самадзе́йнасць, ‑і, ж.

1. Праяўленне асабістага пачыну, ініцыятывы ў якой‑н. справе; актыўная самастойная дзейнасць. Сваю шматгранную культурна-асветную работу прафсаюзныя арганізацыі фабрык і заводаў рэспублікі наладжвалі на аснове самадзейнасці і актыўнасці шырокіх працоўных мас. «Весці». // Творчыя адносіны, самастойны падыход да справы. У адпаведнасці з мэтамі камуністычнага будаўніцтва грамадзяне СССР маюць права аб’ядноўвацца ў грамадскія арганізацыі, якія садзейнічаюць развіццю палітычнай актыўнасці і самадзейнасці, задавальненню іх разнастайных інтарэсаў. Канстытуцыя СССР. // Разм. іран. Самаініцыятыва, якая не ўвязваецца з арганізаванымі мерапрыемствамі. [Андрыюк:] — [Медыкаменты] я маю магчымасць даставаць... Але трэба грошы і сталая сувязь. Прадуманая арганізацыя, а не самадзейнасць. Навуменка.

2. Творчасць (музычна-харавая, тэатральная, харэаграфічная) народных мас, для якіх мастацтва не з’яўляецца прафесіяй. Мастацкая самадзейнасць. // Разм. Удзельнікі самадзейнага мастацтва. Прыехала самадзейнасць. Спяваць будзе самадзейнасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АВАНГА́РД у музыцы,

умоўная назва розных музычна-творчых плыняў 20 ст. Тэрмін «авангард» зацвердзіўся з 2-й пал. 1940-х г. у адносінах да шматлікіх школ зах. музыкі, адметных гранічным радыкалізмам, пошукам новых выразных сродкаў, тэхнік кампазіцыі, форм арганізацыі гукавога матэрыялу, абсалютызацыяй эксперыменту, якім спадарожнічае свядомае адмаўленне эстэт. нормаў і традыцый, што выпрацаваны ў мастацтве мінулага.

Своеасаблівымі цэнтрамі авангарда сталі Францыя, Германія, Італія, ЗША Сярод прадстаўнікоў авангарда кампазітары рознай арыентацыі: П.​Булез, П.​Шэфер, Я.​Ксенакіс, К.​Штокгаўзен, Л.​Нона, Л.​Берыо, Дж.​Кейдж, Дз.​Лігеці. Сярод прыёмаў і метадаў кампазіцыі муз. авангарда — серыяльнасць, пуантылізм, алеаторыка, санорыка, электронная музыка, канкрэтная музыка, а таксама шэраг новых прыёмаў гуказдабывання на традыц. інструментах. Гранічнае наватарства ў авангарда часам становіцца самамэтай, фармальныя навацыі могуць весці да разбурэння эстэт. асноў мастацтва. Аднак некат. эксперыменты буйных кампазітараў выявілі новыя стыліст. сродкі для ўвасаблення ідэй і вобразаў у музыцы 20 ст. і прыняты мастакамі інш. творчых арыентацый. У 1960-я г. — сярэдзіне 1970-х г. узнікла музыка амер. мінімалістаў Т.​Райлі, Ла Монт Янга, інстр. т-р М.​Кагеля, калажная тэхніка кампазіцыі і інш. з’явы, абагульненыя паняццем поставангард.

У бел. музыцы мастацка-эстэт. сістэма заходняга муз. авангарда ў чыстым выглядзе не знайшла ўвасаблення, аднак прыёмы серыйнай тэхнікі, алеаторыкі, санорыкі і інш. выкарыстоўваюць бел. кампазітары С.​Картэс, Дз.​Смольскі, С.​Бельцюкоў, В.​Войцік, В.​Кузняцоў, В.​Капыцько, А.​Літвіноўскі, А.​Сонін, Л.​Шлег, Я.​Паплаўскі і інш.

А.​У.​Валадковіч.

