АЎСТРА́ЛІЯ (Australia),

мацярык у Паўд. паўшар’і, частка свету. Пл. 7631,5 тыс. км² (найменшы сярод мацерыкоў). Нас. 18 млн. чал. (1994). Працягласць з Пн на Пд ад мыса Йорк (10°14 паўд. ш.) да мыса Паўд.-Усходні (39°11 паўд. ш.) 3200 км; з З на У ад мыса Стып-Пойнт (113°51 усх. д.) да мыса Байран (153°34 усх. д.) 4100 км. На Пн Аўстралія абмываецца Тыморскім і Арафурскім, на У — Каралавым і Тасманавым морамі, на Пд і З — Індыйскім ак. Аўстраліі як частцы свету належыць шэраг а-воў: Тасманія, Кінг, Кенгуру, Мелвіл, Грут-Айленд і інш. (пл. з а-вамі 7704,5 тыс. км²). Уздоўж паўн.-ўсх. ўзбярэжжа на 2,3 тыс. км цягнецца Вялікі Бар’ерны рыф. Берагавая лінія парэзана слаба: на Пн зал. Карпентарыя, на Пд Аўстралійскі зал., вял. п-авы — Кейп-Йорк і Арнем-Ленд на Пн.

Адкрыў Аўстралію галандзец В.​Янсзан у 1606. Усходні бераг ў 1770 наведаў Дж.​Кук. Яго суайчыннік М.​Фліндэрс назваў мацярык Аўстраліяй.

Рэльеф. У рэльефе Аўстраліі пераважаюць раўніны, каля 87% паверхні не перавышае 500 м над узр. м. Аўстралія — самы нізкі мацярык свету, сярэдняя выш. 215 м, найб. 2230 мг. Касцюшкі ў Аўстралійскіх Альпах. Заходнюю ч. Аўстраліі займае Заходне-Аўстралійскае пласкагор’е (выш. 400—500 м) з хрыбтамі і шматлікімі сталовымі гарамі: на паўн.-зах. ускраіне масіў Кімберлі (выш. да 936 м), па ўсходняй — горы Мак-Донел (1510 м, г. Зіл), Масгрэйв (1140 м, г. Вудраф), на ПдЗ хр. Дарлінг (выш. да 582 м), на З хр. Хамерслі (выш. да 1226 м). Сярэдняя ч. Аўстраліі нізінная (пераважная выш. да 100 м над узр. м.). На ПдУ алювіяльныя раўніны рэк Мурэяі Дарлінга, у паўд. частцы хрыбты Фліндэрс і Маўнт-Лофты. Характэрны пенеплены — вял. ўраўнаваныя раўніны з астраўнымі гарамі. Усходнюю ч. Аўстраліі займае Вялікі Водападзельны хрыбет, які складаецца з шэрагу ізаляваных плоскавяршынных горных хрыбтоў з моцна расчлянёнымі стромкімі ўсх. і спадзістымі зах. схіламі.

Геалагічная будова. У аснове цэнтр. і зах. частак мацерыка — стараж. Аўстралійская платформа з дакембрыйскіх крышт. і метамарфічных парод, якія агаляюцца ў раёне Зах.-Аўстралійскага пласкагор’я і часткова на п-аве Арнем-Ленд. Цэнтральная ч. платформы перакрыта чахлом асадкавых парод ад познапратэразойскага да кайназойскага ўзросту. Усходняя ч. ўтворана Усх.-Аўстралійскім складкавым геасінклінальным поясам, уключае разам з палеазойскімі вулканічныя і інтрузіўныя пароды ўсіх узростаў. Карысныя выкапні: алмазы (1-е месца ў свеце па здабычы), золата, жал. руды (хр. Хамерслі), медзь (Маўнт-Айза, Квінсленд), марганец (в-аў Грут-Айленд), уран (п-аў Арнем-Ленд), баксіты (п-авы Кейп-Йорк, Арнем-Ленд, хр. Дарлінг), каменны і буры вуглі (Вял. Водападзельны хрыбет), нафта і газ на ўзбярэжжы і ў шэльфавай зоне мацерыка (Баса праліў, ПдУ Аўстраліі), поліметалічныя і тытанавыя руды, фасфарыты.

Клімат. Паўн. частка Аўстраліі (да 20° паўд. ш.) знаходзіцца ў экватарыяльным, цэнтр. ч. (20—30° паўд. ш.) — у трапічным, паўд. ўскраіны — у субтрапічным кліматычных паясах. На б. ч. в-ва Тасманія клімат умераны. Высокія тэмпературы і вял. сухасць клімату (38% плошчы атрымлівае менш за 250 мм ападкаў) абумоўлены геагр. становішчам, працягласцю мацерыка з З на У, размяшчэннем на У Вял. Водападзельнага хр., на Пд хр. Дарлінг, якія затрымліваюць вільгаць з акіянаў. Сярэднія т-ры студз. ад 20 да 30 °C і больш, ліп. ад 12 да 20 °C. Колькасць ападкаў памяншаецца з У на З ад 1500 мм да 300—250 мм за год і менш. Аўстралія — самая гарачая ч. сушы Паўд. паўшар’я: на ​2/3 тэр. трапічны пустынны і паўпустынны клімат (ва ўнутр. раёнах кантынентальны, сярэдняя т-ра студз. 34 °C, ліп. 10 °C). На б. ч. ўсх. ўзбярэжжа клімат трапічны марскі, гарачы. Самы гарачы раён з т-рай студз. больш за 40 °C на ПнЗ (Марбл-Бар), самы засушлівы — катлавіна воз. Эйр (менш за 120 мм ападкаў за год). Найб. колькасць ападкаў на паўн.-ўсх. узбярэжжы — больш за 2000 мм за год.

Унутраныя воды. Натуральная рачная сетка развіта слаба. Амаль 60% тэрыторыі — бяссцёкавыя вобласці. Рэкі кароткія, жыўленне дажджавое, рэжым нераўнамерны. Пустыні перасякаюць часовыя вадацёкі (крыкі) Купер-Крык, Джарджына і інш. Найб. мнагаводная рака Мурэй (даўж. 2570 км) з гал. прытокам Дарлінг (2740 км; самая доўгая рака Аўстраліі), рэкі Фіцрой, Ропер, Фліндэрс, Вікторыя, Мерчысан. Найб. азёры: Эйр, Торэнс, Амадыес, Гэрднер; вял. колькасць дробных (да 400) на ПдУ — на раўніне Салёных азёраў. Шмат стараж. азёрных катлавін, якія запаўняюцца вадой толькі пасля дажджоў. Аўстралія — багатая падземнымі водамі — 33 артэзіянскія басейны агульнай пл. каля 4800 тыс. км² (глыб. залягання вады 20—1800 м). Найбольш значныя басейны: Вялікі Артэзіянскі басейн, Мурэйскі, Морэтан-Кларэнс, Юкла, Джарджына.

Глебы і расліннасць. Глебавае покрыва падпарадкавана шыротнай занальнасці, парушаецца толькі ў гарах. На Пд і ПнУ развіты месцамі забалочаныя чырвона-жоўтыя латэрытныя глебы, якія змяняюцца чорна-бурымі глебамі саваннаў. Ва ўнутр. раёнах пераважаюць шэразёмы трапічных і субтрапічных пустыняў і бурыя пустынна-стэпавыя глебы з саланчакамі і масівамі пяскоў. На Пд Аўстраліі прыбярэжная паласа каштанавых глебаў, на ПдЗ мацерыка чырваназёмы і жаўтазёмы субтрапічных саваннаў, па схілах гор горныя жоўта-бурыя лясныя, на вяршынях гор і ў Аўстралійскіх Альпах горна-лугавыя глебы. Расліннасць Аўстраліі развівалася ва ўмовах доўгай ізаляцыі, адрозніваецца своеасаблівым складам — каля 75% эндэмікі. Найб. тыповыя эўкаліпты (больш за 600 відаў), акацыі (490 відаў) і казуарыны (каля 25 відаў). Цэнтр. ч. мацерыка занята пясчанымі пустынямі (Вялікая Пясчаная пустыня, Вялікая пустыня Вікторыя, Гібсана пустыня) з рэдкімі дзярнінамі ксерафітных злакаў. Пустыні акаймаваны поясам паўпустыняў з зараснікамі калючых хмызнякоў (скрэбы). На Пн, У, ПдУ і ПдЗ паўпустыні пераходзяць у саванны (злакавае покрыва, асобна трапляюцца акацыі, «травяное дрэва», бутэлечнае дрэва). У далінах рэк паўн. і паўн.-ўсх. ўзбярэжжа ўчасткі гілеяў, у вусцях — балоты і мангравыя зараснікі. 3% пл. займаюць лясы. Наветраныя схілы Вял. Водападзельнага хр. на Пн укрыты субэкватарыяльнымі вільготнымі лясамі з пальмамі, фікусамі, лаўровым дрэвам, араўкарыяй і бамбукам, далей на Пд — трапічнымі лясамі з эўкаліптаў. На зах. падветраных схілах — рэдкалессе і саванны. У гарах найб. рэзка выяўлена вышынная пояснасць ландшафтаў. Каля верхняй мяжы лесу растуць бук, «снегавы» эўкаліпт, дрэвападобныя папараці. Мацярык Аўстралія з прылеглымі а-вамі Тасманія і інш. вылучаюцца ў асобную фларыстычную вобласць, гл. Аўстралійская біягеаграфічная вобласць.

Жывёльны свет. Фауна Аўстраліі адрозніваецца багаццем эндэмічных (да 90 відаў) і рэліктавых жывёл. На мацерыку вял. колькасць сумчатых зямнога шара: кенгуру, барсук, мядзведзь (каала). Толькі ў Аўстраліі яйцародныя млекакормячыя (качканос і яхідна), дваякадыхаючая рыба рагазуб, адсутнасць эндэмічных капытных, прыматаў і драпежнікаў (акрамя дзікага сабакі дынга). З птушак ёсць страус эму, казуары, чорны лебедзь, лірахвост, папугаі, райскія птушкі і інш. Шмат ядавітых змей, яшчарак, скарпіёнаў, ядавітых павукоў; у вадаёмах — аўстралійскія кракадзілы і чарапахі. Флора і фауна ахоўваецца ў нац. парках і запаведніках, найб. вядомыя: Маўнт-Бафала, Касцюшкі, Саўт-Уэст (в-аў Тасманія), Уілсанс-Проматары і інш.

Насельніцтва. Гл. ў арт. пра дзяржаву Аўстралія.

На тэр. Аўстраліі размешчана дзяржава Аўстралія.

Літ.:

Галай И.П., Жучкевич В.А., Рылюк Г.Я. Физическая география материков и океанов. Мн., 1988;

Страны и народы: Австралия и Океания. Антарктида. М., 1981;

Петров М.П. Пустыни земного шара. Л., 1973;

Кист А. Австралия и острова Тихого океана: Пер. с англ. М., 1980.

Г.​Я.​Рылюк.

т. 2, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНАЯ АМЕ́РЫКА,

мацярык у Зах. паўшар’і; разам з Паўднёвай Амерыкай утварае частку свету Амерыка. Пл. з астравамі 24,25 млн. км², без астравоў 20,36 млн. км². Паўн. пункт — мыс Мерчысан 71°50 паўн. ш., паўд. — мыс Мар’ята 7°12 паўн. ш., усх. — мыс Сент-Чарльз 55°40 зах. д., зах. — мыс Прынца Уэльскага 168° зах. д. Працягласць з Пн на Пд 6600 км, з У на З 4800 км. На Пд Цэнтральнай Амерыкі Панамскім перашыйкам злучана з Паўд. Амерыкай, абмываецца Карыбскім м. і Мексіканскім зал., на У — Атлантычным ак., на З — Ціхім ак., на Пн — морамі Паўн. Ледавітага акіяна; ад Азіі аддзяляецца Берынгавым пралівам. Буйнейшыя а-вы: Грэнландыя, Канадскі Арктычны архіпелаг, Ньюфаўндленд, Ванкувер. Да П.А. звычайна адносяць і Вест-Індыю з Вялікімі Антыльскімі а-вамі. Найб. паўастравы: Лабрадор, Фларыда, Юкатан, Каліфарнійскі, Аляска. Найб. парэзаны фіёрдавыя берагі Грэнландыі, усх. ч. Канадскага Арктычнага архіпелага, Ціхаакіянскага ўзбярэжжа Канады і паўд. Аляскі. Берагі Атлантычнага ак. абразійныя, бухтавыя, акумуляцыйныя. Мала парэзаныя берагі Ціхага ак. на Пд ад Канады. На З і Пн Аляскі характэрны акумуляцыйныя і дэльтавыя берагі. Асобныя залівы глыбока ўразаюцца ў сушу. Найбольшыя: Гудзонаў, Мексіканскі, Аляска, Каліфарнійскі, Св. Лаўрэнція.

