нарматы́ў

(фр. normatif, ад лац. normatio = упарадкаванне)

эканамічны, тэхнічны або які-н. іншы паказчык нормаў, у адпаведнасці з якімі выконваецца работа.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

экспане́нт

(лац. exponens, -ntis = які выстаўляе напаказ)

1) асоба або арганізацыя, якая выстаўляе на выстаўцы свае экспанаты;

2) мат. паказчык ступені.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БАНІТЭ́Т (ад лац. bonitas дабраякаснасць),

эканамічна важная, як правіла, параўнальная, прыродная характарыстыка (багацце глебаў, выхад драўніны з 1 га і да т.п.) гаспадарча каштоўнай групы біял. аб’ектаў або ўгоддзяў. Найчасцей вызначаюцца банітэты глебы і лесу. Банітэт глебы (якасная характарыстыка прыродных уласцівасцяў зямельнага ўчастка і ўзровень ураджайнасці на ім с.-г. культур як сумарны паказчык яго ўрадлівасці) і банітэт лесу (паказчык прадукцыйнасці лесу, які залежыць ад умоў месцазнаходжання, пераважна глебава-грунтавых і кліматычных). Апошні вызначаецца па сярэдняй вышыні насаджэння, узросце і паходжанні (насеннае або парасткавае) дрэвастою. Вылучаны 5 класаў банітэту лесу: да I належаць найб. прадукцыйныя насаджэнні, да V — найменш прадукцыйныя; дапаўняльна вылучаюцца Iа, Iб, Iв, Vа, Vб, Vв, сярод якіх Iв найвышэйшы, Vв — найніжэйшы. II—IV класы маюць прамежкавыя паказчыкі. Насенныя і парасткавыя дрэвавыя насаджэнні ў кожным класе ўзросту (10 гадоў, 20, 30 і гэтак далей) размяркоўваюцца па класах банітэту ў залежнасці ад сярэдняй вышыні дрэвавага ствала ў метрах (напр., ва ўзросце 30 гадоў да I класа банітэту насенных лесанасаджэнняў належаць дрэвы выш. 12—13 м, да V класа — выш. 4—5 м; ва ўзросце 100 гадоў, адпаведна, 27—30 і 13—15 м). Сярэдняя прадукцыйнасць лясоў Беларусі вызначаецца II, 0 класам банітэту.

Т.​А.​Філюкова.

т. 2, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНЫ ЎЗРО́СТ,

паказчык, які характарызуе пэўны этап развіцця арганізма з уласцівай яму сукупнасцю абменных, марфал., функцыян. і рэгулятарных асаблівасцяў і адаптыўных магчымасцяў, якія мяняюцца з цягам часу. Вызначаецца станам скуры і яе вытворных, зубоў, ступенню акасцянення шкілета, вастрынёй зроку, дыяпазонам акамадацыі хрусталіка і інш. Біялагічны ўзрост можа не адпавядаць храналагічнаму — апярэджваць ці адставаць ад яго. Тэмп біял. узроставых змен залежыць ад спадчыннасці і ўмоў навакольнага асяроддзя (для чалавека — умовы быту, харчаванне, прафес. шкоднасці, хранічныя інтаксікацыі алкаголем, наркотыкамі, нікацінам і інш.).

т. 3, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУЗААБАРО́Т,

паказчык аб’ёму работы, выкананай грузавым транспартам. Вымяраецца ў тона-кіламетрах (ткм). Паказчыкі грузаабароту выкарыстоўваюць у планаванні і статыстыцы для вымярэння прадукцыйнасці працы на транспарце. Для вызначэння грузаабароту масу перавезенага грузу ў тонах памнажаюць на далёкасць перавозкі і падсумоўваюць атрыманыя здабыткі. Сабекошт перавозак таксама вызначаюць у разліку на 1 ткм, таму што выдаткі на перавозку залежаць ад далёкасці і масы грузу. Паказчыкі грузаабароту не выкарыстоўваюць для ацэнкі дзейнасці трансп. прадпрыемстваў, бо грамадства зацікаўлена ў найлепшым задавальненні патрэб у перавозках пры мінімальных трансп. выдатках.

