комплекс метадаў геафізічнай разведкі карысных выкапняў і вывучэння нетраў Зямлі, заснаваных на рэгістрацыі выпраменьванняў прыродных і штучна выкліканых радыеактыўных палёў (гл.Радыеактыўнасць). Існуе больш за 50 метадаў, аб’яднаных у групы плошчавай і профільнай (для карціравання распасцірання радыеактыўных палёў), свідравіннай (радыеметрычнае даследаванне і апрабаванне керну горных парод) радыеметрыі.
Уключаюць гама-здымку, эманацыйную, радыегідрагеал., рэнтгенарадыеметрычную і гама-нейтронную здымкі. Для іх правядзення выкарыстоўваюцца альфа-, бэта-, гама-радыёметры і спектрометры. Радыеметрычныя даследаванні ў свідравінах і апрабаванне керну ажыццяўляюцца многаканальнымі спектрометрамі, імпульснымі генератарамі нейтронаў, спектрометрамі ядзерна-магнітнага рэзанансу і нейтронна-актывацыйнага аналізу. На Беларусі Р.м.р. выкарыстоўваюцца ў Геафізічнай экспедыцыі (Мінск) і Комплекснай партыі геафіз. даследаванняў свідравін (г. Мазыр Гомельскай вобл.) ВА «Белгеалогія», ва Упраўленні геафіз. работ у свідравінах (г.Рэчыца Гомельскай вобл.) ВА «Беларусьнафта». З дапамогай Р.м.р. выяўлены радовішчы калійных солей, фасфарытаў, бурых вуглёў, гаручых сланцаў, даўсанітаў і інш. Устаноўлены генет. і парагенетычныя сувязі карысных выкапняў з пашырэннем радыеактыўных элементаў і іх утрыманнем у пародзе. Радыеметрыя шырока выкарыстоўваецца для выяўлення радыяцыйнага забруджвання, звязанага з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ МАСТА́ЦКАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА «СКУЛЬПТУ́РНЫ КАМБІНА́Т» Беларускага саюза мастакоў.
Створана ў 1991 у Мінску на базе Мінскага мастацка-вытворчага камбіната. Выконвае заказы на стварэнне манум. і станковай скульптуры, у т. л. помнікаў, манументаў, эмблем, гербаў, мемар. дошак і інш. Сярод работ помнікі Ф.Скарыне ў Празе (Э.Астаф’еў, 1991—92), у г. Ліда (В.Янушкевіч, 1992—93), воінам-інтэрнацыяналістам у Мінску (Ю.Паўлаў, 1995—96), у г. Светлагорск (У.Жбанаў, А.Каструкоў), М.Шагалу ў Віцебску (В.Магучы; абодва 1997), А.Пушкіну ў г. Мазыр (Ю.Вараб’ёў) і Мінску (Ю.Арэхаў), «Святая Соф’я — князёўна слуцкая» ў г. Слуцк (М.Інькоў), воінам, што загінулі ў гады Вял.Айч. вайны, у Магілёве (Паўлаў; усе 1999), Скарыне (А.Дранец, 1999—2000); бюсты М.В.Доўнар-Запольскага ў г.Рэчыца (Э.Агуновіч, 1995), У.Л.Бядулі ў г. Камянец (С.Гарбунова, 1997) і інш.; гербы Беларусі на рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (У.Папсуеў, 1996), на будынках Дома ўрада (В.Мурашоў, 1997), Нац. банка (Жбанаў, 1998); на гар. ратушы ў Віцебску (Магучы, 1997); паркавая скульптура ў Нясвіжскім парку (У.Слабодчыкаў, Г.Гаравая і інш., 1992) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МИ́НСКИЕ ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
