галіна навукі і тэхнікі аб электрамагнітных працэсах і практычным іх выкарыстанні. З Э. як базіснай навукі вылучыліся і існуюць самастойна: электраэнергетыка, эл. сістэмы і сеткі, электрычныя машыны, электрычны прывод, тэхніка высокіх напружанняў, рэлейная ахова, аўтаматыка, тэлемеханіка, сувязь, радыётэхніка, тэлебачанне, электроніка, вылічальная тэхніка і інш.
Фарміраванне Э. адносіцца да 19 ст.Вял. ролю ў яе развіцці адыгралі працы Ш.А.Кулона, А.Вольты, А.М.Ампера. Фундаментальнае значэнне маюць законы Э., сфармуляваныя Г.С.Омам і Г.Р.Кірхгофам. Першапачатковае практ. развіццё яна атрымала ў сувязі (вынаходствы апарата С.Ф.Б.Морзе, 1837; літарадрукавальнага апарата Д.Э.Юза, 1855; тэлефона А.Г.Бела, 1876), святлатэхніцы (адкрыццё эл. дугі В.У.Пятровым, 1802; эл. свечкі пераменнага току П.М.Яблачкавым, 1876; лямпы напальвання пастаяннага току Т.А.Эдысанам, 1879) і электраэнергетыцы. Пасля адкрыцця М.Фарадэем закону эл.-магн. індукцыі (1831) пачалося дастасаванне яго да практычнага выкарыстання. У 1870 створаны прамысл. тып генератара пастаяннага току; у 1880 праведзены першыя доследы па перадачы эл. энергіі пастаянным токам. Пачаткам шырокага выкарыстання Э. ў прам-сці лічыцца вынаходства ў 1891 М.В.Даліва-Дабравольскім усіх звёнаў трохфазавай электраперадачы пераменнага току: генератара, трансфарматараў, якія павышалі і паніжалі напружанне, лініі электраперадачы, асінхроннага рухавіка. Адначасова вяліся тэарэт. даследаванні ў галіне Э. У 1870—80 Дж.К.Максвел атрымаў ураўненні, якія сталі асновай сучаснай навукі аб электрамагнітным полі. Далейшыя даследаванні ў гэтай галіне (працы Г.Р.Герца, П.М.Лебедзева) прывялі да вынаходства радыё А.С.Паповым (1895). З пач. 20 ст. Э. шырока выкарыстоўваецца ў розных галінах нар. гаспадаркі: металургіі, вугальнай, нафтавай і інш. галінах прам-сці, на транспарце, у медыцыне, сельскай гаспадарцы і ў побыце.
Новыя кірункі развіцця тэорыі Э.: тапалагічныя метады аналізу эл. ланцугоў, матэм. і фіз. мадэліраванне эл. ланцугоў, метады пераўтварэння частаты, сінтэз эл. ланцугоў. Сучасная Э. распрацоўвае пытанні праектавання і буд-ваЛЭП высокага напружання (трохфазнага току 1200, 750 кВ, пастаяннага току 1500 кВ), выкарыстання сонечнай энергіі на аснове фотасінтэзу (спадарожнікавыя электрастанцыі), лазернай перадачы энергіі, радыеізатопных крыніц энергіі і інш. Даследаванні ў галіне Э. вядуцца з дапамогай эксперым. і аналіт. метадаў (гарманічны аналіз, аператарны метад, мадэліраванне і інш.), ЭВМ. Пытанні Э. асвятляюцца ў час. «Электричество», «Энергетика (Известия вузов и энергообъединений СНГ)», «Энергия и менеджмент» і інш.
Літ.:
Круг К.А. Основы электротехники. Т. 1—2. М.; Л., 1946;
Нейман Л.Р., Демирчян К.С. Теоретические основы электротехники. М., 1976;
Общая электротехника. 2 изд. Мн., 1977;
Лосев А.К. Теория линейных электрических цепей. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
культу́ра
(лац. cultura)
1) сукупнасць дасягненняў чалавецтва ў вытворчай, грамадскай і разумовай дзейнасці (напр. матэрыяльная к., духоўная к.);
масавая к. — разнавіднасць сучаснай камерцыйнай культуры, якая характарызуецца прымітывізмам, серыйнасцю і атрымлівае пашырэнне праз тэлебачанне, ілюстраваныя часопісы, відэа- і аўдыякасеты;
2) узровень развіцця якой-н. галіны гаспадарчага або духоўнага жыцця (напр. к. вытворчасці, к. мовы);
3) ступень адукаванасці, выхаванасці каго-н. (напр. чалавек высокай культуры);
4) вырошчванне якой-н. расліны, а таксама сама расліна, якая вырошчваецца (напр. к. лёну, кармавыя культуры).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
СЕ́РБІЯ І ЧАРНАГО́РЫЯ (Србија и Црна Гора),
дзяржава на Пд Еўропы, на Балканскім п-ве. На З мяжуе з Босніяй і Герцагавінай, Харватыяй, на Пн з Венгрыяй, на У з Румыніяй і Балгарыяй, на Пд з Македоніяй і Албаніяй; на ПдЗ абмываецца Адрыятычным морам. Пл. 102,35 тыс.км². Нас. 10 656 тыс.чал. (2002). Афіц. мова — сербская, выкарыстоўваецца албанская. Сталіца — г.Бялград. С. і Ч. — свабодная федэрацыя 2 рэспублік — Сербіі і Чарнагорыі. Захоўвае дзярж. сімволіку б.Югаславіі. У складзе Сербіі 2 аўт. краі — Ваяводзіна, Косава і Метохія.
Гісторыя стварэння і дзяржаўнае ўладкаванне. Супольніцтва пад назвай Сербія і Чарнагорыя (СіЧ) заканадаўча аформілася ў лют. 2003 на тэр. скасаванай Саюзнай Рэспублікі Югаславія. Прынцыповае рашэнне аб гэтым прынята ў сак. 2002 на перагаворах у Бялградзе паміж прэзідэнтамі Югаславіі (В.Каштуніца) і Чарнагорыі (М.Джуканавіч), якія падпісалі «Зыходныя асновы перабудовы адносін Сербіі і Чарнагорыі» і Дагавор ад 14.3.2002 аб прынцыпах перабудовы адносін паміж Сербіяй і Чарнагорыяй. Дагавор ратыфікаваны парламентамі Сербіі і Чарнагорыі 9.4.2002. Чарнагорыя атрымала права праз 3 гады правесці рэферэндум аб поўнай дзярж. незалежнасці. 20.10.2002 у Чарнагорыі адбыліся датэрміновыя парламенцкія выбары, на якіх перамогу атрымала кааліцыя «Дэмакратычны спіс за еўрапейскую Чарнагорыю — М.Джуканавіч». 4.2.2003 Саюзная Скупшчына (парламент) Югаславіі прыняла Канстытуцыйную хартыю дзярж. супольніцтва СіЧ і закон аб яе прымяненні. Раней гэтыя дакументы прыняты ў скупшчынах Сербіі і Чарнагорыі. Усе органы ўлады Югаславіі скасаваны і замест іх створаны новыя. Сербія і Чарнагорыя — цалкам раўнапраўныя рэспублікі, сумесна выпрацоўваюць знешнюю і абаронную палітыку. Кожная з іх мае ўласныя валюты (дынар і еўра), унутр. рынкі і мытныя сістэмы. Паводле Канстытуцыйнай хартыі СіЧ мае наступныя сумесныя інстытуты ўлады: прэзідэнта, Скупшчыну, Савет Міністраў і суд. Ва ўрадзе 5 міністраў: замежных спраў, абароны, міжнар.эканам. адносін, унутр.эканам. адносін, па абароне правоў чалавека і нац. меншасцей. СіЧ не мае дзярж. бюджэту, валютных рэзерваў, міністэрства фінансаў, Цэнтрабанка. Саветам Міністраў кіруе прэзідэнт СіЧ (з сак. 2003 чарнагорац С.Маравіч), якога выбірае аднапалатная Скупшчына (старшыня — серб Д.Мічунавіч). 28.12.2003 у Сербіі адбыліся пазачарговыя парламенцкія выбары. Па іх выніках галоўны к-тДэмакр. партыі Сербіі, якую ўзначальвае В.Каштуніца, даручыў яму сфарміраваць новы сербскі ўрад. У студз. 2004 другі прадстаўнік гэтай партыі Д.Маршычанін выбраны старшынёй новай Скупшчыны (парламента) Сербіі з адначасовым выкананнем абавязкаў прэзідэнта рэспублікі. Яго кандыдатуру пры пэўных умовах падтрымала Сацыяліст. партыя Сербіі, што дазволіла пераадолець крызіс, які мог прывесці да новых парламенцкіх выбараў. СіЧ прызнана міжнар. супольнасцю. Яна — чл.ААН (заняла месца б. Югаславіі), Савета Еўропы (з крас. 2003), інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў сак. 2003.
Прырода. Паўн.ч. Сербіі размешчана на паўд. ускраіне Сярэднедунайскай раўніны. Па правым беразе р. Сава і шыротным адрэзку ўздоўж р. Дунай распасціраюцца хрыбты і масівы Сербскага нагор’я і Усх.-Сербскіх гор, на Пд — Македонскае нагор’е з катлавінамі Косава Поле і Метохія. Паўд.-зах. частка ў межах Дынарскага нагор’я (выш. да 2522 м, г. Бобатаў-Кук). Найвыш. пункт краіны (2764 м) у хр. Карабі, на мяжы з Албаніяй. Карысныя выкапні: каменны і буры вугаль, нафта і газ, медныя, свінцова-цынкавыя і жал. руды, баксіты і інш. Клімат умерана кантынентальны, на ўзбярэжжы Адрыятычнага м. міжземнаморскі. Сярэдняя т-растудз. ад -1 да -9 °C, ліп. 19—25 °C. За год выпадае 500—1500 мм ападкаў, у гарах, каля марскога ўзбярэжжа, да 3000 мм. У Чарнагорыі, каля бухты Котар, — самае вільготнае месца Еўропы (больш за 5000 мм ападкаў за год). Гал. рэкі — Дунай, Ціса, Сава, Марава, Дрына. Найб. возера Скадарскае (Шкодэр). Пераважаюць падзолістыя, бурыя лясныя і горна-лясныя глебы; тыповыя чарназёмы займаюць невял. плошчы ў Ваяводзіне, чырваназёмы прымеркаваны да вузкай прыморскай паласы, у далінах рэк — алювіяльна-лугавыя глебы. На Дынарскім нагор’і пашыраны карст і голыя скалы. Схілы гор укрыты хвойнымі, мяшанымі і шыракалістымі (пераважна букавымі) лясамі, на ўзбярэжжы — хмызняковая расліннасць. Пад лесам 17% тэр.Нац. паркі: Біёградска-Гора, Дурмітар (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), Лоўчан.
Насельніцтва. Сербы складаюць 62,6% насельніцтва, албанцы — 15,5% (пераважна ў Косаве), чарнагорцы — 5%, венгры — 2,3% (пераважна ў Ваяводзіне). Жывуць таксама балгары, румыны, баснійцы, цыганы і інш. Вернікі правасл. хрысціяне (65%; у асн. сербы, чарнагорцы), мусульмане (19%; албанцы, баснійцы), католікі (4%; венгры, часткова чарнагорцы), пратэстанты (1%), іншыя (11%). Сярэдняя шчыльн. 104 чал. на 1 км². Найб. шчыльна населены паўн. раўнінныя раёны. Гар. насельніцтва 52%. Найб. гарады (тыс.чал., 2002): Бялград — 1500, Прышціна — 194, Ніш — 185, Крагуевац — 178, Нові-Сад — 176, Падгорыца — 137. У прам-сці і буд-ве занята 41% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 25%, сферы паслуг — 34%.