т. 5, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

лагары́фм

(лац. logarithmus, ад гр. logos = слова + arithmos = лік)

мат. паказчык ступені, у якую трэба ўзвесці лік-аснову, каб атрымаць дадзены лік.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БАРЫ́ЧНАЯ СТУПЕ́НЬ, бараметрычная ступень,

паказчык стану атмасферы, роўны адлегласці па вертыкалі ў метрах, якая адпавядае змяненню атм. ціску на 1 гПа. З памяншэннем атм. ціску і ростам т-ры барычная ступень павялічваецца. Так, пры ціску 1000 гПа і т-ры 0 °C барычная ступень 8 м/гПа, пры ціску 500 гПа (на выш. каля 5 км) і той жа т-ры — каля 16 м/гПа. З ростам т-ры на 1 °C барычная ступень павялічваецца на 0,4%. Барычная ступень выкарыстоўваецца пры разліках па бараметрычнай формуле і пры бараметрычным нівеліраванні.

т. 2, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІСЛЕ́ННЯ СТУПЕ́НЬ, акіслення лік,

умоўны паказчык, які характарызуе зарад атама ў хім. злучэннях. У малекулах з іоннай сувяззю супадае з зарадам іонаў, напр., у NaCl акіслення ступень Na + I, Cl – I Na + 1, Cl – 1. У злучэннях з кавалентнай сувяззю за акіслення ступень прымаецца зарад, які атрымаў бы атам, калі б усе пары электронаў гэтай сувязі былі цалкам зрушаны ў бок больш электраадмоўных атамаў. Электронныя пары, абагульненыя аднолькавымі атамамі, дзеляцца папалам. Акіслення ступень выкарыстоўваецца пры складанні ўраўненняў рэакцый акіслення-аднаўлення, пры класіфікацыі неарган. злучэнняў, асабліва каардынацыйных (гл. Комплексныя злучэнні).

т. 1, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОДАЗМЯШЧЭ́ННЕ судна,

колькасць вады, выцесненай суднам, што плавае; характарыстыка памераў судна. Адрозніваюць масавае водазмяшчэнне, роўнае масе судна (г. зн. масе вады, якая змяшчаецца ў аб’ёме падводнай часткі судна), і аб’ёмнае (аб’ём падводнай часткі судна ніжэй за ватэрлінію). Водазмяшчэнне залежыць ад загрузкі судна і шчыльнасці вады: пры пастаянным масавым водазмяшчэнні аб’ёмнае зменьваецца ў залежнасці ад шчыльнасці вады; змена масавага водазмяшчэння адбываецца з-за расходу паліва, боепрыпасаў (на ваен. караблях), павелічэння і памяншэння грузу. Грузавым суднам найб. характэрны паказчык дэдвейт — водазмяшчэнне пры асадцы судна на найб. дапушчальную глыбіню.

т. 4, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЙТЫНГ (англ. rating ацэнка, клас, разрад),

1) індывідуальны лікавы паказчык (каэф.) дасягненняў шахматыста (шашыста), які мяняецца ў залежнасці ад яго вынікаў на спаборніцтвах. З 1970 Міжнар. шахматнай федэрацыяй (за аснову падліку Р. прынята сістэма амер. шахматыста А.​Эла) выкарыстоўваецца пры прысваенні міжнар. званняў, напр., гросмайстра (мінім. Р. у жанчын — 2300, у мужчын — 2450). Найб. Р. дасягнуў Г.​Каспараў — 2812 (1991).

2) Ступень папулярнасці вядомых дзеячаў (у галінах палітыкі, культуры, грамадскай дзейнасці), арганізацый і інш., якая вызначаецца шляхам вывучэння грамадскай думкі (вынікі галасавання, сацыялагічных апытанняў, анкет).

т. 13, с. 567

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)