачыла .. нічога, акрамя дзвюх аднолькавых чырвоных трупаў на ўзвышэнні. Васілёнак. І вось на ўзвышэнне ўзышоў афіцэр і зычным голасам пачаў чытаць рашэнне суда. Мальдзіс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БАТРАХАСПЕ́РМУМ (Batrachospermum),

род чырвоных водарасцяў сям. батрахаспермавых. Каля 50 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. Растуць у багатай кіслародам прэснай вадзе, асобныя віды — на тарфяных балотах паблізу крыніц. На Беларусі — батрахаспермум ружанцападобны (Batrachospermum moniliforme), адзначаны ў ручаях, рэчках і наваколлі воз. Нарач.

Шматклетачная ніткападобная аднадомная водарасць. Слаявіна мяккая, слізістая, даўж. 2—10 см, цемнаватага жоўта- або аліўкава-шэрага колеру, часам укрытая слоем скурыстых клетак. Асн. галінкі густа ўсаджаны пучкамі кароткіх галінак, размешчаных кальчакамі. Палавое размнажэнне — аагамія.

Батрахаспермум.

т. 2, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

фікабілі́ны

(ад гр. phykos = водарасць + лац. bilis = жоўць)

арганічныя пігменты, якія ўваходзяць у склад хромапратэідаў сіне-зялёных і чырвоных водарасцей (фікаэрытрын і фікацыянін).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВАЛУЗНЁЎ (Анатоль Рыгоравіч) (29.11.1904, Мінск — 8.10.1990),

бел. вучоны ў галіне пладаводства. Д-р біял. н. (1971), праф. (1989). Засл. дз. нав. Беларусі (1974). Скончыў Ленінградскі с.-г. ін-т (1927). З 1957 у Бел. НДІ пладаводства, агародніцтва і бульбы. Навук. працы па біял. асаблівасцях, агратэхніцы і развядзенні ягадных культур, селекцыі суніц садовых, агрэсту, маліны, чырвоных і чорных парэчак, сунічна-клубнічных гібрыдаў і інш.

Тв.:

Районированные и перспективные сорта плодовых и ягодных культур Белорусской ССР. Мн., 1960 (у сааўт.);

Ягодный сад. Мн., 1970.

т. 3, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛЕ́СКІ (Антон Ігнатавіч) (15.2.1824, Варшава — 4.10.1885),

мастак, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве. Адукацыю атрымаў у Вільні і Варшаве, жывапісу вучыўся ў Вене і Фларэнцыі. Працаваў як мастак-графік, ілюстраваў творы А.​Міцкевіча, Т.​Ленартовіча, А.​Мальчэўскага, І.​Ходзькі і інш. Чл. Віленскай археал. камісіі. У 1862 прыхільнік «чырвоных», увайшоў у Літоўскі правінцыяльны камітэт, дзе разам з К.​Каліноўскім рыхтаваў паўстанне. 26.1.1863 арыштаваны і высланы ў Вятку. З 1867 у Варшаве, потым за мяжой.

Г.​В.​Кісялёў.

А.Я.Залескі.

т. 6, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯГЕ́РМ (ад бія... + грэч. herma падводная скала),

простая арганагенная пабудова, якая ўтварылася на месцы росту калоній арганізмаў, здольных адкладваць вапну, захоўваць пасля адмірання прыжыццёвую форму. Даўж. біягерма да кіламетра.

Марфалагічна біягерм як геал. цела — масіў або выпуклая лінза, палеагеаграфічна — падводны выступ, узгорак. У асадкавых адкладах Беларусі выкапнёвыя дробныя Б. з каралаў, страматапораў, імшанак, сіне-зялёных і чырвоных водарасцяў (багранак) трапляюцца ў сілурыйскіх і ніжнедэвонскіх утварэннях Брэсцкай упадзіны, верхнедэвонскіх і кам. вуг. утварэннях Прыпяцкага прагіну. Да верхнедэвонскіх біягермных адкладаў Прыпяцкага прагіну прымеркаваны радовішчы нафты і газу. Гл. таксама Біястромы.

т. 3, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЛЬДЭНБРА́НТЫЯ (Hildenbrandtia),

манатыпны род чырвоных водарасцей сям. гільдэнбрантыевых. Вядомы 1 від — гільдэнбрантыя рачная (H. rivularis). Пашырана ў Еўропе, Азіі, Афрыцы і Амерыцы, а таксама на Пн Беларусі, дзе трапляецца рэдка на паўд.-ўсх. мяжы арэала ў чыстых водах рэк і ручаёў. Расце на камяністых субстратах пад вадой. Занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.

Прэснаводная эпілітная водарасць. Утварае плевачнае шчыльнакоркавае слаявішча (талом) кармінавага колеру з цёмна-чырвонай аблямоўкай. Таломы акруглыя, дыям. да 2,5 см; пры разрастанні зліваюцца. Вертыкальныя ніткі простыя, зрэдку разгалінаваныя. Размнажаецца вегетатыўна. Індыкатар чыстых вод.

Г.​У.​Вынаеў.

Гільдэнбрантыя рачная.

т. 5, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РЛІКІ ў астраноміі,

зоркі адносна невялікіх памераў (0,01—1 радыус Сонца) і невысокіх свяцільнасцей (10​−1—1 адзінка свяцільнасці Сонца). Маса 0,1—1 сонечнай масы. Тыповая зорка-К. — наша Сонца. Ад звычайных (чырвоных К.) будовай і ўласцівасцямі адрозніваюцца белыя К. Гэта вельмі шчыльныя (10​8—10​9 кг/м³) гарачыя зоркі малых памераў (у сярэднім радыус роўны зямному радыусу, а маса адпавядае масе Сонца, т-ра паверхні дзесяткі тысяч К). Белыя К. — канчатковая стадыя зорнай эвалюцыі, калі маса зоркі не большая за 1,4 масы Сонца.

т. 8, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)