Гаспадарка. С. і Ч. — індустр.-аграрная краіна. Распад Югаславіі ў 1991, які суправаджаўся грамадз. вайной, разрывам традыц.эканам. сувязей і спадам вытв-сці, адмоўна паўплываў на эканоміку краіны. У 1992—93 валавы ўнутр. прадукт (ВУП) скараціўся напалавіну. Сучасная эканоміка С. і Ч. ў значнай ступені залежыць ад міжнар.фін. і эканам. дапамогі. У 2000—03 краіна атрымала больш за 1,3 млрд. еўра донарскай дапамогі і крэдытаў. У 2002 ВУП склаў 25,3 млрд.дол. (2370 дол. на душу насельніцтва). 36% ВУП ствараецца ў прам-сці, 26% — у сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве, 38% — у сферы паслуг. Развіты чорная і каляровая металургія, машынабудаванне, тэкст. і фармацэўтычная прам-сць. Аснова прамысл. вытв-сці — горназдабыўная галіна. Краіна ў асноўным забяспечана мінер. рэсурсамі, за выключэннем энерганосьбітаў. Здабыча бурага вугалю і лігніту (Косава і на Пд ад Бялграда), нафты і прыроднага газу (Ваяводзіна), меднай (руднікі Бор, Майданпек, Бучым у Сербіі) і свінцова-цынкавых (раёны г. Трэпча ў Косаве, гарадоў Плеўля і Іванград у Чарнагорыі) руд, баксітаў (каля г. Нікшыч у Чарнагорыі) і інш. Электраэнергетыка базіруецца на мясц. і імпартуемым паліве, выкарыстанні гідраэнергет. рэсурсаў. Вытв-сць электраэнергіі 31,7 млрд.кВт∙гадз (2001), у т. л. 62,9% на ЦЭС і 37,1% на ГЭС (на рэках Дунай, Дрына, Уласіна, Лім, Зета і інш.). Прадпрыемствы чорнай металургіі ў гарадах Смедарава і Нікшыч, каляровай — у гарадах Бор (выплаўка і пракат медзі), Звечан, Шабац, Прышціна (свінец, цынк), Падгорыца (алюміній) і інш. Шматгаліновае машынабудаванне, у т. л.вытв-сць аўтамабіляў (Крагуевац), трактароў, рачных суднаў, станкоў (Бялград, Нові-Сад), электратэхнікі і электронікі (Бялград, Ніш, Субаціца, Цэтыне). Асн. цэнтры хім. прам-сці (вытв-сцьмінер. угнаенняў, сернай к-ты, гумава-тэхн. вырабаў, штучных валокнаў) — Бялград, Ніш, Субаціца, Шабац; нафтаперапр. — Нові-Сад; фармацэўтычнай — Бялград. У лёгкай прам-сці развіты тэкст. (баваўняная, шарсцяная), трыкат. і гарбарна-абутковая галіны. Дрэваапр., у т. л. мэблевая прам-сць (Бялград, Субаціца); вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Харчасмакавая (мукамольная, алейная, цукр., вінаробная, агароднінакансервавая, тытунёвая) прам-сць. Маст. рамёствы (дываны, вырабы з каляровых металаў). Аснова сельскай гаспадаркі — раслінаводства. Гал. раён таварнага земляробства — Ваяводзіна і сумежныя раёны на Пд ад рэк Сава і Дунай, даліна ніжняга цячэння р. Марава. Вырошчваюць пераважна збожжавыя культуры — кукурузу (1/3 ворных зямель), пшаніцу, авёс, жыта; з тэхн. — цукр. буракі, сланечнік, каноплі, тытунь. Бульбаводства і агародніцтва. Садоўніцтва (найб. сліва, на ўзбярэжжы — інжыр, гранат, міндаль) і вінаградарства. Штогод збіраюць да 7 млн.т кукурузы, да 3 млн.т пшаніцы, да 2,5 млн.тцукр. буракоў. Жывёлагадоўля развіта ў цэнтр. і паўд. горных раёнах Сербіі і ў Чарнагорыі. Пагалоўе (млн. галоў, 2000) буйн. раг. жывёлы — 1,45, свіней — 4,09, авечак — 1,92, коз — 0,24. Птушкагадоўля (21,12 млн. галоў). Рыбалоўства. Аснова трансп. сеткі — аўтадарогі; агульная даўж. 48,6 тыс.км (2002), у т. л. 28,8 тыс.км з цвёрдым пакрыццём (з іх 560 км скарасных аўтамагістралей). Даўж. чыгунак 4059 км, у т. л. 1364 км электрыфікаваных. Суднаходства па рэках Дунай і Сава. Даўж.ўнутр. водных шляхоў 587 км. Буйныя рачныя парты — Бялград, Нові-Сад, марскія — Бар, Котар. Паромная лінія Бар — Бары (Італія). Даўж. нафтаправодаў 415 км, прадуктаправодаў 130 км, газаправодаў 2110 км. 45 аэрапортаў, у т. л. 19 маюць узлётна-пасадачныя палосы з цвёрдым пакрыццём. Гал. турыстычны рэгіён — Адрыятычнае ўзбярэжжа Чарнагорыі. Даход ад турызму ў 2000 склаў 17 млн. долараў. Экспарт (2,3 млрд.дол., 2002) каляровых металаў, адзення, агародніны і садавіны, прадукцыі чорнай металургіі, гумаватэхн. вырабаў. Імпарт (6,3 млрд.дол., 2002) нафты і нафтапрадуктаў, пражы і тканін, грузавых аўтамабіляў, прыроднага газу, станочнага абсталявання. Асн.гандл. партнёры: Германія, Расія, Італія, Венгрыя, Славенія, Боснія і Герцагавіна і інш. Грашовая адзінка: у Сербіі — новы югаслаўскі дынар, у Чарнагорыі карыстаюцца еўра, у Косаве — новым югаслаўскім дынарам і еўра.
Узброеныя сілы. Рэгулярныя ўзбр. сілы (на 2002) 74,5 тыс.чал., рэзерв 400 тыс.чал., ваенізаваныя фарміраванні (падраздзяленні Мін-ваўнутр. спраў) 40 тыс.чал.Вярх. галоўнакамандуючым з’яўляецца Вярх. савет абароны, у які ўваходзяць прэзідэнт супольніцтва СіЧ і прэзідэнты дзяржаў-членаў СіЧ (прымаюць рашэнні кансэнсусам). Стратэгію абароны вызначае Скупшчына СіЧ. Камплектаванне паводле прызыву. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС, ВМС. У сухап. войсках 60 тыс.чал., 1016 танкаў, 557 баявых машын пяхоты, 204 бронетранспарцёры, 672 буксірныя гарматы, 87 рэактыўных сістэм залпавага агню, 1250 гармат процітанк. артылерыі, 2085 мінамётаў, 142 пускавыя ўстаноўкі процітанк. кіроўных ракет, 2000 гармат зенітнай артылерыі, 60 зенітных ракетных комплексаў. У ВПС 11 тыс.чал., 103 баявыя самалёты, 44 баявыя верталёты, 40 пераносных зенітных комплексаў. У ВМС 3,5 тыс.чал., падводная лодка, 5 звышмалых падводных лодак, 3 фрэгаты, 9 ракетных катэраў, 18 рачных патрульных катэраў, 4 мінна-тральныя караблі, 7 рачных тральшчыкаў, 4 малыя дэсантныя караблі, 21 дэсантны катэр, 2 танкеры, 5 буксіраў і інш.; 8 верталётаў. У марской пяхоце 900 чал., 3 брыгады, у т. л. брыгада берагавой артылерыі, батальён ваен. паліцыі.
Ахова здароўя. Існуе сістэма дзярж. і прыватнай медыцыны. Пашырана мед. страхаванне. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 71, жанчын 76,7 гадоў. Узровень нараджальнасці 12,7, смяротнасць 10,6 на 1 тыс. чалавек. Натуральны прырост 0,19%. Дзіцячая смяротнасць 17,9 на 1 тыс. нованароджаных (2003). Сярэдні ўзрост насельніцтва 36,2 гадоў. На 1 тыс. жанчын прыпадае 947 мужчын.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 2002 у СіЧ выдавалася больш за 2,4 тыс.перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «Блêс» («Успышка», з 1996), «Борба» («Барацьба», з 1922), «Вечерашње новине» («Вячэрнія навіны», з 1954), «Глâс» («Голас», з 1991), «Данас» («Сёння», з 1997), «Днêвни телеграф» («Дзённы тэлеграф», з 1996), «Политика» («Палітыка», з 1904), «Победа» («Перамога», з 1943) і інш.Інфарм. агенцтвы: у Сербіі — дзярж.Тэлегр. агенцтва «Новая Югаславія» (ТАНЮГ, з 1943), прыватныя «Бэта» (з 1992), «ФаНэт» (з 1994); у Чарнагорыі — інфарм. агенцтва «МІНА» (з 1999). Радыёвяшчанне з 1924. Тэлебачанне з 1958. У Сербіі каля 300 тэлевізійных і 600 радыёстанцый, у Чарнагорыі адпаведна 12 і 40. Дзейнічаюць дзярж. «Радыё і тэлебачанне Сербіі» (мае 5 радыё- і 3 тэлепраграмы, канал спадарожнікавага тэлебачання) і «Радыё і тэлебачанне Чарнагорыі» (мае 1 радыё- і 2 тэлепраграмы, канал спадарожнікавага тэлебачання). Прыватныя электронныя сродкі масавай інфармацыі: Б 92, БК, Інфа 24, студыя Б, ТВ Пінк. Міжнар. радыё СіЧ (з 1977) вядзе праграмы на замежныя краіны на 13 мовах свету. У СіЧ ствараецца новая заканад. база рэгулявання сродкамі масавай інфармацыі. Пры падтрымцы замежных краін і міжнар. арг-цый сродкі масавай інфармацыі Косава дзейнічаюць па-за кантролем цэнтр. улады ў Бялградзе. Выходзяць 7 газет, дзейнічаюць 20 тэле- і 80 радыёстанцый. Інфарм. агенцтва — «Косавапрэс». Грамадская тэлерадыёкампанія «Радыё і тэлебачанне Косава» вядзе праграмы па 1 тэле-, 2 радыёканалах і праз спадарожнік на сербскай, тур., басанскай мовах. Прыватная тэлерадыёкампанія — «Радыё і тэлебачанне 21».