т. 1, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАЧАНІ́НАЎ (Аляксандр Ціханавіч) (25.10.1864, Масква — 4.1.1956),

рускі кампазітар. Скончыў Маскоўскую і Пецярбургскую (1893, клас М.Рымскага-Корсакава) кансерваторыі. Пасля 1917 канцэртаваў як дырыжор і піяніст, праводзіў лекцыі-канцэрты. З 1925 жыў за мяжой (у Парыжы, з 1939 у Нью-Йорку). У творчай спадчыне найб. каштоўныя камерна-вак. і хар. жанры (больш за 100 рамансаў, цыклы хароў а капэла). Істотнае месца ў яго творчасці займае музыка для дзяцей і царкоўная (імкнуўся адрадзіць стыль старадаўняга рус. спявання і ўзбагаціць яго хар. фактуру). Працуючы ў Музычна-этнаграфічнай камісіі і Беларускай песеннай камісіі, глыбока адчуў своеасаблівасць ладава-інтанацыйнай будовы бел. муз. фальклору. Даў класічныя ўзоры апрацовак бел. песень (захаваліся 17 для голасу і фп., 11 для мяшанага хору). На тэмы нар. песень напісаў у Парыжы «Беларускую рапсодыю» для сімф. аркестра і п’есу для скрыпкі і фп. «Дар Белай Русі». Аўтар музыкі да п’есы В.​Шашалевіча «Апраметная» (паст. 1926, БДТ-2). Сярод інш. твораў: 6 опер, у т. л. «Дабрыня Мікітавіч» (паст. 1903), «Сястра Беатрыса» (паст. 1912), «Жаніцьба» паводле М.​Гогаля (паст. 1948), дзіцячыя «Сон елачкі» (1911), «Церамок» (1919), «Кот, певень і ліса» (1924); 5 сімфоній (1894—1937), сімф. паэма «Да перамогі» (1943), камерна-інстр. ансамблі, музыка да драм. спектакляў і інш.

Літ. тв.: Моя музыкальная жизнь. Париж, 1934.

Літ.:

Александров Ю. Страницы жизни // Сов. музыка. 1964. № 10;

Нелидова-Фавейская Л. Последние годы // Там жа;

Шырма Р.Р. Песня — душа народа. Мн., 1976. С. 39—42, 74—76.

Г.​І.​Цітовіч.

А.Ц.Грачанінаў.

т. 5, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬМІНА́ЦЫЯ (ад лац. culmen вяршыня),

1) у літаратурным творы — найбольш напружаны момант у развіцці дзеяння, вырашальны, пераломны момант ва ўзаемаадносінах, сутыкненнях герояў або паміж героем і абставінамі. У К. раскрываецца вастрыня канфлікту, што рэалізуецца ў сюжэце твора. К. найлепш выяўляецца ў творах эпічных і драм. жанраў. Напр., у апавяданні Я.​Коласа «Малады дубок» К. — сцэна прызнання Андрэя Плеха ляснічаму аб пакражы ў панскім лесе. У навеле К. звычайна перанесена бліжэй да фіналу, уяўляе сабой кантрастную сітуацыю ў адносінах да нечаканай развязкі; у рамане ці драме развязка пасля К. адбываецца паступова. У творах вял. формы кожная сюжэтная лінія мае сваю К.

2) У музыцы — момант найвышэйшага напружання ў муз. творы ці якой-н. адносна завершанай яго частцы. Прысутнічае ва ўсіх узроўнях формы музычнай (свае К. ўзнікаюць у фразе, сказе, перыядзе і інш.), і таму форма твора — сістэма кульмінацый. К. мелодыі ці ўсяго твора звычайна знаходзіцца паблізу ад пункта залатога сячэння (напр., гук ці група гукаў, якія ўтвараюць рэгістравую вяршыню ў 2-й пал. меладычнай пабудовы; працяглая кульмінацыйная зона ў санатнай форме на мяжы распрацоўкі і рэпрызы). Гал. (генеральная) К. ўтварае сэнсавы цэнтр твора перад прынцыповым завяршэннем формы. У арганізацыі К. могуць удзельнічаць усе муз.-выразныя сродкі: гукавышыннасць. гучнасная дынаміка, метрычныя акцэнты, ладавая няўстойлівасць, фактура, аркестроўка і інш. К. музычна-сцэн. твора фарміруецца ў адпаведнасці з агульнымі законамі драмы (гл. Драматургія музычная).

Літ.:

Яскевіч А. У свеце мастацкага твора. Мн., 1977.