афіцыйная газета. Выдавалася ў 1838—1917 у Мінску губ. праўленнем на рус. мове 1—2 разы на тыдзень. Мела афіц. і неафіц. часткі з дадаткамі. Неафіц. частка выдавалася таксама пад назвай «Минские ведомости». У афіц. частцы друкаваліся ўрадавыя паведамленні і ўказы, аб’явы і распараджэнні губ. улад, у неафіц. — паведамленні пра розныя падзеі і незвычайныя здарэнні (адкрыццё ў Мінску публічнай б-кі імя А.С.Пушкіна, пра Мінскі т-р, пажары і інш.), матэрыялы гіст., статыстычнага, этнагр. характару [«Мінск, яго мінулае і сучаснасць», 1891; «Статыстычныя звесткі пра Пінскі павет», 1847; «Статыстычныя звесткі пра Мінскую губерню», 1850; «Вясельны абрад у вёсках Навагрудскага павета» М.А.Дзмітрыева, 1861; «Вясельныя звычаі і абрады простага люду ў Барысаўскім павеце» Ш-віча, 1865; «Гістарычны нарыс Мінскай губерні», 1866; «Нарысы Беларускага Палесся», 1868—69; «Гістарычны нарыс мястэчка Турава, былой сталіцы Тураўскага княства» М.Гаўсмана; «Тураў і Тураўшчына», «Гістарычны нарыс Навагрудка» (усе 1877); «Рэчыца», 1880; «Беларускія народныя песні», 1891, «Прыгоды Яначка» (бел. легенда) М.Каханскага (А.Н.Е-ва), «Нарыс археалагічных помнікаў на прасторы Мінскай губерні...» Г.Х.Татура, 1891—92, і інш.].
Літ.:
Улащик Н.Н. «Минские губернские ведомости» как исторический источник // Проблемы источниковедения. М., 1959. Сб. 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЧЫЦКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ За 10 км на ПдЗ ад г.Рэчыца Гомельскай вобл. Першае нафтавае радовішча, адкрытае на Беларусі (1964). Распрацоўваецца з 1965. 6 пакладаў нафты прымеркаваны да міжсалявых (ялецкі, задонскі гарызонты), падсалявых карбанатных (варонежскі, сямілуцкі) і падсалявых тэрыгенных (ланскі і верхнепратэразойскі) адкладаў. Асн.ч. разрэзу (да 80%) складаюць верхне- і сярэднедэвонскія адклады. Рэчыцкая структура на паверхні падсалявых адкладаў уяўляе сабой паўантыклінальную складку памерамі 16 4 км, на паверхні міжсалявых адкладаў — антыклінальную складку памерамі 12 4 км. Размешчана на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай тэктанічнай зоны, разам з Асташкавіцкім, Цішкаўскім, Паўд.-Асташкавіцкім, Чырванасельскім і Дняпроўскім радовішчамі. Глыб. залягання нафтаносных гарызонтаў 1900—2800 м. Пароды-калектары — трэшчынава-каверна-поравыя даламіты і вапнякі і кварцава-палевашпатавыя розназярністыя пясчанікі, алеўраліты. Шчыльн. нафты павялічваецца знізу ўверх ад 805 кг/м³ у верхнепратэразойскім пакладзе да 890 кг/м³ у міжсалявым. Адпаведна павялічваецца колькасць серы (ад 0,2 да 1%), парафіну (ад 2,8 да 10%) і смол (ад 6 да 24,5%). Спадарожны газ выкарыстоўваецца прамысл. прадпрыемствамі Рэчыцкага і Светлагорскага р-наў. Здабыта 25 млн.т нафты (каля 80% пач. запасаў, якія здабываюцца, 2000).