Рэльеф. Сярэдняя вышыня П.А. над узр. м. 720 м. На мацерыку спалучаюцца ступеньчатыя і пластавыя раўніны, нізіны з эразійнымі пласкагор’ямі і сярэднягор’ямі, складкава-глыбавымі гарамі, пласкагор’ямі дэнудацыйнага тыпу і інш. На З Кардыльеры Паўночнай Амерыкі з г. Мак-Кінлі (6193 мнайвыш. пункт П.А.); на У Апалачы (выш. да 2037 м). У сярэдняй частцы мацерыка на Пн Лаўрэнційскае ўзвышша, нізіны Макензі і Гудзонава зал.; у цэнтры Цэнтральныя і Вялікія раўніны; на Пд Прымексіканская нізіна (да 200 м); на ўсх. узбярэжжы Прыатлантычная нізіна. Самы нізкі пункт -85 м (Даліна Смерці). На фарміраванне рэльефу на Пн уплывалі чацвярцічныя зледзяненні (ледавікі займалі каля 15,6 млн. км²), на Вялікіх раўнінах яры і лагчыны, рэльеф спадзіста-хвалісты. Горны рэльеф пераважае на Пд мацерыка — Мексіканскае нагор’е акаймавана хрыбтамі, горы цягнуцца ў Цэнтр. Амерыку. На З і Пд мацерыка вулканізм і значная сейсмічнасць.

Геалагічная будова. Аснова б.ч. мацерыка — Паўн.-Амерыканская платформа (утварылася ў дакембрыі 2,5—3 млрд. г. назад). Яна акаймавана складкавымі горнымі збудаваннямі каледонскага (ПнУ, Грэнландыя, Ньюфаўндленд, паўн. ч. Апалачаў), герцынскага (паўд. ч. Апалачаў і інш.) узростаў. Складкавыя структуры Кардыльераў меза-кайназойскага ўзросту, аформіліся ў невадыйскую (цэнтр. зона), ларамійскую (усх. зона) і альпійскую (ціхаакіянская зона) складкавасці. Дакембрыйскія метамарфізаваныя тоўшчы і гранітагнейсы, якія складаюць крышт. фундамент платформы, залягаюць на глыб. 3—4 км у вял. сінеклізах і прагінах. Яны запоўнены асадкавым чахлом пераважна ардовікска-каменнавугальнага і пермскага ўзростаў. На ПнУ, у Канадзе і Грэнландыі архейскія і раннепратэразойскія пароды сфарміравалі Канадскі шчыт.

Карысныя выкапні. Гал. металагенічныя правінцыі — Канадскі шчыт, Апалачы, Кардыльеры. Канадскі шчыт і Апалачы багатыя жалезам, меддзю, нікелем, золатам, плацінай, серабром. У Кардыльерах багатыя радовішчы золата, медзі, серабра, свінцу, вальфраму і інш. У ЗША і Мексіцы, на шэльфе Аляскі і Мексіканскага зал. выяўлена больш за 2 тыс. радовішчаў нафты. Вял. запасы кам. вугалю ў Апалачах (Ілінойскі і Пітсбургскі басейны) і Кардыльерах. Ёсць уранавая сыравіна, фасфарыты, сера, калійныя солі і інш.

Клімат. П.А. размешчана ва ўсіх кліматычных паясах Паўн. паўшар’я, за выключэннем экватарыяльнага. Ціхі ак. уплывае толькі на вузкую паласу ўзбярэжжа. З-за адсутнасці горных хрыбтоў шыротнага напрамку паўн. паветр. масы часам пранікаюць далёка на Пд, паўд. трапічныя — на Пн, Таму для П.А. характэрны рэзкія ваганні т-р паветра. Летам, калі цэнтр. ч. мацерыка моцна награецца і ўсталёўваецца вобласць паніжанага ціску, з Атлантычнага ак. і Мексіканскага зал. прыходзіць вільготнае цёплае паветра. Зімой над Канадай фарміруецца слабавыразная няўстойлівая вобласць высокага ціску з нізкімі т-рамі; халоднае паветра ахоплівае Канаду і значную ч. ЗША. Самыя халодныя месцы П.А. — в-аў Грэнландыя (у цэнтр. ч. ў студз. -46 °C, абс. мінімум -70 °C) і Пн Канады; самае гарачае — ПдЗ ЗША (Даліна Смерці, абс. максімум 56,7 °C).

Вылучаюць 6 кліматычных паясоў: арктычны займае паўн. ўзбярэжжа мацерыка, амаль увесь Канадскі Арктычны архіпелаг, б.ч. Грэнландыі (сярэдняя т-ра ліп. ніжэй за 5 °C, ападкаў 200—300 мм на З, да 1000 мм на У за год); субарктычны — паўд.-зах. ўзбярэжжа Грэнландыі, сярэднюю частку штата Аляска і паўн. тэр. Канады (сярэдняя т-ра ліп. 5—10 °C, ападкаў 300—1000 мм); умераны — Пд Канады і значную тэр. ЗША (т-ра ліп. 10—20 °C, студз. ад -24 да 5 °C, ападкаў ад 400—800 да 6000 мм); субтрапічны — Пд ЗША (т-ра ліп. 20—26 °C, студз. 10—15 °C, ападкаў менш за 250 мм на З і 1200—1400 мм на ПдУ); трапічны — Мексіку, Пн Цэнтр. Амерыкі, Вест-Індыю і Пд Фларыды (т-ра пастаянная, 18—26 °C, ападкаў ад 1500 мм на У да 100 мм на З); субэкватарыяльны — Пд Цэнтр. Амерыкі (т-ра больш за 20 °C, ападкаў 1000—3000 мм за год).

Гідраграфія. Каля 55% пл. мацерыка ў бас. Атлантычнага ак.; найб. рэкі Місісіпі з Місуры, Рыо-Грандэ, Св. Лаўрэнція, пераважна раўнінныя. 25% пл. належыць да бас. Ціхага ак.: Каларада, Калумбія, Фрэйзер, Юкан — горныя рэкі. Жыўленне снегавое і ледавіковае, падзенне стромкае, даліны глыбокія, шмат каньёнаў. У рэках Паўн. Ледавітага ак. (найб. Макензі, Нельсан, Чэрчыл) профіль нявыпрацаваны, цякуць праз шматлікія азёры, больш як палавіну года ўкрыты лёдам. У паўн. ч. мацерыка, якая трапіла пад абледзяненне, шмат азёр ледавікова-тэктанічнага паходжання. Найбольшыя: Вялікія азёры, Вялікае Мядзведжае возера, Вялікае Нявольніцкае возера, Вініпег, Атабаска, Манітоба. У Кардыльерах басейн Вялікага Салёнага возера не мае сцёку ў акіян. Ледавікі займаюць каля 2 млн. км², у т. л. 1,8 млн. км² на Грэнландыі, 150 тыс. км² на Канадскім Арктычным архіпелагу. Значныя горныя ледавікі ў Кардыльерах Аляскі і Канады.

Глебы і расліннасць. Асн. тыпы глеб і расліннага покрыва размешчаны занальна. На Пн Грэнландыі і Канадскага Арктычнага архіпелага арктычныя пустыні на грубых шкілетных глебах. На Пд архіпелага і паўн. узбярэжжы мацерыка тундравая расліннасць на балотных і тундрава-балотных глебах. Каля 30% пл. мацерыка займае лясная зона на дзярнова-падзолістых і бурых глебах, якая падзяляецца на падзону тайгі (елкі чорная і белая, лістоўніца амерыканская, піхта бальзамічная, хвоя Банкса, у зах. частцы — елка сітхінская, хвоя веймутава, піхта дугласава, туя гіганцкая, тсуга канадская), падзону мяшаных і лісцевых лясоў (клён, дуб, ясень, ліпа амерыканская, каштаны, букі і інш.). У субтрапічных лясах на бурых і жоўтых, мясцінамі на чырвоных глебах побач з лістападнымі пародамі трапляюцца вечназялёныя (цюльпанавае дрэва, магнолія, віргінскі ядловец). Унутр. частку мацерыка займаюць прэрыі на чарназёмных, каштанавых і буразёмных глебах. У сухіх раёнах паміж горнымі хрыбтамі Кардыльераў — пустыні і паўпустыні; расліннасць (кусцікі лебяды, палыну, кактусы, агавы) на шэразёмах. У найб. сухіх паўд. раёнах — фармацыі цвердалістых вечназялёных хмызняковых дубоў (чапараль). На ўсх. беразе Мексікі, у Цэнтр. Амерыцы і ў Вест-Індыі пераважаюць трапічныя лясы, на Мексіканскім нагор’і — сухія стэпы, паўпустыні з кактусамі, юкамі і агавамі.

Жывёльны свет. Тэр. П.А. ўваходзіць у 2 зоагеагр. вобласці: Галарктычную (амаль увесь мацярык да паўд. ч Мексікі) і Неатрапічную (цэнтральнаамерыканскую падвобласць). У зоне тундры — паўн. алень (карыбу), белы мядзведзь, аўцабык, палярныя зайцы, лемінгі, пясцы; на берагавых скалах «птушыныя кірмашы». У лясной зоне — амер. лось, алень-вапіці, бабёр, расамаха, янот-паласкун, ліс, воўк, куніца, вавёрка, скунс. У прэрыях бізон і антылопа-віларог (у запаведніках), каёт, тхор, суслікі, пацукі. У горных раёнах — мядзведзь грызлі, снежны баран, пума. На пустынна-стэпавых пласкагор’ях шматлікія паўзуны. На Пд Мексікі і ў Цэнтр. Амерыцы — малпы, чарапахі, у рэках алігатары.

Насельніцтва. У П.А. жыве каля 470 млн. чал. (1998). Сярэдняя шчыльнасць 19,3 чал. на 1 км², найбольшая на Бермудскіх а-вах — 1179, Барбадасе — 603, найменшая ў Грэнландыі — 0,03 і Канадзе — 3,1 чал. на 1 км². Пераважае гар. насельніцтва (Канада — 77%), ЗША — 76%, Мексіка — 74%). Карэнныя жыхары П.А. (належаць да асобнага адгалінавання мангалоіднай расы) — індзейцы, а таксама эскімосы і алеуты. З 16 ст. ў П.А. сталі перасяляцца іспанцы (Вест-Індыя, Мексіка, Цэнтр. Амерыка), з 17 ст. — французы, галандцы, англічане, ірландцы, немцы і інш., склаліся нацыі амерыканцаў, англа- і франка-канадцаў. Шмат выхадцаў з Еўропы (італьянцы, яўрэі, палякі, украінцы, выхадцы з Скандынаўскіх і Балканскіх краін, венгры і інш.) пераехала ў П.А. ў 19—20 ст.; у ЗША і Канадзе каля 20 тыс. беларусаў. На Пд ад ЗША жывуць народы метыснага паходжання (мексіканцы, гватэмальцы, гандурасцы, нікарагуанцы і інш., склаліся ад змяшання іспанцаў з індзейцамі). Індзейцаў засталося найбольш на Пд Мексікі і ў горных раёнах Гватэмалы. Нашчадкі афр. неграў-рабоў (адносяцца да негроіднай расы) і мулаты (еўрапеоідна-негрыцянскага паходжання) — асн. насельніцтва Гаіці, Ямайкі, інш. краін Вест-Індыі, значная доля насельніцтва ЗША. Большасць насельніцтва П.А. належыць да еўрапеоіднай расы, гаворыць на індаеўрапейскіх мовах, найбольш германскай (англійская мова) і раманскай (іспанская мова) груп. Некат. групы нядаўніх імігрантаў гавораць на інш. мовах. Каля 60% вернікаў належаць да шматлікіх пратэстанцкіх цэркваў і сектаў (пераважна ў ЗША і Канадзе); больш за 30% — католікі (пераважна Мексіка і інш. іспанамоўныя краіны). Ёсць мусульмане, іудаісты, будысты, праваслаўныя, канфуцыянцы, сінтаісты, прадстаўнікі новых рэлігій і сектаў. Гл. таксама Народы Амерыкі, Мовы свету.

Палітычны падзел. На тэр. мацерыка і а-вах Вест-Індыі размешчаны 23 дзяржавы. На мацерыку з Пн на Пд знаходзяцца Канада, ЗША, Мексіка, Беліз, Гватэмала, Гандурас, Сальвадор, Нікарагуа, Коста-Рыка, Панама. Астраўныя дзяржавы: Багамскія Астравы, Куба, Гаіці, Дамініканская Рэспубліка, Ямайка, Сент-Кітс і Невіс, Антыгуа і Барбуда, Дамініка, Сент-Люсія, Барбадас, Сент-Вінсент і Грэнадзіны, Грэнада, Трынідад і Табага. 14 тэрыторый з’яўляюцца ўладаннямі: Грэнландыя, Сен-П’ер і Мікелон, Бермудскія а-вы, Церкс і Кайкас, Кайман а-вы, Пуэрта-Рыка, Віргінскія а-вы (брыт.), Віргінскія а-вы (ЗША), Ангілья, Мантсерат, Гвадэлупа, Марцініка, Аруба, Нідэрландскія Антыльскія а-вы. Пра дзяржавы і ўладанні гл. адпаведныя артыкулы.

А.​Я.​Яротаў.

Да арт. Паўночная Амерыка. Пустыня на ўсходзе штата Арызона.
Да арт. Паўночная Амерыка. На водападзеле паміж Ціхім акіянам і Мексіканскім залівам.
Да арт. Паўночная Амерыка. Бурыя мядзведзі на Алясцы.
Да арт. Паўночная Амерыка. Схілы гор Сьера-Невада.
Да арт. Паўночная Амерыка. Частка Ніягарскага вадаспаду і горад Ніягара-Фолс (ЗША).