Літаратура. Развіваецца на сербскай мове. Узнікненне звязана з дзейнасцю слав. асветнікаў і рэліг. дзеячаў Кірылы і Мяфодзія і іх вучняў Клімента і Навума, заснавальнікаў Охрыдскай школы, якая ўплывала на духоўную асвету і развіццё пісьменнасці ў паўд. славян. Сярод помнікаў стараж. сербскага пісьменства «Міраславава евангелле» (12 ст.), творы агіяграфічныя Савы, Стэфана Первавянчанага, Даменціяна, Тэадосія (13 ст.), Данііла (1-я пал. 14 ст.), Канстанціна Філосафа (15 ст.) і гімнаграфічныя Яфіміі (канец 14 ст.), Стэфана Лазаравіча (пач. 15 ст.), а таксама пераклады і перапрацоўкі тэкстаў візант. л-ры. Вылучыўся сербскі паэт. эпас: негіст., апавядальны, гераічны (цыклы дакосаўскі, косаўскі, паслякосаўскі, пра гайдукоў, пра набегі, пра вызваленне і інш.). Для гісторыі маст. слова сербаў істотнае значэнне мела т.зв. Дуброўніцка-Далмацінскае адраджэнне, прадстаўнікі якога (М.Маруліч, Х.Луціч, П.Хектаравіч, М.Држыч, П.Зораніч, І.Зундуліч) запазычвалі вопыт ант. і зах.-еўрап. мастацтва, пераважна італьян., прыстасоўваючы яго да ант. традыцый. Да 2-й пал. 18 ст.л-ра захоўвала пераважна рэліг. характар і царк.-слав. мову, якая часткова замянялася рус. Мовай, што асабліва праявілася ў т.зв. рус.-слав. эпоху (творы З.Арфеліна, Ё.Раіча), прадвызначаную рус. педагогамі (Э.Казачынскі, пачынальнік сербскай драматургіі). У канцы 18 ст. сербская л-ра развівалася пад уплывам ідэй еўрап. Асветніцтва (Д.Абрадавіч). Адыход ад царк.-слав. мовы і царк. традыцыі замацоўваўся творчасцю Ё.Мушкаціравіча, Э.Янкавіча, А.Стойкавіча, М.Відакавіча, якія ўвялі разнастайныя свецкія жанры і абумовілі пэўную залежнасць развіцця сербскай л-ры ад зах.-еўрап. плыней. Пад уздзеяннем класіцызму развівалася творчасць А.Везіліча, Л.Мушыцкага, сентыменталізму — Г.Трлаіча. Прыкметны ўплыў паэтаў Зах. Еўропы вызначыўся ў творчасці прадстаўнікоў ранняга сербскага рамантызму Ё.Пашыча, С.Мілуцінавіча. Рамантызм найб. ярка выявіўся ў 1840—70-я г. ў паэзіі Ё.Змая Ёванавіча, Б.Радзічавіча, Дж.Якшыча, Л.Косціча. Асобнае месца належала П.Негашу, які ў сваіх паэмах сінтэзаваў нар.-паэт. традыцыю і вопыт сусв. л-ры. Сатыр. камедыі Ё.Попавіча заклалі асновы нац. рэпертуару сербскага т-ра. Вызначальную ролю ў фарміраванні новай сербскай славеснасці мела рэформа літ. мовы на нар. аснове, здзейсненая В.Караджычам. Дзейнасць Караджыча і яго паслядоўнікаў непасрэдна звязана з актывізацыяй нац.-вызв. руху. аднаўленнем сербскай дзяржаўнасці і адраджэннем культуры. У 2-й пал. 19 ст. на першы план выйшла рэаліст. проза (Р.Даманавіч, Б.Нушыч, М.Глішыч, Л.Лазаравіч, С.Матавуль, С.Срэмац, С.Ранкавіч, Б.Станкавіч, П.Кочыч і інш.). У паэзіі вылучылася грамадз. лірыка і паліт. сатыра В.Іліча. Пач. 20 ст. характарызаваўся новым зваротам да еўрап. узораў (Ё.Скерліч). Традыцыі працягвалі А.Шанціч, В.Петравіч. Перыяд да 1-й сусв. вайны атрымаў назву «сербскі мадэрн» (паэты У.Петкавіч-Дзіс, С.Пандуравіч, С.Вінавер і інш.). Сімвалісцкую паэтыку і класічныя формы распрацоўвалі сербскія «парнасаўцы» М.Ракіч, Ё.Дучыч. Пасля ўтварэння Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (Версальскай Югаславіі) рэцэпцыя вопыту еўрап. л-р набыла яшчэ большыя маштабы: культываваліся экспрэсіянізм (Р.Петравіч), сюррэалізм (Д.Маціч, М.Рысціч), неарамантызм (Р.Раткавіч), дадаізм (Д.Алексіч), ствараліся ўласна сербскія мадэрнісцкія школы — «суматраізм» (М.Црнянскі), зенітызм (Л.Міціч). Развівалася т.зв. сац.л-ра (паэты Р.Зогавіч, С.Куленавіч, Ч.Міндэравіч, Д.Косціч, празаікі Б.Чопіч, Д.Чалакавіч, крытык Дж.Ёванавіч). У пасляваен. л-ры цэнтр. месца заняла тэма нар.-вызв. вайны, гераізму народа, новага жыцця (творы О.Давіча, М.Лаліча, М.Олячы, М.Сялімавіча, Чопіча). Грамадз. і патрыят. матывамі ўзбагацілася паэзія Дз.Максімавіч. Панарамнасць і гіст.-філас. змест уласцівы эпічным палотнам Д.Чосіча. Новыя формы і жанры распрацоўваў М.Булатавіч. Асуджэнне таталітарызму — асн. пафас раманаў Д.Міхаілавіча, А.Ісакавіча. Сінтэз традыц. і мадэрнага ўвасоблены ў творчасці Х.Андрыча. Вылучыліся філас.маст. творы духоўных пісьменнікаў Н.Веліміравіча, Ю.Попавіча. У 1990-я г. ў л-ры плённа працавалі празаік М.Павіч, паэты С.Раічкавіч, М.Бечкавіч, В.Попа, драматург Д.Кавачавіч і інш. На бел. мове выдадзены сербскія казкі ў зб. «Ці страшны страх?» (1970), «Югаславянскія казкі» (1999), апавяданні ў зб. «Югаслаўскія апавяданні» (1975), вершы ў зб. «Па камянях, як па зорах» (1981), анталогія «Сербская паэзія» (1989), творы М.Маркавіча («Бродарка», 1931; «Версальская Югаславія», 1933), Р.Стыенскага («Не забудзем», 1935), Д.Каліча («Бераг без сонца», 1978, пер. М.Паслядовіч), Андрыча («Трывожны год», 1978, пер. Б.Сачанка; «Мост на Дрыне», 1993, пер. Сачанка і І.Чарота), Нушыча («Аўтабіяграфія», 1985, пер. Чарота). Сярод перакладчыкаў на бел. мову: Р.Барадулін, М.Гамолка, А.Зарыцкі, В.Зуёнак, П.Кавалёў, П.Макаль, А.Марціновіч, Я.Міклашэўскі, М.Мятліцкі, У.Паўлаў, А.Разанаў, М.Ракітны, К.Севярынец, Я.Сіпакоў, У.Шахавец, Р.Яўсееў і інш.
Архітэктура. Захаваліся рэшткі стараж.-рым. паселішчаў (Сінгідунум, цяпер Бялград). Унікальны помнік візант. горадабудаўніцтва — рэшткі г. Юсцініяна-Прыма (Царычын-Град). У архітэктуры 12—14 ст. сфарміравалася т.зв. школа Рашкі. Манастыры і храмы будавалі з каменю (часам з мармуровай абліцоўкай) паводле візант. кампазіцыйнай схемы ў спалучэнні з раманскімі аркатурнымі паясамі, перспектыўнымі парталамі (цэрквы Успення Багародзіцы ў манастыры Студзеніца, пантакратара ў манастыры Дзечані, Святой Тройцы ў манастыры Сопачані). У 14 ст. склалася т.зв. косава-метахійская школа, для якой характэрны крыжова-купальныя храмы з каменю і цэглы (царква Дабравешчання ў манастыру Грачаніца). У 2-й пал. 14 ст. пад тур. уплывам у даліне р. Марава сфарміравалася т.зв. мараўская школа, у якой традыцыі серб. дойлідства набылі арыгінальную перапрацоўку, пашырыліся бясстоўпныя (царква св. Стэфана, ці т.зв. Лазарыца ў Крушавацы) і 4-стоўпныя крыжова-купальныя храмы з апсідамі па трох баках крыжа (царква ў манастыры Раваніца). У 14—15 ст. будавалі крэпасці з масіўнымі зубчастымі сценамі і велічнымі вежамі. У раўнінных раёнах яны мелі рэгулярны (Смедарава), у горных — ірэгулярны (Звечан і Магліч у даліне р. Ібар) планы. Гарады з радыяльнай планіроўкай забудоўвалі драўлянымі, саманнымі і каменнымі дамамі. З 2-й пал. 15 ст. ў час тур. панавання пашыраны мячэці, мінарэты, лазні, караван-сараі, дамы т.зв. балканскага тыпу з выступаючымі верхнімі паверхамі, эркерамі, галерэямі. З пач. 18 ст. ў культ. цэнтры С. — вобласці Ваяводзіна буд-ва вялося ў стылях барока і класіцызму (Нові-Сад, Срэмскі-Карлаўцы і інш.). З 1850-х г. будавалі ў духу еўрап. эклектыкі (Нар.т-р і Стары палац у Бялградзе), у пач. 20 ст. — у стылях мадэрн і неавізантыйскім (арх. А.Стэфанавіч, Н.Нестаравіч). У канцы 1930-х г. сцвердзіўся функцыяналізм (арх. Н.Добравіч, Д.Брашаван). Архітэктура краіны моцна пашкоджана ў 2-ю сусв. вайну. У пасляваен. час распрацаваны планы буд-ва і рэканструкцыі гарадоў (генплан развіцця Бялграда, 1947—50, арх. Добравіч інш.). Сучасная архітэктура адметная свабоднай і выразнай планіроўкай жылых комплексаў, імкненнем да пластычнай выразнасці, выкарыстання фактурных кантрастаў — неапрацаваных бетону і каменю, цэглы з дэталямі з металу і шкла, паліхромных мазаік (новыя раёны Бялграда, Цітава-Ужыцы, Чачака). Пашыраецца выкарыстанне традыцый нар. архітэктуры, дасягненні ў галіне сінтэзу мастацтваў (мемар. ансамблі Б.Багданавіча). Комплексы манастыроў Сопачані і Студзеніца ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. У 1960 засн. Саюз архітэктараў С. Пра архітэктуру Чарнагорыі гл. ў арт.Чарнагорыя.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. С. знойдзены: кераміка і скульптура эпох неаліту і бронзы, блізкія да помнікаў Усх. Міжземнамор’я, Грэцыі, Балгарыі; творы мастацтва ілірыйцаў, фракійцаў, скіфаў, кельтаў; ювелірныя вырабы авараў і славян.
Багаццем скульпт. ўбрання вылучаюцца цэрквы т.зв. школы Рашкі (12—14 ст., у Студзеніцы, Дзечані). У 13—15 ст. развіваўся манум. жывапіс (фрэскі ў цэрквах Узнясення ў манастыры Мілешава, Святой Тройцы ў манастыры Сопачані; размалёўкі цэркваў Багародзіцы Левішскай у Прызране, манастырах Грачаніца, Раваніца, Манасія). У мініяцюры спалучаліся раманскія і візант. традыцыі (Міраславава евангелле 12 ст., Хіландарскае евангелле 14 ст.). У 18 ст. ў выяўл. мастацтве Ваяводзіны праявіліся свецкія тэндэнцыі (серыі гравюр Х.Жафаравіча). Вылучаліся алтарныя абразы Т.Крачуна, партрэты Т.Чэшляра. У дэкар.-прыкладным мастацтве сярэдневяковай Сербіі развіты керамічная вытв-сць, злотніцтва, разьба па дрэве, шыццё і ткацтва ў візант. традыцыях з тур. уплывам. Рысы класіцызму ўласцівы жывапісу А.Тэадоравіча, партрэтам П.Джуркавіча, Катарыны Іванавіч, У.Кнежавіча. Вылучаюцца партрэты К.Даніла. Пасля 1848 узніклі тэндэнцыі рамантызму (Дж.Якшыч, Дз.Аўрамавіч, Н.Раданіч), развіваўся рэаліст. пейзаж (М.Ценкавіч, У.Прэдзіч, П.Ёванавіч). Адзін з вядучых рэалістаў жывапісец Дж.Крсціч. Імпрэсіяністычныя тэндэнцыі ў пейзажах і партрэтах К.Мілічавіча, М.Мілаванавіча. У 1910—20-я г. мастацтва пад уздзеяннем сезанізму, кубізму, канструктывізму, экспрэсіянізму (пейзажы і партрэты П.Добравіча, М.Конёвіча, Ё.Біеліча). У 1937 створана Бялградская АМ. Набыў развіццё кірунак рэалізму з рысамі сімвалізму (І.Табакавіч, Н.Гваздзенавіч). Сюррэалістычнымі пошукамі займаліся Р.Жыванавіч-Ное, М.Паўлавіч-Барылі. Сацыяльны рэалізм адбіўся ў графіцы Дж. Андраевіча-Куна. Сярод першых скульптараў Дж.Ёванавіч, Т.Расандзіч, С.Стаянавіч. Мастацтву 2-й пал. 20 ст. характэрны разнастайныя фармальныя пошукі ў кірунках абстракцыянізму, экспрэсіянізму, поп-арту і інш. У 1948 створана Бялградская акадэмія прыкладнога мастацтва. У нар. мастацтве захоўваюцца старадаўнія традыцыі. Сярод жывапісцаў-эксперыментатараў 2-й пал. 20 ст. Н.С.Чэліч, М.Проціч, Л.Вазаравіч, Л.Шэйка, А.Тамашавіч і інш. З канца 20 ст. развіваецца інсітнае мастацтва (І.Генераліч і інш.). У 1945 засн. Саюз мастакоў С. Пра мастацтва Чарнагорыі гл. ў арт.Чарнагорыя.
