ДАНІЛЕ́ЎСКІ (Рыгор Пятровіч) (26.4.1829, с. Данілаўка Харкаўскай вобл., Украіна — 18.12.1890),

рускі і ўкр. пісьменнік. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1850). У 1869—90 рэдактар газ. «Правительственный вестник». Аўтар раманаў пра барацьбу сялян супраць прыгону «Беглыя ў Наваросіі» (1862), «Воля» («Беглыя вярнуліся», 1863, пад псеўд. А.​Скаўронскі). З канца 1870-х г. пісаў гіст. раманы: «Міровіч» (1879), «Княжна Тараканава» (1883), «Спаленая Масква» (1886), у якіх праўдзіва адлюстраваў побыт эпохі, стварыў займальныя сюжэты, што прынесла творам папулярнасць.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—10. М., 1995.

т. 6, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗУГА́ЕЎ (Дзугаты) Георгій Хасакоевіч

(28.3.1911, с. Дзугатыкау Джаўскага р-на, Паўд. Асеція — 1985),

асецінскі пісьменнік. Друкаваўся з 1935. Аўтар паэт. зб-каў «Прамень сонца» (1938), «Ключ сэрца» (1959), «Запявала» (1967), «Сонечныя блікі» (1979), раманаў «На вастрыі клінка» (1964), «Залатая крыніца» (1974, Літ. прэмія імя К.​Хетагурава 1976) і інш. Пераклаў на асецінскую мову кнігу выбр. лірыкі бел. паэтаў «Песня, апаленая вайной» (1976), асобныя творы Я.​Купалы, П.​Броўкі, М.​Калачынскага. На бел. мову творы Дз. перакладалі Калачынскі, Г.​Кляўко, Ю.​Свірка.

т. 6, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСІКА́ВА (Такубоку) (сапр. Хадзімэ Такубоку; 28.10.1885, Хінота, прэфектура Іватэ, Японія — 13.4.1912),

японскі пісьменнік. Уваходзіў у літ. т-ва «Новая паэзія». Вядомасць прынеслі зб-кі «Жменя пяску» (1910), «Свіст і свісток» (1911), «Самотная цацка» (1912). Пісаў у традыц. форме танка і свабодным белым вершам. Паэзія І. шматгранная — ад любоўнай і пейзажнай лірыкі да паліт. вершаў, ад матываў песімізму да твораў, прасякнутых верай у лепшае будучае. Аўтар раманаў «Лёс таленту» (1906), «Наша група і ён» (1912) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. лирика. М., 1971.

т. 7, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛНІНЬШ ((Kalniņš) Яніс) (н. 4.1.1922, Ропажская вол. Рыжскага пав.),

латышскі пісьменнік, літ.-знавец. Скончыў Латвійскі ун-т (1951). Дэбютаваў як тэатр. крытык. Даследуе творчасць лат. пісьменнікаў, літ. жанры. Аўтар манаграфіі «У свеце сатыры» пра драматургічную спадчыну А.​Упіта (1957, Дзярж. прэмія Латвіі 1958), біягр. раманаў «Андрэй Пумпур» (1964), «Райніс» (1977, Дзярж. прэмія Латвіі 1980), «Аўсекліс» (1981), у якіх раскрыццё жыццёвых з’яў спалучана з дакладнай распрацоўкай сюжэта і характару герояў. Піша для дзяцей. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў Л.​Дранько-Майсюк.

т. 7, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́РМАНСК,

горад, цэнтр Мурманскай вобл. Расіі, горад-герой (з 1985). Знаходзіцца за паўн. палярным кругам. Незамярзаючы порт на беразе Кольскага зал. Баранцава м. Засн. ў 1916 (да 1917 Раманаў-на-Мурмане). 399 тыс. ж. (1996). Чыг. станцыя. Аэрапорт. Прам-сць: рыбная і рыбаперапрацоўчая, суднабудаванне і суднарамонт, буд. матэрыялаў. У М. — тралавы, селядцовы і прыёмна-трансп. флаты. Пачатковы пункт Паўн. марскога шляху; база ледакольнага, у т. л. атамнага, флоту. 3 ВНУ. 3 тэатры. Краязнаўчы і ваенна-марскі музеі. Каля М. — ваенна-марская база Гаджыева.