т. 12, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ФРЫКА,

другі па велічыні пасля Еўразіі мацярык, частка свету. Пл. 29,2 млн. км², з астравамі 30,3 млн. км². Размешчана ва Усх. паўшар’і, амаль пасярэдзіне перасякаецца экватарам. Крайнія пункты: на Пн мыс Эль-Аб’яд, 37°20 паўн. ш.; на Пд мыс Ігольны (Агульяс), 34°52 паўд. ш.; на З мыс Альмады, 17°32 зах. д.; на У мыс Хафун, 51°23 усх. д. Афрыка працягнулася з Пн на Пд амаль на 8000 км, з З на У на 3100 км у паўд. і да 7500 км у паўн. частках. Злучана з Азіяй вузкім (112 км) Суэцкім перашыйкам, ад Еўропы аддзяляецца Міжземным морам і Гібралтарскім пралівам. На З абмываецца Атлантычным ак., на У — Індыйскім ак. і Чырвоным морам. Берагі пераважна прамалінейныя, абразійныя, стромкія, з вузкай палоскай прыбярэжных нізін, у трапічных шыротах месцамі з каралавымі рыфамі. Зручных бухтаў мала, вял. залівы Гвінейскі на З і Сідра (Вял. Сірт) на Пн, у Міжземным моры. Найб. п-аў Самалі (Афрыканскі Рог). Да Афрыкі як часткі свету належаць астравы (агульная пл. 1,1 млн. км²): на У Мадагаскар, Каморскія, Маскарэнскія, Аміранцкія, Сейшэльскія, Альдабра, Пемба, Мафія, Занзібар, Сакотра; на З Мадэйра, Канарскія, Зялёнага Мыса, Анабон, Сан-Таме, Прынсіпі, Біёка (б. Фернанда-По), аддаленыя ў Атлантычным ак. а-вы Ушэсця, Св. Алены, Трыстан-да-Кунья і інш.

Рэльеф. У рэльефе Афрыкі спалучаюцца ступеньчатыя раўніны, плато, пласкагор’і і нагор’і са шматлікімі астанцовымі вяршынямі, лававым покрывам і вулканамі. Паводле вышыні паверхні над узр. м. (сярэдняя 750 м) Афрыка падзяляецца на паўн.-зах. Нізкую Афрыку і паўд.-ўсх. Высокую Афрыку. На б. ч. Нізкай Афрыкі размешчаны раўніны і плато Сахары, сярод якіх узвышаюцца нагор’і Ахагар (г. Тахат, 3003 м) і Тыбесты (вулкан Эмі-Кусі, 3415 м), і Судана — плато і пласкагор’і Аір (2022 м), Энеды (1450), Дарфур (3088 м) і інш. На ПнЗ Атласкія горы (г. Тубкаль, 4165 м). Над берагам Гвінейскага зал. ўзнімаецца Паўн.-Гвінейскае узв. (г. Бінтымані, 1948 м). На Пд Нізкая Афрыка — упадзіна Конга, што аддзяляецца ад Атлантычнага ак. Паўд.-Гвінейскім узв. (1500—2000 м). Да Высокай Афрыкі належыць Эфіопскае нагор’е (г. Рас-Дашэн, 4623 м), якое на У абрываецца да самай нізкай у Афрыцы ўпадзіны Афар (-153 м), і Усх.-Афрыканскае пласкагор’е з вулканічнымі конусамі (Кіліманджара, 5895 м — найвышэйшы пункт Афрыкі). На Пд Афрыкі знаходзіцца раўніна Калахары (выш. 900—1000 м). Яе акружаюць на У і ПнУ плато і нагор’і Матабеле і Велд, на Пд Верхняе Кару (горы Сніўберге, 2505 м), на З Намакваленд, Дамараленд, Каока. На У павышаны рэльеф вакол Калахары стромка абрываецца да Індыйскага ак., дзе Драконавы горы і нагор’е Басута з найвышэйшым пунктам на Пд Афрыкі г. Тхабана-Нтленьяна (3482 м) утвараюць Вял. Уступ, на Пд — да ўпадзіны Вял. Кару, на З — да Атлантычнага ак. (хр. Сера-да-Шэла). На крайнім Пд мацерыка ўзвышаюцца Капскія горы (2326 м). Рэльеф, падобны да Паўд. Афрыкі, мае в-аў Мадагаскар. Усходнюю ч. Афрыкі з Пн на Пд перасякае Усходне-Афрыканская рыфтавая сістэма з глыбокімі вузкімі ўпадзінамі, занятымі азёрамі, глыбавымі гарамі і вулканічнымі масівамі з патухлымі і дзеючымі вулканамі.

Геалагічная будова. Амаль усю тэр. Афрыкі займае стараж. Афрыканская платформа (Афрыкана-Аравійская).

Дакембрыйскія метамарфічныя тоўшчы і граніты, што складаюць фундамент платформы, залягаюць на глыб. 8—10 км у вялізных тэктанічных упадзінах і прагінах, якія запоўнены асадкавымі пародамі платформавага чахла (да гэтых структур часта прымеркаваны раўніны і плато). У шчытах і масівах крышт. фундамент выходзіць на паверхню (нагор’і Ахагар і Тыбесты, Паўн.-Гвінейскае узв., хрыбет Этбай на беразе Чырвонага м., плато Дарфур і інш.). У палеазоі на Пд Афрыкі развівалася мацерыковае зледзяненне (на фоне тэктанічнага падняцця), у мезазоі — базальтавы вулканізм з утварэннем лававых покрываў (трапаў). У сярэдзіне кайназою зноў пачалося падняцце паверхні, асабліва інтэнсіўнае на У Афрыкі, што прывяло да расколу платформы і ўтварэння ў міяцэне Усх.-Афрыканскай рыфтавай сістэмы, якая працягнулася больш чым на 6000 км ад паўн. ускраіны Чырвонага м да р. Замбезі. Рыфтагенез суправаджаўся базальтавым і шчолачным вулканізмам, у пліяцэне ўзніклі вулканы Кіліманджара, Кенія (5199 м), Меру (4567 м) і інш. На Пд да платформы прылягаюць складкава-глыбавыя структуры Капскіх гор (герцынскай складкавасці), на ПнЗ — складкавая сістэма Атласкіх гор (герцынскай і альпійскай складкавасці). У антрапагене Афрыка аддзялілася ад Еўропы. Мацерыковае зледзяненне плейстацэну выявілася эпохамі ўвільгатнення ў Сахары і інш. пустынях (плювіяльныя эпохі, ад якіх засталіся уэды, высахлыя азёры і інш.).

Карысныя выкапні. У Афрыцы вядомы радовішчы амаль усіх відаў карысных выкапняў. Яна займае 1-е месца сярод іншых мацерыкоў па запасах марганцавых рудаў, храмітаў, баксітаў, золата, плаціноідаў, кобальту, ванадыю, алмазаў, фасфарытаў, флюарыту, 2-е — па запасах медных рудаў, урану, сурмы, берылію, азбесту, графіту, 3-е — па запасах нафты, прыроднага газу, ртуці, жал. руды; ёсць значныя запасы рудаў тытану, нікелю, вісмуту, літыю, танталу, ніобію, волава, вальфраму, а таксама каменнага вугалю, каштоўных камянёў і інш.

Клімат. Афрыка — самы гарачы мацярык (сумарная сонечная радыяцыя 180—200 ккал/см² за год) з пераважна кантынентальным кліматам (рэзкія ваганні сутачных тэмператур і сухасці). Асн. працэс агульнай цыркуляцыі атмасферы над Афрыкай — перанос да экватара трапічнага паветра пасатамі. Т-ры паветра ў Паўн. і Паўд. паўшар’ях мала адрозніваюцца, а характар і велічыня ападкаў на працягу года вельмі зменлівыя, на б.ч. тэрыторыі адзначаецца недахоп вільгаці, вылучаюцца сухі і вільготны сезоны.

У поясе экватарыяльнага клімату паміж 2° паўд. і 8° паўн. ш. сума ападкаў за год перавышае 1000 мм, у самым вільготным месцы Афрыкі на зах. схілах масіву Камерун, у Дэбунджы, дасягае больш за 9000 мм. Тэмпературы на працягу года 25—28 °C (удзень блізкія да 30 °C, уначы каля 20 °C). Паясы субэкватарыяльнага клімату (экватарыяльных мусонаў) распрасціраюцца да 19° паўн. і 16° паўд. ш. Выпадае ад 250—300 да 500—1800 мм ападкаў (2 сезоны дажджоў). Тэмпература на працягу года вагаецца ад 26—31 °C да 14—18 °C на Пн ад экватара, на Пд складае 20—27 °C. Далей, да 30° паўн. і 30° паўд. ш., размяшчаюцца паясы трапічнага клімату, дзе выпадае менш за 100 мм, ва Усх. Сахары 10—20 мм ападкаў за год (у г. Асуан дажджы выпадаюць не кожны год). У тропіках Паўн. паўшар’я самыя высокія т-ры ў Афрыцы — у ліп. месцамі да 38 °C, макс. 57,8 °C адзначана ў Эль-Азізіі (Лівія). Назіраюцца значныя месячныя і сутачныя ваганні т-ры (да 20 °C). Паўн. і паўд. ўскраіны мацерыка знаходзяцца ў паясах субтрапічнага клімату, дзе ападкі (ад 100—250 мм на У да 500—1000 мм за год на З) выпадаюць зімой, т-ры летніх месяцаў 20—25 °C, зімовых 10—15 °C, у гарах Атлас выпадае снег, т-ры могуць зніжацца да -6, -8 °C.

Унутраныя воды. Гідраэнергетычны патэнцыял Афрыкі складае больш за 20% ад сусветнага, па запасах гідраэнергіі яна займае 2-е месца пасля Азіі. У Афрыцы цячэ самая доўгая рака свету — Ніл (6671 км), самая паўнаводная рака Усх. паўшар’я — Конга, тут знаходзяцца 2-е па глыбіні (пасля Байкала) возера Зямлі — Танганьіка (1470 м) і 2-е па плошчы (пасля воз. Верхняе ў Паўн. Амерыцы) воз. Вікторыя (68 тыс. км²).

Найб. густая рачная сетка ў цэнтр. і зах. ч. прыэкватарыяльнай Афрыкі, у пустынях рэкі з пастаянным цячэннем адсутнічаюць (акрамя транзітных, як Ніл). У Атлантычны ак., басейн якога ахоплівае 50% тэр. мацерыка, упадаюць Конга (4320 км), Нігер, Сенегал, Гамбія, Аранжавая і інш., у Міжземнае мора — Ніл. Да бас. Індыйскага ак. (18,5% тэр.) належыць Замбезі (2660 км), Лімпопа, Рувума, Руфіджы, Джуба, Тугела і рэкі Мадагаскара. Ступеньчаты рэльеф спрыяе ўтварэнню парогаў і вадаспадаў. Самы вялікі вадаспад Вікторыя на р. Замбезі (выш. 120 м, шыр. 1800 м), самы высокі каскад вадаспадаў Тугела (933 м) на р. Тугела ў Драконавых гарах. Жыўленне рэк пераважна дажджавое, у пустынях і паўпустынях — грунтавое. Шматгадовы снег на некаторых вяршынях Усх. Афрыкі і сезонны на ПнЗ Атласкіх гор істотнага ўплыву на водны рэжым рэк не мае. У Афрыцы шмат азёраў, многія ў катлавінах тэктанічнага паходжання (у рыфтах Усх. Афрыкі): Танганьіка, Мабуту-Сесе-Сека (б. Альберт), Іды-Амін-Дада (б. Эдуард), Ківу, Туркана (б. Рудольф), Малаві (Ньяса) і інш. Воз. Вікторыя займае спадзістае тэктанічнае паніжэнне за межамі зоны разломаў. Ва ўнутр. бяссцёкавых абласцях азёры найчасцей салёныя, са зменлівымі ўзроўнем і плошчай, некаторыя перасыхаюць у сухі сезон, найб. сярод іх воз. Чад (пл. 10—26 тыс. км², глыб. 2 м). У Афрыцы створана шмат вадасховішчаў для арашэння і энергет. забеспячэння, найб. Вольта, Насэр і інш.

