эпі́страфа, ‑ы, ж.

Стылістычная фігура, якая заключаецца ў паўтарэнні аднаго і таго ж слова або выразу на пачатку і ў канцы ці толькі ў канцы строф, напрыклад: «Зорка Венера ўзышла над зямлёю, Светлыя згадкі з сабой прывяла... Помніш, калі я спаткаўся з табою, Зорка Венера ўзышла». Багдановіч. «У тым сяле, дзе я не быў ніколі, І нават дзе яго шукаць — не знаю, Ёсць хата ў яблынях, парог якое Я толькі ў сне парой пераступаю. І зноў і зноў там, ледзь сцямнее ў полі, Хаджу, як прывід, з вечара да ранку — Ўсё запаветную шукаю брамку У тым сяле, дзе я не быў ніколі». Гілевіч.

[Ад грэч. epistrophe — вярчэнне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

«МАЛАДА́Я БЕЛАРУ́СЬ»,

літаратурнамастацкі і грамадска-паліт. альманах. Выдаваўся ў 1912 (сш. 1—2) і 1913 (сш.

3) у Пецярбургу на бел. мове бел. выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца». Друкаваўся кірыліцай і лацінкай адначасова. Меў літ.-маст., сац.-паліт. і навук.-краязнаўчы аддзелы. Выступаў з ідэяй пашырэння бел. нац. асветы, культуры, школьнай справы. Сваёй задачай абвясціў «патрапіць першы раз да сэрца несвядомага беларуса, каб... мець у ім беларуса-грамадзяніна» («Да чытачоў», сш. 1). У артыкулах «На дарозе да новага жыцця» (сш. 1), «К пытанню аб нацыянальных адносінах у Беларусі і Літве» (сш.

2) А.​Навіны (А.​Луцкевіч) абгрунтаваў адраджэнскую канцэпцыю бел. гісторыі. Упершыню апублікаваў многія маст. творы, у т. л. паэму Я.​Купалы «Сон на кургане» (сш. 1), цыклы вершаў Ц.​Гартнага з яго аўтабіяграфіяй (сш. 2), гіст.-літ. эцюд А.​Янулайціса «Аб маладым паэце з Крошына» (пра П.​Багрыма, сш. 3), вершаваныя творы «Батрак» і «Як Янка забагацеў» Я.​Коласа, апавяданні «Асеннія лісты» і «Зялёнка» Цёткі, «Амерыканец» А.​Новіча (А.​Ціхановіча), «Апошняе спатканне», «Парабкі» і «Шчырае каханне» У.​Галубка, «Прывід» і «Сябра з каўбасой» Власта (В.​Ластоўскага), першае апавяданне «Хутара-ра, Хутара!» Л.​Гмырака, цыклы вершаў А.​Паўловіча, Ф.​Чарнышэвіча, А.​Гурло, Я.​Журбы, А.​Петрашкевіча. Інфармаваў пра дзейнасць бел. выдавецкай суполкі ў Пецярбургу, змяшчаў бел. бібліяграфію, рэцэнзіі, рэкламу бел. друку.

У.​М.​Конан.

т. 9, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЖЫ́НСКІ (Вацлаў Фаміч) (17.12.1889, паводле інш. звестак 12.3.1890, Кіеў — 8.4.1950),

расійскі танцоўшчык, балетмайстар. Брат Б.Ф.Ніжынскай. Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1907).