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЧЫЦКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ, Рас. імперыі і БССР у 16—20 ст. Утвораны ў 1566 у складзе Мінскага ваяв.ВКЛ. Цэнтр — г.Рэчыца Гомельскай вобл. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай скасаваны, яго тэр. 23.4.1793 падзелена паміж Мінскай, Магілёўскай і Чарнігаўскай губ. 29.10.1796 адноўлены на тэр., што ўвайшла ў Чарнігаўскую губ., з далучэннем часткі б. Кіеўскага ваяв. З 12.12.1796 у складзе Маларасійскай губ., з 29.8.1797 у Мінскай губ., да яго далучана частка прылеглых тэр. Мазырскага пав. У 1886 пл. павета 10,85 тыс.км², нас. 110 тыс.чал. Уключаў 23 воласці: Аравіцкую, Аўцюцевіцкую, Брагінскую, Васілевіцкую, Горвальскую, Даманавіцкую, Дзёрнавіцкую, Дзяражыцкую, Дудзіцкую, Ёлчанскую, Заспенскую, Карпавіцкую, Крукавіцкую, Лоеўскую, Маладушскую, Мікуліцкую, Нараўлянскую, Ровенскаслабодскую, Ручаёўскую, Савіцкую, Хойніцкую, Холмецкую, Юравіцкую; 405 вёсак. У 1894—52 мястэчкі (найб. значныя Лоеў, Горваль, Брагін), 861 гандл. прадпрыемства, 34 пачатковыя і царк.-прыходскія школы, некалькі школ граматы і хедэраў, 5 цэркваў, 3 касцёлы, некалькі яўр. малітоўных школ, 2 бальніцы, 4 прыёмныя пакоі, 7 аптэк, 6 паштова-тэлеграфных і 5 паштовых устаноў. З 26.4.1919 у Гомельскай губерні РСФСР. У 1923 воласці ўзбуйнены, іх стала 14. У 1924 і 1926 павет часткамі перададзены ў БССР. У снеж. 1926 скасаваны, яго тэр. ўключана ў Мазырскую і Гомельскую акругі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБО́ЧЫ ПАСЁЛАК,
населены пункт, размешчаны пры прамысл. прадпрыемствах, будоўлях, чыг. станцыях, электрастанцыях і інш. На Беларусі ўведзены пастановай ЦВК і СНКБССР ад 15.7.1935.
У канцы 19 — пач. 20 ст., калі будаваліся буйныя прадпрыемствы, паблізу іх узнікалі рабочыя слабодкі, пасёлкі, ускраіны. Яны мелі неўпарадкаваную, скучаную і хаатычную забудову (Ляхаўка, Камароўка ў Мінску, Гарэлае балота і Каўказ у Гомелі і інш.). У 1920—30-я г.Р.п. забудоўваліся комплексна (Камінтэрн у Мінску, Арэха-Выдрыца пры БелДРЭС, Аршанскі р-н Віцебскай вобл.): адначасова з 2—3-павярховымі жылымі дамамі будавалі дзіцячыя сады, школы, аб’екты культ.-быт. прызначэння, выкарыстоўваліся таксама тыпавыя праекты 4—16-кватэрных дамоў. У 1940-я г. створана шмат Р.п. пры торфапрадпрыемствах (Асінторф Дубровенскага р-на Віцебскай вобл., Татарка Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл.). Арх.-планіровачную структуру сучасных Р.п. утвараюць грамадскі цэнтр, жылая, прамысл. і паркавая зоны. Кампазіц. вось — гал. вуліца, на якой часцей за ўсё фарміруецца гал. плошча з адм.-грамадскім цэнтрам (Беліцк Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл., Зялёны Бор Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. і інш.). Прамысл. зона аддзелена сан.-ахоўнай паласой, зялёныя насаджэнні якой утвараюць парк. зону (Бальшавік і Касцюкоўка Гомельскага р-на).