Глебы і расліннасць. У Афрыцы лясы і рэдкалессі займаюць каля 27%, саванны — 33%, пустыні і паўпустыні — 40% тэрыторыі. На мацерыку добра выяўляецца занальнасць глебавага і расліннага покрыва. Экватарыяльныя і трапічныя пастаянна вільготныя вечназялёныя і мяшаныя лясы (гілея) займаюць узбярэжжа Гвінейскага зал. і ўпадзіну Конга паміж 7° паўн. і 5° паўд. ш., дзе пашыраны чырвона-жоўтыя фералітавыя глебы. Лясы густыя, шмат’ярусныя, з ліянамі і эпіфітамі, багатыя на віды: 3000 відаў дрэў (40 з іх маюць каштоўную драўніну — эбенавае, сандалавае, чырвонае і інш.). Далей на Пн і Пд, дзе 2—3 месяцы засушлівы перыяд, распасціраюцца пераменна-вільготныя мяшаныя, часткова лістападныя трапічныя лясы (капалавае дрэва, хларафора высокая і інш.). Да гэтых лясоў прымыкае велізарная зона саваннаў, якая цягнецца да 18—19° паўн. ш., у паўд. Афрыцы — на Пд ад тропіка, на У — да Індыйскага ак. Вільготная высакатраўная саванна (гвінейская) — з участкамі трапічных лясоў, рэдкастойнымі масівамі акацый, баўгіній, баабабамі і слановымі травамі (4—5 м вышынёй) і інш. Нізкатраўная (тыповая, суданская) саванна развіта на чырв. і чырв.-карычневых фералітавых глебах, мае суцэльнае покрыва злакавых траў (барадач, тэмеда, гіпарэнія), паасобныя баабабы і дрэвы з парасонападобнай кронай (акацыі, паркія, пальма дум). Сухая, апустыненая саванна (сахельская) развітая ў сахелі і паўпустыні Калахары. Травяное покрыва з геафітаў (пераважна лілейных) і дзярністых злакаў. Рэдкія акацыі. Глебы чырв. і чырв.-бурыя, на значных плошчах пашкоджаны пры выпасе свойскай жывёлы і ператварыліся ў рухомыя пяскі. Найб. урадлівыя і асвоеныя ў саваннах цёмна-чырв. фералітавыя глебы на выхадах на паверхню базальтаў ва Усх. Афрыцы. За саваннамі, далей ад экватара, цягнецца зона пустыняў і паўпустыняў: у Паўн. паўшар’і Сахара — найбольшая трапічная пустыня свету, у Паўд. паўшар’і Наміб і Кару. У Сахары рэдкая ксерафільная расліннасць, глебы пустынныя слабаразвітыя: камяністыя (адпавядаюць тыпу пустыняў хамады), пяскі і пясчаныя (эргі), жвірова-галечнікавыя (рэгі), на якіх трапляюцца саланчакі (себхі). У пустыні Наміб пераважна сукулентная расліннасць, у т. л. вельвічыя, лілейныя і інш., пясчаныя і камяністыя пустынныя глебы. Паўпустыні Афрыкі злакава-хмызняковыя, з характэрным кавылём альфа. У Атласкіх гарах і на нізінным паўн. узбярэжжы пашырана міжземнаморская расліннасць з субтрапічных вечназялёных цвердалістых і лістападных лясоў (кіпарысы, алівы, міндаль, ліванскі кедр, коркавы дуб, розныя хвоі). Развіты таксама другасныя хмызняковыя і палынна-злакавыя асацыяцыі (тыпу фрыгана, маквіс, гарыга). Пераважаюць шэра-карычневыя, карычневыя, чырвона-бурыя апустыненыя і бурыя лясныя глебы; высокай урадлівасцю вылучаюцца алювіяльныя глебы ў даліне Ніла. На крайнім Пд Афрыкі субтрапічная расліннасць сфарміравана з больш старажытных, чым на Пн, фларыстычных элементаў (нагаплоднік, дрэвападобная папараць і інш.) на жаўтазёмах, карычневых і горных бурых лясных глебах. На большай частцы Афрыкі глебы малаўрадлівыя, выкарыстоўваецца толькі ​1/5 зямель, прыдатных для ворыва.

Жывёльны свет Афрыкі багаты і разнастайны. Захаваліся прадстаўнікі стараж. мацерыковых фаун з канца мезазою, якія з’яўляюцца эндэмікамі або агульнымі з фаунамі Паўд. Амерыкі, Паўд. Азіі, Аўстраліі. Афрыка ўваходзіць у Галарктычную фауністычную вобласць Арктагеі (Пн мацерыка з Сахарай), Эфіопскую і Мадагаскарскую вобласці Палеагеі. У афр. частцы Галарктычнай вобласці характэрныя лань, дзік, падвіды высакароднага аленя, бурага мядзведзя і ліса, леапард, звычайная генета, егіпецкі мангуст, грабеньчаты дзікабраз і інш. У Сахары і паўпустынях жывуць антылопа лірарогі буйвал, газелі, леў, гепард, каракал, аксамітны і дзікі каты, ліс фенек, паласатая і плямістая гіены, мноства тушканчыкаў, пясчанак і інш. Сярод птушак пустынны жаваранак, дрофы, рабкі і інш. У Паўн. Афрыцы зімуюць шматлікія пералётныя птушкі, сярод іх каля 17 відаў з Беларусі (гл. ў арт. Вырай). Шматлікія паўзуны (гадзюкі Авіцэны і рагатая, гюрза і інш.), з беспазваночных — павукападобныя, саранча. У Эфіопскай вобласці жывуць своеасаблівыя статкавыя капытныя — блакітны гну, зебры, газелі Томпсана і Гранта; шматлікія даманы (блізкія да сланоў малыя жывёлы), бегемот, трубказубы, афрыканскі слон, малпы гамадрыл і бабуін; з драпежных — леў, леапард, гепард, гіенавы сабака, каракал, шакал; сярод птушак — афрыканскі страус, цацаркі, птушка сакратар і інш. У экватарыяльных і трапічных лясах водзяцца кутасавухая свіння, вадзяны алянёк, акапі, гарыла, шымпанзе, дзікабразы, дрэвавыя даманы, з птушак — турака, птушкі-насарогі, папугаі, з паўзуноў — геконы, хамелеоны, дрэвавыя змеі, кракадзілы, з беспазваночных — тэрміты (каля 500 відаў), тараканы і інш. Астраўная фауна Мадагаскарскай вобласці адметная — гэта лясная фауна, у якой пануюць лемуры, ёсць тэнрэкі, вівера фоса, мадагаскарскія пастушкі, чырванадзюбыя попаўзні, чарапахі. Для аховы жывёльнага свету ў Афрыцы арганізавана больш за 150 заказнікаў і нац. паркаў.

Прыроднае раянаванне Афрыкі адлюстроўвае геагр. занальнасць. Вылучаюцца: экватарыяльны пояс (без падзелу на прыродныя краіны); субэкватарыяльны пояс з краінамі Судан, Паўн.-Гвінейскае узв., Эфіопскае нагор’е і п-аў Самалі, Усх. Афрыка, упадзіна Конга; трапічны пояс з краінай Сахара і часткай краіны Паўд. Афрыкі; субтрапічны пояс з краінай Атлас на Пн і часткай краіны Паўд. Афрыка (Капскія горы і паўд.-ўсх. ўскраіна мацерыка). Афрыку таксама падзяляюць на прыродныя вобласці: Паўн. Афлрыка, Зах. Афрыка, Цэнтр. Афрыка, Усх. Афрыка і Паўд. Афрыка.

Насельніцтва. У Афрыцы жыве больш за 700 млн. чал. (1994) — больш за 12% насельніцтва Зямлі. Шчыльн. ад 0,3 да 200, у даліне Ніла больш за 1000 чал. На 1 км². Этнічны склад вельмі стракаты. Афрыку насяляюць некалькі соцень вялікіх і малых этнасаў, 107 з іх налічваюць больш за 1 млн. чал. кожны, а 24 — больш за 5 млн. (самыя шматлікія: егіпецкія арабы, хаўса, йоруба, алжырскія і мараканскія арабы, фульбе, ігба, амхара, арома, суданскія арабы). Найб. пашырана арабская мова, на Пд ад Сахары — мовы банту. Народы Афрыкі належаць да некалькіх рас: інда-міжземнаморскай, негра-аўстралійскай (уключае негрскую, негрыльскую і бушменскую малыя расы), эфіопскай і інш. Па веравызнанні ў многіх краінах на Пн ад экватара (Алжыр, Марока, Егіпет, Судан, Лівія, Сенегал, Самалі, Нігер, Чад і інш.) пераважаюць прыхільнікі ісламу суніцкага кірунку. Хрысціяне (католікі і пратэстанты) складаюць ½ насельніцтва ПАР, Намібіі, Лесота, Бурундзі, Габона. Найб. старажытная канфесія ў Афрыцы — манафісіцкая царква (пераважна народа амхара ў Эфіопіі). Ёсць прыхільнікі хрысціянска-афрыканскіх цэркваў, індуізму і іудаізму. У некаторых краінах Пд ад Сахары захаваліся мясцовыя традыц. вераванні. Гл. таксама Народы Афрыкі.

Палітычны падзел. У межах Афрыкі размешчаны дзяржавы: Алжыр, Ангола, Батсвана, Бенін, Буркіна-Фасо, Бурундзі, Габон, Гамбія, Гана, Гвінея, Гвінея-Бісау, Джыбуці, Егіпет, Заір, Замбія, Зах. Сахара, Зімбабве, Кабо-Вердэ, Камерун, Каморскія Астравы, Кенія, Конга, Кот-д’Івуар, Лесота, Ліберыя, Лівія, Мадагаскар, Мазамбік, Малаві, Малі, Марока, Маўрыкій, Маўрытанія, Намібія, Нігер, Нігерыя, Паўд.-Афрыканская Рэспубліка (ПАР), Руанда, Самалі, Сан-Таме і Прынсіпі, Свазіленд, Сейшэльскія Астравы, Сенегал, Судан, Сьера-Леоне, Танзанія, Тога, Туніс, Уганда, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка (ЦАР), Чад, Экватарыяльная Гвінея, Эрытрэя, Эфіопія (пра кожную краіну гл. асобны артыкул). Некаторыя астравы належаць краінам Еўропы: Канарскія Іспаніі; Мадэйра Партугаліі; а-вы Святой Алены, Ушэсця і Трыстан-да-Кунья ўладанне Вялікабрытаніі; в-аў Рэюньён у групе Маскарэнскіх а-воў — замежны дэпартамент Францыі. Гарады Сеута і Мелілья на Міжземнаморскім узбярэжжы Марока знаходзяцца пад кіраваннем Іспаніі.

Літ.:

Африка: Энцикл. справ Т. 1—2. М., 1986—87;

Галай Н.П., Жучкевич В.А., Рылюк Г.Я. Физическая география материков и океанов. Мн., 1988;

Страны и народы: Африка. [Кн. 1—3]. М., 1979—82.

Г.​Я.​Рылюк.

Да арт. Афрыка. Субальпійскі ландшафт гор Усходняй Афрыкі.
Да арт. Афрыка. Дарога ў саванне.
Да арт. Афрыка. У афрыканскай саванне.
Да арт. Афрыка. Горныя лясы Уганды.

т. 2, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́КСІКА (México, Méjico),

Мексіканскія Злучаныя Штаты (Estados Unidos Mexicanos), дзяржава на Пд Паўн. Амерыкі. Мяжуе на Пн з ЗША, на ПдУ з Гватэмалай і Белізам. На З абмываецца Ціхім ак. (на значным працягу Каліфарнійскім зал.), на У — Карыбскім м. і Мексіканскім зал. Атлантычнага ак. Пл. 1958,2 тыс. км². Нас. 98,6 млн. чал. (1998). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г. Мехіка. Падзяляецца на 31 штат і сталічную Федэральную акругу. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (16 вер.).

Дзяржаўны лад. М. — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1917 (са зменамі і дапаўненнямі). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 6 гадоў без права перавыбрання. Прэзідэнт назначае членаў урада і звальняе іх, назначае ген. пракурора і губернатара федэральнага раёна, прадстаўнікоў дыпламат. прадстаўніцтваў і вышэйшых афіцэраў арміі. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму Нац. кангрэсу, што выбіраецца па сістэме прапарцыянальнага прадстаўніцтва: сенат — 128 сенатараў, якія выбіраюцца на 6 гадоў (палавіна складу сената выбіраецца кожныя 3 гады), палата дэпутатаў — 500 дэпутатаў, што выбіраюцца на 3 гады. Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду, які падсправаздачны яму. Кожны штат мае сваю канстытуцыю і заканад. органы.

