САЛЕНАІДА́ЛЬНАЕ ПО́ЛЕ,
вектарнае поле, дзе адсутнічаюць крыніцы (дывергенцыя такога поля ў кожным пункце прасторы роўная нулю). Напр., магнітнае поле. Для вектара , які ўтварае С.п., можна запісаць
(гл. Ротар вектарнага поля), дзе вектар наз. вектарным патэнцыялам С.п.
т. 14, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕРАМАГНІ́ТНЫ РЭЗАНА́НС,
рэзкае павелічэнне паглынання энергіі эл.магн. поля ферамагнетыкам пры пэўных (рэзанансных) значэннях частаты і напружанасці прыкладзенага магн. поля; разнавіднасць электроннага магнітнага рэзанансу.
Частата Ф.р. (звычайна ў радыёдыяпазоне) вызначаецца ўласнай частатой прэцэсіі магн. момантаў электроннай сістэмы крышталя ва ўнутр. магн. полі, залежыць ад лікавага значэння і напрамку знешняга магн. поля, т-ры, формы і памеру ферамагнетыка, яго даменнай структуры. Ф.р. з’яўляецца калект. эфектам: элементарныя магн. моманты ферамагнетыка моцна звязаны, і паглынанне энергіі адбываецца ў выніку ўзаемадзеяння пераменнага магн. поля з сумарнымі магн. момантамі макраскапічных аб’ёмаў рэчыва, таму апісанне Ф.р. магчыма ў рамках класічнай макраскапічнай тэорыі. Даследаванне Ф.р. дае магчымасць вывучаць характар узаемадзеянняў у крышталях, даменную структуру і працэсы намагнічвання, вызначаць магн. параметры. Шырока выкарыстоўваецца ў тэхніцы ЗВЧ для стварэння перастройвальных магн. полем рэзанатараў, фільтраў, селектыўных датчыкаў, вентыляў і інш.
Р.М.Шахлевіч.
т. 16, с. 355
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬВАНАМАГНІ́ТНЫЯ З’Я́ВЫ,
з’явы, звязаныя з уздзеяннем магнітнага поля на металы і паўправаднікі, па якіх працякае электрычны ток. Адрозніваюць няцотныя (характарыстыкі гальванамагнітных з’яў мяняюць знак пры змене напрамку поля) і цотныя (не мяняюць знака); падоўжныя (магн. поле накіравана ўздоўж напрамку току) і папярочныя (упоперак да напрамку) гальванамагнітныя з’явы, напр. Хола эфект, магнітарэзістыўны эфект, падоўжны гальванамагн. эфект. Выкарыстоўваюцца для вымярэння велічыні магн. палёў, даследавання электроннага энергет. спектра і механізму рассейвання носьбітаў зараду ў металах і паўправадніках, генерацыі і ўзмацнення эл. поля і інш.
Гальванамагнітныя з’явы абумоўлены скрыўленнем траекторый носьбітаў зараду (электронаў праводнасці і дзірак) у магн. полі пад уздзеяннем Лорэнца сілы. Ва ўсіх металах і паўправадніках (акрамя ферамагнетыкаў) з павелічэннем поля павялічваецца ўдзельнае супраціўленне. Павелічэнне супраціўлення металаў у магн. полі, паралельным току, наз. падоўжным гальванамагнітным эфектам. У тонкіх плёнках і дратах выяўляецца залежнасць гальванамагнітных з’яў ад памераў і формы даследаванага ўзору (памерныя эфекты); у моцных магн. палях — квантавыя эфекты, якія вызначаюць неманатонную залежнасць пастаяннай Хола і супраціўлення ад параметраў поля. Гл. таксама Тэрмамагнітныя з’явы.
Літ.:
Бонч-Бруевич В.Л., Калашников С.Г. Физика полупроводников. 2 изд. М., 1990;
Блейкмор Дж. Физика твердого тела: Пер. с англ. М., 1988.
Ф.А.Ткачэнка.
т. 4, с. 475
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАО́ПТЫКА,
раздзел оптыкі, у якім вывучаецца ўзаемадзеянне аптычнага выпрамянення з рэчывам, змешчаным у эл. поле. Дзеянне эл. поля на атамы (малекулы) прыводзіць да зруху і расшчаплення іх энергет. узроўняў. У выніку гэтага спектральныя лініі распадаюцца на шэраг кампанентаў, якія адрозніваюцца частатой і палярызацыяй (гл. Штарка з’ява); несупадзенне ліній паглынання для кампанентаў з рознай палярызацыяй святла прыводзіць да наведзенага полем дыхраізму і падвойнага праменепераламлення (гл. Кера эфект, Покельса з’ява).