т. 11, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАДЗІ́Н (Сяргей Пятровіч) (25.9.1902, Масква — 22.6.1974),

рускі пісьменнік. Скончыў Вышэйшы літ.-маст. ін-т імя В.​Я.​Брусава (1926). З 1951 жыў у Ташкенце. Аўтар раманаў пра жыццё народаў Сярэдняй Азіі 1920-х г. «Апошняя Бухара», «Егіпцянін» (абодва 1932), гістарычных «Дзмітрый Данскі» (1941, Дзярж. прэмія СССР 1942), «Белы конь» (не завершаны, надрук. 1975—77), «Іван Каліта» (не завершаны, надрук. 1977), трылогіі «Зоркі над Самаркандам» («Кульгавы Цімур», 1953—54; «Кастры паходу», 1957—59; «Імгненны Баязет», 1972—73). Напісаў аповесць «Нараджэнне кветак» (1938). Навелы і ўспаміны ў кнізе «Дарогі» (выд. 1975).

т. 2, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДО́ЕЎЦАВА (Ірына Уладзіміраўна) (сапр. Іванова Іраіда Густаваўна; 4.8.1895, Санкт-Пецярбург — 15.10.1990),

рус. пісьменніца. У 1922—87 у эміграцыі. Аўтар зб-каў лірычных вершаў «Двор цудаў» (1922), «Кантрапункт» (1950), «Залаты ланцуг» (1970) і інш.; аповесцяў і раманаў, у т. л. «Пакінь надзею назаўсёды» (1954) пра жыццё ў СССР у 1930-я г. Апублікавала кн. ўспамінаў «На берагах Нявы» (1967), «На берагах Сены» (1978—81, абедзве выд. ў СССР, 1988). Адметныя рысы творчай манеры — яснасць, класічная прастата і дакладнасць, у ёй выразна адчуваецца літ. школа акмеізму.

т. 1, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́БРАХАМС ((Abrahams) Пітэр Генры) (н. 19.3.1919, Врэдэдарп каля Іаганесбурга, ПАР),

пісьменнік Паўд.-Афрыканскай Рэспублікі. Піша на англ. мове. Літ. дзейнасць пачаў у 1942. У творах закранае сац., паліт. і нац. праблемы краін афрыканскага кантынента. Аўтар раманаў «Шахцёр» (1945), «Сцежкаю грому» (1948; па гэтым рамане Бел. тэатр оперы і балета паставіў балет, муз. К.​Караева, 1960), «Дзікі захоп» (1950), «Вянок для Удома» (1956; на бел. мову пераклаў С.​Дорскі, 1959), «Ноч належыць ім» (1965), «Наш востраў сёння» (1966).

Тв.:

Рус. пер. — Горняк;

Венок Майклу Удомо. М., 1988.

т. 1, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЕНТЫ́НА (Valentino) Рудольф [сапр. Гульельмі ды Валентына

(Guqlielmi di Valentino) Радольфа; 6.5.1895, Кастэланета, каля г. Таранта, Італія — 23.8.1926], амерыканскі акцёр. У ЗША з 1913. У кіно з 1918. Здымаўся ў нямых фільмах 1920-х г. («Чатыры коннікі Апакаліпсіса», «Шэйх», «Кроў і пясок», «Сын шэйха», «Кобра» і інш.),

дзе стварыў вобраз экзатычнага «лацінскага палюбоўніка», ракавога спакусніка, рамантычнага шукальніка прыгод, што прынесла яму сусветную вядомасць. Валентына — адна з легенд кінематографа, герой раманаў, п’ес, муз. твораў. У 1977 англ. рэж. К.​Расел зняў пра яго маст. фільм «Валентына».

т. 3, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́СКЕЛ ((Gaskell) Элізабет) (29.9.1810, Лондан — 12.11.1865),

англійская пісьменніца. Вядомасць прынёс раман пра жыццё англ. рабочых «Мэры Бартан» (1848), рэаліст. накіраванасць якога змякчалася пропаведдзю хрысц. ўсёдаравання і надзеяй на магчымасць класавага прымірэння. У 1853 апубл. раманы «Крэнфард» і «Рут». Рэаліст. раман «Поўнач і Поўдзень» (1855) пазначаны духам кампрамісу, узмацненнем рэліг. і сентыментальных тэндэнцый. Аўтар біяграфіі сваёй сяброўкі — «Жыццё Шарлоты Бронтэ» (т. 1—2, 1857), раманаў «Паклоннікі Сільвіі» (1863), «Жонкі і дочкі» (1866, незавершаны) і інш.

Літ.:

Ремизов Б.Б. Элизабет Гаскелл. Киев. 1974.

Н.​М.​Саркісава.

т. 5, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)