Паводле Закону «Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле і парадку вырашэння пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання Рэспублікі Беларусь» ад 5.5.1998 Р.п. адносяцца да катэгорыі пасёлкаў гарадскога тыпу, маюць 500—2 тыс. жыхароў, могуць вырастаць у гарадскія пасёлкі і гарады. На Беларусі 15 Р.п. (2001): Акцябрскі, Асінторф, Бальшавік, Глуша, Градзянка, Зялёны Бор, Касцюкоўка, Мікашэвічы, Пагранічны, Першамайскі, Праўдзінскі, Рэчыца, Сасновы Бор, Татарка, Ялізава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ТНЫЯ КНІ́ГІ,
від актавых запісаў пра купцоў і іх тавары, правезеныя праз мытныя каморы ці прыкаморкі; каштоўная крыніца па сац.-эканам. гісторыі Беларусі 15—18 ст. У М.к. фіксаваліся прозвішчы і месца жыхарства купцоў, якія, адкуль і куды везлі тавары, іх кошт, сума мыта. Паводле М.к. (1-я пал. 17 ст.) з усяго купецтва Беларусі, якое займалася замежным гандлем, беларусаў было 80—85% (ім належала да 90% перавезеных тавараў), яўрэяў — 9—10%, палякаў, рускіх і інш. 4—6%. Асн. прадметы ўвозу: футра, тканіны, металы, рамесныя вырабы і інш. М.к. сведчаць, што асн. пунктамі гандлю бел. купцоў у Расіі былі Масква, Пскоў, Вял. Лукі, Таропец, Смаленск, Белы, Бранск, Вязьма; на Украіне — Кіеў, Чаркасы, Львоў, Луцк; у Прыбалтыцы — Рыга, Кралявец (Кёнігсберг); у Польшчы — Люблін, Гданьск, Торунь, Гнезна, Познань, Вроцлаў, Тыкоцін.
Асн. гандлёвыя шляхі 15—18 ст.: рэкі Зах. Дзвіна, Дняпро, Прыпяць, Нёман і іх прытокі; больш за 20 сухапутных дарог (гасцінцаў), найважнейшыя з іх: Орша—Мінск—Ваўкавыск—Шарашова—Брэст, т.зв. «вялікая дарога»; Полацк—Віцебск—Орша, т.зв. «гасцінец вялікі»; Пінск—Гарадзішча—Навагрудак—Іўе—Вільня; Пінск—Хомск, т.зв. «дарога вялікая»; Полацк—Невель, т.зв. «вялікая Маскоўская дарога»; Магілёў—Шклоў—Копысь—Орша; Гомель—Рэчыца—Бабруйск—Мінск; Мінск—Глуск—Слуцк. На Вільню было 9 дарог, на Смаленск і Маскву — 10, на Люблін — 6. Зберагліся М.к.: Брэста за 1583 (апублікавана) і 1605, Гродна за 1600 (апублікаваны фрагмент), 1605 і 1764, Магілёва за 1612, 1708, Полацка за 1616 і 1708, Віцебска за 1605 (апублікавана), Барысава за 1708, Камянца за 1708, Вержбалова за 1708 і 1709, Мінска за 1709, Рэчыцы за 1708 і 1709, Сталовічаў за 1708. М.к. пач. 17 ст. зберагаюцца ў рукапісным аддз. б-кі Вільнюскага ун-та, 18 ст. — у рукапісным аддзеле б-кі Нарадовай у Варшаве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЛІВА́ЙКІ ПАЎСТА́ННЕ 1594—96,
антыфеадальнае казацка-сял. паўстанне на Украіне і Беларусі пад кіраўніцтвам С.Налівайкі. Восенню 1595 Налівайка ўзначаліў антыфеад. рух на Правабярэжнай Украіне. Пры падтрымцы гар. нізоў казакі захапілі г. Луцк, разграмілі шмат магнацкіх і шляхецкіх маёнткаў на Падоллі і Валыні. Супраць Налівайкі быў пасланы 7-тысячны атрад рэестравых казакоў на чале з гетманам Р.Лабадой. Каб пазбегнуць сутыкнення, Налівайка накіраваў паўстанцаў у Беларусь. Казакі занялі г. Петрыкаў, 6.11.1595 — г. Слуцк. Адзін з раз’ездаў Налівайкі быў разбіты 25 ліст. каля г. Капыль войскамі К.Радзівіла. 