счапле́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. счапляць — счапіць.

2. Прыстасаванне ці механізм, пры дапамозе якога счапляюць што‑н. Яшчэ хвіліна, і, бразнуўшы счапленнем, цягнік пакідае ціхі раз’езд. Карамазаў. [Уладзімір] націснуў старцёр, адпусціў счапленне, і машына, пагойдваючыся, пакацілася далей. Кавалёў.

3. Стан паводле дзеясл. счапляцца — счапіцца (у 2 знач.). Слабае счапленне асобных слаёў у крышталічнай рашотцы графіту дазваляе ўжываць яго і для вырабу змазкі. «Маладосць». На мой погляд, паэма павінна несці не проста счапленне падзей у сюжэт, а эпас пачуццяў. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ІЛЬФ І. І ПЯТРО́Ў Я.,

расійскія пісьменнікі-сатырыкі, якія працавалі сумесна. Нарадзіліся ў Адэсе (Украіна). Ільф Ілья (сапр. Файнзільберг Ілья Арнольдавіч; 15.10.1897—13.4.1937); Пятроў Яўген (сапр. Катаеў Яўген Пятровіч; 13.12.1903—2.7.1942), брат В.П.Катаева. Разам пачалі пісаць у 1926. У рамане «Дванаццаць крэслаў» (1928, экранізацыя 1971) побач з апісаннем прыгод гал. героя ў пошуках скарбу стварылі сатыр. карціну нораваў эпохі нэпа. Сюжэт пра вял. камбінатара прадоўжаны ў рамане «Залатое цяля» (1931, экранізацыя 1968). Вынік паездкі ў ЗША (1935—36) — апошняя сумесная кн. «Аднапавярховая Амерыка» (1936). Пасля смерці І. выдадзены яго амер. дзённік (1935—36) і «Запісныя кніжкі» (1939). На бел. мову асобныя творы І. пераклаў У.​Шахавец. П. з першых дзён вайны ваен. карэспандэнт («Франтавы дзённік», 1942). Аўтар рамана «Падарожжа ў краіну камунізму» (незакончаны, апубл. ў 1965), п’есы, кінасцэнарыяў.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. М., 1961;

Бел. пер. — Аднапавярховая Амерыка. Мн., 1938.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 7, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.

Існаваў у 1586—1758 пры Нясвіжскім езуіцкім калегіуме. Найб. вядома яго дзейнасць у 18 ст. У 1750-я г. т-рам кіраваў Ю.Катэнбрынг. На лац. і польск. мовах ставіліся п’есы, якія звычайна змяшчалі пралог, асн. сюжэт (да 3 актаў), хоры, інтэрлюдыі, балеты і эпілог. Сярод пастановак панегірык «Відовішчы свету» (1723), драмы «Дух бураў, які выкліканы з віннага склепа сярод пенных чашаў лютасцю тырана» (1730), «Залатая свабода без свабоднай улады царства мудрых» (1732), «Шчаслівыя выгнаннікі Эрэзій і Фруменцый» (1748), трагедыі «Смерць Менсея — вакханалія» (1737), «Сіроэс» (1758) і трагедыя-балет «Марнасць над марнасцю, або Томас Паўнд» (1755, абедзве Катэнбрынга), камедыя «Дзікі амерыканец, альбо Прастата, якая кіруецца светам прыроджанага розуму» (1758) і інш.

Літ.:

Гісторыя беларуская тэатра. Т. 1. Беларускі тэатр ад вытокаў да Кастрычніка 1917 г. Мн., 1983;

Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992.

В.​М.​Ярмалінская.

т. 11, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПА́НСКАЯ ЛА́СКА»,

бел. ананімны вершаваны твор 19 ст. ў жанры гутаркі. Напісаны, як мяркуюць, у канцы 1860-х ці пач. 1870-х г. Выяўляе антыпрыгонніцкія, антыпамешчыцкія настроі сялянства. У аснове сюжэта — камічнае бытавое апавяданне пра пана, якому ноччу сава здалася чортам і напалохала яго. На дапамогу яму прыйшоў селянін і злавіў саву, за што атрымаў збан гарэлкі. Назаўтра, праспаўшы работу, ён зарабіў «сотню розаг». У сюжэт аўтар уключыў маналог пра невыноснае жыццё селяніна ў часы прыгону. «П.л.» — прыклад нар. публіцыстыкі з элементамі маст. паказу жыцця з’яўляецца перапрацоўкай нар. анекдота пра пана і чорта. Вобраз памешчыка малюецца ў сатырычна-гратэскнай форме, вобраз селяніна — з лёгкім гумарам. Тэкст твора захаваўся ў рукапісным зб. «Беларускія народныя паданні, быліны і песні сялян былога Себежскага павета Віцебскай губерні 1882—1890 гг.» (архіў Рус. геагр. т-ва ў С.-Пецярбургу), апубл. ў зб. «Беларуская літаратура XIX ст.» (1950).

