БІЛО́ННАЯ МАНЕ́ТА (ад франц. billon нізкапробнае серабро),

разменная непаўнацэнная метал. манета, намінальная вартасць якой перавышае вартасць металу і затрат на яе выраб; заменнік золата. Як знак вартасці абслугоўвае пераважна рознічны тавараабарот, выконваючы функцыі сродку абарачэння і абмежаванага сродку плацяжу. З 1933 ва ўсіх краінах свету ў абарачэнне ўведзены толькі білонныя манеты, якія вырабляюць з серабра невысокай пробы, медзі, нікелю, алюмінію і інш. металаў. Колькасць білонных манет абумоўлена патрэбамі грашовага абароту, а гранічны тэрмін іх зносу вызначаецца на аснове практычнага вопыту. У наменклатуры дзярж. разліковых білетаў Нац. банка Беларусі (з 1992) білонная манета адсутнічае.

т. 3, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІКО́ЎСКІ СКАРБ,

манетны скарб, знойдзены ў в. Лікоўка Гродзенскага р-на ў 1953. Ухаваны ў канцы 17 — сярэдзіне 18 ст. Адзін з буйнейшых скарбаў медных солідаў Яна II Казіміра Вазы. Захавалася 190 сярэбраных, 2 нізкапробнага серабра, 6636 медных (з іх 544 фальшывыя) манет. Гал. частку скарбу складаюць медныя соліды Рэчы Паспалітай: манеты ВКЛ 1660 (26 экз.), 1661 (299), 1663 (141), 1664 (314), 1665 (718), 1666 (1325), 166X (767), Каралеўства Польскага 1660 (137), 1661 (169), 1663 (382), 1664 (706), 1665 (432), 166X (651), з зацёртымі гербамі 166X (24). Захоўваецца ў Гродзенскім гіст.-археал. музеі.

т. 9, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНДАЛА́Й, Мандале,

горад у цэнтр. частцы М’янмы. Адм. ц. вобл. Мандалай. Засн. ў 1857. У 1857—85 — сталіца незалежнай М’янмы (Бірмы). Каля 500 тыс. ж. (1997). Важны трансп. вузел (рачны порт на р. Іравадзі, чыгункі, аўтадарогі). Прам-сць: суднабуд., металаапр., баваўняная, харч., аўтазборчая, дрэваапр. і лесапільная. Чыгуначныя і суднарамонтныя прадпрыемствы. Традыц. вытв-сць упрыгожанняў з золата і серабра, шаўковых і ганчарных вырабаў, апрацоўка каштоўных камянёў, разьбярства па дрэве. Цэнтр кінапрамысловасці краіны. Ун-т. Культ. і рэліг. цэнтр. Арх. помнікі 19 ст.: каралеўскі палац (знішчаны ў 1944, адноўлены), цытадэль, кіт. пагады, будыйскія манастыры, раён з класічнай англ. калан. архітэктурай.

т. 10, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

вальва́цыя

(фр. évaluation = ацэнка)

вызначэнне каштоўнасці іншаземнай валюты ў грашовай адзінцы пэўнай дзяржавы не па яе наміналу, а па вазе змешчанага ў ёй валютнага металу (золата, серабра).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

лігату́ра 1, ‑ы, ж.

Спец. Дапаможны сплаў, які дабаўляецца ў расплаўлены метал або сплаў для надання яму пэўных уласцівасцей. // Прымесь медзі ці волава да золата, серабра або плаціны для надання ім большай цвёрдасці.

[Сярэднелац. ligatura — сувязь ад лац. ligare — звязваць.]

лігату́ра 2, ‑ы, ж.

Спец.

1. Абазначэнне адным пісьмовым знакам дзвюх ці больш літар.

2. Знак у выглядзе дугі, які звязвае дзве аднолькавыя ноты.

[Сярэднелац. ligatura — сувязь ад лац. ligare — звязваць.]

лігату́ра 3, ‑ы, ж.

Спец. Нітка, якой перавязваюць крывяносныя сасуды пры аперацыі. Налажыць лігатуру. Зняць лігатуру.