Літ.:
Лещиловская И.И. Сербская культура XVIII в. М., 1994;
Чарота І.А., Трус М.В. Югаслаўскія літаратуры і культуры. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАТЫКА́Н (Vaticano), Дзяржава-горад Ватыкан (Stato della Città del Vaticano),
папская суверэнная дзяржава, цэнтр каталіцкай царквы, рэзідэнцыя яе кіраўніка — папы рымскага. Размешчана ў Рыме — сталіцы Італіі, на ўзгорку Монтэ-Ватыкана, на зах. беразе р. Тыбр. Пл. 0,44 км². Нас. 811 чал. (1992), у т. л. 402 чал. маюць ватыканскае грамадзянства. Ватыкану належаць асобныя тэрыторыі з 13 будынкамі ў Рыме па-за дзярж. межамі агульнай пл. 0,7 км²: 3 саборы, шэраг палацаў і вілаў. Каля Рыма ў замку Кастэль-Гандольфа летняя рэзідэнцыя папы. Афіц. мовы лац. і італьянская. Нац. свята — дзень узвядзення на прастол рымскага папы Іаана Паўла II (22 кастр.).
Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1929, Ватыкан — абсалютная тэакратычная манархія. Кіраўнік дзяржавы — папа рымскі, які выбіраецца пажыццёва на канклаве — спец. сходзе выбаршчыкаў (удзельнічаюць кардыналы не старэй за 80 гадоў). Яму належыць вярхоўная заканад., выканаўчая і суд. ўлада. Папа прадстаўляе Ватыкан у міжнар. справах, заключае, ратыфікуе і дэнансуе міжнар. дагаворы і канкардаты, прымае дыпламат. прадстаўнікоў і прызначае паслоў (нунцыяў) у інш. краінах. Кіраўніцтва рэліг., паліт. і эканам. дзейнасцю Ватыкана належыць Рымскай курыі (урад Ватыкана). У яе ўваходзяць статс-сакратарыят, 9 кангрэгацый (дэпартаментаў), 3 трыбуналы, 3 сакратарыяты і інш. Статс-сакратарыят узначальвае звычайна кардынал, які выконвае функцыі прэм’ер-міністра і міністра замежных спраў. Асн. дэпартаменты ўзначальваюць кардынальскія камісіі на чале з прэфектам або прэзідэнтам. У склад Рымскай курыі ўваходзяць таксама кардынальская калегія і сінод каталіцкай царквы. Ахова Ватыкана і цырыманіяльныя функцыі ўскладзены на швейц. гвардыю і папскую жандармерыю.
Гісторыя. Назва Ватыкан паходзіць ад назвы аднайм. ўзгорка на беразе р. Тыбр, дзе ў раннім сярэднявеччы быў пабудаваны палац, які з канца 14 ст. стаў пастаяннай рэзідэнцыяй кіраўніка каталіцкай царквы (гл.Каталіцызм, Папская вобласць, Папства). Пасля аб’яднання Італіі і далучэння да яе Рыма (1870) была ліквідавана свецкая ўлада папы рымскага. Папа не прызнаў аб’яднанай італьян. дзяржавы і абвясціў сябе «ватыканскім вязнем». Канфлікт паміж Апостальскай сталіцай і ўрадам Італіі быў ліквідаваны ў 1929 Латэранскімі пагадненнямі, паводле якіх была ўтворана дзяржава Ватыкан і вызначаны яе сучасныя межы. Ватыкан падтрымлівае дыпламат. адносіны з больш як 125 краінамі свету, з ліст. 1992 — з Рэспублікай Беларусь. Прадстаўлены ў ААН.
Гаспадарка. Эканам. асновай дзяржавы з’яўляюцца даходы ад капіталаўкладанняў і ахвяраванняў. Ватыкан — адзін з буйнейшых у свеце акцыянераў і капіталаўласнікаў. Кошт акцый і інш. каштоўнасцей Ватыкана, уключаючы залатыя запасы, неафіцыйна ацэньваецца больш як у 13 млрд.дол. ЗША. Ватыкан валодае буйной нерухомасцю ў Італіі, Іспаніі, ФРГ, лацінаамер. краінах. Пастаянны даход прыносіць продаж паштовых марак, турысцкіх сувеніраў, рэліг. л-ры, плата за наведванне музеяў. У Ватыкан сцякаюцца таксама значныя сродкі ў выглядзе паступленняў ад вернікаў, збораў ад падаткаў і інш.Сусв. цэнтр рэліг. паломніцтва і турызму. Выраб мазаік і уніформы для персаналу. Чыг. станцыя. Грашовая адзінка — ватыканская ліра.
Друк, радыё, тэлебачанне. Афіц. ўрадавы орган — бюлетэнь «Acta Apostolicae Sedis» (з 1909). Выходзіць штодзённая газ. «L’Osservatore Romano» («Рымскі аглядальнік», з 1861). Сярод інш.перыяд. выданняў: «Ecclesia», «Latinitas». Інфармац. агенцтва — Аджэнцыя Інтэрнацыянале Фідэс (АІФ). Працуе шматмоўны выдавецкі цэнтр. «Радыё Ватыкана» (з 1931) вядзе перадачы на 35 мовах. Тэлевіз. праграмы рыхтуе і трансліруе Тэлевізійны цэнтр Ватыкана (з 1983).
Навуковыя і культурна-асветныя ўстановы. Гал. папскія навук. ўстановы: Папская акадэмія навук (засн. ў 1603, адноўлена ў 1936), Рымская каталіцкая акадэмія св. Фамы Аквінскага (з 1879), Папскі біблейскі ін-т (з 1909). Ун-ты: Папскі Грыгарыянскі універсітэт (з 1553), Папскі ун-тсв. Фамы Аквінскага (з 1580), Папскі Урбаніянскі універсітэт (з 1627), Папскі Латэранскі ун-т (з 1824). Ватыканская астр. абсерваторыя (з 1576) старэйшая ў Еўропе.
У музейны комплекс Ватыкана ўваходзяць: Пінакатэка (італьян. жывапіс 11—18 ст. — творы Фра Анджэліка, Леанарда да Вінчы, Тыцыяна, М.Караваджа, Зала Рафаэля), музеі Егіпецкі, Этрускі (каштоўны збор керамікі), Піо-Клеменціна і К’ярамонці (зборы ант. скульптуры), галерэя сучаснага мастацтва, Сіксцінская капэла, Станцы і Лоджыі Рафаэля, галерэя габеленаў, Ватыканская Апостальская бібліятэка разам з Хрысціянскім (каштоўныя зборы дэкар.-прыкладнога мастацтва) і інш. музеямі.
Архітэктура. Арх. комплекс Ватыкана ўключае культавыя, палацавыя і крапасныя збудаванні, якія спалучаюцца з творамі садова-паркавага мастацтва. Уваходам у Ватыкан служыць авальная плошча св. Пятра з каланадамі (1657—63, арх. Л.Берніні), што вядуць да буйнейшага каталіцкага храма — сабора св. Пятра (1506—1614, арх. Д.Брамантэ, Мікеланджэла, Дж.Віньёла, Дж. дэла Порта, К.Мадэрна і інш.). У інтэр’еры сабора — мармуровае «Аплакванне Хрыста» Мікеланджэла (каля 1497—98), бронзавы балдахін (1624—33), кафедра (1657—66) і надмагіллі работы Берніні, «Брама смерці» (1947—64, скульптар Дж.Манцу). На Пн ад сабора размешчаны палацавы комплекс. У яго ўваходзяць капэлы Мікалая V (1440-я г., фрэскі Фра Анджэліка), Сіксцінская (1473—84, фрэскі Мікеланджэла, П.Перуджына, С.Батычэлі, Д.Гірландайо) і Пааліна (1540, арх. А. да Сангала Старэйшы, фрэскі Мікеланджэла, 1542—50), апартаменты Борджа (фрэскі Пінтурык’ё, 1493—94); Лоджыі і Станцы (залы), размаляваныя Рафаэлем і яго вучнямі; двары Сан-Дамаза і Бельведэр (паміж 1503—45, праект Брамантэ); парадны ўваход у палац — Каралеўская лесвіца (Скала Рэджа, 1663—66, Берніні). У садах Ватыкана — Казіно Пія IV (1558, арх. П.Лігорыо), Пінакатэка. Уласнасцю Ватыкана з’яўляюцца раннехрысц. базілікі Сан-Джавані ін Латэрана, Санта-Марыя Маджорэ і Сан-Паала фуоры ле Мура (усе — 4 ст.), Латэранскі палац (16 ст.) і інш. будынкі ў Рыме. Помнікі архітэктуры Ватыкана ўключаны ЮНЕСКА у спіс сусветнай спадчыны.
Літ.:
Музеи Ватикана. Рим: Альбом. М., 1974;
Bonaventura M.A. La Città del Vaticano. Roma, [1971].
Н.К.Мазоўка (дзяржаўны лад, гісторыя, друк, радыё, тэлебачанне, навуковыя і культурна-асветныя ўстановы).
Герб і сцяг Ватыкана.Да арт.Ватыкан. Плошча св. Пятра.Да арт.Ватыкан. Папа рымскі Іаан Павел II бласлаўляе дзяцей-чарнобыльцаў з Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНАЗНА́ЎСТВА,
галіна мастацтвазнаўства; навука, якая вывучае кінамастацтва, яго спецыфіку, заканамернасці развіцця, сацыяльна-эстэт. ролю ў грамадстве, узаемаадносіны з інш. мастацтвамі, віды і жанры кінематографа, выразныя сродкі, працэс стварэння кінафільмаў, іх пракат і ўспрыняцце гледачамі. Уключае таксама гісторыю і тэорыю кіно, кінакрытыку, кінабібліяграфію і фільмаграфію. Развіваецца ва ўзаемадзеянні з інш. навукамі, асабліва з эстэтыкай, сацыялогіяй, псіхалогіяй.
К. ўзнікла адначасова са з’яўленнем кіно. У 1910-я г. станаўленне сусв. К. адбывалася ў рэчышчы агульнаэстэт. пошукаў: работы К.Ланге, П.Вегенера, Х.Хефкера (Германія), Дж.Папіні, Э. Дэ Амічыса, Р.Кануда (Італія), В.Ліндсея, Г.Мюнстэрберга (ЗША) і інш. У Расіі гэты працэс асэнсоўваўся ў часопісах, у 1916 выдадзены зб. «Уся кінематаграфія». Гэтыя пошукі падсумаваны ў першай кіназнаўчай кнізе Л.Дэлюка «Фотагенія» (1920, Францыя). У канцы 1920 — пач. 1930-х г.найб. значнай тэмай былі дыскусіі пра гукавое кіно (маніфест М.Паньёля «Парыжская сінематургія», 1933). Важныя эстэт. сінтэзы ў кінатэорыі зроблены ў творах Р.Арнгайма, Э.Панофскага, В.Беньяміна (Германія), Х.Рыда (Вялікабрытанія), Я.Мукаржаўскага (Чэхія) і інш. Пытанні сац. адказнасці кіно разглядалі Дж.Грырсан, П.Рота (Вялікабрытанія). У 1930—40-я г. тэорыі авангардызму змяніліся эстэт. і сацыялагічнымі абагульненнямі, падыходам да кіно як да цэласнай сістэмы (Р.Спотысвуд у Вялікабрытаніі, А.Аструк у Францыі і інш.). У італьян. К. пашырылася тэорыя неарэалізму, развіццё якой адзначыла новы этап у зах. К. і станаўленне фенаменалагічнай кінатэорыі ў 1950—60-я г. (А.Эйфр, А.Ажэль, Р.Мюнье). Развівалася тэорыя кінарэалізму (А.Базен, З.Кракаўэр), сцвярджалі тэорыю «прамога кіно» — Ж.Руш, К.Маркер, М.Руспалі, «аўтарскага кіно» — Ж.Даніёль-Валькроз, П.Каст. Ф.Труфо, Э.Рамер, семіётыку кіно — Ж.Мітры і інш. З 1970-х г. у зах. К. склаўся шэраг кірункаў, якія вывучалі кіно праз прызму розных методык. Уклад у развіццё гісторыі кіно зрабілі Дж.М.Куасак, Т.Рэлуі, Рота, М.Бардэш, Р.Бразіяк, Ж.Садуль, Мітры і інш. У СССРдарэв. кіно вывучалі Б.Ліхачоў, М.Іезуітаў, С.Гінзбург, М.Лебедзеў і інш.Сав. кінамастацтва часцей асэнсоўвалі самі яго дзеячы, кіназнаўцы і крытыкі (С.Эйзенштэйн, Л.Куляшоў, У.Пудоўкін, Дз.Вертаў, В.Шклоўскі, Ю.Тынянаў, А.Піятроўскі). У 1950-я г. створана гіст.-метадалагічная праца «Нарысы гісторыі савецкага кіно» (т. 1—3, 1956—61). Перыяд нямога кіно даследаваў Лебедзеў («Нарыс гісторыі кіно СССР», 1947; 2-е выд., 1965). У 1960-я г. выдадзены работы Эйзенштэйна, Пудоўкіна, А.Даўжэнкі, Вертава, Э.Шуб, Куляшова і інш. Даследаваўся замежны кінематограф, выдаваліся творы тэарэтыкаў кіно Францыі, Італіі, Вялікабрытаніі, ФРГ, ЗША і інш., артыкулы і сцэнарыі рэж. Ф.Феліні, Л.Вісконці, М.Антаніёні, І.Бергмана, манаграфіі пра дзеячаў айч. і замежнага кінематографа. Выкладчыкі Усесаюзнага дзярж. ін-та кінематаграфіі стварылі «Кароткую гісторыю савецкага кіно» (1969). У 1969—78 з удзелам кіназнаўцаў рэспублік выдадзена 4-томная «Гісторыя савецкага кіно». У 1970-я г. пачалося выданне серыі гіст.-навук. работ па нац. кінематаграфіі.