Уплыў эл. поля на аптычныя ўласцівасці ізатропнай кандэнсаванай сістэмы, якая складаецца з малекул з уласным эл. дыпольным момантам ці анізатрапіяй палярызавальнасці, прыводзіць да таго, што сістэма набывае ўласцівасці аднавосевага крышталя. Гэты арыентацыйны эфект моцна выяўляецца ў вадкіх крышталях. Пры накладанні эл. поля на цвёрдыя крышталі мае месца аптычная анізатрапія, абумоўленая рознымі значэннямі сярэдніх адлегласцей паміж атамамі ўздоўж і ўпоперак поля (стрыкцыйны эфект). Рэчывы, якія мяняюць аптычныя ўласцівасці пад дзеяннем эл. поля (электрааптычныя матэрыялы), выкарыстоўваюцца для кіравання аптычным выпрамяненнем, у вадкакрышт. дысплеях і інш.
Літ.:
Келих С. Молекулярная нелинейная оптика: Пер. с англ. М., 1981;
Ярив А., Юх П. Оптические волны в кристаллах: Пер. с англ. М., 1987;
Барковский Л.М., Фурс А.Н. Операторные методы описания оптических полей в сложных средах. Мн., 2003.
М.А.Паклонскі.
т. 18, кн. 1, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЕ ФІЗІ́ЧНАЕ,
адзін з двух (нараўне з рэчывам) відаў матэрыі. Паводле прынцыпу блізкадзеяння з дапамогай П.ф. (як сілавога поля) ажыццяўляецца ўздзеянне (на адлегласці) аднаго цела на другое, што апісваецца ў межах поля тэорыі. Прыклады П.ф.: эл.-магн. і гравітацыйнае ў класічнай фізіцы, квантава-рэлятывісцкія палі ў фізіцы элементарных часціц і іх узаемадзеяннях.
Паняцце сілавога поля (эл. і магн.) у 1830-я г. ўведзена М.Фарадэем. Дж.К.Максвел у 1860-я г. развіў далей ідэі аб эл.-магн. полі і сфармуляваў яго законы (гл. Максвела ўраўненні), прадказаў электрамагнітныя хвалі. Пасля адкрыцця Дж.Дж.Томсанам электрона (1897) электрычна зараджаныя элементарныя часціцы сталі разглядацца як першасныя крыніцы эл.-магн. поля і эл.-магн. узаемадзеянняў. У 1900 М.Планк прадказаў, што энергія эл.-магн. поля выпрамяняецца і паглынаецца дыскрэтнымі порцыямі (квантамі). У канцы 1920-х г. паказана, што квантуецца і само эл.-магн. поле. Кванты гэтага поля — фатоны з’яўляюцца элементарнымі часціцамі і пераносчыкамі эл.-магн. узаемадзеянняў. У 1928 П.А.М.Дзірак увёў квантава-рэлятывісцкае (хвалевае) поле і для адзінак будовы рэчыва, квантамі якога з’яўляюцца элементарныя часціцы — электрон і пазітрон. У межах квантава-рэлятывісцкай тэорыі ў адпаведнасці з карпускулярна-хвалевым дуалізмам знікаюць бар’еры паміж рэчывамі і сілавымі палямі як рознымі відамі матэрыі. У абодвух выпадках апісанне П.ф. ажыццяўляецца з дапамогай агульнага матэм. апарата і выкарыстоўваюцца аднолькавыя фіз. характарыстыкі П.ф. і квантаў гэтых палёў (элементарных часціц): маса, энергія, імпульс, момант імпульсу, спін, зарад і інш. Пры ўзаемадзеяннях кванты П.ф. аднаго тыпу могуць пераўтварацца ў кванты П.ф. другога тыпу, напр., электроны і пазітроны ў фатоны і наадварот — фатоны ў электрон-пазітронныя пары; кваркі і антыкваркі ў глюоны, а глюоны ў кварк-антыкваркавыя пары. Элементарныя часціцы розных тыпаў (сілавога поля і рэчыва), калі яны маюць адпаведныя сілавыя зарады, могуць быць пераносчыкамі і крыніцамі ўзаемадзеянняў.
