ГАНЧАРЭ́НКА (Іван Іванавіч) (30.7.1908, с. Яблыневае Палтаўскай вобл., Украіна — 5.6.1988),
украінскі паэт. Скончыў Ін-т чырвонай прафесуры (1934, Харкаў). Друкаваўся з 1925. Першы зборнік вершаў — «Сябры» (1930). У паэт. творах (зб-кі «Гады ідуць», 1968; «Абеліскі», 1974; «Ззяйце, зоркі», 1977, і інш.) жыццё, праблемы сав. моладзі, калгаснай вёскі, подзвіг народа ў Вял.Айч. вайну. Пераклаў на ўкр. мову творы П.Глебкі, Я.Купалы, Я.Непачаловіча, М.Танка. На бел. мову творы Ганчарэнкі перакладалі Р.Барадулін, Н.Гілевіч, Г.Кляўко.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРЫ́НІН (сапр.Бурштын) Барыс Сяргеевіч
(10.8.1893, в. Заплюссе Лужскага р-на Ленінградскай вобл., Расія — 4.4.1964),
рускі паэт-перакладчык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1918). Друкаваўся з 1913. З 1938 перакладаў на рус. мову творы ўкр. (А.Малышкі, М.Рыльскага), літ. (А.Венажындзіса, Майроніса), чув. (К.Іванова) і інш. паэтаў. З бел. мовы пераклаў паэму Я.Коласа «Рыбакова хата» (з С.Гарадзецкім і П.Сямыніным, 1949), асобныя творы Я.Купалы, М.Багдановіча (у кн. «Выбраныя вершы», 1940), П.Броўкі (у кн. «Выбранае», 1949), М.Танка (у кн. «Вершы. Казкі. Паэмы», 1953) і інш. Аўтар успамінаў пра Я.Купалу і Я.Коласа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІНКО́ЎСКІ (Сцяпан Антонавіч) (1918, в. Даколь Глускага р-на Магілёўскай вобл. — 2.2.1945),
Герой Сав. Саюза (1945). У Вял.Айч. вайну з 1941 на Паўн.-Зах., 1-м Укр., 1-м Бел. франтах. Механік-вадзіцель танкаст. сяржант К. вызначыўся ў 1945 пры вызваленні Польшчы: пры наступленні ў складзе экіпажа знішчыў 2 мінамётныя батарэі, 11 аўтамашын і 120 павозак з боепрыпасамі, шмат жывой сілы праціўніка; 22 студз. ў час разведкі ўварваўся ў нас. пункт Кольмар і захапіў склады; 23 студз. авалодаў пераправай цераз р. Нотаць і ўтрымліваў яе да падыходу падмацавання. Загінуў у баі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЭ́ (Юлія Міхайлаўна) (н. 21.8.1931, Масква),
бел. крытык, літ.-знавец. Дачка М.Ю.Канэ. Скончыла БДУ (1954). Працавала ў рэдакцыях газет Літвы (1954—55), у газ. «Піянер Беларусі» (1959). Даследаванні па сучасным літ. працэсе (артыкулы пра творчасць А.Адамовіча, В.Быкава, Р.Барадуліна, А.Васілевіч, Н.Гілевіча, А.Жука, А.Кулакоўскага, І.Навуменкі, І.Пташнікава, Б.Сачанкі, М.Танка, І.Чыгрынава і інш.). Аўтар кніг «Дзень сённяшні» (1962), «Янка Брыль» (1964), «Плынь» (1983), «Як паветра і хлеб: Жыццёвы і творчы шлях Янкі Брыля» (1988). На бел. мову пераклала асобныя творы арм. празаікаў. З 1991 жыве ў Ізраілі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЫЧАЎ (Восіп Якаўлевіч) (16.5.1904, г. Адэса, Украіна — 5.1.1973),
расійскі паэт, перакладчык. Друкаваўся з 1920. У зб-ках паэзіі «Ля Чорнага мора» (1935), «Наша зямля» (1955), «Захады і світанні» (1957), «Закон вясны» (1962), «Карані і кроны» (1973) услаўляў стваральную працу людзей, іх мужнасць у барацьбе з ворагамі, апяваў родную прыроду. Аўтар тэкстаў шматлікіх песень (зб. «Кулямётная стужка», 1938). Я.Купалу прысвяціў паэму «Беларуская быль» (1950), напісаў пра яго ўспаміны «Незвычайная задушэўнасць» (у кн. «Такі ён быў», 1975). Пераклаў на рус. мову асобныя творы Я.Купалы, А.Александровіча, П.Броўкі, М.Танка, М.Чарота і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІПНЕ́ВІЧ (Валерый Іванавіч) (н. 21.9.1947, Мінск),
