Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАШЭ́ВІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА БУДАЎНІ́ЧАГА КА́МЕНЮ.
У Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл., каля р.п. Мікашэвічы, ва ўсх.ч.Мікашэвіцка-Жыткавіцкага выступу. Паклад звязаны з ніжнепратэразойскімі пародамі крышт. фундамента. Карысныя выкапні (дыярыты, гранадыярыты, граніты) светла-шэрых адценняў, пераважна сярэднезярністыя, зверху трэшчынаватыя. Разведаныя запасы 373,3 млн.м³, перспектыўныя 147,2 млн.м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 82,8—135,8 м, ускрышы (пяскі, гліны, алеўрыты, выветралыя крышт. пароды) 3,1—59,4 м. Карысныя выкапні прыдатныя на выраб бутавага каменю, шчэбеню і штучнага пяску. Распрацоўваецца Мікашэвіцкім прадпрыемствам «Граніт».
у Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля в. Казловічы. Лінзападобны паклад звязаны з краявымі марэннымі адкладамі сожскага ледавіка. Жвірова-пясчаная парода жаўтавата- і буравата-шэрая з праслоямі і лінзамі розназярністага, палёвашпатава-кварцавага пяску. Разведаныя запасы 32,8 млн.м³, перспектыўныя — 2,9 млн.м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2,2—26,7 м, ускрышы (пяскі, супескі) 0,2—6,8 м. Жвірова-пясчаны матэрыял прыдатны ў дарожным буд-ве, на вытворчасць бетону. Радовішча распрацоўваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-АСТА́ШКАВІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.
У Рэчыцкім і Калінкавіцкім р-нах Гомельскай вобл., каля в. Асташкавічы. Адкрыта ў 1972. Распрацоўваецца з 1976. Паклады нафты пл. каля 6 км² прымеркаваны да міжсалявых і часткова да падсалявых адкладаў верхняга дэвону на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай зоны падняццяў. Нафтаносны гарызонт залягае на глыб. 2930—3270 м. Пароды-калектары — другасныя даламіты ад порыста-кавернозна-трэшчынаватага да кавернозна-порыста-трэшчынаватага тыпу. Нафта лёгкая, маласярністая, парафіністая. Разведаныя запасы 20,3 млн.т, перспектыўныя 5,1 млн.т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БАНСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГАРУ́ЧЫХ СЛА́НЦАЎ У Любанскім р-не Мінскай вобл. і Глускім р-не Магілёўскай вобл. Пластавы паклад залягае ў тоўшчы глініста-мергельных адкладаў фаменскага яруса (верхні дэвон). Гаручыя сланцы карычнявата-шэрага колеру, моцныя, з вуглавата-ступеньчатым і паўракавістым зломам, з шаўкавістым бляскам. Характэрна гарызантальная, мікралінзападобная і тонкапалосая слаістасць. Магутнасць пласта 0,5—1,65 м, глыб. залягання 260—641 м. Сярэдняя цеплыня згарання 5—9,1 МДж/кг, попельнасць 71,8%. На пл. 630 км² запасы гаручых сланцаў каля 900 млн.т. Гаручыя сланцы прыдатныя як комплексная энерга-хіміка-тэхнал. сыравіна з выкарыстаннем попелу ў якасці буд. матэрыялу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ТРЫКАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА КАЛІ́ЙНЫХ СО́ЛЕЙ У Гомельскай вобл., каля г. Петрыкаў. Адкрыта ў 1966. Паклады звязаны з верхнедэвонскай саляноснай тоўшчай, прымеркаваны да цэнтр. зоны Прыпяцкага прагіну. Калійныя солі залягаюць на глыб. 521—1440 м, магутнасць саляноснай тоўшчы 1600—1900 м. Складзены з сільвініту, сільвін-карналітавых і карналітавых парод, якія ўтвараюць 11 калійных гарызонтаў, шматлікія праслоі і ўкрапанні ў каменнай солі. Плошча асноўнага (4) гарызонту больш за 500 км², магутнасць 0,29—3,52 м, мае ў сярэднім 21% хлорыстага калію, 1,3% хлорыстага магнію, 0,5% нерастваральных рэшткаў. Разведаныя запасы 1,06 млрд.т, перспектыўныя 1,9 млрд.т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНА́РСКАЕ РАДО́ВІШЧА МЕ́РГЕЛЮ І МЕ́ЛУ.
У Касцюковіцкім р-не Магілёўскай вобл., каля чыг. ст. Камунары. Пластавы паклад звязаны з верхнемелавымі адкладамі. Вылучаюцца 3 участкі: Высокае, Камунары Заходнія і Камунары Усходнія. Мергель шэры з рознымі адценнямі, шчыльны, вязкі, месцамі з лінзамі глін, тонкадысперсны, ніжэй па разрэзе пераходзіць у белы чысты мел. Разведаныя запасы 385,5 млн.т, перспектыўныя 75,9 млн.т. Агульная магутнасць карыснай тоўшчы 18,7—29 м, ускрышы (супескі, пяскі, гліны) 1,6—20,9 м. Мергель і мел прыдатныя на выраб партландцэменту. Радовішча распрацоўваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯ́ДЗІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА МЕ́ЛУ І ГЛІН,
у Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., каля в. Калядзічы. Паклад у выглядзе адорвеняў мелу туронскага і глін палеаген-неагенавага ўзросту залягае ў тоўшчы канцова-марэнных адкладаў сожскага ледавіка. Мел белы, аднародны, шчыльны, месцамі трэшчынаваты, з уключэннямі крэменю, з вохрыстымі плямамі, у верхняй ч. запясочаны. Гліны цёмна-шэрыя, радзей жаўтавата-шэрыя, з тонкімі праслоямі пылаватага пяску, тлустыя, шчыльныя, сярэдне- і высокапластычныя. Разведаныя запасы мелу 49,9 млн.т, перспектыўныя 44 млн.т. Разведаныя запасы глін 0,3 млн.т. Магутнасць карыснай тоўшчы мелу 6,6—50,6 м, ускрышы 0,2—18,8 м. Магутнасць карыснай тоўшчы глін 4,3—13 м, ускрышы 0,4—8 м. Мел і гліны прыдатныя на вытв-сць партландцэменту, мел выкарыстоўваецца таксама як вапнавае ўгнаенне. Радовішча распрацоўваецца АП «Ваўкавыскцэментнашыфер».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУЛЕ́ЎШЧЫНСКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСЧА́НА-ЖВІРО́ВАГА МАТЭРЫЯ́ЛУ У Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., каля в. Крулеўшчына. Паклад звязаны з флювіягляцыяльнымі адкладамі паазерскага зледзянення. Разведаныя запасы 40,5 млн.м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2,2—14,6 м, ускрышы (торф, гліністы пясок) да 7 м. Жвір і пясок прыдатныя для дарожнага буд-ва. А.П.Шчураў.