У 1980-я — пач. 1990-х г. выйшла некалькі манаграфій, зборнікаў, даведнікаў. З 1988 НДІ кінамастацтва Кінакамітэта Расіі, Эйзенштэйнаўскі цэнтр даследаванняў кінакультуры і маск. Музей кіно выдаюць час. «Киноведческие записки».
Станаўленне бел. кіно ў 1920—30-я г. асвятлялася ў перыяд. друку. Пасля Вял.Айч. вайны сродкі масавай інфармацыі асвятлялі асн. праблемы бел. кінематографа, выходзілі артыкулы пра кінадраматургію, рэжысуру, тэматычную скіраванасць кінастудыі «Беларусьфільм», экранізацыю твораў бел. пісьменнікаў і драматургаў. Артыкулы па К. змяшчаліся ў навук. зборніках АН Беларусі, выдаваліся брашуры пра пачынальнікаў бел. кіно і інш. У 2-й пал. 1950—60-х г. прыход новых творцаў, пашырэнне кінавытв-сці і павышэнне маст. ўзроўню фільмаў садзейнічалі станаўленню К. У 1957 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі створаны сектар тэатра, кіно і музыкі, на аснове якога ўзнік сектар тэатра і кіно (з 1977 сектар кіна- і тэлемастацтва). У «Весцях АНБССР» і інш. выданнях друкаваліся артыкулы аб фільмах-спектаклях, кінапубліцыстыцы, героіка-патрыятычнай і сучаснай тэматыцы ў даваен. і пасляваен. бел. кінамастацтве (зб-кі «Беларускае мастацтва», 1957, 1962; «Праблемы сучаснага беларускага мастацтва», 1968). Першая манаграфія, прысвечаная гісторыі кінамастацтва Беларусі, — «Беларускае кіно» А.Красінскага, В.Смаля, Г.Тарасевіча (1962). Станаўленне і асн. этапы развіцця бел. кінематаграфіі 1920—60-х г. асветлены ў «Гісторыі беларускага кіно» (ч. 1—2, 1969—70). Спецыфіку вобразнасці ў кінапубліцыстыцы даследавалі Е.Бондарава, Л.Шылава («Нарыс на экране», 1969), Н.Фральцова («Тэлебачанне: хроніка, дакумент, вобраз», 1977), віды і жанры кіно, спецыфіку кінавобраза — В.Нячай, Г.Ратнікаў («Асновы кінамастацтва», 1978). Гісторыя бел. кіно выкладзена ў працы Красінскага «Экран зямлі беларускай» (1973). Розныя бакі кінамастацтва Беларусі, творчасць сцэнарыстаў, рэжысёраў, аператараў, кінамастакоў, асн. праблемы дакумент. і ігравога кіно адлюстраваны ў калектыўных зборніках «Кіно Савецкай Беларусі» (1975), «Сучаснае беларускае кіно» (1985), кнігах «Размовы каля экрана» (1973), Смаля «На экране — герой і народ» (1974), «Чалавек. Вайна. Подзвіг» (1979), «Праз прызму дзесяцігоддзяў» (1980); Красінскага «Беларускія акцёры ў кіно» (1973), «Кінадакумент і вобраз часу» (1980), «Кіно: ігравое плюс дакументальнае» (1987). Заснавальнікам бел. кіно Ю.Тарычу і У.Корш-Сабліну прысвечаны манаграфіі «Юрый Тарыч» Красінскага (1971) і «Кінастужка даўжынёю ў жыццё» Бондаравай (1980). Творчасць В.Турава разглядаецца ў манаграфіі Л.Паўлючыка «Ад споведзі да эпаса» (1985). Здабыткі і праблемы кінамастацтва і кінакрытыкі даследаваны ў працах Бондаравай «У кадры і за кадрам» (1973), «Час, экран, крытыка» (1975), «Экран у розных вымярэннях» (1983), «Кінематограф і літаратура: творы беларускіх пісьменнікаў на экране» (1993). Узаемадзеянню кінамастацтва з грамадствам і яго ўплыву на гледача прысвечаны манаграфіі Красінскага «Фільмы, героі, час» (1975), С.Міхайлавай «Актыўны экран» (1979). Спецыфіка тэлеэкрана разглядаецца ў кнігах Нячай «Экран і мы» (1971), «Фільм у нас дома» (1974), «Вялікі свет малога экрана» (1976), «Тэлебачанне як мастацкая сістэма» (1981), замежныя фільмы на айч. экранах — у яе працах «Аб густах спрачаюцца» (1986), «Экран выкрывае» (1987). Значным укладам у К. стала даследаванне Ратнікава «Жанравая прырода фільма» (1990). Актуальныя праблемы творчага працэсу асвятляюцца ў час. «На экранах», «Мастацтва», у артыкулах Фральцовай, А.Бабковай, Л.Саянковай, В.Мядзведзевай, Н.Агафонавай, І.Аўдзеева і інш. У 1996 выдадзены даведнік-каталог «Усе беларускія фільмы», складзены Аўдзеевым і Л.Зайцавай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУВЯЗЬ І ІНФАРМАТЫЗАЦЫЯ
Сістэма электрычнай і паштовай сувязі на Беларусі з’яўляецца неад’емнай часткай вытворчай і сац. інфраструктуры краіны і функцыянуе для задавальнення патрэбнасцей насельніцтва, органаў дзярж. улады і кіравання, гаспадарніцкіх суб’ектаў у паслугах сувязі. Падзяляецца на тэлефонную, тэлеграфную і паштовую сувязь, радыёвяшчанне і тэлебачанне, перадачу даных па сістэме Інтэрнет і інш.Асн. частка яе структурных падраздзяленняў падпарадкоўваецца Мін-ву сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь, якое ў сваёй дзейнасці кіруецца законамі «Аб сувязі», «Аб паштовай сувязі» і інш.заканад. і нарматыўнымі актамі Рэспублікі Беларусь.
Першыя паштовыя ўстановы на Беларусі ўзніклі ў 2-й пал. 16 ст., калі пачалося буд-ва паштовых дарог, станцый (праз кожныя 3—7 км) і корчмаў. З 1558 наладжана пастаянная сувязь паміж Вільняй і Варшавай, у 1669 — паміж Вільняй і Масквой (праз Мінск і Магілёў). У 1707 прайшла першая пошта па тракце Барысаў—Быхаў, у 1708 пабудаваны паштовыя дарогі Віцебск—Копысь, Быхаў—Чарнігаў (праз Гомель). У 18 ст.гал. трактамі былі Вільня—Мінск—Магілёў—Масква, Вільня—Мінск—Навагрудак—Гродна і інш. У 1798 адкрыты паштовыя канторы ў Рагачове, Себежы і Веліжы. Першы мінскі паштовы штэмпель вядомы з 1778, гродзенскі — з 1806, віцебскі — з 1810, пінскі — з 1843. Акрамя дзярж., існавала пошта земстваў і валасных упраўленняў. У 1859 пачала дзейнічаць першая тэлеграфная лінія Мінск—Бабруйск. У пач. 1880-х г. у Магілёўскай губ. дзейнічала 9 тэлеграфных ліній працягласцю 1335 км, у Мінскай губ. даўжыня тэлеграфных ліній у 1900 склала каля 2557 км. Першая тэлефонная станцыя на 100 нумароў пабудавана ў Мінску ў 1896, пазней такія станцыі дзейнічалі яшчэ ў 15 гарадах, у т. л. ў Віцебску, Гродне, Магілёве, Бабруйску. У 1913 было 380 прадпрыемстваў пошты і тэлеграфа, адпраўлена каля 33 млн. пісьмаў. У 1917 тэлеф. станцыі мелі 16 гарадоў Беларусі. У 1925 у БССР дзейнічалі 603 паштова-тэлеграфныя прадпрыемствы, пачалі працаваць радыёстанцыі ў Гомелі і Мінску (магутнасцю па 1,2 кВт). У 1930-я г. пабудаваны першыя аўтам.тэлеф. станцыі (АТС), пачалася тэлефанізацыя сельскай мясцовасці. Да 1940 тэлефанізаваны ўсе 185 гарадоў і раённых цэнтраў. Сельская тэлефонная сувязь ахоплівала 2208 сельсаветаў (амаль 80%), 301 МТС, 822 калгасы і саўгасы. Даўжыня міжгародніх тэлеф. ліній перасягнула 26 тыс.км. У параўнанні з 1922 колькасць паштова-тэлеграфных прадпрыемстваў павялічылася больш як у 7 разоў.
У пасляваенны час сетка разбураных прадпрыемстваў сувязі адноўлена і стала развівацца на новай тэхн. аснове. З сярэдзіны 1960-х г. сетка электрычнай сувязі рэспублікі развівалася як частка Адзінай аўтаматызаванай сувязі СССР. Пачалося выкарыстанне аўтаматызаваных сістэм на тэлегр. станцыях, апаратуры частотна-часавага тэлеграфавання на паўправадніковых прыладах, паштова-касавых машын «Анега», АТС каардынатнай сістэмы і інш. У 1975 капітальныя ўкладанні ў сувязь у параўнанні з 1960 павялічыліся ў 4,3 раза, прадукцыя сувязі — у 3,5 раза. Інтэнсіўна будаваліся кабельныя і радыёрэлейныя лініі, павысіўся ўзровень аўтаматызацыі міжгародняй тэлефоннай сувязі, пачало развівацца каляровае тэлебачанне. У параўнанні з 1940 колькасць прадпрыемстваў сувязі павялічылася ў 1,9 раза, у т. л. ў сельскай мясцовасці больш як у 2 разы. У 1970-я — 1-й пал. 1980-х г. расшырылася сетка тэлеф. і радыёсувязі, а таксама тэлебачання. Калі ў 1970 на тэр. Беларусі працавала 3735 прадпрыемстваў пошты, тэлеграфа і тэлефона, то ў 1985 іх было ўжо 4468; кошт паслуг прадпрыемстваў сувязі павялічыўся з 121,8 млн.руб. да 297,8 млн.руб. Колькасць радыёкропак за гэты час вырасла ў 2,3 раза і склала 9,8 млн. радыёпрыёмнікаў у насельніцтва — з 1400 тыс. да 2617 тыс., тэлевізараў — з 1111 тыс. да 2623 тыс. У сельскай мясцовасці амаль у 4,5 раза павялічылася колькасць тэлефонаў і дасягнула 238,2 тыс.