т. 9, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ ТЭА́ТР РАСІ́І, Дзяржаўны акадэмічны Вялікі тэатр Расіі,

тэатр оперы і балета; адзін з цэнтраў рускай і сусв. музычна-тэатр. культуры. Засн. ў 1776 у Маскве на базе трупы, створанай антрэпрэнёрам М.​Медоксам і кн. П.​В.​Урусавым. Спектаклі даваліся ў доме графа Р.​І.​Варанцова, з 1780 — у будынку на вул. Пятроўка (наз. Пятроўскі т-р), з 1824 — у сучасным будынку (арх. В.​Бавэ, паводле праекта А.​Міхайлава; рэканструяваны ў 1856, арх. А.​К.​Кавас). Напачатку ставіліся замежныя і першыя рус. оперы і балеты, пазней — шэдэўры сусв. класікі і сучасных кампазітараў. З пач. 20 ст. сусв. прызнанне атрымала рус. вакальная (Ф.Шаляпін, А.Няжданава, Л.Собінаў і інш.) і балетная (К.Гельцэр, А.Горскі і інш.) школы, звязаныя з дзейнасцю Вялікага тэатра Расіі. З 1919 акадэмічны. У 1924—59 у памяшканні б. Опернага т-ра Зіміна працаваў філіял Вял. т-ра, у 1961—89 спектаклі ішлі і ў Крамлёўскім Палацы з’ездаў (цяпер Дзярж. Крамлёўскі Палац). У розныя гады ў т-ры працавалі: дырыжоры М.Галаванаў, Г.Раждзественскі, Я.Святланаў; спевакі В.Барсава, Н.Абухава, С.Лемешаў, І.Казлоўскі, І.Архіпава, Г.Вішнеўская, У.Атлантаў, А.Абразцова, Я.Несцярэнка, І.Сіняўская, Т.Мілашкіна, Б.Рудэнка, Ю.Гуляеў, А.Вядзернікаў, Ю.Мазурок; салісты балета Г.Уланава, Я.Лепяшынская, М.Сямёнава, М.Плісецкая, Н.Бяссмертнава, К.Максімава, У.Васільеў, М.Ліепа, В.Гардзееў, Н.Сямізорава, Н.Ананіяшвілі; рэжысёры Л.​Баратаў, Б.Пакроўскі; балетмайстры Л.Лаўроўскі, Ю.Грыгаровіч, мастакі В.​Рындзін, В.​Левенталь і інш. Маст. кіраўнік — дырэктар т-ра У.​Васільеў (з 1995). У 1920—60-я г. пры т-ры працавала Маскоўскае харэагр. вучылішча.

Літ.:

Грошева Е. Большой театр СССР в прошлом и настоящем. М., 1962;

Сегодня на сцене Большого театра, 1776—1976: К 200-летию Большого театра: [Сб. ст.]. М., 1976.

Вялікі тэатр Расіі.

т. 4, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫГО́ННЫ ТЭА́ТР,

від прыватнага дваранскага т-ра. Быў пашыраны ў Расіі ў канцы 17—19 ст. (П.т. графаў Шарамецевых, князя М.​Б.​Юсупава, А.​Р.​Варанцова ў Маскве; С.​С.​Каменскага ў Арле; Н.​Г.​Шахаўской ў Ніжнім Ноўгарадзе). На Беларусі П.т. існавалі ў 18—1-й пал. 19 ст. Дзейнічалі ў прыватнаўласніцкіх гарадах, замках і сядзібах у спец. памяшканнях ці ў залах палацаў, ратуш і інш. Тэатр. трупы ствараліся з прыгонных сялян; часам у спектаклях выступалі велікасвецкія аматары і прафес. акцёры, інш. раз прыгонныя артысты ўдзельнічалі ў паказах прыватных прафес. тэатраў (гл. Віцебскі балет Піёна). Найб. вядомыя П.т.: Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, тэатр Бжазоўскага ў Матэвушах (пач. 19 ст.), Ружанскі тэатр Сапегаў, Слонімскі тэатр Агінскага, Чарнышова тэатры, Тышкевічавы тэатры. Значную ролю ў гісторыі бел., польск. і рус. мастацтва адыгралі П.т. Радзівілаў (гл. Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, Слуцкі тэатр Радзівіла) і Шклоўскі тэатр Зорыча, якія мелі балетна-оперна-драм. трупы, вял. аркестры і капэлы (гл. Прыгонныя аркестры і капэлы), тэатр. будынкі з добра абсталяванай сцэнай і развітой машынерыяй. У т-рах працавалі вядомыя тагачасныя кампазітары і балетмайстры, існавалі школы, у якіх рыхтавалі для т-раў артыстаў (гл. Гродзенская музычна-тэатральная школа Тызенгаўза, Слонімская балетная школа, Нясвіжская. балетная шкала, Слуцкая балетная школа). У рэпертуары былі оперы і балеты замежных і рус. кампазітараў, перакладная і арыгінальная драматургія (камедыі Ф.​У.​Радзівіл, перакладзеныя ёю на польскую мову п’есы Мальера). Своеасаблівай тэатр. з’явай быў у пач. 19 ст. прыгонны цырк Оштарпа ў Дукоры (Пухавіцкі р-н Мінскай вобл.).