У 1907—11 саліст Марыінскага т-ра. У 1909—13 і 1916—17 вядучы танцоўшчык Рускіх сезонаў за мяжой. Першы выканаўца гал. партый у Марыінскім т-ры: Белы раб («Павільён Арміды» М.​Чарапніна), Раб («Егіпецкія ночы» А.​Арэнскага), Юнак («Шапэніяна» на муз. Ф.​Шапэна); у трупе Рускі балет Дзягілева ў спектаклях «Карнавал» на муз. Р.​Шумана, «Шахеразада» М.​Рымскага-Корсакава, «Прывід ружы» на муз. К.​М.​Вебера, «Пятрушка» І.​Стравінскага, «Нарцыс» Чарапніна, «Сіні бог» Р.​Ана, «Дафніс і Хлоя» М.​Равеля і інш. Адрадзіў мастацтва мужчынскага танца, які спалучае высокую тэхніку скачка і піруэта з выразнасцю пластыкі і пантамімы, узбагаціў танц. лексіку і сродкі выразнасці. Сярод пастановак: «Пасляпаўдзённы адпачынак фаўна» (1912, гал. роля) і «Гульні» на муз. К.​Дэбюсі, «Вясна свяшчэнная» Стравінскага (абодва 1913), «Тыль Уленшпігель» на муз. Р.​Штрауса (1916). Аўтар «Дзённіка Ніжынскага» (Парыж, 1953; Масква, 1995). Яму прысвечаны балет «Ніжынскі, клоун божы» на муз. П.​Чайкоўскага і П.​Анры (1971, паст. М.​Бежар), «Вацлаў» на муз. І.​С.​Баха (1979, паст. Дж.​Ноймаер), драм. спектаклі, дакумент., маст. кіна- і тэлефільмы, опера.

Літ.:

Красовская В. Нижинский. Л.. 1974;

Нижинская Р. Нижинский // Сов. балет. 1989. № 6;

1990. № 1.

Л.​А.​Сівалобчык.

В.Ніжынскі ў балеце «Шэхеразада». Мастак Монтэ-Негра.

т. 11, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ (сапр. Віленкін) Мікалай Максімавіч

(27.1.1885, г. Глубокае Віцебскай вобл. — 2.7.1937),

рускі пісьменнік, філосаф, перакладчык. Вучыўся ў Мінскай гімназіі. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1879). Адзін з арганізатараў рэлігійна-філас. сходаў 1901—03 з мэтай зблізіць рас. інтэлігенцыю з царквой. У 1905 арыштаваны за выданне бальшавіцкай газ. «Новая жизнь», у якой надрукаваў «Гімн рабочых» («Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!»). У 1906 выехаў за мяжу, вярнуўся ў Расію пасля амністыі ў 1913. Пасля 1917 жыў у Берліне, Лондане (працаваў у сав. паўпрэдстве), Парыжы. Друкаваўся з 1876. Першы зб. «Вершы» (1883) канфіскаваны цэнзурай. Арт. «Старадаўняя спрэчка» (1884) — першы ў Расіі літ. маніфест дэкадэнцтва. У рэлігійна-філас. працы «У святле сумлення» (1890) распрацаваў тэорыю меанізму, якая характарызуе накіраванасць да неіснуючага (Абсалюта, святыні) як сродку знаходжання сэнсу жыцця і пазбаўлення ад пакут. Ідэі меанізму спрабаваў увасобіць у творах розных жанраў: у лірыцы («Два шляхі», 1900), драматургіі («Альма», 1900), крытыцы і публіцыстыцы («Пра два шляхі дабра», 1903, і інш.). Аўтар зб-каў вершаў «Новыя песні» (1901), «З цемры да святла» (1922), паэм «Гефсіманская ноч» (1884, апубл. 1900), «Горад смерці» (1894), драм. трылогіі «Жалезны прывід» (1909), «Малая спакуса» (1910), «Хаос» (1912), кніг «Генрых Ібсен» (1897), «Рэлігія будучыні» (1905), «Ад Дантэ да Блока» (1922) і інш. Пераклаў «Іліяду» Гамера, творы П.​Верлена, П.​Б.​Шэлі, Дж.​Байрана, Г.​Флабера і інш.

т. 10, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ме́рат ’нерат’ (Бяльк.). Да не́рат (гл.). Аб мене н > м гл. Карскі, 1, 324.