[Сярэднелац. ligatura — сувязь ад лац. ligare — звязваць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гапкалі́т

(англ. hopcalite)

сумесь вокіслаў марганцу і медзі, а таксама серабра і кобальту, якая паскарае акісленне атрутнага вокіслу вугляроду кіслародам паветра і ператварае яго ў неатрутны вуглякіслы газ.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АРЭО́Л (французскае auréole ад лацінскага corona aureola залаты вянок),

1) у фатаграфіі неаднастайнае пачарненне на негатыве вакол відарысу блішчастых або надзвычай кантрастных дэталяў аб’ектаў. Утвараецца прамянямі святла, рассеянага на мікракрышталях галоіднага серабра ў фотаслоі, а таксама прамянямі, якія прайшлі праз фотаслой і адбіліся ад глянцавай асновы фотаматэрыялу. Для змяншэння арэолу на які-небудзь бок гэтай асновы наносяць проціарэольны слой святлопаглынальнага рэчыва.

2) У оптыцы — светлавы фон вакол відарысу крыніцы аптычнага выпрамянення пры назіранні вокам або рэгістрацыі прыёмнікам святла. Выяўляецца пры рассеянні святла на малыя вуглы часціцамі асяроддзя, праз якое праходзіць святло. Істотна ўплывае на раздзяляльную здольнасць фатаграфічных матэрыялаў і люмінесцэнтных экранаў.

т. 2, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЕНІ́Т (ад лац. galena свінцовая руда),

свінцовы блішчак, мінерал класа сульфідаў, сульфід свінцу, PbS. Мае 86,6% свінцу. Прымесі: селен, серабро, вісмут, волава, цынк, жалеза і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі кубічныя і актаэдрычныя, вядомыя двайнікі. Часцей трапляецца ў выглядзе зярністых (свінчак) і суцэльных мас. Колер свінцова-шэры. Бляск ярка-металічны. Цв. 2—3. Крохкі. Шчыльн. 7,4—7,6 г/см³. Электраправодны. Трапляецца ў гідратэрмальных радовішчах разам з пірытам, сфалерытам, арсенапірытам і інш. сульфідамі. Галеніт — свінцовая руда і каштоўная руда серабра. З галенітавага канцэнтрату атрымліваюць бялілы і інш. фарбы. Радовішчы ў Расіі, ЗША і інш. На Беларусі галеніт трапляецца ў крышт. фундаменце, у пародах дэвону і карбону.

Галеніт.

т. 4, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАРЦЫ́Т,

метамарфічная горная парода, складзеная пераважна з кварцу. Прадукт перакрышталізацыі кварцавых пясчанікаў і інш. крэменязёмістых адкладаў або замяшчэння кварцам парод інш. зыходнага складу. Мае больш як 97% аксіду крэмнію, SiO2. Трываласць на сцісканне 100—450 МПа, вогнетрываласць да 1770 °C. Залягаюць у выглядзе суцэльных пластоў вял. працягласці. Найб. характэрны для адкладаў пратэразою. Змяшчаюць радовішчы медзі, золата, серабра, сернага калчадану, жалеза (радовішчы Крывога Рога на Украіне, Курскай магн. анамаліі ў Расіі, Аколаўскае на Беларусі і інш.). Выкарыстоўваюцца для вытв-сці вогнетрывалых вырабаў (дынас), атрымання метал. крэмнію, як флюс у металургіі, кіслотатрывалы матэрыял, буд. (у т. л. дэкаратыўны) камень.

У.​Я.​Бардон.

т. 8, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙКО́ПСКІ КУРГА́Н,

помнік эпохі ранняй бронзы (канец 3-га тыс. да н.э.) у г. Майкоп (Расія). Даследаваны ў 1897 М.​І.​Весялоўскім. У кургане выяўлена багатае пахаванне племяннога правадыра і яго 2 жонак. Правадыр быў пахаваны пад балдахінам, расшытым залатымі бляшкамі ў выглядзе колцаў, фігурак ільвоў і быкоў. Яго падтрымлівалі 4 сярэбраныя шасты, якія заканчваліся літымі фігурамі быкоў з золата і серабра. Каля нябожчыка стаялі 2 залатыя і 14 сярэбраных пасудзін. На адной з іх выразаны малюнак, які нагадвае абрыс Каўказскага хрыбта. Знойдзены разнастайныя медныя прылады працы, сярэбраныя і залатыя ўпрыгожанні, сердалікавыя пацеркі, прывескі з бірузы, ляпіс-лазураку і інш.

т. 9, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)