Літ.:

Няфёд У.І. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;

Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992.

т. 13, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІТА́НСКІЯ,

сям’я бел. музыкантаў, спевакоў, танцораў 2-й пал. 18 ст. Леан С. (каля 1745, г. Гродна — 1800), скрыпач, дырыжор, педагог; адзін з найб. выдатных музыкантаў свайго часу. З 1765 першы скрыпач і капельмайстар Гродзенскай капэлы Тызенгаўза, кіраўнік Гродзенскай музычна-тэатральнай школы Тызенгаўза. У 1781 выступаў з канцэртамі ў Італіі. Пад яго кіраўніцтвам Гродзенская капэла стала адной з лепшых у Еўропе. Барталамей С. (? — пасля 1785), клавікардыст, педагог. Брат Леана. У 1776?—81? музыкант Гродзенскай капэлы Тызенгаўза. Выкладаў у Гродзенскай муз.-тэатр. школе Тызенгаўза ігру на клавікордзе, фагоце і скрыпцы, пазней у Паставах. Сымон С. (Шымон; ? — люты 1785), музыкант, брат Леана і Барталамея. З 1771 працаваў у Гродзенскай капэле Тызенгаўза; выкладаў у Гродзенскай муз.-тэатр. школе Тызенгаўза ігру на габоі і скрыпцы. З 1781 у Нясвіжскай капэле Радзівілаў. Дарота С. (каля 1767 — ?), танцоўшчыца (працавала да 1797). Жонка Леана. Прыгонная Тызенгаўза і выхаванка яго балетнай школы ў Паставах (педагог Ф.​Г.​Ле Ду). Выступала ў пастаноўках пераважна з Малгажатай С. (да 1787 пад дзявочым прозвішчам Пякарская). У 1785—95 салістка каралеўскай трупы «танцораў нарадовых» у Польшчы. З 1795 у Гродне, у 1795—97 выступала ў Львове. Малгажата С. (Магдалена, Вікторыя), спявачка. Дачка Леана. У 1777—80 вучылася спевам, ігры на клавесіне (педагог К.​Абатэ) і танцам (педагог Ле Ду) У Гродзенскай муз.-тэатр. школе Тызенгаўза, пазней, да 1783, у Паставах. З 1785 удасканальвала майстэрства ў Пецярбургу. У 1786—91 выступала ў «Тэатры нарадовым» у Варшаве. Пазней артыстка каралеўскага т-ра ў Лазенках (каля Варшавы). Вылучалася асаблівымі здольнасцямі. Выступала пераважна ў камічных операх.

Літ.:

Żórawska-Witkowska A. Kapela Antoniego Tyzenhauza w Grodnie // Muzyka. 1977. № 2.

А.​Л.​Капілаў.

т. 14, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎТАРСКАЯ ПЕ́СНЯ,

від музычна-паэтычнага мастацтва, дзе паэт, кампазітар і выканаўца аб’яднаны ў адной асобе. Аўтарскую песню наз. таксама бардаўскай ці паэтычнай (літаратурнай) песняй, а яе выканаўцаў — бардамі (ад назвы прафес. паэтаў сярэднявечча ў Ірландыі, Уэльсе і Шатландыі).