27 ліст. казакі пакінулі Слуцк і рушылі ў напрамку на Бабруйск, але, не дайшоўшы да яго, павярнулі на Магілёў і 13 снеж. штурмам авалодалі ім. 25 снеж. да Магілёва падышло ўрадавае 18-тысячнае войска на чале з рэчыцкім старостам М.Буйвідам. Налівайка і 2 тыс. яго казакоў занялі пазіцыю за горадам, на Ільінскай гары каля Буйніцкага поля, агарадзіўшыся вазамі. Бітва на працягу дня не прынесла поспеху ні аднаму з бакоў. З прыцемкамі казакі пачалі адыход у напрамку Быхаў—Рагачоў—Рэчыца—Петрыкаў. Рухаючыся ўздоўж Прыпяці, яны захапілі Давыд-Гарадок, Тураў, Лахву, Пінск. На ПдУ Беларусі дзейнічала частка рэестравых казакоў пад кіраўніцтвам М.Шавулы, якая падтрымала Налівайку. Да вясны 1596 Налівайка з атрадам адышоў на Валынь, Шавула — ад Прапойска праз Быхаў на Чарнігаўшчыну. 2.4.1596 каля Белай Царквы атрады Шавулы і Налівайкі злучыліся і рушылі ўніз па Дняпры з мэтай перайсці расійскую мяжу. Урадавае войска на чале з гетманам С.Жалкеўскім адрэзала шляхі адыходу. Казакі ўмацаваліся на р. Саланіца каля мяст. Лубны. Аблога іх табара працягвалася амаль 2 тыдні. У лагеры абвастрыліся супярэчнасці паміж рэестравымі і нерэестравымі казакамі. Частка казацкай старшыны, спадзеючыся на каралеўскую амністыю, 7.7.1596 захапіла Налівайку, Шавулу і інш. кіраўнікоў паўстання і выдала іх Жалкеўскаму. Паўстанне было задушана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САЮ́З РУ́СКАГА НАРО́ДА»,
манархічная арг-цыя чарнасоценнага кірунку (гл.Чарнасоценцы) у Расіі ў 1905—17. Засн. 8.11.1905, карыстаўся маральнай і фін. падтрымкай урада. Цэнтр (Гал. савет) знаходзіўся ў С.-Пецярбургу. Паводле ўрадавых звестак у 1907 налічваў каля 350 тыс.чл. (правасл. духавенства, чыноўнікі, памешчыкі, гандляры, сяляне, рабочыя, рамеснікі і інш.), больш як 3 тыс.мясц. аддзелаў у 66 губернях. Кіраўнікі: А.І.Дубровін, У.М.Пурышкевіч, протаіерэй Іаан Кранштацкі, акад. А.Л.Сабалеўскі, І.Я.Гурлянд і інш.Гал. друкаваны орган — газ. «Русское знамя»; У Статуце саюза (1906) пад «рускім народам» разумеліся рускія, украінцы і беларусы; паводле некат. даследчыкаў, у бел. і ўкр. губернях знаходзілася каля 50% членаў «С.р.н.». Праграма саюза прадугледжвала захаванне адзінай непадзельнай Рас. імперыі, самадзярж. ладу, прыватнай уласнасці на зямлю, пераважнае становішча рускіх у дзяржаве, барацьбу з «засіллем іншародцаў» і панаваннем бюракратыі, паляпшэнне становішча працоўных. Саюз лічыў яўрэяў гал. арганізатарамі рэв. барацьбы і носьбітамі сацыяліст. ідэй, распальваў антысемітызм, які стаў прычынай шматлікіх яўр. пагромаў (у т. л. ў 1906 у Гомелі і Беластоку). На Беларусі актывістамі «С.р.н.» былі П.Р.Бывалькевіч, Л.М.Саланевіч, епіскап гомельскі Мітрафан і інш. Буйныя арг-цыі саюза дзейнічалі ў Аршанскім, Гомельскім, Быхаўскім, Лепельскім і інш. паветах, у гарадах Бабруйск, Пінск, Рэчыца і інш. У канцы 1910 у Гродне ўзнік філіял «С.р.н.» — «Гродзенскі рускі нацыянальны саюз». «С.р.н.» выступаў супраць бел.нац. руху, які лічыў прапольскім. 1910—11 мясц. арг-цыі саюза падбухторвалі сялян супраць памешчыкаў-палякаў. У 1908 са складу «С.р.н.» вылучыўся ультраправы «Саюз Міхаіла Архангела», у 1911 — «Усерасійскі дубровінскі саюз рускага народа» на чале з Дубровіным. Пасля лют. рэвалюцыі 1917 «С.р.н.» самаліквідаваўся.