Ме́рат2 ’д’ябал’ (Уласт). Рус. наўг., цвяр. ме́рет ’тс, нячысцік’. З рус. ме́рек: пск., цвяр. ’трызненне’, ’прывід, здань’, вяц. ’д’ябал’, зах.-рус. мере́кать ’здавацца, уяўляцца’, перм. мерещить ’тс’, вяц. меречить ’намервацца рабіць благое’, балг., макед. мера́к ’моцнае жаданне да чаго-небудзь, цяга, ахвота’. Можна меркаваць, што ‑т у выніку спарадычнага чаргавання ўзыходзіць да ‑k‑ (*мерекʼ > *меретʼ > ме́рат). Да прасл. merk‑/mьrk. Роднасныя і.-е. адпаведнікі: літ. mérkti ’жмурыцца’, лат. mir̃kšţêt ’маргаць’, гоц. maurgis ’ранак’ (Фасмер, 2, 602 і 605). Паводле Уласта (Крывіч, 4, 1923, 30), звязваецца з мара́1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кашма́р ’цяжкі, жудасны сон; прывід, здань’; ’што-н. жахлівае, цяжкае, агіднае’ (ТСБМ). Рус. кошмар, укр. кошмар. Запазычаная лексема (але няма ў Шанскага). Фасмер (2, 361) указвае на пэўную храналогію гэтага слова, адзначаючы, што яно сустракаецца ў Гогаля і іншых. Першакрыніцай з’яўляецца франц. cauchemar ’тс’, ад лац. calcāre ’сціскаць, выступаць вонкі’ і ст.-в.-ням. mara ’дыхавіца, кашмар’ (спасылка на Мацэнаўэра, LF, 8, 47). Больш складаную гісторыю і рэканструкцыю прапануе Слаўскі, 2, 543, які зыходзіць са ст.-франц. элементаў: франц. cauchemar складанае слова: са ст.-франц. caucher ’сціскаць’ (< лац. calcāre) і ст.-франц. mare ’кашмар’. Параўн. яшчэ Клюге, 454 (пад Mahr).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Від1 ’від, перспектыва, якая адкрываецца перад вачамі’ (БРС, КТС, Шат.); ’выгляд’ (БРС, КТС, Сцяшк. МГ, Янк. I); ’агульнае выражэнне твару’ (Шат.); ’твар’ (Янк. I, Яруш., Гарэц., Нас., Бяльк., Мат. Гом., Шатал.); ’паштоўка’ (Мат. Гом.). Укр. вид ’твар’; ’зрок’ рус. вид ’зрок’; ’знешні выгляд’; ’мясцовасць, перспектыва, што адкрываецца перад вачамі’, ст.-рус. видъ ’здольнасць бачыць, зрок’; ’відовішча’; ’знешні выгляд’; ’прывід, здань, праява’, польск. widпрывід, здань, дух’; ’святло, зрок’ у выражэнні ani widu, ani slychu ’ні слыху, ні дыху’, уст. ’выгляд, знешні від’, чэш. vid (кніжн.) ’спосаб бачання’; ’відовішча’; ’зрок’; ’выгляд, форма’, славац. vid ’бачанне, успрыманне на зрок’, (кніжн.) ’зрок, погляд’; ’выгляд’; ’спосаб спаглядання, назірання; светапогляд’, славен. vȋd ’зрок’; ’глядзенне, назіранне, нагляданне’; ’твар, выгляд’; ’краявід, ландшафт’, серб.-харв. ви̑д ’зрок, увага, поле зроку’; ’відно’, макед. вид ’зрок’; ’знешні выгляд’; ’від, гатунак, род’, балг. вид ’знешнасць’; ’выгляд’; ’краявід’, ст.-слав. видъ ’вобраз, знешні выгляд’; ’род, від, характар’; ’форма’; ’нагляданне’; ’агляд’. Прасл. vidъ, роднаснае з літ. véidas ’твар, воблік’, veidaĩ ’шчокі’, лат. veĩds ’форма, вид, выгляд’, грэч. (Ϝ)εἶδος ’вобраз, від, фігура, форма’, ст.-інд. vēda ’выгляд’, vḗdaḥ ’веды’; ’абачлівасць, асцярожнасць’, авест. vaēdah‑ ’валоданне’. І.‑е. *u̯eidos ’тое, што відаць’. Параўн. яшчэ Траўтман, 358; Мюленбах-Эндзелін, 4, 522; Майргофер, 21, 254; Праабражэнскі, 82; Фасмер, 1, 312; Шанскі, 1, В, 93; КЭСРЯ, 80; БЕР, 1, 143.