На Беларусі створана сучасная лічбавая інфраструктура электрасувязі верхняга ўзроўню. Здадзены ў эксплуатацыю магістральныя валаконна-аптычныя лініі сувязі з выкарыстаннем абсталявання сінхроннай лічбавай іерархіі, якія звязалі паміж сабой абл. цэнтры і міжнар. лініі на Латвію, Літву, Польшчу, Расію і Украіну. У 1995 створаны нац. аператар — рэсп. аб’яднанне «Белтэлеком», шэраг сумесных прадпрыемстваў па насычэнні рынку сродкамі тэлефоннай сувязі і рухомай радыёсувязі. У 1996 здадзены ў эксплуатацыю комплекс зямных станцый спадарожнікавай сувязі «Тэлепорт». У 1999 створаны першы аператар сотавай сувязі стандарту GSM 900/1800 — сумеснае бел.-кіпрскае прадпрыемства «Мабільная лічбавая сувязь» (гандл. марка VELCOM). Яно забяспечвае мабільнай сувяззю тэрыторыю, на якой пражывае больш за 95% гар. насельніцтва краіны, карыстальнікамі VELCOM з’яўляюцца каля 1 млн.чал. У 2001 ліцэнзію GSM у Рэспубліцы Беларусь атрымала рас. кампанія «Мабільныя ТэлеСістэмы» (МТС), якая абслугоўвае больш за 1 млн. абанентаў. Паслугі сотавай рухомай электрасувязі аказвае таксама сумеснае бел.-нідэрландскае прадпрыемства «БелСел» (NMT450). Паводле стану на 1.6.2004 аператарамі сотавай рухомай сувязі забяспечана пакрыццё больш за 30% тэр. рэспублікі, на якой пражывае каля 90% гар. насельніцтва. На сетцы рухомай сувязі функцыянуюць радыётэлефонныя сістэмы радыяльнай, радыяльна-зонавай і сотавай сувязі. У сувязі працуюць 63 тыс.чал., у т. л. ў электрасувязі каля 30 тыс., паштовай сувязі — 33 тыс.чал. (2003). Беларусь з’яўляецца членам Міжнар. саюза электрасувязі, Сусв. паштовага саюза (абодва з 1947), Міжнар. арганізацыі марской спадарожнікавай сувязі (з 1979), Міжнар. арганізацыі касм. сувязі (з 1993), Еўрап. арганізацыі касм. сувязі (з 1994), Еўрап. нарады адміністрацый паштовай і электрычнай сувязі (2003) і інш.
Тэлефонная і тэлеграфная сувязь. Сетку міжгар. тэлеграфна-тэлефоннай сувязі складаюць лініі (кабельныя і радыёрэлейныя) і сістэмы шматканальнай высокачастотнай сувязі. Гэта дазваляе стварыць магутныя пучкі каналаў сувязі і ўводзіць неадкладную сістэму злучэння і аўтаматызаваць працэс злучэння абанентаў. З 1970 у Мінску працуе аўтам. міжгар. тэлефонная станцыя (АМТС), пазней такія станцыі здадзены ў эксплуатацыю ў Віцебску, Гродне і Магілёве. У 1972 завершана аўтаматызацыя гар. і сельскай тэлеф. сувязі. На Брэсцкай МТС здадзена ў эксплуатацыю АМТС-3 каардынатнага тыпу на 1714 каналаў (1981), у Мінску — квазіэлектронная «Метаконта-10с» (1983). З 1984, калі ў Мінску была ўведзена АТС-78, пачалося актыўнае ўкараненне электронных тэлеф. станцый. У 1989 арганізаваны першыя міжнар. каналы Мінск—Беласток і Мінск—Варшава. У 1990 здадзена ў эксплуатацыю першая ў СССР лічбавая АМТС тыпу EWSD. Ва ўсіх абл. цэнтрах дзейнічаюць сучасныя лічбавыя АМТС. Колькасць тэлеф. апаратаў сеткі агульнага карыстання або тых, якія маюць на яе выхад, у 2003 складала 3283,1 тыс. (на 87,6% больш, чым у 1990). На 75% павялічылася колькасць тэлеф. апаратаў у сельскай мясцовасці і дасягнула 611,4 тыс. Забяспечанасць насельніцтва кватэрнымі тэлефонамі складае 83 шт. на 100 сямей, у т. л. 97 — у гарадах і 49 — у сельскай мясцовасці (гл.табл.). Для абанентаў тэлеф. сувязі агульнага карыстання адкрыты аўтам. выхад на ўсе краіны свету.
З 1945 дзейнічае пастаянная радыётэлегр. сувязь паміж Мінскам і Масквой. У канцы 1940—50-х г. укаранёны танальная сістэма тэлеграфавання, апаратура прамых злучэнняў і абаненцкага тэлеграфа. З 1966 па кабельных і радыёрэлейных лініях фотатэлеграфным спосабам у Мінску прымаюцца матрыцы газет з Масквы, з 1967 працуе відэатэлефон. У 1979 уведзена міжнар.тэлегр. станцыя «Тэлекс». Створана лічбавая сетка электрасувязі, якая аб’ядноўвае службы для перадачы маўлення, тэксту, даных і выявы ў адзіную сетку з інтэгральным абслугоўваннем.
Радыё і тэлебачанне. Першая перадача Бел. радыё адбылася ў 1925. Сучаснае дзярж. радыёвяшчанне вядзецца па 2 каналах і трох радыёстанцыях у мона- і стэрэаварыянтах. У 1965 у Мінску, ва ўсіх абл. і некаторых раённых цэнтрах укаранёна 3-праграмнае правадное вяшчанне. У 1956 у Мінску пабудаваны рэсп. тэлецэнтр, і пачаліся рэгулярныя тэлевізійныя перадачы. У 1972 уведзены ў дзеянне комплекс тэлебачання ў наваколлі Мінска. З 1974 ажыццяўляецца прыём тэлевізійных перадач на ўсёй тэр. Беларусі з Мінска і Масквы. Працуюць рэсп. студыя тэлебачання, тэлерадыёстудыі ва ўсіх абл. цэнтрах. З 1991 развіваюцца недзярж. эфірныя і кабельныя сеткі тэлебачання. Асн.дзярж. аператарам сеткі вяшчальнага тэлебачання, гукавога праваднога і радыёвяшчання на тэр. Беларусі з’яўляецца рэсп. унітарнае прадпрыемства «Беларускі радыётэлевізійны перадавальны цэнтр». У 2000—04 уведзена ў эксплуатацыю 25 тэлевізійных і 49 радыёвяшчальных перадатчыкаў. Сетку тэлевізійнага вяшчання складаюць 23 магутныя тэлевізійныя станцыі і 19 тэлевізійных станцый магутнасцю да 1 кВт. На гэтых станцыях працуюць 126 тэлевізійных перадатчыкаў рознай магутнасці, якія забяспечваюць распаўсюджанне праграм «Першага нацыянальнага тэлеканала» (БТ-1), «Агульнанацыянальнага тэлебачання» (АНТ, «Другі нацыянальны тэлеканал»), тэлеканалаў «Лад», «Сталічнае тэлебачанне» (СТБ), «Расія», «НТБ», абл. вяшчання і 20 недзярж. праграм. Тэлевізійнымі праграмамі БТ-1 ахоплена 99,4% насельніцтва рэспублікі, дзвюма праграмамі — 97,3%, трыма — 80%, чатырма — 59,2%, пяццю і болей праграмамі — 43,7% і камерцыйнымі праграмамі — 43,5%. Сетка радыёвяшчання Беларусі ўключае 191 перадатчык доўгіх, сярэдніх, кароткіх і ультракароткіх хваль. Яны забяспечваюць трансляцыі праграм 1-га Нац. канала Бел. радыё, каналаў «Культура», «Радыус FM», «Сталіца», абл. радыёаб’яднанняў і 18 камерцыйных праграм. На базе станцый дыяпазону 87,5—108 МГц створана рэсп. сістэма пейджынгавай (бесправадной) сувязі.
Паштовая сувязь. Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі ў 1991 бел. пошта існуе ў складзе Мін-ва сувязі і інфарматызацыі. У 1995 створана дзярж. прадпрыемства «Белпошта»; у ім працуе каля 37 тыс.чал., у т. л. 12,5 тыс. паштальёнаў, дзейнічае каля 4 тыс. аддзяленняў сувязі. У 2003 адпраўлена 153 млн. пісьмаў, картак і бандэролей, 413 млн. сродкаў масавай інфармацыі, 1,3 млн. пасылак, 4,2 млн. грашовых пераводаў, 24,5 млн. пенсіённых выплат і 1,4 млн. тэлеграм (гл.табл.). Авіяцыйным транспартам у 2002 адпраўлена 93,5 т пошты (у 1990—2626, у 1995—10,3).
Паслугі паштовай сувязі аказваюць паштамты ў Мінску (пабудаваны ў 1954), Віцебску (1960), Магілёве (1961), Гродне (1970), прычыгуначны паштамт у Мінску (1977), гар. і раённыя вузлы сувязі. У 1969 створаны Бел. занальны вылічальны цэнтр, аснашчаны ЭВМ, апаратурай перадачы даных па каналах сувязі, перфарацыйнай, лічыльна-клавішнай і інш. відамі вылічальнай тэхнікі. Дзейнічаюць інфарм.-тэхнал. сетка паштовай сувязі, аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі па міжнар. пошце, афармленні падпіскі на перыяд. выданні, уліку і кантролю дзейнасці аддзяленняў сувязі, выплаты пенсіённых і сац. дапамог. Для забеспячэння неабходнага ўзроўню якасці і аператыўнасці абслугоўвання насельніцтва, аўтаматызацыі паштовых тэхнал. працэсаў укаранёны паштова-касавыя тэрміналы, персанальныя камп’ютэры, электронныя вагі, касавыя апараты і інш. Арганізацыі паштовай сувязі аказваюць больш за 50 відаў асн. і нетрадыц. паслуг. Распрацоўваюцца тэхналогіі ўкаранення новых паслуг паштовай сувязі: паскоранага электроннага грашовага пераводу, электроннага гандлю з выкарыстаннем Інтэрнета і інш. З’явіўся новы від дзейнасці пошты — выпуск паштовых марак. Іх тэматыка ўключае творы мастацтва, старадаўнія гербы бел. гарадоў, архітэктурныя помнікі, партрэты выдатных асоб, спорт, гіст. падзеі, фауну, флору, бел.нар. адзенне і інш. З 1998 Беларусь прымае ўдзел у міжнар. філатэлістычных выстаўках.
Распаўсюджваннем перыяд. друку па падпісцы і ў розніцу займаецца гандл.рэсп. унітарнае прадпрыемства «Белсаюздрук». У 2003 разавы тыраж газет па краіне складаў 11,4 млн.экз., у т. л. на бел. мове 1,2 млн., гадавы — адпаведна 578 і 141 млн.экз.; гадавы тыраж часопісаў і інш.перыяд. выданняў склаў 19 млн.экз., у т. л. на бел. мове 3,1 млн. У структуру «Белсаюздруку» ўваходзяць 6 абл. і Мінскае гар. прадпрыемства, гар. і раённыя аддзяленні. Дзейнічала 1898 спецыялізаваных кіёскаў і магазінаў; іх агульны тавараабарот склаў 40 480 тыс.руб., а ў разліку на адну гандл. кропку — 52,3 млн. руб.
Інфарматызацыя. У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12.2.2004 Мін-ву сувязі былі перададзены функцыі дзярж. кіравання ў сферы інфарматызацыі. Дзярж. праграма інфарматызацыі ўключае 99 праектаў па 9 раздзелах. Асн. з іх з’яўляюцца праекты, якія выконваюцца па заказах дзярж. органаў улады і кіравання, праекты стварэння агульнадзярж. аўтаматызаванай сістэмы, фарміравання дзярж. рэгістраў інфарм. рэсурсаў. У перыяд 2000—04 колькасць бел. Інтэрнет-рэсурсаў павялічылася ў 5,5 раза. Актыўна ўкараняюцца ў практыку пластыкавыя карткі для аплаты розных плацяжоў праз Інтэрнет, пашыраецца аплата па факце дастаўкі тавараў заказчыку (у рэжыме off-line). Развіваецца Інтэрнет-рэклама; у Інтэрнеце прадстаўлена каля 5 бел. банерных сетак. У адзіную навук.-інфарм. камп’ютэрную сетку аб’яднаны існуючыя сеткі BASNET (Нац.АН Беларусі), UNIBEL (Мін-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь) і BSUNET (Цэнтр інфарм. рэсурсаў і камунікацый БДУ). Яны ўключаюць каля 260 устаноў навук. сферы, вядучыя ун-ты, ін-ты, бібліятэкі, шэраг інш. арганізацый навукі і адукацыі (250 устаноў адукац. сферы). У 2002 Мін-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь выдала 1-ю ў рэспубліцы ліцэнзію на дыстанцыйную форму навучання праз Інтэрнет Бел. ун-ту інфарматыкі і радыёэлектронікі. Развіццю інфарматызацыі садзейнічае павелічэнне колькасці персанальных камп’ютэраў. Агульны камп’ютэрны парк рэспублікі на пач. 2003 склаў 775 тыс. камп’ютэраў, з іх 318 тыс. у прамысл. сектары, 250 тыс. — у насельніцтва.