Прырода. М. размешчана ў паўд. ч. Кардыльер Паўн. Амерыкі. Большую ч. тэр. М. займае Мексіканскае нагор’е (пераважныя выш. 1000—2000 м, на Пд у Папярочнай Вулканічнай Сьеры дзеючыя вулканы Арысаба — 5700 м, Папакатэпетль — 5452 м і інш.). На Пд ад р. Бальсас — Паўд. Сьера-Мадрэ (выш. да 3703 м). На Пд і ПдУ ад перашыйка Тэўантэпек — хрыбты Сьера-Мадрэдэ-Ч’япас і вулканічны масіў Ч’япас. Уздоўж берагоў нізіны і раўніны. П-аў Каліфорнію займаюць невысокія горныя масівы, п-аў Юкатан раўнінны, развіты карст. Бываюць землетрасенні і вывяржэнні вулканаў, асабліва на Пд. У М. шмат карысных выкапняў: нафта, прыродны газ, свінцова-цынкавыя, медныя, сярэбраныя, ртутныя, сурмяныя, кадміевыя, алавяныя, вальфрамавыя, залатыя руды. Ёсць радовішчы каменнага вугалю, самароднай серы, плавікавага шпату, графіту і інш. Клімат на б.ч. краіны трапічны, на Пн субтрапічны. Сярэдняя т-ра студз. ад 10 °C на ПнЗ да 25 °C на Пд, ліп. ад 15 °C на ўзвышаных раўнінных частках нагор’я да 30 °C на беразе Каліфарнійскага зал. У гарах кліматычная вышынная пояснасць. Гадавая колькасць ападкаў ад 100—200 мм на Пн да 2000—3000 мм на паўд. наветраных схілах. Амаль палавіна тэр. М. на Пн мае недастатковае ўвільгатненне. Рачная сетка на ПдУ густая, на ПнЗ вельмі рэдкая. Найб. рэкі: Рыо-Брава-дэль-Нортэ (Рыо-Грандэ, на мяжы з ЗША), Бальсас, Рыо-Грандэ-дэ-Сант’яга, прывусцевы ўчастак р. Каларада і інш. Гідраэнергапатэнцыял рэк — каля 80 млн. кВт. Расліннасць вельмі разнастайная, лясы займаюць 29%. На Пн — пустыні і паўпустыні з ксерафільнай флорай (кактусы, агавы, юка), на Пд нагор’я і прылеглых берагавых нізінах — саванны (злакавае покрыва і калючыя хмызнякі). У гарах на Пн лісцевыя і мяшаныя лясы (дуб, граб, ліпа, хвоя, піхта). На Пд трапічныя лясы, на ўсх. схілах — вільготныя, вечназялёныя, на зах. схілах — сухія пераважна хваёвыя; каля падножжа гор лістападныя лясы з каштоўнымі відамі дрэў. Жывёльны свет пустынь і паўпустынь прадстаўлены грызунамі, у горных лясах водзяцца чорны мядзведзь, янот-паласкун, чырвоная рысь, пума, у саваннах — дрэвавы дзікабраз, мурашкаед, у трапічных лясах на Пд — малпы, тапір, ягуар. Нац. паркі: Кумбрэс-дэ-Мантэрэй, Сьера-дэ-Сан-Педра-Мартыр, Каньён-дэль-Рыо-Бланка, Невададэ-Талука, Ла-Малінчэ і інш. Біясферны запаведнік Сіян-Каан на п-ве Юкатан і запаведнік кітоў Эль-Віскайна занесены ЮНЕСКА у спіс Сусв. спадчыны.

Насельніцтва. Больш за 80% складаюць мексіканцы — нацыя, якая ўтварылася ад змяшання індзейцаў з іспанцамі. Карэнныя індзейскія народы (ацтэкі, майя, цэльталі, цацылі, хуастэкі, татанакі, міхе, атомі, міштэкі, масахуа, масатэкі, чынантэкі, тараскі і інш.) жывуць пераважна ў цэнтр. і паўд. раёнах.

Жывуць таксама выхадцы з Еўропы (іспанцы, баскі, немцы, французы, італьянцы і інш.), ураджэнцы розных краін Амерыкі, яўрэі, кітайцы, японцы і інш. Іспана-індзейскія метысы складаюць 75% насельніцтва, індзейцы — 9%, нашчадкі еўрапейцаў — 15%, інш. — 1%. Вернікі пераважна католікі (89,7%). Сярэднегадавы прырост каля 2%. Сярэдняя шчыльн. 50,4 чал. на 1 км², найб. (да 500 чал. на 1 км²) — у міжгорных катлавінах Цэнтр. і Паўд. М. У гарадах жыве 74% (1998), у т. л. ў буйных гарадах (больш за 700 тыс. ж. у кожным) — 33%. Характэрная рыса — гіпертрафіраванае развіццё сталічнай і некалькіх інш. агламерацый (млн. ж., 1995): Мехіка — 20,2, Гвадалахара — 3,43, Мантэрэй — 1,1, Пуэбла — 1, Леон — 0,9, Сьюдад-Хуарэс — 0,8. У сельскай гаспадарцы занята 28% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 24%, у сферы паслуг — 48%.

Гісторыя. Чалавек на тэр. М. пачаў рассяляцца каля 20—15 тыс. г. да н.э. З 8-га тыс. да н.э. пачаўся пераход ад палявання і збіральніцтва да земляробства. Аснову харчавання народаў Цэнтр. Амерыкі ў 8—2-м тыс. да н.э. складалі зерне злакаў, бабовыя, кабачкі і гарбузы. Адной з найстаражытнейшых у Амерыцы (на тэр. сучасных мекс. штатаў Табаска і Веракрус) была цывілізацыя альмекаў, росквіт якой адносіцца да 1500—600 да н.э. Многія вучоныя лічаць, што альмекская цывілізацыя стала крыніцай, з якой наступныя цэнтр.-амер. цывілізацыі запазычылі элементы вераванняў, традыцый і архітэктуры. У 1-м тыс. н.э. важным культ., адм. і эканам. цэнтрам Цэнтр. Амерыкі быў г. Тэатыўакан у цэнтры М. У сярэдзіне 7 ст. ён быў разбураны ў выніку заваявання або прыроднай катастрофы. Каля 500 н.э. на тэр. сучаснага штата Аахака ўзнікла цывілізацыя плямён сапатэкаў. Фрагменты створанай імі іерагліфічнай пісьменнасці захаваліся на руінах храмаў і дамоў іх сталіцы. На мяжы 1-га тыс. да н.э. і 1-га тыс. н.э. на тэр. паўд. М., Гватэмалы, Гандураса і Беліза склалася унікальная цывілізацыя плямён майя, росквіт якой прыпадаў на 250—900 н.э. Па нявысветленых прычынах каля 900 асн. цэнтры майя абязлюдзелі і ч. насельніцтва перасялілася на п-аў Юкатан, дзе культура майя развівалася да заваявання М. іспанцамі ў 16 ст. У 8—9 ст. н.э. ў цэнтр. М. склалася дзяржава тальтэкаў. У 10 ст. яны праніклі на Юкатан і ў горную Гватэмалу, дзе падначалілі асобныя групы майя. У 2-й пал. 12 ст. нашэсце. з Пн ваяўнічых плямён, сярод якіх былі і ацтэкі, паклала канец панаванню тальтэкаў у М. У 1325 ацтэкі заснавалі ў цэнтр. М. г. Тэначтытлан. У пач. 16 ст. іх імперыя ахоплівала тэр. плошчай каля 200 тыс. км² з нас. 5—6 млн. чал., але была нетрывалай.

У 1517 ісп. канкістадоры пад кіраўніцтвам Ф.​Кордавы дасягнулі мекс. ўзбярэжжа ў раёне Юкатана, але ў сутычцы з майя панеслі значныя страты. У 1519 губернатар Кубы Д.​Веласкес накіраваў для заваявання М. атрад Э.Картэса. Ацтэкі на чале з Куаўтэмакам упарта супраціўляліся, аднак іспанцы пры дапамозе паўстаўшых супраць ацтэкаў плямён пасля 3-месячнай аблогі 15.8.1521 захапілі і разбурылі Тэначтытлан, на яго месцы заснавалі горад Мехіка, які стаў адм. цэнтрам віцэ-каралеўства Новая Іспанія. Да канца 16 ст. іспанцы ў асн. завяршылі заваяванне М. Каталіцкія місіянеры, што прыйшлі разам з канкістадорамі. распачалі хрысціянізацыю індзейцаў. Большасць карэннага насельніцтва была пазбаўлена амаль усіх сваіх зямель і апынулася ў поўнай залежнасці ад калан. улад, землеўладальнікаў-іспанцаў і каталіцкай царквы. Індзейцы адбывалі працоўную павіннасць і плацілі падушны падатак, былі прымацаваны да буйных маёнткаў — асьендаў і з цягам часу ператварыліся ў спадчынных даўгавых нявольнікаў — пеонаў. У сувязі з недахопам рабочых рук, выкліканым вял. смяротнасцю сярод індзейцаў з-за эпідэмій і жорсткага абыходжання іспанцаў, у М. пачалі ўвозіць неграў-нявольнікаў з Афрыкі. Адбывалася змяшэнне еўрап., індзейскага, афр. насельніцтва і ўтварэнне новых этн, груп — метысаў, мулатаў, самба. Вышэйшыя адм., ваен. і царк. пасады займалі прывілеяваныя вярхі, што складаліся з ураджэнцаў метраполіі. Яны валодалі найб. маёнткамі і руднікамі і ўціскалі правы карэннага насельніцтва М. Метраполія вывозіла з М.-калоніі ўсё неабходнае і ўвозіла туды свае тавары па завышаных цэнах, што выклікала незадаволенасць мясц. насельніцтва каланіяльным рэжымам. Буйныя антыкалан. паўстанні адбыліся ў 1624 і 1692 у Мехіка, у 1660 у Аахаке, у 1761 на Юкатане, у 1762 у Мічаакане. У пач. 19 ст. незадаволенасць насельніцтва вылілася ў моцны вызв. рух, які стаў часткай вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26. Штуршком да пачатку рэв. падзей у М. сталі ісп. рэвалюцыя 1808—14, антыісп. паўстанні, што выбухнулі ў крас. 1810 у паўд.-амер. калоніях Венесуэла, Новая Гранада і Ла-Плата. Нар. паўстанне ў М., якое пачалося 16.9.1810 у с. Далорэс на чале з М.Ідальга, хутка набыло агульнанац. характар. Ідальга заклікаў да скасавання нявольніцтва, расавай дыскрымінацыі і феад. павіннасцей, патрабаваў вяртання індзейцам адабраных зямель. Большасць крэолаў (патомкі еўрап. пасяленцаў, што нарадзіліся ў М.) стала на баку ісп. улад, таму ў студз. 1811 рэв. армія была разбіта, Ідальга ўзяты ў палон і расстраляны. На чале вызв. барацьбы стаў Х.М.Марэлас. Пад яго кіраўніцтвам паўстанцы захапілі значную ч. тэр. М., у т. л. г. Акапулька. У вер. 1813 Нац. кангрэс, скліканы ў Чыльпансінга па ініцыятыве Марэласа, прыняў дэкларацыю аб незалежнасці М. Аднак у канцы 1815 іспанцы разграмілі асн. сілы паўстанцаў і пакаралі смерцю Марэласа. Пачалася зацяжная партыз. вайна. Ініцыятыву ў вызв. руху перахапілі буйныя землеўладальнікі, купцы і вышэйшае духавенства на чале з ген. А.​Ітурбідэ, армія якога заняла Мехіка. 28.9.1821 абвешчана незалежнасць М. У маі 1822 Ітурбідэ абвясціў сябе імператарам пад імем Аўгусціна I, але ў сак. 1823 прыхільнікі рэсп. ладу адхілілі яго ад улады. 4.10.1824 прынята канстытуцыя, што ўстанавіла ў М. рэспубліку. 1825—55 характарызаваліся жорсткай барацьбой за ўладу паміж рознымі паліт. і ваен. групоўкамі. У 1834 у краіне ўсталявалася дыктатура А.​Санта-Аны, які афіцыйна быў прэзідэнтам у 1833—35, 1841—44, 1846—47, 1853—55. Унутрыпаліт. нестабільнасць у М. выкарысталі суседнія дзяржавы. У 1845 ЗША анексіравалі Тэхас, у 1846 пачалі амерыкана-мексіканскую вайну 1846—48 і нанеслі М. паражэнне. Паводле Гуадалупе-Ідальга мірнага дагавора 1848 М. страціла больш за палавіну сваёй тэр. (вобласці Верхняя Каліфорнія, Арызона і інш.). У ліп. 1854 супраць дыктатуры Санта-Аны пачалося паўстанне, якое перарасло ў рэвалюцыю. У 1855 дыктатар скінуты і да ўлады прыйшлі лібералы, што прынялі шэраг антыклерыкальных законаў і новую канстытуцыю (1857). У адказ кансерватыўна-клерыкальныя колы ўзнялі мяцеж і скінулі ліберальны ўрад І.​Каманфорта. У абарону канстытуцыі выступілі лібералы на чале з часовым прэзідэнтам рэспублікі Б.Хуарэсам Гарсія. У ліп. 1859 урад Хуарэса Гарсія выдаў «законы аб рэформе», якія прадугледжвалі нацыяналізацыю царк. маёмасці. аддзяленне царквы ад дзяржавы, увядзенне грамадз. шлюбу.

У 1860 лібералы перамаглі ў працяглай грамадз. вайне. У 1861 Францыя, Вялікабрытанія і Іспанія, каб абараніць свае інвестыцыі, пачалі інтэрвенцыю ў М. (гл. Мексіканская экспедыцыя 1861—67). У крас. 1864, пры дапамозе франц. акупантаў, марыянетачная асамблея абвясціла М. імперыяй на чале з франц. стаўленікам Максімілянам I Габсбургам. Аднак у выніку барацьбы мекс. патрыётаў на чале з Хуарэсам Гарсія (прэзідэнт у 1861—72), якую падтрымалі ЗША, франц. войскі ў 1867 былі выведзены і ліквідавана марыянетачная імперыя; Максімілян I быў узяты ў палон і расстраляны. З 1876 у М. ўсталявалася дыктатура ген. П.Дыяса (прэзідэнт у 1877—80, 1884—1911), пры якой фактычна былі скасаваны канстытуцыйныя свабоды, пазбаўлены паліт. ўплыву Нац. кангрэс, латыфундысты масава экспрапрыіравалі сял. землі, узмацнілася пранікненне іншаземнага капіталу ў эканоміку краіны.