М.​А.​Лазарук.

т. 12, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пастара́ль

(фр. pastorale, ад лац. pastoralis = пастухоўскі)

1) жанравая разнавіднасць буколікі, драматычны твор у заходнееўрапейскай літаратуры XIV—XVII стст., у якім ідылічна паказваецца жыццё пастухоў і пастушак на ўлонні прыроды;

2) невялікая опера, балет, пантаміма на ідылічны вясковы сюжэт.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

БЯГА́НСКАЯ (Ядвіга Іосіфаўна) (29.2.1908, Улан-Удэ — 3.4.1992),

бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1930). Настаўнічала. У 1937 пасля арышту мужа паэта А.​Сака арыштавана, у 1938 засуджана на 10 гадоў пазбаўлення волі і адпраўлена ў лагер на Калыму. У 1948 вярнулася на Беларусь. Рэабілітавана ў 1954. Дэбютавала вершамі ў 1926. Першая аповесць «Далёка на Поўначы» (1954). Кнігі Бяганскай для дзяцей («Жэнеў галубок», 1958; «Зосіна зорачка», 1965; «Кожны марыць стаць Калумбам», 1968; «Сланечнікі», 1980, і інш.) вылучаюцца добрым веданнем дзіцячай псіхалогіі, назіральнасцю, уменнем займальна будаваць сюжэт. Перакладала з польск. (аповесці Б.​Ясенскага «Палю Парыж», 1932; Г.​Машынскай-Гофман «Вера і яе таварышы», 1965; Я.​Корчака «Кароль Мацюсь Першы», 1970) і славацкай (раманы М.​Крно «Я вярнуся жывы», 1960; У.​Мінача «Жывыя і мёртвыя», 1961, з А.​Мажэйкам; аповесці К.​Ярунковай «Брат маўклівага ваўка», 1976; Я.​Грушоўскага «Яношак», 1980).

Тв.:

Ля самага сіняга мора. Мн., 1982;

Сонцу і ветру насустрач. Мн., 1988.

т. 3, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АЛЕКСАНДРЫ́Я»,

помнік сусв. л-ры, які апісвае жыццё, подзвігі і прыгоды Аляксандра Македонскага. Нап. ў 2—3 ст. ў Егіпце на грэч. мове і паслужыла крыніцай для шматлікіх празаічных і вершаваных перапрацовак і рэдакцый. Аляксандр паказаны выдатным палкаводцам і ўсемагутным валадаром, чалавекам высокіх фіз. і маральных якасцяў, моцнага характару, глыбокага розуму. Сюжэт «Александрыі» займальны, драматычна напружаны. Першыя бел. пераклады «Александрыі» з’явіліся ў 15 ст. На Беларусі бытавалі ў 2 рэдакцыях — лацінскай і сербскай. Крыніцай бел. перакладу лацінскай рэдакцыі было адно з польскіх друкаваных выданняў 16 ст. Яна больш сугучная раннегуманіст. ідэалам духоўнай велічы і годнасці чалавека, яго зямных спраў. Сербская рэдакцыя пазнейшая, з новымі героямі, інакшым выкладам некат. падзей і эпізодаў, перапрацавана ў духу хрысц. ідэалогіі, з больш моцным гучаннем тэмы марнасці чалавечага жыцця. Бел. пераклады «Александрыі» — важная крыніца пазнання этычных і эстэт. уяўленняў і маст. густаў бел. чытачоў эпохі феадалізму, вывучэння бел. літ. мовы. Бел. спісы «Александрыі» апубл. У.​В.​Анічэнка ў кн. «Александрыя» (1962).