Від2 (біял.) ’від, разнавіднасць, тып’ (КТС, БРС). Запазычана з рус. вид ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БАКА́ЧЫО, Бакача (Boccaccio) Джавані (1313, Парыж — 21.12.1375), італьянскі пісьменнік, гуманіст ранняга Адраджэння. Сябра Ф.Петраркі. Аўтар паэм на сюжэты ант. міфалогіі «Філастрата» (1338?, выд. 1499), «Тэсеіда» (1339—41, выд. 1475), рамана «Філакола» (пачаты ў 1338, выд. 1472), псіхал. аповесці «Ф’ямета» (1343, выд. 1472). Блізкасць да Дантэ выявілася ў пастаралі «Амета...» (1341—42, выд. 1478) і паэме «Любоўны прывід» (1342, выд. 1521). Паэма «Ф’езаланскія німфы» (1344—46, выд. 1477) навеяна «Метамарфозамі» Авідзія. Асн. твор — «Дэкамерон» (1350—53, выд. каля 1470) — 100 рэаліст. навел, прасякнутых гуманіст. ідэямі, духам вальнадумства і антыклерыкалізму, непрыняццем аскетычнай маралі, жыццярадасным гумарам, — шматколерная панарама нораваў італьян. грамадства. Супярэчнасці сац. развіцця Італіі выклікалі крызіс гуманіст. ідэалаў Бакачыо (алегарычная сатыра ў прозе «Карбача, ці Лабірынт любові», 1354—55 ці 1365; выд. 1487, рус. пер. «Крумкач», 1975). Аўтар біягр. кн. «Жыццё Дантэ Аліг’еры» (каля 1360, выд. 1477), каментарыяў да 17 песень «Боскай камедыі» Дантэ (1373—74), трактатаў на лац. мове. Сюжэт 2-й навелы 10-га дня «Дэкамерона» ляжыць у аснове казкі «Аб тым, як ксяндзы вылечыліся» са зб. А.​Сержпутоўскага «Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў». Пераклад Б.​Будным аднаго з эпізодаў «Дэкамерона» («Аповесць суцяшальная пра купца Барнабаша») Пётр Бластус Кміта ўключыў у 4-ю кн. «Апафегматаў». П’еса «Золата ў агні» Ф.​У.​Радзівіл, якая ставілася ў Нясвіжскім прыдворным тэатры, — драм. перапрацоўка навелы Бакачыо.

Тв.:

Рус. пер. — Малые произведения. Л., 1975;

Декамерон. Мн., 1985.

Літ.:

Хлодовский Р.И. Декамерон: Поэтика и стиль. М., 1982;

Бранка В. Боккаччо средневековый: Пер. с итал. М., 1983;

Джованни Боккаччо: Биобиблиогр. указ. М., 1961.

Дж.Бакачыо.

т. 2, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАГЕ́Н ((Gauguin) Эжэн Анры Поль) (7.6.1848, Парыж — 8.5.1903),

