карыялі́зіс

(ад карыя- + гр. lysis = распад)

1) растварэнне клетачнага ядра; апошні этап некрабіёзу, які папярэднічае смерці клеткі;

2) знікненне структуры клетачнага ядра ў перыяд паміж дзвюма фазамі яго падзелу.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

А́ЛЬМКВІСТ ((Almquist) Карл Юнас Лове) (28.11.1793, Стакгольм — 26.9.1866),

шведскі пісьменнік. Скончыў Упсальскі ун-т (1815). У 1851—65 у эміграцыі ў ЗША Літ. дзейнасць пачаў як рамантык. У эпіка-драм. паэме «Амарына» (1822) паказаў распад паўфеад. грамадства. Рэаліст. адлюстраванне рэчаіснасці пераважае ў творах, сабраных пад назвай «Кніга шыпшыны» (т. 1—14, 1832—51). Аўтар раманаў «Паляўнічы замак» (1832), «Капліца», «Палац», «Шэльнурскі млын» (усе 1838), «Можна» (1839), «Габрыэль Мімансо» (1841—42), «Тры пані Смолана» (1842—43; не пазбаўлены рэліг. містыцызму); зб. вершаў «Песні» (1849). Пад уплывам ідэй утапічнага сацыялізму напісаны «Асновы еўрапейскай незадаволенасці» (1838), «Паэзія і палітыка» (1839).

Тв.:

Samlade skrifter. Bd. 1—21. Stokholm, 1921—38.

У.​Л.​Сакалоўскі.

т. 1, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛКО́ВЫ МІ́НІМУМ,

найменшая колькасць бялку ў ежы, неабходная для захавання азоцістай раўнавагі ў арганізме. Чалавек і жывёла павінны атрымліваць патрэбную колькасць паўнацэнных (якія маюць усе незаменныя амінакіслоты) бялкоў. Калі іх паступае менш, арганізм траціць уласныя. Пры безбялковым харчаванні 8—10 дзён арганізм выдзяляе 23,2 г бялку ў суткі, што характарызуе распад тканкавых бялкоў (каэфіцыент зношвання). Бялкі арганізма здольныя пастаянна абнаўляцца (за суткі да 400 г). Пра гэта сведчыць стан азоцістага балансу (колькасць азоту, які паступае і выводзіцца з арганізма). Для падтрымкі нармальнага стану здаровага дарослага чалавека (стан азоцістай раўнавагі) неабходна 0,7 г бялку ў дзень на 1 кг вагі цела. Сутачная патрэбнасць бялку ў залежнасці ад умоў фіз. і разумовай працы 80—100 г.

т. 3, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ГЕНЕРА ГІПО́ТЭЗА,

гіпотэза, паводле якой абгрунтоўваецца рух кантынентаў у гарызантальным напрамку. Выказана А.Вегенерам у 1912. У аснове гіпотэзы — падабенства зах. і ўсх. берагоў Атлантычнага ак., якія дакладна сумяшчаюцца. Паводле Вегенера гіпотэзы, каля 200 млн. гадоў назад пачаўся распад і разыходжанне кавалкаў першапачаткова адзінага звышмацерыка Пангея. На падставе тэорыі ізастазіі і геал. даных Вегенер лічыў, што мацерыковыя гранітныя глыбы перамяшчаліся на тысячы кіламетраў па нерухомым базальтавым слоі. Гэта першая гіпотэза мабілізму, якая атрымала развіццё пасля Міжнар. геафіз. года (1957—58) і адкрыцця сувязі паміж працэсамі ў мантыі і зямной кары (гл. таксама Дрэйф кантынентаў).

Т.​В.​Якубоўская.

Да арт. Вегенера гіпотэза. Гіпатэтычны мацярык Пангея і яго разыходжанне на сучасныя мацерыкі.

т. 4, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НА, Аўхар,

протадзяржава, якая існавала ў Зах. Афрыцы на тэр. сучасных Маўрытаніі (паўд. ч.) і Малі (зах. ч.) у 4—13 ст. Паводле пісьмовых крыніц вядома з 8 ст. Сталіца — г. Кумбі-Сале. Этн. аснова — народ санінке. Мела армію ў 200 тыс. чал., у т. л. 40 тыс. лучнікаў. Была буйнейшым пастаўшчыком золата ў краіны Магрыба. Правіцелі Ганы кантралявалі транзітны гандаль золатам і соллю, абкладалі яго высокай пошлінай. У 1076 сталіцу Ганы заваявалі Альмаравіды. У выніку паўстання 1087 краіна вызвалілася, аднак у хуткім часе пачаўся яе распад. У 1240 Гана канчаткова трапіла пад уладу протадзяржавы Малі. Ад гіст. Ганы назва сучаснай дзяржавы Гана.

Літ.:

Куббель Л.Е. «Страна золота» — века, культуры, государства. 2 изд. М., 1990.