Незадаволенасць дыктатарскім рэжымам усіх слаёў насельніцтва прывяла да мексіканскай рэвалюцыі 1910—17. Яе важнейшым вынікам стала прыняцце 31.1.1917 новай канстытуцыі, якая прадвызначыла дэмакр. развіццё М. і зрабіла вялізны ўплыў на ўсю Лац. Амерыку. У перыяд прэзідэнцтва В.​Карансы (1917—20) паліт. становішча ў М. вызначалася нестабільнасцю. Наступныя ўрады А.​Абрэгона (1920—24) і П.​Кальеса (1924—28) пачалі правядзенне агр. і адукац. рэформ, абмежавалі пазіцыі іншаземнага капіталу ў нафтавай прам-сці. Ажыццяўленне ж антыклерыкальных рэформ выклікала паўстанне т.зв. крыстэрасаў, падтрыманае кансерватыўнай апазіцыяй. З канца 1920-х г. выявіўся паварот управа мекс. урадаў (4 за 1928—34). Узмацненне левага крыла правячай Нац.-рэв. партыі (створана ў 1929, у 1938—46 наз. Партыяй мекс. рэвалюцыі, з 1946 — Інстытуцыйна-рэв. партыя) спрыяла прыходу да ўлады ген. Л.​Кардэнаса (прэзідэнт у 1934—40), які паспяхова працягваў агр., адукац. і сац. рэформы; у 1937 часткова нацыяналізаваны чыгункі. у 1938 — прадпрыемствы амер. і брыт. нафтавых кампаній. Урад прэзідэнта А.​Камача (1940—46) абвясціў 22.5.1942 вайну фаш. Германіі і яе саюзнікам. У 1940—80-я г. ўрады прэзідэнтаў М.​Алемана (1946—52), А.​Руіса Картынеса (1952—58), А.​Лопеса Матэаса (1958—64), Г.​Дыяса Ордаса (1964—70), Л.​Эчэверыі (1970—76), Х.Лопеса Партыльё (1976—82), М. дэла Мадрыд Уртада (1982—88) праводзілі палітыку, накіраваную на ўзмацненне пазіцый нац. прадпрымальніцтва ўнутры краіны і на міжнар. арэне, ажыццяўлялі сац.-эканам. рэформы. Дзяржава актыўна ўмешвалася ў эканам. жыццё і пашырала дзярж. сектар эканомікі. Аднак працягвалася ўзбагачэнне заможных слаёў насельніцтва, а ўзровень жыцця сярэдніх і ніжэйшых слаёў зніжаўся. Незадаволенасць нар. мас прымушала ўрад праводзіць палітыку сац. манеўравання (стварэнне Кангрэса працы Ў 1966, новы закон аб агр. рэформе 1971, закон аб сац. забеспячэнні 1972, пашырэнне правоў паліт. партый у 1977 і інш.). На мяжы 1990-х г. М. перажывала востры эканам. і сац. крызіс. Прэзідэнт К.​Салінас дэ Гартары (1990—94) абвясціў курс на правядзенне неаліберальных рэформ (шырокая прыватызацыя дзярж. уласнасці, лібералізацыя знешняга гандлю і інш.). Іх ажыццяўленне толькі ўзмацніла сац. праблемы ў краіне. У 1994—96 адбывалася паўстанне індзейцаў у штаце Ч’япас, арганізаванае Сапацісцкай арміяй нац. вызвалення. Урад прэзідэнта Э.​Седыльё Понсе дэ Леона (выбраны 1.12.1994) ажыццяўляе канцэпцыю мадэрнізацыі — комплекс паліт. і сац.эканам. рэформ, накіраваных на дэцэнтралізацыю дзярж. кіравання, скарачэнне нерэнтабельнага дзярж. сектара, узмацненне адкрытасці эканомікі і прадпрымальніцкай дзейнасці. У лют. 1996 падпісана мірнае пагадненне з сапацістамі аб канстытуцыйных папраўках, згодна з якімі карэннае насельніцтва атрымае адэкватнае прадстаўніцтва ў парламенце. З ліп. 1997 правячая Інстытуцыйна-рэв. партыя не мае большасці ў парламенце. М. праводзіць актыўную знешнюю палітыку, выступае за рэарганізацыю ААН у новых умовах, абсалютнае вяршэнства права ў міжнар. справах, неўмяшанне ва ўнутр. справы інш. краін, ядзернае і звычайнае раззбраенне, раўнапраўнае супрацоўніцтва дзяржаў. М. — член ААН (з 1945), Арганізацыі амер. дзяржаў (з 1948), Лацінаамер. эканам. сістэмы (з 1975), Паўн.-амер. асацыяцыі свабоднага гандлю (НАФТА, з 1994), інш. міжнар. арг-цый, адна з заснавальніц Еўрап. банка рэканструкцыі і развіцця. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 14.1.1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Інстытуцыйна-рэв. партыя, Партыя нац. дзеянне, Партыя дэмакр. рэвалюцыі, Сацыяліст. нар. партыя, Сапраўдная партыя мекс. рэвалюцыі і інш. Асн. прафс. аб’яднанні: Кангрэс працы, Канфедэрацыя працоўных М., Федэрацыя прафсаюзаў дзярж. служачых і інш.

Гаспадарка. М. — індустрыяльна-агр. краіна, адна за найб. развітых краін Лац. Амерыкі са шматгаліновай гаспадаркай і багатай мінеральна-сыравіннай базай. Валавы ўнутр. прадукт у разліку на 1 чал. каля 8,1 тыс. долараў. 26% яго ўтвараецца ў прам-сці, 8% — у сельскай гаспадарцы, 67% — у сферы паслуг. З сярэдзіны 1990-х г. у краіну адкрыты свабодны доступ замежнага капіталу, з 1994 М. — член НАФТА (Паўночнаамерыканскай асацыяцыі свабоднага гандлю, уключае М., ЗША, Канаду). У прамысловасці гал. галіны — горназдабыўная, нафтавая і нафтахім., металургічная, буд., тэкст., харчовая. Характэрна высокая канцэнтрацыя ў сталічнай агламерацыі і некалькіх буйных прамысл. цэнтрах (Мантэрэй, Гвадалахара). У горназдабыўной прам-сці вядучая роля належыць нафтагазавай галіне з высокай ступенню канцэнтрацыі і захаваннем пазіцый дзярж. нафтавай карпарацыі «Пемекс». Па здабычы нафты (163 млн. т, 1996) займае 1-е месца, па здабычы прыроднага (у асн, спадарожнага) газу (каля 30 млрд. м³ штогод) — адно з першых месцаў у Лац. Амерыцы. Найбуйнейшыя радовішчы ў штатах Ч’япас, Табаска, на шэльфе Мексіканскага заліва. Здабываецца каля 11 млн. т каменнага вугалю (штат Кааўіла), каля 10,6 млн. т жал. руды (штат Дуранга). Здабыча руд каляровых металаў (сканцэнтраваны на Пн) мае сусв. значэнне. Вытв-сць (тыс. т, 1996): свінцу — 180, цынку — 355, медзі — 202, серабра — 2,3, вальфраму — 190. Экспартнае значэнне мае здабыча самароднай серы (1,7 млн. т, 1996), плавікавага шпату, сурмы, графіту, ртуці, вісмуту, кадмію. Вытв-сць электраэнергіі 154,4 млрд. кВтгадз (1996). Больш за 50% электраэнергіі даюць ЦЭС, ёсць буйныя ГЭС на рэках Грыхальва і Бальсас, працуюць геатэрмальныя і сонечныя электрастанцыі, АЭС. Чорная металургія выпускае 12 млн. т сталі; камбінат у г. Ласара-Кардэнас (штат Мічаакан), 2 з-ды поўнага цыкла ў штаце Нуэва-Леон. Каля палавіны здабытай нафты перапрацоўваюць некалькі дзесяткаў нафтаперапр. з-даў (агульная магутнасць 76 млн. т). Вядучыя пазіцыі займаюць хім. (базіруецца на перапрацоўцы нафтагазавай сыравіны) і машынабуд. галіны прам-сці. М. — буйны вытворца і экспарцёр поліэтылену, метанолу, капралактаму. Выпускаецца каля 390 тыс. т хім. валокнаў (2,5% сусв. вытв-сці), развіта вытв-сць азотных (1,3 млн. т), фосфарных угнаенняў, сернай кіслаты, кальцыніраванай і каўстычнай соды, фармацэўтычнай прадукцыі. Гал. цэнтры хім. прам-сці — Мехіка, Ла-Кангрэхера, Каацакаалькас, Мінатытлан, Пахарытас. Машынабудаванне пастаўляе нафтавае абсталяванне, чыг. вагоны, электраматоры, трансфарматары, стальныя трубы, станкі, кавальска-прэсавае і тэкст. абсталяванне (Мехіка, Гвадалахара, Мантэрэй). Вылучаецца аўтамабілебудаванне (больш за 700 тыс. аўтамашын штогод) з буйнымі з-дамі замежных кампаній (Мехіка, Пуэбла, Талука, Сыодад-Саагун). Электронная прам-сць прадстаўлена прадпрыемствамі па экспартнай перапрацоўцы паўфабрыкатаў з ЗША (Тыхуана, Мехікалі, Сьюдад-Хуарэс). Тэкст. прам-сць працуе на мясц. сыравіне. Буйны тэкст. раён — штат Пуэбла, вытв-сць баваўняных тканін у гарадах Матаморас і Сьюдад-Абрэгон, шаўковых і шарсцяных — у Мехіка, перапрацоўка хенекену на п-ве Юкатан. Вытв-сць разнастайных буд. матэрыялаў развіта ва ўсіх раёнах краіны. Вытв-сць цэменту — каля 20 млн. т (1997). Развіты галіны харч. прам-сці: мукамольная, вінаробная, цукровая, плодаагароднінакансервавая; саматужныя промыслы, у т. л. выраб керамікі, ручное ткацтва. Сельская гаспадарка характарызуецца высокім агратэхн. узроўнем (у М. быў пакладзены пачатак «зялёнай рэвалюцыі», выведзены высокаўраджайныя гатункі пшаніцы, кукурузы, сорга). С.-г. ўгоддзі займаюць 24,7 млн. га, арашаецца 6 млн. га. Характэрны канцэнтрацыя зямель у буйных жывёлагадоўчых гаспадарках на Пн, перавага дробных сял. гаспадарак у астатніх раёнах краіны. Асн. галіна — раслінаводства (дае больш за 60% кошту прадукцыі). Пад збожжавымі культурамі 10,3 млн. га. На ўнутр. патрэбы вырошчваюць (тыс. т, 1996): кукурузу — 16 187, пшаніцу — 3809, фасолю — 1276, бульбу — 1140, рыс — 454, сою — 239. Экспартныя культуры (тыс. т, 1996): цукр. трыснёг — 41 140, бавоўнік — 231, кава — 408, сізаль — 45, копра — 203. Грубавалакністая агава-хенекен вырошчваецца на п-ве Юкатан (90% сусв. збораў). Субтрапічнае і трапічнае пладаводства: цытрусавыя, у т. л. лімоны (950 тыс. т, 10,5% сусв. збору), бананы, манга, папайя, ананасы, вінаград. Вырошчванне ранняй агародніны на экспарт. Жывёлагадоўля мяснога кірунку выкарыстоўвае прыродныя пашы (74,5 млн. га). Пагалоўе (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 30,2, свіней — 18, авечак — 6, коней — 6,2. Вакол вял. гарадоў — малочная жывёлагадоўля, прамысл. птушкагадоўля. Лясная гаспадарка і нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Марское рыбалоўства найб. развіта каля берагоў п-ва Каліфорнія. У 1996 вылаўлена 1260 тыс. т рыбы. У Мексіканскім зал. лоўля крэветак і вустрыц. Транспарт аўтамабільны, чыг., марскі. Аўтадарог 240 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 80 тыс. км, чыгунак — 26,5 тыс. км. Танаж марскога флоту больш за 1 млн. брута рэг. т. Гал. парты Веракрус, Тампіка, Каацакаалькас, Саліна-Крус, Гуаймас, Энсенеда. Развіты трубаправодны транспарт (даўж. 30 тыс. км), авіятранспарт (больш за 240 буйных аэрапортаў). У 1996 экспарт склаў 95,5 млрд. дол., імпарт — 88,5 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць машыны, абсталяванне і трансп. сродкі — 53,6%, мінер. сыравіна (пераважна нафта і нафтапрадукты) — 12%, с.-г. тавары і морапрадукты; у імпарце — машыны і абсталяванне — 39%, с.-г., спажывецкія тавары, паўфабрыкаты. Асн. гандл. партнёр — ЗША (80% экспарту, 75% імпарту), а таксама Канада, Японія, Германія. Развіты міжнар. турызм. У 1996 краіну наведала 21,6 млн. замежных турыстаў (пераважна з ЗША), даход ад турызму склаў 6,9 млрд. долараў. Турыстаў прывабліваюць стараж. помнікі культуры майя, ацтэкаў і інш. індзейскіх народаў, цудоўныя марскія курорты, унікальныя ландшафты, вял. гарады з арх. помнікамі каланіяльнага перыяду. Грашовая адзінка — песа.

Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў (тэр. паліцыя). Агульная колькасць 189 тыс. чал. (1998). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву У сухап. войсках 130 тыс. чал., на ўзбраенні 720 бронетранспарцёраў, 280 баявых разведвальных машын, 1,5 тыс. мінамётаў, 118 буксіравальных гармат і інш. У ВПС 8 тыс. чал., 125 баявых самалётаў і 95 баявых верталётаў. У ВМС 37 тыс. чал., у т. л. 8,6 тыс. чал. у марской пяхоце, 7 баявых караблёў, 22 дапаможныя судны і інш.; у марской авіяцыі 9 баявых самалётаў і 12 разведвальных верталётаў.

Ахова здароўя. Пераважае дзярж. сістэма мед. абслугоўвання; платная дапамога ў залежнасці ад даходаў сям’і. Плацежаздольная ч. насельніцтва карыстаецца паслугамі ўрачоў прыватнай практыкі. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 70,4, жанчын 77,8 года. Смяротнасць 5 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 1196 чал., урачамі — 1 на 613 чал. Узровень нараджальнасці — 26 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 2,1%. Дзіцячая смяротнасць 24 на 1 тыс. нованароджаных (1997).

Асвета. Сістэма адукацыі М. ўключае дашкольныя ўстановы (для дзяцей 3—5 гадоў), пач. і сярэднюю школу, прафес. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Пач. школа 6-гадовая для дзяцей з 6-гадовага ўзросту. Больш за 30% пач. школ прыватныя. Сярэдняя агульнаадук. школа мае 2 ступені — 3-гадовую базавую (няпоўная сярэдняя адукацыя) і 3-гадовую «вышэйшую» з агульнаадук. або тэхн. ухілам. Выпускнікі сярэдняй школы (12—13 гадоў навучання) атрымліваюць званне бакалаўра, што дае перавагу пры паступленні ў ВНУ. Прафес. пач. адукацыю (с.-г., прамысл. і інш.) даюць цэнтры па падрыхтоўцы да працы, сярэднюю (3 гады навучання па гуманіт. або прыродазнаўчанавук. профілі) — т.зв. бачыльярата. У сістэме вышэйшай адукацыі М. больш за 200 навучальных устаноў, у т. л. 70 з універсітэцкім статусам. Сярод дзярж. ун-таў існуюць нац. і ун-ты штатаў. Вядучым з’яўляецца Мексіканскі нац. аўт. ун-т (з 1551) у Мехіка. Буйнейшыя ВНУ — ун-ты Гвадалахары (з 1792) і штата Веракрус (з 1944; размешчаны ў некалькіх гарадах штата). «Калехіо дэ Мехіка» — навуч. і навук. ўстанова ў галіне гуманіт. і грамадскіх навук (з 1940, складаецца з 6 цэнтраў), Нац. палітэхн. ін-т (з 1936) у Мехіка. Тэхнал. ін-т вышэйшых даследаванняў (з 1943; прыватны) у г. Мантэрэй. У Мехіка Нац. б-ка (з 1833), Нац. музеі антрапалогіі і гісторыі, Музей сучаснага мастацтва, Галерэя жывапісу і скульптуры Сан-Карлас, Музей мекс. флоры і фауны. Навук. даследаванні праводзяцца ў н.-д. цэнтрах Мекс. нац. аўт. ун-та, НДІ ун-та Гвадалахары, у «Калехіо дэ Мехіка». галіновых н.-д. цэнтрах.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1998 у М. больш за 2 тыс. перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «El Universal» («Універсальная», з 1916), «Excélsior» («Эксельсіёр», з 1917), «La Prensa» («Прэса», з 1928), «El National» («Нацыянальная», з 1929), «Novedades» («Навіны», з 1936), «El Dia» («Дзень», з 1962), «El Heraldo de México» («Веснік Мехіка», з 1965) і інш. Інфарм. агенцтвы: нац. Інфармасьёнес Мехіканас (Інфармекс, засн. ў 1960), урадавае Натысіяс Мехіканас (Натымекс, засн. ў 1968). Дзейнічаюць больш за 700 радыёстанцый (усе камерцыйныя), у т. л. «Нуклеа радыё міл» (з 1960), «Група асір», «Арганізасьён імпулсора дэ радыё» (абедзве з 1965). Тэлебачанне з 1950, больш за 100 тэлестанцый. Вядучыя тэлекампаніі «Імевісьён» (дзярж., з 1968), «Тэлевіса» (прыватная, з 1973). Радыёвяшчанне і тэлебачанне кантралюе ўрадавае Гал. ўпраўленне сувязі.

Літаратура. Да 16 ст. існавала на мовах карэннага насельніцтва (майя, ацтэкаў, науа). Пасля заваявання М. ісп. каланізатарамі (16 ст.) развіваецца на ісп. мове. Першыя творы на ісп. мове напісаны канкістадорамі: «Лісты каралям Іспаніі» (1519—26) Э.​Картэса, «Сапраўдная гісторыя канкісты Новай Іспаніі» (1568) Б.​Дыяса дэль Кастыльё. На грамадскую думку і станаўленне мекс. л-ры вызначальна паўплывала дзейнасць ісп. асветніка-гуманіста Б. дэ Лас Касаса. У пач. 17 ст. з’явіўся першы ўласна маст. твор М. — паэма «Веліч Мексікі» Б. дэ Бальбуэны. Вядучае месца ў л-ры заняла паэзія, якая развівалася ў традыцыях ісп. барока (творчасць Х.І. дэ ла Крус). У пач. 18 ст. ў паэзіі ўзмацніліся антыкалан. тэндэнцыі (творы Р.​Ландывара, Ф.​Клавіхера). У перыяд барацьбы за незалежнасць (1810—24) росквіту дасягнулі патрыят. публіцыстыка і паэзія рэв. класіцызму (А.​Кінтана Роа). У час антыісп. вайны апубл. першы нац. раман — «Перыкільё Сарніента» Х.​Х.​Фернандэса дэ Лісардзі (1816). Напісаны ў традыцыях сатыр. шахрайскага рамана, ён залажыў асновы жанру лац.-амер. рамана. Пасля абвяшчэння незалежнасці М. ідэйна-маст. кірункам стаў рамантызм (паэзія М.​Акуньі, Г.​Прыета, раманы В.​Рыва Паласіо). Гіст. прозе рамантыкаў (раманы «Хітрыкі д’ябла» М.​Пайна, «Астусія...» Л.​Інклана і інш.) уласціва бытапісальнасць, т.зв. кастумбрызм з элементамі рэаліст. аналізу нац. жыцця. Вядучым рамантыкам, адным з заснавальнікаў нац. самабытнай мекс. л-ры быў І.​М.​Альтамірана, які выступіў у абарону незалежнай ад еўрап. мекс. л-ры. На мяжы 19—20 ст. у паэзіі пераважаў мадэрнізм, які арыентаваўся на франц. сімвалістаў і Парнаскую школу, але захоўваў цікавасць да нац. тэмы (М.​Х.​Атон, С.​Дыяс Мірон, М.​Гуцьерэс Нахера, А.​Нерва); у прозе ўзмацніліся пазіцыі рэалізму (раманы «Тамачык» Э.​Фрыяса, «Надзел» Х.​Лопеса Партыльё-і-Рохаса, «Санта» Ф.​Гамбоа). Прыкметнай з’явай у літ. жыцці М. стала стварэнне т.зв. рамана рэвалюцыі (М.Асуэла). Пісьменнікі гэтага кірунку (М.​Л.​Гусман, Г.​Лопес-і-Фуэнтэс, Х.​Р.​Рамера, Р.​Ф.​Муньёс, Н.​Кампабельё) звярталіся да адлюстравання жыцця і барацьбы працоўных у перадрэв. перыяд. Дакументальнасць, дынамізм характэрны для раманаў Х.​Мансісідора, п’ес Р.​Усіглі. 1-я пал. 20 ст. адзначана рэаліст. і авангардысцкімі пошукамі ва ўсіх літ. жанрах. Творчасць буйн. паэтаў Р.​Лопеса Велардэ, Э.​Гансалеса Мартынеса, К.​Пельісера адметная яркім лірызмам, імкненнем вобразна адлюстраваць асаблівасці духоўнага складу мексіканцаў. Ідэя нац. самавыяўлення і самавызначэння, адчувальная ў працах Х.​Васканселаса і А.​Рэеса, у поўнай ступені сцвердзіла сябе ў паэзіі А.Паса, які ўзбагаціў нац. лірыку маст. адкрыццямі. У 2-й пал. 20 ст. ідэйна-эстэт. дыяпазон нац. паэзіі і прозы пашырыўся. У л-ру прыйшло новае пакаленне пісьменнікаў — «новая хваля» (С.​Пітоль і інш.), для якога характэрна рэзкае непрыняцце мекс. рэчаіснасці, зварот да ўнутр. свету чалавека. Развіваліся раман (А.​Яньес, Х.​Рульфа, К.Фуэнтэс, Р.​Кастэльянас), літ. крытыка (Х.​Л.​Мартынес, А.​Кастра Леаль, Э.​Карбальё), працягваюцца пошукі новых форм і стылявых сродкаў. На бел. мову вершы мекс. паэтаў перакладае К.​Шэрман.

Архітэктура. У старажытнасці на тэр. М. развіваліся культуры індзейскіх плямён альмекаў, тальтэкаў, сапатэкаў, майя, ацтэкаў. Ад 8 ст. да н.э. — 9 ст. н.э. захаваліся прыступкавыя піраміды, увянчаныя храмамі (Піраміда Сонца ў Тэатыўакане, храм у Тахіне, «Храм надпісаў» у Паленке), руіны палацаў, «абсерваторыі» і інш. У 10 — пач. 16 ст. развіваліся індзейскія гарады (Тальян, Тэначтытлан і інш.) з манум. вырашэннем храмавай, палацавай, абарончай архітэктуры. Пабудовы вызначаліся яскрава выражанай сімвалічнасцю, кансерватыўнасцю тыпаў і форм, перавагай вонкавых мас над неразвітой унутр. прасторай. З канца 16 ст. на месцы зруйнаваных індзейскіх будаваліся ісп. гарады з гал. плошчай у цэнтры і аднолькавымі жылымі кварталамі (Мехіка). Па-за межамі гарадоў узводзілі ўмацаваныя кляштары з дварамі і адкрытымі капэламі (Актопан, Ататанілька-эль-Грандэ). Архітэктура мела эклектычныя раманска-гатычныя рысы з дамінаваннем суровага абарончага пачатку. У палацавым і храмавым буд-ве пераважалі матывы ісп. рэнесансу: палац Эрнана Картэса ў Куэрнаваке (1530—33), саборы ў Мехіка (1563—67), Мерыдзе (1563—99) і інш. З 17 ст. будавалі ў стылі барока, які ў 18 ст. дасягнуў надзвычайнай пышнасці дэкору — т.зв. ультрабарока, якое спалучала ісп. арх. матывы з нар. дэкар. традыцыямі, прыўнесенымі індзейцамі. Склаліся рэгіянальныя арх. школы ў Мехіка (храм Сантысіма Трынідад, 1755—83), Пуэбла (касцёл Сан-Франсіска, 1767) і інш. У канцы 18—1-й пал. 19 ст. як рэакцыя на ультрабарока развіваўся класіцызм (будынак Горнай школы Ла Мінерыя, 1797—1813, арх. М.​Тальса), які ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. выцеснены эклектызмам (Палац прыгожых мастацтваў у Мехіка, 1904—34). У 1920—30-х г. склалася школа функцыяналізму (Ін-т гігіены ў Мехіка, 1925—26, арх. Х.​Вільягран Гарсія). У 1940-х г. склалася самабытная нац. арх. школа, якая спалучае прынцыпы функцыяналізму і нац. традыцыі (арх. А.​Арай, К.​Ласа, М.​Пані, А.​Прыета, П.​Рамірэс Васкес, Э.​Яньес і інш.). Сярод найбуйнейшых пабудоў 1940—50-х г. комплекс Універсітэцкага гарадка ў Мехіка (арх. кіраўніцтва Ласа), які ўключае больш за 40 будынкаў. У сучаснай мекс. архітэктуры распрацоўваюцца утылітарныя тыпы будынкаў, развіваецца т. зв. эмацыянальная архітэктура (арх. М.​Гёрыц, Х.​О’Горман, Л.​Бараган і інш.).