Літ.:
Связь Белоруссии. Мн., 1972;
Почтовые дороги Белоруссии. Мн., 1982;
Экономика Белоруссии в период послевоенного возрождения. Мн., 1.988;
Алишев Я.В., Урядов В.Н. Перспективные пути информационных технологий в волоконно-оптических сетях телекоммуникаций. Мн., 2003;
Экономическая история Беларуси. 3 изд. Мн., 2004.
С.Ф.Дубянецкі.
Асноўныя паказчыкі сувязі агульнага карыстання Беларусі
1990
1995
2000
2002
2003
Адпраўлена, млн.
пісьмаў і бандэролей
302
134
132
152
153
друкаваных сродкаў масавай інфармацыі
2201
568
531
472
413
пасылак
8,2
0,6
0,7
1,3
1,6
тэлеграм
10,6
2,4
1,5
1,4
1,4
грашовых пераводаў
12,2
3,9
3,9
4,0
4,2
пенсіённых выплат
24,8
28,9
26,1
25,1
24,5
Колькасць міжгародніх тэлефонных размоў, млн.
193,5
248,3
528,6
732,2
929,2
Колькасць тэлефонных апаратаў, шт.
1749,8
2159,6
2962,0
3183,2
3283,1
у т. л. гарадской сеткі
1400,6
1745,1
2422,2
2597,2
2671,7
сельскай сеткі
349,2
414,5
539,8
586,0
611,4
Забяспечанасць насельніцтва хатнімі тэлефоннымі апаратамі на 100 сем’яў
37
49
73
79
83
Колькасць таксафонаў, якія дазваляюць забяспечваць паслугамі міжгародняй тэлефоннай сувязі
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІГРАФІЧНАЯ ПРАМЫСЛОВАСЦЬ
Як адна з галін апрацоўчай прамысловасці і састаўная частка выдавецка-паліграфічнага комплексу спецыялізуецца на выпуску друкарскай прадукцыі: кніг, часопісаў, газет, каштоўных папер, бланкаў дакументаў, календароў, плакатаў, сшыткаў, альбомаў, білетаў і інш.
На Беларусі яе развіццё пачалося з дзейнасці Ф.Скарыны, які ў 1522 заснаваў друкарню ў Вільні, выкарыстаўшы выразаныя ўручную шрыфты і застаўкі. Друкарскае майстэрства ўдасканальвалі С.Будны, В.Цяпінскі, П.Мсціславец і інш. Першая друкарня на тэр. сучаснай Беларусі — Брэсцкая (1550—70-я г.). Пазней друкарні працавалі ў Нясвіжы, Заблудаве, Слуцку, Любчы, Магілёве, Куцейне і інш. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі друкарні адкрыты ва ўсіх губ. гарадах. У 1913 выдадзены 232 назвы кніг тыражом 212 тыс.экз. У 1920 у БССР было 76 паліграфічных прадпрыемстваў; пабудаваны Дом друку (з 1960 друкарня выдавецтва «Звязда», з 1969 друкарня Выдавецтва ЦККПБ, з 1992 у сістэме Дзяржкамдруку, потым Савета Міністраў, з 1994 — Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). У 1940 на Беларусі надрукавана 76 млн. аркушаў-адбіткаў. Пасля Вял.Айч. вайны адноўлены разбураныя паліграфічныя прадпрыемствы, пабудаваны Мінскі паліграфічны камбінат.
У Рэспубліцы Беларусь паліграфічную дзейнасць ажыццяўляюць 257 прадпрыемстваў і арганізацый розных форм уласнасці. Дзярж. сектар прадстаўлены 110 прадпрыемствамі камунальнай і рэсп. форм уласнасці. Выпуск друкаванай прадукцыі ажыццяўляюць 14 устаноў адукацыі, 99 акц. прадпрыемстваў розных відаў, 20 сумесных і замежных прадпрыемстваў, 45 прыватных унітарных прадпрыемстваў і 9 індывід. прадпрымальнікаў.
Найб. дзярж. паліграфічныя прадпрыемствы: «Выдавецтва «Беларускі Дом друку», Мінская фабрыка каляровага друку, Мінская друкарская фабрыка Дзяржзнака, Маладзечанская друкарня «Перамога», гомельскія фабрыка «Палесдрук» і выдавецка-паліграфічнае прадпрыемства «Сож», Бабруйская ўзбуйненая друкарня імя А.Т.Непагодзіна, Баранавіцкая ўзбуйненая друкарня, абласныя друкарні ў Гродне, Віцебску і Магілёве, Полацкае унітарнае прадпрыемства «Спадчына» імя Ф.Скарыны. Сярод акц. т-ваў найб. аб’ёмамі вытворчасці вылучаюцца ААТ «Паліграфічны камбінат імя Я.Коласа», «Чырвоная зорка» і «Брэсцкая абласная друкарня». Актыўна працуюць на рынку паліграфічных паслуг сумесныя прадпрыемствы «Уніфлекс», «Флексограф», сумеснае ААТ «Поліпрынт», замежныя прадпрыемствы «Інтэрнешнл Транс Кэпітэл», «Прынткорп» і «Друк сервіс». Паліграфічныя прадпрыемствы Беларусі друкуюць прадукцыю дзярж. выдавецтваў «Беларусь», «Беларуская навука», «Беларуская Энцыклапедыя», «Беларускі Дом друку», «Мастацкая літаратура», «Народная асвета», «Вышэйшая школа»; недзярж. выдавецтваў «Харвест», «Сучасны літаратар», «Папуры» і інш.; выдавецкіх прадпрыемстваў «Беларускі кнігазбор», «Беллітфонд», «Кніга», «Тэхналогія», «Чатыры чвэрці» і інш.; каля 400 ведамасных прадпрыемстваў і арганізацый, якія маюць права выдавецкай дзейнасці.
У 2003 усімі паліграфічнымі прадпрыемствамі рэспублікі выпушчана 4141,3 млн. фарба-адбіткаў і 2027,6 млн. аркушаў-адбіткаў друкаванай прадукцыі; у 2000 было адпаведна 4154,5 млн. фарба-адбіткаў (гл.табл. 1). Найб. ўдзельную вагу складае кніжна-часопісная прадукцыя (46% ад агульнага аб’ёму выпушчанай прадукцыі). Выпушчана 931,3 млн.экз. 4-палосных газет, прыведзеных да фармату А2, што на 19,6% больш, чым у 2000. Гл. таксама раздз. Друк, тэлебачанне і радыёвяшчанне.
Літ.:
Ничипорович С.А. Развитие издательско-полиграфического комплекса Беларуси в условиях становления рыночных отношений. Мн., 2001;
Ананич Л.С.*, Воробьев В.П. Информационное пространство Беларуси. Мн., 2003;
Ничипорович С.А., Кулак М.И., Неверов А.В. Управление издательско-полиграфическим комплексом: организационно-экономические аспекты. М., 2003.
М.М.Брашко.
Дынаміка агульнага выпуску паліграфічнай прадукцыі ў 2000 і 2003
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЗАЧНІК,
таленавіты майстар-выканаўца казак, хавальнік казачных традыцый. Вызначаецца індывід. манерай выканання, складам рэпертуару. Славутыя К. ў рускіх — А.Навапольцаў, А.К.Барышнікава (Купрыяніха), М.М.Каргуеў, М.А.Сказкін, Г.М.Каралькова, у ўкраінцаў — Р.Ф.Чмыхала, А.С.Калін, К.Дзеравенчанка, у беларусаў — І.Азёмша, А.Ваўчок, П.П.Гаспадароў, П.В.Гулевіч, Я.Дзежка, Д.Кулеш, І.Ю.Макей, В.Міхайлаў, Рэдкі, М.Спірыда і інш., у славакаў Е.Смолка і інш.
У фарміраванні казачнага рэпертуару вял. ролю адыгралі прафес. К. На Русі і Беларусі — скамарохі, вандроўныя «баяры́» Казкі найчасцей расказвалі на вячорках, асабліва ў калядны тыдзень. У.Дабравольскі ў «Смаленскім этнаграфічным зборніку» (ч. 1, 1891) апубл. значны матэрыял пра індывідуальны маст. стыль бел. К. вёскі Бердзябякі Ельнінскага пав. Смаленскай губ. Міхайлава. Ад селяніна Дзежкі з в. Новая Хадароўка Сакольскага пав. Гродзенскай губ. М.Федароўскі запісаў больш за 70 казак, жартаў, анекдотаў, легенд, паданняў. Гаспадароў за ўдзел у рэв. выступленнях у 1905 высланы ў Алонецкую губ., дзе ад яго запісана 106 казак. Пра высокую культуру К. Бел. Палесся сведчаць прасякнутыя задушэўным лірызмам, нар. мудрасцю, напоўненыя новымі ідэямі казкі і апавяданні Рэдкага (ад яго запісана 38 тэкстаў), Азёмшы (запісаны 32 казкі), М.Савіцкага, Куляша, М.Бохмат і інш. Самабытна развіваў сац. матывы ў быт. казках Ваўчок (запісана 18 казак і апавяданняў). У Вял.Айч. вайну творчасць К. адлюстроўвала барацьбу за свабоду. Пастух М.Багрым з в. Даўляды Нараўлянскага р-на расказваў «сон» пра хуткае выгнанне акупантаў. Эсэсаўцы яго расстралялі. Агітац. рыфмаваную казку «Зоркавы горад» расказвалі ў Пухавіцкім р-не, у Астрашыцкім Гарадку. Пасля вайны ад А.С.Коржань (г. Орша) запісаны казкі-легенды пра К.С.Заслонава. Макей (в. Алексічы каля Зэльвы), Я.П.Яфіменкаў (в. Ластавічы Глыбоцкага р-на) «разыгрывалі» казку ў асобах. Сучасныя К. пісьменныя, з шырокім кругаглядам. Пераважаюць жанчыны, якія выконваюць і інш.фалькл. творы. Для многіх расказванне казак — неабходнасць, звязаная з выхаваннем дзяцей, таму ў іх рэпертуары шмат казак пра жывёл і блізкіх да іх чарадзейных. У 1960—80-я г. ў розных раёнах Беларусі выяўлены таленавітыя К.: К.Мельнікава з Лоеўскага, Ф.Вяргун з Мазырскага, Е.Ляўчэня з Любанскага, П.Акулевіч з Бярэзінскага, С.Паўлянкова з Гомельскага, М.Коўтун з Чэрвеньскага, Н.Краснякова з Крупскага, У.Русіновіч з Светлагорскага, Л.Цыбульская з Уздзенскага р-наў (ад іх запісана па 30—15 казак). Вылучаюцца К.-імправізатары, якія не выходзяць за межы традыц. сюжэта, свабодна абыходзяцца з матэрыялам, часам кантамінуюць некалькі сюжэтаў, падкрэсліваюць дыдактычны бок казкі (М.Казлоўская, У.Рамбальская, Пастаўскі р-н), і К.-традыцыяналісты, якія строга трымаюцца сюжэтнай схемы і вядомага ім тэксту (Д.Гапеева, Быхаўскі р-н). Есць К.-маралісты (Е.Варашкевіч, Ляўчэня, Любанскі р-н), эпікі (Р.Глусцоў, Быхаўскі р-н, С.Вежнавец, Светлагорскі р-н), гумарысты (Акулевіч, Русіновіч). Крыніцы папаўнення рэпертуару сучасных К. істотна пашырыліся (кнігі, радыё, тэлебачанне), але па-ранейшаму гал. роля належыць тэкстам, што перайшлі ад дзядоў і бацькоў.