Бярэ пачатак у творчасці стараж. нар. спевакоў (скальдаў, бардаў, лірнікаў, гусляроў). Сінкрэтычны від мастацтва, дзе сродкі слова, музыкі і артыстычнага майстэрства ствараюць адзін непадзельны маст. вобраз і служаць перш за ўсё выяўленню сэнсу. Крытэрый паэтычнасці дазваляе далучаць да аўтарскай песні і творчасць выканаўцаў.

Як асобны від мастацтва аўтарская песня сфарміравалася на пач. 20 ст. Яе тыповая рыса — паліт. накіраванасць, вызначальная прыкмета — акампанемент гітары. Сярод вядомых выканаўцаў аўтарскай песні ў Францыі — Ж.​Брэль, Ж.​Беко, Ш.​Азнавур. Палітычныя матывы распрацоўвалі ў сваёй творчасці Дж.​Хіл, П.​Сігер, В.​Гатры, Дж.​Баэз, Дз.​Рыд (ЗША), В.​Хара (Чылі). У б. СССР узнікла ў 1950-я г., пераважна сярод інтэлігенцыі, студэнтаў і турыстаў, і выконвала ролю «ціхай» апазіцыі існуючаму рэжыму. Найб. вядомы рас. барды Б.​Акуджава і М.​Анчараў (пачынальнікі), А.​Галіч і У.​Высоцкі, творчасць якіх адметная асаблівай публіцыстычнасцю, а таксама А.​Гарадніцкі, Н.​Матвеева, Ю.​Візбар, Ю.​Кім, Я.​Клячкін, Ю.​Кукін, В.​Доліна, А.​Дольскі, С.​Нікіцін і інш. Сярод рускамоўных бардаў Беларусі А.​Круп (пачынальнік, старшыня першага буйнога клуба самадз. песні «Свіцязь», 1966), М.​Валодзін, Б.​Вайханскі, У.​Бобрыкаў, А.​Казанцава і інш. З прадстаўнікоў беларускамоўнай аўтарскай песні, якая ўзнікла на хвалі нац. адраджэння на пач. 1980-х г., А.​Камоцкі і С.​Сокалаў-Воюш (пачынальнікі), А.​Атаманаў, А.​Мельнікаў, В.​Цярэшчанка, В.​Шалкевіч і інш. З 1960-х г. праводзяцца фестывалі аўтарскай песні (найб. значны — памяці В.​Грушына, 1968, г. Самара), на Беларусі з 1971.

Н.​У.​Кудрэйка.

т. 2, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЮ́ЗІКЛ (ад англ. musical музычны, меладычны),

музычна-сцэнічны жанр, які спалучае разнастайныя сродкі эстр. і быт. музыкі, драм., харэаграфічнага і опернага мастацтваў. У адрозненне ад аперэты мае скразную пластычную драматургію, уключае вак.-харэаграфічныя ансамблі, можа быць і камедыяй і драмай.

Як жанр сфарміраваўся ў 1920—30-я г. ў ЗША. Яго вытокі ў традыцыях англа-амер. баладнай оперы і муз. камедыі канца 19 — пач. 20 ст. Перыяд росквіту — 1940—60-я г.: «Аклахома» Р.​Роджэрса (1943), «Цалуй мяне, Кэт» К.​Портэра (1948), «Мая цудоўная лэдзі» Ф.​Лоу (1956), «Вестсайдская гісторыя» Л.​Бернстайна (1957), «Скрыпач на даху» Дж.​Бока і «Хэло, Долі!» Дж.​Германа (1964), «Чалавек з Ламанчы» М.​Лі (1965) і інш. З канца 1960-х г. адбываецца крызіс жанру, звязаны з развіццём поп-музыкі і рок-оперы. У той жа час М. пашырыўся ў Еўропе. Вядомы экранізацыі М.: «Старыя на ўборцы хмелю» І.​Бажанта, І.​Маласека і В.​Галы (Чэхаславакія, 1964), «Дзяўчаты з Рашфора» М.​Леграна (Францыя, 1966), «Смешная дзяўчына» Дж.​Стайна (ЗША, 1969), «Олівер» Л.​Барта (Вялікабрытанія, 1970) і інш. У М. рас. кампазітараў выкарыстоўваюцца нац. традыцыі муз. т-ра, элементы рок-музыкі, песенныя жанры: «Мой брат іграе на кларнеце» А.​Фельцмана (1968), «Вяселле Крачынскага» А.​Колкера (1973), «Тры мушкецёры» М.​Дунаеўскага, «Тыль» Г.​Гладкова, «Бумбараш» У.​Дашкевіча (усе 1974), «Прыгоды Бураціна» А.​Рыбнікава (1975) і інш.