А.А.Богуш.
т. 12, с. 471
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАО́ПТЫКА,
раздзел фізікі, які вывучае змены аптычных уласцівасцей рэчыва пад уздзеяннем магн. поля. Метады М. выкарыстоўваюцца ў даследаваннях квантавых станаў рэчыва, адказных за аптычныя пераходы, спектраў электроннага парамагн. рэзанансу, фіз.-хім. структуры рэчыва, фазавых пераходаў і інш.
Пад уздзеяннем магн. поля ў рэчыве адбываецца расшчапленне энергетычных узроўняў атамаў (зняцце выраджэння) і адпаведнае расшчапленне спектральных ліній (гл. Зеемана з’ява), узнікае падвойнае праменепераламленне ў аптычна ізатропным рэчыве (гл. Катона—Мутона эфект), пры распаўсюджванні святла ўздоўж магн. поля адбываецца вярчэнне яго плоскасці палярызацыі (гл. Фарадэя эфект), па-рознаму паглынаюцца хвалі з паралельнай і перпендыкулярнай полю лінейнымі палярызацыямі і інш.
т. 9, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
бязма́ла, прысл.
Разм. Без малога, амаль, каля. Было бязмала тры гадзіны дня. □ З поля сабраў [мужык] вось Коп пяць бязмала. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пярэ́зімак, ‑мка, м.
Разм. Свойская жывёліна мінулагодняга прыплоду (звычайна пра цялят, жарабят). Надвячоркам прызнаў з поля цялят-пярэзімкаў Віця. Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВІ́ДЭМАНА ЭФЕ́КТ,
закручванне ферамагнітнага стрыжня з токам пры яго намагнічванні ўздоўж восі. Адкрыты Г.Відэманам. Відэмана эфект — адно з праяўленняў магнітастрыкцыі ў полі, утвораным складаннем падоўжнага магн. поля і кругавога магн. поля, якое ствараецца эл. токам. Пры пераменным эл. току ці магн. полі адбываюцца круцільныя ваганні стрыжня.
т. 4, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́КСВЕЛА ЎРАЎНЕ́ННІ,
асноўныя ўраўненні класічнай макраскапічнай электрадынамікі, што апісваюць эл.-магн. з’явы ў адвольных асяроддзях і вакууме. Выведзены ў канцы 1860-х г. Дж.К.Максвелам на падставе абагульнення эмпірычных законаў эл. і магн. з’яў.
М.ў. звязваюць напружанасць эл. поля , магн. індукцыю , эл. індукцыі і напружанасць магн. поля з характарыстыкамі крыніц эл. і магн. палёў: шчыльнасцю эл. зарадаў і шчыльнасцю току праводнасці . У дыферэнцыяльнай форме маюць выгляд:
(1),
(2),
(3),
(4), дзе
— шчыльнасць току зрушэння. М.ў. дапаўняюцца матэрыяльнымі ўраўненнямі:
,
,
, дзе ε0(μ0) — эл. (магн.) пастаянная, ε(μ) — адносная дыэлектрычная (магн.) пранікальнасць і γ — эл. праводнасць асяроддзя. М.ў. (1) выяўляе непарыўную сувязь паміж эл. і магн. палямі і выражае закон электрамагнітнай індукцыі, (2) паказвае, што крыніцай магн. поля з’яўляюцца токі праводнасці і токі зрушэння (гл. Поўнага току закон), (3) устанаўлівае, што крыніцай эл. поля з’яўляюцца эл. зарады (гл. Гаўса тэарэма), (4) паказвае на адсутнасць адасобленых крыніцы магн. поля (магн. зарадаў). М.ў. дазваляюць вызначыць асн. характарыстыкі эл.-магн. поля , , , у кожным пункце прасторы і ў кожны момант часу, калі вядомыя Q, i, як функцыі каардынат і часу. З М.ў. вынікае магчымасць існавання электрамагнітных хваль, якія распаўсюджваюцца ў вакууме са скорасцю святла. М.ў. адлюстроўваюць глыбокую сувязь эл. і магн. з’яў і з’яўляюцца тэарэтычнай асновай класічнай і квантавай электрадынамікі, фіз. оптыкі, тэорыі распаўсюджання эл.-магн. хваль і інш. раздзелаў электрамагнетызму.
А.І.Болсун.
т. 9, с. 544
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)