т. 5, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАЛІТЫ́ЧНАЯ ХВАРО́БА НОВАНАРО́ДЖАНЫХ, эрытрабластоз плода,

прыроджаная, спадчынная хвароба дзяцей. Узнікае ва ўлонні маці ці ў першыя дні пасля нараджэння ад несумяшчальнасці крыві маці і плода па рэзус-фактары або інш. групавых асаблівасцях (гл. Групы крыві). Рэзус-фактар, які трапляе ў кроў рэзус-адмоўнага чалавека, выклікае імунную рэакцыю з утварэннем антырэзусных цел. Стан сенсібілізацыі да рэзус-фактара пры першай цяжарнасці можа не развіцца і дзіця нараджаецца здаровым, пры наступных цяжарнасцях дзеці могуць нараджацца хворымі. У аснове хваробы — гемоліз (распад) эрытрацытаў і назапашванне ў крыві атрутнага рэчыва (непрамога білірубіну, гл. Кроў). Прыкмета гемалітычнай хваробы нованароджаных: анемія, жаўтуха, парушэнне дзейнасці ц. н. с. (ад атручэння). Лячэнне: заменнае пераліванне крыві, гемасорбцыя, увядзенне плазмы; фотатэрапія.

т. 5, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЭО́РНЫ ПАТО́К,

сукупнасць метэораў у зямной атмасферы, якія маюць агульнае паходжанне. Траекторыі ўсіх метэораў патоку амаль паралельныя, але, з прычыны перспектывы, назіральніку здаецца, што ўсе яны выходзяць з аднаго пункта нябеснай сферы — радыянта. Назвы гал. М.п. паходзяць ад назваў сузор’яў, у якіх знаходзяцца іх радыянты (гл. табл.). Метэоры патокаў звычайна складаюцца з рэчыва нізкай шчыльнасці, маюць вял. эксцэнтрысітэты і звязаны з каметамі. Распад ядра каметы суправаджаецца размеркаваннем рэчыва ўздоўж арбіты з утварэннем рою каметных часцінак. М.п. ўзнікаюць пры перасячэнні Зямлёй арбіты каметы. Пры размеркаванні рою па ўсёй арбіце М.п. назіраюцца кожны год у пэўную дату, пры размеркаванні рою па частцы арбіты — у гады збліжэння каметы з Сонцам.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 10, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Тлен 1 ’тленне, гніенне, распад, разбурэнне’, ’прах’ (ТСБМ, Гарэц.), тлень ’гніль; знікомасць, нікчэмнасць’ (Нас., Байк. і Некр.). Можа разглядацца як скарочаная форма аддзеяслоўнага назоўніка тле́нне (тле́ньне) ’гніенне, прэнне, гарэнне без полымя’ (Ласт.) ад тлець (гл.), аднак слабая засведчанасць у народнай мове схіляе да думкі аб пранікненні з ц.-слав. тлѣнъ ’прах’, параўн. у Скарыны тление, тлененъ ’спарахнелы’ (Сл. Скар.) са ст.-слав. тьлѣньнъ ’знікомы, зямны’.

Тлен 2 ’кісларод’ (Байк. і Некр.), тлён ’тс’ (Некр. і Байк.), сюды ж тле́ньнік ’вокіс’ (Байк. і Некр.). Запазычана з польск. tlen ’кісларод’, наватвора XIX ст. ад tleć (гл. наступнае слова).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дысіміля́цыя

(лац. dissimilatio = распадабненне)

1) распад складаных арганічных рэчываў у працэсе жыццядзейнасці раслінных і жывёльных арганізмаў (параўн. асіміляцыя 2);

2) лінгв. распадабненне гукаў пры вымаўленні (напр. «канбайн» пры напісанні «камбайн»).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

А́ЎСТЭРЛІЦКАЯ БІ́ТВА,

адбылася 2.12.1805 паміж руска-аўстр. і франц. арміямі каля г. Аўстэрліц (цяпер г. Слаўкаў, Чэхія) у час руска-аўстра-франц. вайны 1805. Рус.-аўстр. армія (галоўнакаманд. М.​І.​Кутузаў, за прапанову пачакаць падмацавання фактычна адхілены ад камандавання) налічвала 86 тыс. чал., франц. — 73 тыс. План бітвы выпрацаваў ген.-кватэрмайстар аўстр. штаба Ф.​Вейратэр без папярэдняй разведкі сіл праціўніка. Памылкі саюзнага камандавання ўмела выкарыстаў Напалеон і нанёс паражэнне рус.-аўстр. арміі, якая адступіла, страціўшы забітымі і палоннымі 27 тыс. чал., французы страцілі 12 тыс. чал. Вынікам Аўстэрліцкай бітвы быў распад 3-й антыфранц. кааліцыі. Аўстрыя выйшла з вайны і 26 снеж. заключыла з Францыяй мір. У выніку перастала існаваць т.зв. «Свяшчэнная Рымская імперыя».

Аўстэрліцкая бітва. З літаграфіі Адама.

т. 2, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)