Літ.:
Сержпутовский А.К. Сказки и рассказы белорусов-полешуков. СПб., 1911. С. I—VII;
Сказки Ф.П.Господарева. Петрозаводск, 1941. С. 7—55;
Беларускія казкі, запісаныя ад Пятра Гулевіча. Мн., 1963. С. 5—8;
Бараг Л.Р. Беларуская казка. Мн., 1969. С. 46—60, 227—251;
Кабашнікаў К.П., Барташэвіч Г.А. Сустрэчы з казкай. Мн., 1984;
Калеснік У. Жыў-быў казачнік... // Калеснік У. Тварэнне легенды. Ми., 1987;
Кароткая Л.Л. Жывое, роднае... Мн., 1989;
Азадовский М.К. Русские сказочники // Азадовский М.К. Статьи о литературе и фольклоре. М., Л., 1960;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛЕЖ Іван Паўлавіч (8.2.1921, в. Глінішча Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. — 9.8.1976),
бел. пісьменнік. Нар. пісьменнік Беларусі (1972). Скончыў БДУ (1945). Удзельнік Вял.Айч. вайны. У 1942 пад Растовам цяжка паранены. У 1941—42 вёў дзённік. З 1945 працаваў у час. «Полымя», у апараце ЦККП(б)Б. З 1966 сакратар, у 1971—76 нам. старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Дэбютаваў вершамі ў 1939. Як празаік упершыню выступіў у 1943 у газ. «Бугурусланская правда». Першае апавяданне на бел. мове «Сустрэча ў шпіталі» (1944). Адно з ранніх апавяданняў — «У завіруху» — высока ацаніў К.Чорны. У 1946 яно дало назву зборніку. Аповесць «Гарачы жнівень» (1946) пра цяжкасці аднаўленчага перыяду. Першы раман «Мінскі напрамак» (1952). У 1960—70-я г. гэты твор перапрацаваны і стаў больш шматпланавым і маштабным па ахопе падзей, багатым на сапраўдныя нар. характары, праз якія пераканаўча паказана героіка і трагедыя вайны. Выдаў зб-кі апавяданняў «Блізкае і далёкае» (1954), «У гарах дажджы» (1957), «Што ён за чалавек» (1961). Аўтар п’есы пра інтэлігенцыю «Пакуль вы маладыя» (1956, паст.Бел. т-рам імя Я.Купалы 1957), гісторыка-рэв. драмы «Дні нараджэння» (1958, паст. тамсама 1959). Найвялікшым дасягненнем М. і ўсёй бел. л-ры стала трылогія з цыкла «Палеская хроніка» — раманы «Людзі на балоце» (1961, Літ. прэмія імя Я.Коласа 1962), «Подых навальніцы» (1964—65, за абодва Ленінская прэмія 1972) і «Завеі, снежань» (1976). Раман «Людзі на балоце» М. пачаў як твор лірычны і называў яго «лірычным раманам», а наступныя раманы трылогіі ствараў ужо як трагедыйныя раманы-даследаванні. У іх выявілася грамадз. смеласць і ідэйна-маст. маштабнасць у асэнсаванні складаных абставін калектывізацыі на Палессі, жыцця Беларусі 1920—30-х г., праўдзівасць і шчырасць аўтара ў спалучэнні з яго высокай прафес. культурай, глыбокім і тонкім псіхалагізмам, разуменнем душы бел. селяніна. Непаўторная маст. канцэпцыя тагачаснага жыцця народа, вял. ідэйны змест данесены праз дасканалую маст. форму і адметныя вобразы. Лёс і драма жыцця і кахання Васіля Дзятла і Ганны індывідуальныя, глыбока народныя; і астатнія вобразы паказаны ва ўсёй іх складанасці, глыбіні і непаўторнасці, яны сцвярджаюць чалавечнасць у чалавеку. «Палеская хроніка» — глыбокае філасофска-маст. асэнсаванне жыцця бел. народа на вельмі важным гіст. этапе, яна стала нац. эпапеяй. У 1975 М. выдаў кн. літ.крытычных артыкулаў, эсэ, інтэрв’ю і публіцыстыкі «Жыццёвыя клопаты» (Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1976), у 1977 выйшла «Першая кніга» (дзённікі, запісы ваен. гадоў). Паводле «Палескай хронікі» Бел.тэлебачанне паставіла 3-серыйны тэлеспектакль (1965), у 1979 — тэлеспектакль па рамане «Завеі, снежань». Бел. тэатр імя Я.Купалы паставіў спектакль «Людзі на балоце» (1966, інсцэніроўка Т.Абакумоўскай і З.Браварскай). Паводле матываў гэтага рамана К.Цесакоў стварыў радыёоперу «Барвовы золак» (1983). Жыццю і творчасці пісьменніка прысвечаны дакумент. фільм «Іван Мележ» (сцэнарый В.Адамчыка, 1978). Рэжысёры В.Тураў і Дз.Зайцаў на студыі «Беларусьфільм» паставілі маст. кінафільмы «Людзі на балоце» (1982, Дзярж. прэмія СССР 1984) і «Подых навальніцы» (1983). У 1984 Тураў зняў 8-серыйны тэлефільм. М. быў старшынёй праўлення Бел. аддзялення т-ва «СССР—Францыя», старшынёй Бел.к-та абароны Міру, чл.Сусв. Савета Міру. Яго імем названы школа ў в. Глінішча, б-ка ў Гомелі, цеплаход. У в. Глінішча адкрыты літаратурны музей М. У 1980 устаноўлена Літ. прэмія Саюза пісьменнікаў Беларусі імя М.
Тв.:
Збор тв.Т. 1—6. Мн., 1969—71;
Збор тв.Т. 1—10. Мн. 1979—85.
Літ.:
Успаміны пра Івана Мележа. Мн., 1982;
Сказ пра Івана Мележа. Мн., 1984;
Бугаёў Дз. Вернасць прызванню. Мн., 1977;
Кулешов Ф. Подвиг художника. 2 изд. Мн., 1982;
Гніламёдаў У. Іван Мележ. Мн., 1984;
Смыкоўская В. Творчая канцэпцыя пісьменніка. Мн., 1976;
Ляшук В. Іван Мележ у школе. Мн., 1981;
Адамовіч А. Здалёк і зблізку. Мн., 1976;
Яго ж. Літаратура, мы і час.Мн., 1979;
Яго ж. Собр. соч.Т. 4. Мю. 1983;
Андраюк С. Іван Мележ // Стыль пісьменніка. Мн., 1974;
Драздова З.У. Майстэрства слова. Мн., 1993;
Шупенька Г. Прага мастацкасці. Мн., 1996. С. 12—81;
Смыкава І. Іван Мележ // Смыкава І. Беларускія пісьменнікі-лаўрэаты. Мн., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ВЯЗЬу эканоміцы,
галіна нар. гаспадаркі, якая забяспечвае перадачу і прыём інфармацыі рознымі тэхн. сродкамі; частка вытв. і сац. інфраструктуры грамадства, прызначана для задавальнення патрэб насельніцтва органаў дзярж. кіравання і суб’ектаў гаспадарання ў паслугах С.
У старажытнасці С. ажыццяўлялася праз пасланцоў (конных і пешых), якія перадавалі паведамленні вусна, а таксама падачай умоўных светлавых сігналаў. З узнікненнем пісьменнасці пачала складвацца паштовая С. (гл.Пошта). З пач. 19 ст. пачала стварацца правадная С. У 1832 П.Л.Шылінг вынайшаў эл. тэлеграф, у 1873 С. Морзе — электрамагнітны тэлегр. апарат, у 1876 А.Г.Бел — тэлефон, у 1895 А.С.Папоў — радыё, што стала пачаткам бяздротавай С. (гл. Сувязь у тэхніцы).
На Беларусі першая тэлегр. лінія Мінск — Бабруйск пачала працаваць у 1859. У 1896 у Мінску пабудавана тэлеф. станцыя на 100 нумароў, у пач. 20 ст.тэлеф. станцыі мелі 16 гарадоў Беларусі, працавала каля 400 прадпрыемстваў пошты і тэлеграфа. У 1925 у Гомелі і Мінску пачалі працаваць радыёстанцыі магутнасцю 1,2 кВт. У 1930-х г. развівалася міжгародняя тэлефонная С., будаваліся аўтам.тэлеф. станцыі. Да 1940 усе 195 гарадоў і раённых цэнтраў БССР былі тэлефанізаваны, 653 населеныя пункты абслугоўваліся міжгародняй тэлеф. С. Сельская тэлеф. С. ахоплівала 80% сельсаветаў, амаль усе МТС, пераважную большасць калгасаў і саўгасаў. Пасля Вял.Айч. вайны сетка прадпрыемстваў С. адноўлена і пачала развівацца на новай тэхн. аснове. З 1945 дзейнічае пастаянная радыётэлегр. С. паміж Мінскам і Масквой, з 1966 у Мінску па фотатэлеграфе прымаюцца матрыцы маскоўскіх газет, з 1967 працуе відэатэлефон. З 1956 у Мінску пачаліся рэгулярныя тэлевізійныя перадачы. Пабудаваны паштамты ў Мінску (1954), Віцебску (1960), Магілёве (1961), Гродне (1970). З 1970 у Мінску дзейнічае аўтам. міжгародняя тэлеф. станцыя, пазней такія станцыі створаны ў Віцебску, Гродне. У 1972 завершана аўтаматызацыя гар. і сельскай тэлеф. С. У 1980-я г. пачалося ўкараненне электронных тэлеф. станцый, з’явіліся першыя міжнар. каналы С. Мінск—Беласток, Мінск—Варшава. У 1990-я г. ўведзены ў эксплуатацыю першая ў СССР лічбавая аўтам. міжгародняя тэлеф. станцыя, комплекс станцый спадарожнікавай С., які забяспечыў тэлеф. С., Інтэрнет, абмен тэлевіз. праграмамі з Індыяй, Канадай, ЗША і інш. краінамі. Насельніцтва, прадпрыемствы і ўстановы Беларусі абслугоўваюць 118 гар. і раённых вузлоў і 3883 аддзяленні С., у т. л. 3100 сельскіх. У структуры С. разам. з традыц. відамі актыўна ўкараняецца радыёсувязь і перадача даных, уведзена міжнар.тэлегр. станцыя «Тэлекс», пашыраецца сетка электроннай пошты. Укаранёны аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі і падрыхтоўкі суправаджальнай дакументацыі па міжнар. пошце і інш. Створана сучасная лічбавая інфраструктура электрасувязі верхняга ўзроўню (гл.Лічбавае радыёвяшчанне, Лічбавае тэлебачанне). Здадзеныя ў эксплуатацыю на базе лічбавага абсталявання магістральныя валаконнааптычныя лініі С. (гл.Валаконна-аптычная сувязь) звязалі паміж сабой усе абл. цэнтры рэспублікі; міжнар. лініі звязалі Беларусь з сумежнымі краінамі. Пейджынгавая С. забяспечвае 40% тэр. краіны, сотавай радыёсувяззю можа карыстацца 55% насельніцтва рэспублікі, а з дапамогай роўмінгу — яе абаненты ў Балгарыі, Латвіі, Літве, Польшчы, Расіі, Украіне. Трансліруецца 5 праграм тэлебачання і 6 радыёвяшчання (асн. паказчыкі С. агульнага карыстання гл. ў табл.). Беларусь з’яўляецца членам Міжнар. саюза электрасувязі, Сусветнага паштовага саюза, Міжнар. арг-цыі касм. сувязі і інш.
М.П.Талочка.
Асноўныя паказчыкі сувязі агульнага карыстання на Беларусі
1985
1990
1995
2000
Колькасць прадпрыемстваў сувязі (пошта, тэлеграф, тэлефон)
4468
4169
3940
3883
у т. л. ў сельскай мясцовасці
3476
3359
3137
3100
Адпраўлена, млн.
пісьмаў
351
302
134
132
газет і часопісаў
1756
2200
568
531
пасылак
9.3
8,2
0,6
0,7
тэлеграм
10,8
10,6
2,4
1,5
грашовых пераводаў і пенсіённых выплат
31,1
37
32,8
30
Колькасць міжгародніх тэлефонных размоў, млн.
108,2
193,5
248,3
528,6
Колькасць тэлефонных апаратаў, тыс.
1099,6
1670,1
2087,8
2875
у т. л. у гарадах
861,4
1329
1676,8
2340
у сельскай мясцовасці
238,2
341,1
411
535
Забяспечанасць насельніцтва хатнімі тэлефонамі на 100 сем’яў, шт.
23
37
49
75
Колькасць абаненцкіх установак сеткі «Тэлекс», шт.
—
157
381
3152
Колькасць зарэгістраваных факсімільных апаратаў (тэлефаксаў), шт.