Літ.:
Политическая история России в партиях и лицах. М., 1994;
Кожинов В. «Черносотенцы» и революция. 2 изд. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕТЛАГО́РСКІ РАЁН Размешчаны на Пн Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,8 тыс.км². Нас. 23,9 тыс.чал. (2001), гарадскога 21%. Сярэдняя шчыльн. 13 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Светлагорск. Уключае г.п.Парычы, р.п.Сасновы Бор, 101 сельскі нас. пункт, 9 сельсаветаў: Асташкавіцкі, Баравікоўскі, Давыдаўскі, Казлоўскі, Краснаўскі, Мікалаеўскі, Палескі, Печышчанскі, Чыркавіцкі.
Тэр. раёна знаходзіцца пераважна ў межах Гомельскага Палесся, паўн.ч. — Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня пласкахвалістая, 95% яе на выш. 130—140 м, найвыш пункт 160 м (на ПнЗ раёна каля в. Крукі) Агульны нахіл да даліны р. Бярэзіна. Карысныя выкапні: нафта, каменная соль, торф, буд. і сілікатныя пяскі, гліны і суглінкі. Сярэдняя т-растудз. -6,6 °C, ліп. 18,4 °C. Ападкаў 602 мм за год. Вегетац. перыяд 194 сут. Найб.р. Бярэзіна з прытокамі Ала і Сведзь, Іпа з прытокам Віша. Меліярац. каналы: Пажыхарскі, Баравікоўскі, Яланскі, Нізавы канал (ч.). Светлагорскае вадасх. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: тарфяна-балотныя (32,7%), дзярнова-падзолістыя (29,6%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (23,2%). Пад лесам 53,7% тэр. раёна. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, дубовыя, яловыя; 25% з іх штучныя насаджэнні, у асн. хваёвыя. Найб. лясныя масівы на Пн. Пад балотамі 1,4% тэрыторыі. У межах раёна заказнікі рэсп. значэння: біял. — Чыркавіцкі, ландшафтны — Выдрыца (часткова); біял. мікразаказнік мясц. значэння — Светлагорскі. Помнікі прыроды рэсп. значэння: дубы чарэшчатыя ў Гарохавіцкім і Коўчыцкім лясніцтвах.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 68,7 тыс.га, з іх асушаных 31,5 тыс.га. На 1.1.2001 у раёне 6 калгасаў, 10 с.-г. камунальных унітарных прадпрыемстваў (саўгасаў), 29 фермерскіх гаспадарак, міжгасп. прадпрыемства «Прудок», 5 падсобных гаспадарак вытв. прадпрыемстваў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, птушкагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, бульбы, агародніны і насенняводстве збожжавых і кармавых культур. Прадпрыемствы мэблевай, металаапр. (запасныя часткі для збожжаўборачных і кормаўборачных камбайнаў — Светлагорскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання), буд. матэрыялаў (цэгла, вырабы з драўніны), харч. (пладова-агароднінныя кансервы, сметанковае масла, цэльнамалочныя прадукты, сухое малако) прам-сці; лясгас. Па тэр. раёна праходзяць: чыгунка Жлобін—Калінкавічы, аўтадарогі Бабруйск—Мазыр, Жлобін—Светлагорск, Акцябрскі—Парычы—Рэчыца. У раёне 17 сярэдніх, 3 базавыя, 1 пач., 2 спарт., 3 дзіцячыя муз. школы, Цэнтр пазашкольнай працы, дзіцячы прытулак, абласны дзіцячы дом, 22 дашкольныя ўстановы, 43 клубы, 35 б-к, 2 бальніцы, 3 амбулаторыі, 29 фельч.-ак. пунктаў, 1 санаторый. Выдаецца газ. «Светлагорскія навіны».