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. стараж. помнікі мастацтва індзейскіх плямён адносяцца да 15—10 ст. да н.э.: каменныя статуэткі, фігурны посуд і інш., якія вызначаліся багаццем і яркасцю форм, фальклорнымі матывамі. У арх. пабудовах былі пашыраны манум. статуі і рэльефы, якія спалучалі выяўл. і сімволіка-арнаментальныя кампазіцыі. З 16 ст. развіваліся пераважна манум. размалёўкі і скульптура ў стылі ісп. барока. Станковы жывапіс 16 — пач. 17 ст. прадстаўлены майстрамі сем’яў Эчаве і Хуарэс. У 1781 у Мехіка засн. Акадэмія Сан-Карлас. У 18 ст. пашырыўся жанр партрэта (Х. дэ Альсівар, М.​Кабрэра). У дэкар. мастацтве перапляталіся індзейскія і ісп. традыцыі (разьба на фасадах і рэтабла, кампазіцыі з каляровай кафлі, каваныя рашоткі). З канца 18 ст. мастацтва М. развівалася ў рэчышчы класіцызму (скульпт. М.​Тальса, Ф.​Э.​Трэсгерас). З сярэдзіны 19 ст. пашырылася сатыр. графіка (Х.​Г.​Пасада), склалася нац. школа пейзажу (Х.​М.​Веласка і інш.). У жанры партрэта працавалі Э.​Бустас, Х.​М.​Эстрада, у акад. Жывапісе — Х.​Кардэра, у скульптуры — М.​Нарэнья. Пашырыўся кірунак кастумбрызм. У 1922 па ініцыятыве Д.Сікейраса створаны «Рэвалюцыйны сіндыкат працаўнікоў тэхнікі і мастацтва», у які ўвайшлі найб. буйныя мастакі Х.К.Ароска, Д.Рывера і інш. У выяўл. мастацтве пераважала тэма мекс. рэвалюцыі 1910—17. У 1937 засн. «Майстэрня нар. графікі» (ініцыятар і кіраўнік Л.Мендэс). У 1940—70-я г. найб. дынамічна развіваліся манум. жывапіс (размалёўкі і мазаічныя рэльефы Ароска, Х.​Гансалеса Камарэны, Рыверы, Сікейраса, Х.​Чавеса Марада), гравюра і літаграфія (А.​Бельтран, А.​Гарсія Бустас, А.​Кінтэрас, Мендэс, П.​О’Хігінс). У галіне скульптуры працавалі Р.​Арэнас Бетанкур, К.​Брача, Г.​Руіс, у станковым жывапісе — Р.​Тамаё. Нар. дэкар. мастацтва захоўвае ісп. і індзейскія традыцыі: ткацтва з воўны, вышыўка, цісненне па скуры, пляценне з лісця пальмы і агавы, выраб керамічнага посуду, масак, драўляных лакавых прадметаў.

Музыка займала важнае месца ў жыцці стараж. насельніцтва М., у т. л. ацтэкаў. Іх песні разнастайныя: у гонар багоў, герояў і ваен. перамог, працоўныя, песні-заклінанні. Існавалі рытуальныя танцы. Сярод муз. інструментаў: барабаны, бразготкі, званочкі, марскія ракавіны з прасвідраванымі ў іх адтулінамі. а таксама флейты, драўляныя і касцяныя трубы і інш. У 20 ст. індзейская музыка захавалася ў некаторых штатах М. сярод нашчадкаў абарыгенаў. Апрача індзейскай развіваецца крэольская музыка. У нар. крэольскай музыцы найб. папулярныя песенна-танц. (сон, харабе, уапанга) і песенныя (кансьён, карыда) жанры. Традыц. муз. інструмент гітара. Тыповыя інстр. ансамблі мар’ячы (выконваюць нар. музыку, суправаджаюць спевы і танцы). Доўгі час практычна адзіным відам прафес. мастацтва была царк. музыка. З пач. 19 ст. ў Мехіка ставіліся італьян. оперы, наладжваліся публічныя канцэрты. У 1824 засн. філарманічнае т-ва, пры ім у 1866 — кансерваторыя, на базе якой у 1877 створана Нац. кансерваторыя. У сярэдзіне 19 ст. вылучыліся нац. кампазітары: С.​Паніягуа-і-Васкес (аўтар першай мекс. оперы «Каталіна Гіз», 1845), Р.​Кастра, А.​Артэга і інш. Рамант. традыцыі пач. 20 ст. ўвасоблены ў творах Х.​Ралона. Да нац. фальклору звярталіся М.М.Понсе, К.​Уісар. У галіне мікратонавай музыкі эксперыментаваў з канца 1920-х г. Х.​Карыльё. Вял. ўклад у развіццё муз. культуры М. зрабілі стваральнікі сучаснай кампазітарскай школы С.Рэвуэльтас і К.Чавес. Іх вучні — вядучыя мекс. кампазітары Д.​Аяла Перэс, Б.​Галінда Дымас, Х.​П.​Манкаё, С.​Кантрэрас і інш. Нац. кірунку ў творчасці прытрымліваюцца Л.​Сандзі, М.​Берналь Хіменес, К.​Хіменес Мабарак. У 1960-я г. выявіліся авангардысцкія тэндэнцыі, многія кампазітары эксперыментавалі ў галіне серыйнай, электроннай музыкі і інш. Сярод муз. дзеячаў дырыжор Л.​Эрэра дэ ла Фуэнтэ, скрыпач Г.​Шэрынг. У Мехіка працуюць: Нац. кансерваторыя, Вышэйшая муз. школа і сімф. аркестр пры Мексіканскім нац. аўтаномным ун-це, Нац. опера (з 1867), канцэртная зала Палаца прыгожых мастацтваў, Нац. сімф. аркестр (з 1948), Філарманічны аркестр (з 1978), Муз. дэпартамент Нац. ін-та прыгожых мастацтваў, муз. асацыяцыя імя Понсе, Т-ва мексіканскіх аўтараў і кампазітараў. Сімф. аркестры дзейнічаюць у шэрагу інш. гарадоў. Пашыраны вак.-інстр. ансамблі, якія выконваюць нар. музыку.

Тэатр. У аснове тэатр. мастацтва М. — індзейскія культавыя абрады. З 1597 у г. Мехіка існаваў т-р «Дом камедыі», дзе побач з рэліг. і алегарычнымі драмамі ставілі свецкія п’есы. У рэпертуары ранняга мекс. т-ра (16—17 ст.) — камедыі Лопэ дэ Вэгі, П.​Кальдэрона. Першыя вядомыя мекс. аўтары — манахі Ф.​Гансалес дэ Эслава і Х.​Перэс Рамірэс — пісалі рэліг. «выступленні» ў форме дыялогаў і маналогаў. На станаўленне мекс. т-ра паўплывалі драматургі Х.​Руіс дэ Аларкон-і-Мендоса, Х.І. дэ ла Крус. У 1670 у Мехіка адкрыты першы публічны т-р «Калісеа», у 1735 пабудаваны «Нуэва Калісеа», створаны пастаянныя т-ры ў Гвадалахары (1758), Веракрусе (1787) і інш. У 1823 адкрыты «Тэатра дэль паленке дэ лос гальёс» — першы т-р для народа. Ставіліся п’есы М.​Э.​Гарастысы, Ф.​Гамбоа, Х.​Х.​Гамбоа, М.​Даваласа, Х.​Х.​Руэды і інш. Сярод найб. вядомых акцёраў 19 ст. — М.​Маралес. Значную ролю ў актывізацыі тэатр. жыцця адыграла дзейнасць трупы (засн. 1917) пад кіраўніцтвам актрысы і рэж. В.​Фабрэгас, якая прапагандавала творы мекс. драматургаў. З канца 1920-х г. пачаўся рух за абнаўленне т-ра, узніклі эксперым. т-ры «Улісес», «Ар’ентасьён» (аматарскі), «Тэатра дэ аора» і інш. пры ўдзеле В.​М.​Дыеса Бараса, Х.​Вільяўрутыі, С.​Гарастысы, Р.​Усіглі, М.​Магдалена, С.​Нова. У 1946 у Мехіка засн. Нац. ін-т прыгожых мастацтваў, які арганізаваў Школу драм. мастацтва. Асн. кірункі ў развіцці сучаснага мекс. т-ра звязаны з эксперым. пошукамі, не выключаюць рысы кастумбрызму і сімвалізму. Сярод тэатр. дзеячаў: І.​Лопес Тарса, Д. дэль Рыо, Х.​Соле, Г.​Брача, І.​Рэтэс, Секі Сана; акцёры М.​Т.​Мантоя, А.​Гомес дэ ла Вэга, К.​Ансіра і інш. У Мехіка працуюць т-ры: «Хіменес Руэда», «Ідальга», «Хола», «Рэформа», «Інсурхентэс», Т-р для дзяцей і лялечны «Гіньёль», нар. т-р на адкрытым паветры.

Кіно. Кінавытворчасць у М. пачалася ў 1898 (запіс на кінастужку спектакля Х.​Сарыльі-і-Мараля «Дон Хуан Тэнорыо»). У 1910 пастаўлены першы ігравы фільм «Покліч смутку» (рэж. Ф. дэ Хесус Ара). У 1910—20-я г. здымаліся пераважна хранікальныя фільмы (рэпартажы С.​Таскана Барагана пра падзеі мекс. рэвалюцыі 1910—17). З 1930-х г. ствараліся меладрамы, муз. фільмы і камедыі з удзелам папулярных спевакоў. На развіццё мекс. кіно гэтага перыяду паўплывала творчасць рэж. С.​Эйзенштэйна і аператара Э.​Цісэ, якія ў 1931—32 знялі ў М. фільм «Хай жыве Мексіка!». Сярод рэжысёраў 1930—50-х г. Х.​Брача, К.​Вела, Р.​Гавальдон, А.​Галінда, Э.​Гомес Мурыэль, М.​Кантрэрас Торэс, К.​Навара, І.​Радрыгес, М.​Сакарыяс; акцёраў — П.​Армендарыс, Кантынфлас, Х.​Негрэтэ, Д. дэль Рыо і інш. Сусветную вядомасць атрымалі фільмы рэж. Э.​Фернандэса: «Марыя Кандэлярыя» (1944), «Жамчужына» (1947), «Рыо Эскандыда» (1943), «Сельская дзяўчына» (1949, у сав. пракаце «Мексіканская дзяўчына» і інш.). У 1946 засн. Кінаакадэмія. У 1950—60-я г. кінавытворчасць заняпала. Найб. значным дасягненнем гэтага перыяду сталі фільмы, якія здымаў у М. ісп. рэж. Л Буньюэль: «Забытыя» (1950), «Ён» (1953), «Назарын» (1958), «Анёл-знішчальнік» (1962), «Сімяон-стоўпнік» (1965) і інш. Сярод лепшых мекс. фільмаў «Карані» (рэж. Б.​Алазракі), «Мокрыя спіны» (рэж. Галінда, абодва 1955), «Тысок» (1956, рэж. Радрыгес), «Педра Парама» (1966, рэж. Вела), «Валянцін з Сьеры» (1967, рэж. Р.​Кардэна), «Эміліо Сапата» (1970), «Тыя гады» (1972), «Карцэр» (1974), «Каноа» (1975, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне, 1976), «Пакіянчыс» (1977; усе рэж. Ф.​Касальс) і інш. Найб. вядомыя дзеячы кіно: акцёры А. дэ Кардова, І.​Лопес Тарса, М.​Фелікс, аператар Г.​Фігероа і інш. У 1983 засн. Ін-т кінематаграфіі. За лепшыя работы ў кіно Кінаакадэмія штогод прысуджае прэмію «Арыэль».

Літ.:

Альперович М.С. Рождение мексиканского государства. М., 1979;

Мексика: Тенденции экон. и соц.-полит. развития. М., 1983;

Очерки новой и новейшей истории Мексики, 1810—1945. М., 1960;

Паркс Г. История Мексики: Пер. с англ. М., 1949;

Культура Мексики. М., 1980;

Кутейщикова В.Н. Мексиканский роман. М., 1971;

Полевой В.М. Искусство стран Латинской Америки. М., 1967;

Кириченко Е.И. Три века искусства Латинской Америки. М., 1972;

Пичугин П.А. Мексиканская песня. М., 1977;

Музыка стран Латинской Америки. М., 1983.

І.​І.​Пірожнік (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.​Р.​Кошалева (гісторыя), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), Г.​М.​Малей (друк, радыё, тэлебачанне, літаратура), Л.​А.​Сівалобчык (музыка), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкар.-прыкладное мастацтва).

Герб і сцяг Мексікі.
Да арт. Мексіка. Паўпустынны ландшафт на Мексіканскім нагор’і.
Да арт. Мексіка. Марская платформа для здабычы нафты ў Мексіканскім заліве.
Да арт. Мексіка. Старажытны сабор у г. Кампечэ.
Да арт. Мексіка. Пляж у г. Акапулька.
Да арт. Мексіка. Возера ў старажытным кратэры вулкана каля г. Пуэбла.
Да арт. Мексіка. Ландшафт на Мексіканскім нагор’і.
Да арт. Мексіка. Хрышчэнне ацтэкаў каталіцкімі місіянерамі.
Да арт. Мексіка. Расстрэл імператара Максіміляна I і генералаў Мехіі і Мірамона 19.6.1867. Карціна Э.​Манэ. 1867.
Да арт. Мексіка. «Храм надпісаў» у Паленке. 7—8 ст.
Да арт. Мексіка. Д.​Рывера. Гісторыя Мексікі. Размалёўка ў Нацыянальным палацы ў Мехіка, 1930—32.
Да арт. Мексіка. Д.​Сікейрас. Аўтапартрэт, вялікі палкоўнік. 1945.
Да арт. Мексіка. А.​Кінтэрас. Маці-індыянка з Мескіталя. 1957.

т. 10, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)