Сярод бел. кампазітараў у жанры М. працуюць А.​Залётнеў («Валенсіянскія вар’яты» паводле Лопэ дэ Вэгі, 1983; «Дапытлівы слонік» паводле Р.​Кіплінга, 1993; «Драўляны рыцар», 1994; «Сцяпан — вялікі пан» паводле А.​Вольскага, 1995), А.​Мдывані («Мес Менд», 1987), У.​Кандрусевіч («Нявеста для Марціна», 1988; «Джулія» паводле С.​Моэма, паст. 1990; «Шклянка вады», паст. 1994, усе Мінск; «Залёты» паводле В.​Дуніна-Марцінкевіча, паст. 1992, Віцебск), С.​Бельцюкоў («Сцяпан — вялікі пан», 1989), А.​Будзько («Пітэр Пэн», паст. 1990, Мінск) і інш.

т. 11, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ДЗЕВІЧ (Леапольд Іванавіч) (12.6.1895, фальварак Кур’янаўшчына, цяпер Лагойскі р-н Мінскай вобл. — 1938?),

бел. паліт. і грамадскі дзеяч, пісьменнік. Брат Ч.​І.​Родзевіча. Вучыўся ў Камуніст. ун-це нац. меншасцей Захаду (1923—24). З 1910 у Вільні, уключыўся ў бел. культ.-асв. і грамадскі рух. Удзельнічаў у Беларускім музычна-драматычным гуртку, выступаў у Першай беларускай трупе Ігната Буйніцкага. У 1917 мабілізаваны ў армію. У час польск. акупацыі 1919—20 працаваў пісарам Бел. вайсковай камісіі ў Мінску. З прыходам сав. улады ў апараце Наркамата земляробства БССР, потым пераехаў у Вільню. У 1921—23 кіраваў Беларускай драматычнай майстроўняй, рэдагаваў газ. «Беларускі звон», «Наша будучыня». У 1922 увайшоў у Беларускую рэвалюцыйную арганізацыю (БРА), чл. яе ЦК. У 1923 арыштаваны польск. ўладамі. Адзін з ініцыятараў аб’яднання БРА з КПЗБ; з 1923 чл. ЦК КПЗБ. З 1924 сакратар Гродзенскага акр. к-та КПЗБ. У 1925—33 рэдактар газ. «Чырвоны сцяг», час. «Бальшавік». На II канферэнцыі КПЗБ (ліст. 1924) далучыўся да сэцэсіі. З восені 1925 у Мінску, кіраваў замежнай рэдакцыяй прадстаўніцтва ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б, быў рэдактарам «Бюлетэня ЦК КПЗБ», членам Камісіі па вывучэнні Зах. Беларусі пры АН БССР. У 1933 арыштаваны па справе т.зв. Бел. нац. цэнтра. Да 1938 знаходзіўся ў Саратаве. У 1938 паўторна арыштаваны (дакладныя дата і месца смерці невядомы). Рэабілітаваны ў 1956. Аўтар драм «Блуднікі» (1912, надрук. ў 1960), «Пакрыўджаныя» (1916, надрук. ў 1921), вадэвіляў, у т. л. «Збянтэжаны Саўка» (1921), «Багаты і бедны» (1922), паэт. зб-каў «Беларусь» (1922), «На паняволеных гонях» (1928) і інш.

Літ.:

Хаўратовіч І. Ён заслужыў добры ўспамін аб сабе // Полымя. 1965. №9;

Ліс А. Паміж літаратурай і палітыкай: драма аднаго рамантыка // Спадчына. 1997. №3. Bergman A. Leopold Rodziewich // Bergman A. Sprawy białoruskie w II Rzeczypospolitej Warszawa, 1984.

А.​М.​Вабішчэвіч.

Л.І.Родзевіч.

т. 13, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)