расійскі пісьменнік. Скончыў БДУ (1973). Да 1981 працаваў у Ін-це фізікі АН Беларусі, у друку. Друкуецца з 1970. Распрацоўвае свабодны верш. Паэт. зб-кам «Трава і дождж» (1977), «Цішыня» (1979), «Невядомая планета», «Дрэва і рака» (абодва 1988) уласцівы філас. светаразуменне, асэнсаванне «вечных» праблем быцця. Аўтар апавяданняў, літ.-крытычных артыкулаў пра творчасць Р.Барадуліна, Т.Бондар, В.Быкава, М.Танка, Я.Янішчыц і інш. На рус. мову пераклаў асобныя вершы Р.Баравіковай, Л.Геніюш, А.Глобуса, Г.Каржанеўскай, А.Куляшова, Г.Пашкова і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІСТРАФІ́ЧНАСЦЬ (ад полі... + страфа),
паслядоўнае або адвольнае чаргаванне ў вершаваным творы розных строф, графічна аддзеленых адна ад адной. Да полістрафічных адносяцца разнастрофныя вершы, а таксама раўнастрофныя з сіметрычным чаргаваннем двух ці больш відаў строф. Полістрафічнымі звычайна бываюць буйныя вершаваныя творы, кожная ч. якіх пішацца сваёй страфой. Напр., у 10 раздзелах паэмы Я.Купалы «Безназоўнае» ўжываюцца чатырохрадкоўі 8 разнавіднасцей і шасцірадкоўі 2 разнавіднасцей. У паэме М.Танка «Нарач» сустракаюцца і чатырохрадкоўі самых розных мадыфікацый, і пяцірадкоўе, і астрафічны верш. П. надае вершаванаму твору разнастайнасць формы, памагае лепш выявіць змены лірычнага перажывання паэта і яго герояў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГА́РА (Марыя Аркадзеўна) (20.2.1908, Масква — 8.9.1983),
украінская пісьменніца, перакладчыца. Скончыла Кіеўскі ін-тнар. асветы (1931). Друкавалася з 1924. Аўтар зб-каў вершаў «Дарогай вайны» (1944), «Напярэдадні» (1947), «Сёстры» (1948), «Надвячорак» (1977), вершаваных твораў для дзяцей, кніжак казак, гіст. аповесці «Міхаська — слуга казацкі» (1969). Перакладала пераважна са слав. моў, у т. л. з бел.: асобныя творы Я.Купалы, П.Броўкі, М.Танка, М.Машары, А.Стаховіча, Н.Тарас, Э.Агняцвет. На бел. мову творы П. перакладалі Э.Агняцвет, В.Вітка, Е.Лось, М.Танк. Літ. прэмія імя Лесі Украінкі 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТАКО́ВІЧ (Аляксандр Францавіч) (25.12.1914, г. Сянно Віцебскай вобл. — 9.6.1988),
Герой Сав. Саюза (1945). Да 1940 у сельскай гаспадарцы, потым інструктар райкома КП(б)Б. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Зах., Бел. і 1-м Бел. франтах. Танк. ўзвод на чале са ст. лейт. П. вызначыўся ў баях за пашырэнне плацдарма на левым беразе Віслы і за г. Радам (Польшча), дзе знішчыў 2 бронетранспарцёры, 3 гарматы; захапіў 4 гарматы; у наступных баях экіпаж танка П. знішчыў 8 танкаў, 6 бронетранспарцёраў, 9 гармат, 19 кулямётных кропак і інш. Пасля вайны П. на парт. і сав. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЦІРАДКО́ЎЕ, квінціла,
страфа з 5 вершаваных радкоў, злучаных дзвюма (радзей адной) рыфмамі або клаўзуламі. Часцей сустракаецца рыфмоўка па схеме АБААБ:
Я — мужык, а гонар маю,
Гнуся, але да пары.
Я маўчу, маўчу, трываю,
Але скора загукаю:
«Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!»
(Я.Колас. «Мужык»)
Радзей кампаноўка рыфмаў у П. можа быць іншай: ААББА («Не шукай» Я.Купалы), АБББА («Людзьмі завемся» Е.Лось), ААААА («Дыханне» А.Лойкі). Часам адзін радок (1-ы, 2-і, 3-і і г.д.) застаецца нерыфмаваным («У маршы», «Да штурму», «Вянок» М.Танка). Сустракаецца П. зусім без рыфмаў (у белым вершы).