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 1, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІ́НСКІ (Антон Юзаф) (1817, маёнтак Шчорсы каля г. Навагрудка — 30.6.1866),

бел. фалькларыст, пісьменнік. Працаваў у Шчорсаўскай б-цы Храптовічаў. З 1844 жыў у Вільні, дзе рэдагаваў «Виленские губернские ведомости». З 1863 перакладчык у газ. «Kurier Wilenski» («Виленский вестник»). Быў знаёмы з У.​Сыракомлем, В.​Каратынскім, А.​Кіркорам і інш. літаратарамі і даследчыкамі бел. фальклору. Аўтар «Польскага казачніка» (т. 1—4, 1853) — зб. апрацаваных бел. нар. казак, анекдотаў, апавяданняў, былічак з ваколіц Навагрудка (Шчорсы і Нягневічы). Сярод іх казачныя сюжэты, запісы якіх вельмі рэдкія: «Дзяўчына-кветка», «Прададзены чорту становіцца свяшчэннікам», «Мяне маці забіла, бацька мяне з’еў» і інш. У зб. уключаны таксама пераробкі вядомых вершаваных казак В.​Жукоўскага і А.​Пушкіна. На сюжэт казкі пра папараць-кветку з яго зборніка Ф.​Багушэвіч напісаў баладу «Хцівец і скарб на святога Яна». Зборнік Глінскага перакладзены на чэш., франц., англ. і ням. мовы. На польскай мове перавыдаваўся 11 разоў.

Літ.:

Krzyżanowski J. Paralele. 3 wyd. Warszawa, 1977.

І.​У.​Саламевіч.

т. 5, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́НАЎ (Аляксандр Андрэевіч) (28.7.1806, С.-Пецярбург — 15.7.1858),

рускі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1817—28; з 1836 акадэмік) у свайго бацькі А.Л.Іванава і ў А.​Я.​Ягорава. У 1830 пенсіянер у Італіі, у 1831—58 жыў у Рыме. Раннія творы маюць рысы класіцызму («Прыям просіць у Ахілеса цела Гектара», 1824; «Белерафонт накіроўваецца ў паход супраць Хімеры», 1829; «Апалон, Гіяцынт і Кіпарыс», 1831—34; «Яўленне Хрыста Марыі Магдаліне», 1835). Значную частку жыцця прысвяціў працы над манум. палатном «Яўленне Хрыста народу» (1837—57). Евангельскі сюжэт трактуецца як рэальная гіст. падзея, асн. змест якой — абнаўленне старога свету хрысціянствам з яго ідэаламі роўнасці і духоўнага адраджэння людзей. Шматфігурная кампазіцыя паказвае шэраг выразных характараў, жывапісная форма і каларыт вылучаюцца жыццёвасцю. Самастойнае значэнне мае серыя «Біблейскія эскізы» (пейзажы, партрэты, накіды) да карціны.

Літ.:

Загянская Г.А. Пейзажи А.​Иванова. М., 1976;

Алленов М.М. А.​А.​Иванов. М., 1980;

Яго ж. А.​А.​Иванов: [Альбом]. Л., 1981.

В.​Я.​Буйвал.

А.А.Іванаў. Яўленне Хрыста народу. 1837—57.

т. 7, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ІЛІЯ́ДА»,

старажытнагрэчаская эпічная паэма, аўтарства якой (разам з «Адысеяй») прыпісваюць Гамеру. Узнікла, відаць, у 9—8 ст. да н.э. ў Іоніі на аснове паданняў пра Траянскую вайну (13 ст. да н.э.). Напісана гекзаметрам (каля 15700 вершаў). У 3—4 ст. ант. філолагі падзялілі яе на 24 песні. Як і «Адысея», верагодна, доўгі час бытавала ў вуснай форме. «І.» апавядае пра асаду грэкамі-ахейцамі г. Іліён (Троя). Яе кампазіцыя і сюжэты падпарадкаваны паэтыцы гераічнага эпасу: паход выкліканы выкраданнем траянцам Парысам Алены, жонкі ахейскага цара Менелая. Цэнтр. сюжэт паэмы — гнеў гал. героя Ахіла, абдзеленага прадвадзіцелем паходу Агамемнанам (Ахіл адмаўляецца ўдзельнічаць у бітве, пакуль ад рукі траянца Гектара не гіне яго сябар Патрокл). Ахіл забівае Гектара ў паядынку, а паэма заканчваецца апісаннем трызны па Патроклу і Гектару. На бел. мову ўрывак з «І.» пераклаў Ю.​Дрэйзін, цалкам — Б.​Тарашкевіч (захаваліся ўрыўкі).

Публ.: Бел. пер. — у кн.: Тарашкевіч Б. Выбранае. Мн., 1991.; Рус. пер. — Илиада; Одиссея. М., 1967.

т. 7, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)