французскі жывапісец, графік, скульптар. У юнацтве служыў мараком, у 1871—83 — біржавым клеркам у Парыжы. З 1870-х г. пачаў самаст. займацца жывапісам, карыстаўся парадамі К.Пісаро. Працаваў у Понт-Авене (Брэтань), Арлі (разам з В. ван Гогам): «Ave Maria» (1887), «Прывід пасля пропаведзі», «Старыя дзеўкі» (абедзве 1888), «Брэтонскія могілкі» (1889). Пошукі сродкаў на існаванне і месца ў жыцці нарадзілі мару аб трапіканскай ідыліі — «майстэрні тропікаў», у 1891—94 Гаген з’ехаў на в-аў Таіці, дзе імкнуўся знайсці культурную глебу, стварыць выяўл. міфалогію астравіцян («А, ты раўнуеш?», 1892; «Таіцянскія пастаралі», 1893; «Цудоўная крыніца», 1894). Творы таго перыяду вылучаюцца непасрэднасцю, узаемапранікненнем старажытнасці і сучаснасці, рэліг. традыцый Захаду і Усходу, павышанай дэкаратыўнасцю. Пасля кароткачасовага вяртання ў Францыю (1893—95) Гаген назаўсёды пасяліўся на а-вах Акіяніі. Творчасць 2-га таіцянскага перыяду (1895—1903) набліжаецца да сімвалізму і прыводзіць Гагена і групу мастакоў, якія працавалі пад яго ўплывам (т.зв. понт-авенская школа), да ўзнікнення адмысловай жывапіснай сістэмы — т.зв. «сінтэтызму» (спрашчэнне і абагульненне формаў і ліній і г.д.). Гаген імкнуўся ўвасобіць сваю утапічную мару аб жыцці чалавека ў гармоніі з прыродай, удалечыні ад цывілізаванага грамадства («Жонка караля», 1896; «Збор пладоў», 1899). Карціны Гагена падобныя на пано па плоскаснасці, дэкаратыўнасці колеру, манументальнасці кампазіцыі, абагульненасці стылізаванага малюнка, мелі рысы стылю мадэрн. Яго творчасць істотна паўплывала на майстроў групы «Набі» і жывапісцаў пач. 20 ст.

Літ.:

Даниельсон Б. Гоген в Полинезии. М.; Л., 1969;

Перрюшо А. Жизнь Гогена: Пер. с фр. М., 1989.

Н.​М.​Усава.

П.Гаген. Ave Maria. 1887.
П.Гаген. Аўтапартрэт. 1897.

т. 4, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЬДЭРО́Н ДЭ ЛА БА́РКА, Кальдэрон дэ ла Барка Энао дэ ла Барэда-і-Рыяньё (Calderón de la Barca Henao de la Barreda y Riaño) Педра (17.1.1600, Мадрыд — 25.5.1681), іспанскі драматург, буйнейшы прадстаўнік барока. Вучыўся ва ун-тах Алькала дэ Энарэс і Саламанкскім. У 1620-я г. гал. пастаўшчык п’ес для Каралеўскага Мадрыдскага т-ра. У 1651 прыняў духоўны сан. Аўтар 120 свецкіх п’ес, 78 аўта (рэліг.-містычных алегорый), 20 інтэрмедый. У «камедыях плашча і шпагі» праблемы ілюзорнасці і ірацыянальнасці быцця, залежнасці лёсу чалавека ад непадуладных розуму сіл: «З каханнем не жартуюць» (1627?), «Дама-прывід» або «Дама-невідзімка», «Дом з двума выхадамі цяжка ахоўваць» (абедзве 1629), «Сам у сябе пад вартай» (1636) і інш. У «драмах гонару» («Лекар свайго гонару», 1635, «Саламейскі алькальд», 1640—45) выклаў пазасаслоўную канцэпцыю гонару, які раўназначны жыццю, абараняў годнасць простага чалавека. У рэліг.-філас. драмах імкнуўся да раскрыцця глабальных тэм праз абагульненыя сімвалічныя сітуацыі і вобразы, узнімаў складаныя праблемы чалавечага існавання, свабоды выбару і знешняй несвабоды, наканаванасці лёсу і адказнасці чалавека за пройдзены шлях: «Стойкі прынц» (1628—29, выд. 1636), «Пакланенне крыжу» (1630—32, выд. 1636), «Жыццё ёсць сон» (1631—32, выд. 1636). «Чысцілішча святога Патрыка» (1634, выд. 1636). П’есы К. адметныя складанай метафарычнасцю і эмблематычнасцю стылю.

Тв.:

Рус. пер. — Пьесы. Кн. 1—2. М., 1961;

Драмы. Кн. 1—2. М., 1989.

Літ.:

Кальдерон и мировая культура. Л., 1986;

Разумовская М.В., Синило Г.В., Солодовников С.В. Литература XVII—XVIII вв. Мн., 1989. С. 26—33.

Г.​В.​Сініла.

Кальдэрын дэ ла Барка.

т. 7, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)